Вы тут

Прэзідэнт правёў перамовы з лідарам Венесуэлы


Гадоў пяць-шэсць таму тэма супрацоўніцтва з Венесуэлай была на слыху ў Беларусі. У гэтай дзяржаве мы рэалізоўвалі вялікую колькасць праектаў у самых розных кірунках — ад нафтаразведкі і нафтаздабычы, будаўніцтва да гандлю і сельскай гаспадаркі. Сумесныя праекты рэалізоўваліся як на міждзяржаўным узроўні, так і на рэгіянальным. Супрацоўніцтва наладжана прыкладна з паловай венесуэльскіх штатаў (усяго іх 23). Аднак у апошнія гады тавараабарот пайшоў на спад: складаная ўнутраная сітуацыя ў Венесуэле, сусветны эканамічны крызіс налажылі свой адбітак. Настаў час пераламіць гэту тэндэнцыю.

З афіцыйным візітам Беларусь наведаў Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. Учора ў Палацы Незалежнасці з ім сустрэўся і правёў перамовы кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.


Аднавіць былы ўзровень

Дэлегацыя з Венесуэлы на чале з першай асобай краіны наведвае сяброўскія дзяржавы — гэта сведчыць пра тое, што паступова там справы наладжваюцца, аднаўляецца патрэбны для народа парадак. Пра гэта заявіў на пачатку сустрэчы адзін на адзін з Нікаласам Мадурам беларускі лідар.

— Думаю, няма неабходнасці мне казаць пра пачуцці да венесуэльскага народа, да вас асабіста, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Больш як дзясятак гадоў гісторыі ўзаемаадносін. Мы заўсёды мелі пачуцці высокай удзячнасці і павагі да вас, вашага народа, вашай дзяржавы. У нас з вамі быў вялікі агульны сябар Уга Чавес, якога, на жаль, ужо няма...

Кіраўнік нашай дзяржавы абазначыў і асноўны пасыл сустрэчы:

— Нам трэба рашуча зрабіць добры новы крок наперад у развіцці нашых адносін. Мы да гэтага гатовы.

Нікалас Мадура прызнаўся, што яму вельмі прыемна быць у Беларусі:

— Мы ведаем, што знаходзімся сярод сапраўдных сяброў. Мы прайшлі часы войнаў, баталій, але ўмацаваліся ў гэтых баталіях. Зараз мы знаходзімся на этапе аднаўлення, якое таксама дастаткова складанае.

Так, у эканамічным плане ўрад Венесуэлы робіць новыя крокі. Прыняты план Праграмы баліварыянскага развіцця — так званая эканоміка постнафтавага перыяду. У межах гэтай праграмы кіраўнік Венесуэлы агучыў кірункі сумеснай працы з Беларуссю. Ён канстатаваў, што раней нашы дзяржавы плённа супрацоўнічалі.

— Цяпер мы хацелі б усё аднавіць, — падкрэсліў Нікалас Мадура. — У пакрокавым, спакойным рытме аднавіць узровень супрацоўніцтва. Мы прыехалі з надзеяй зрабіць гэта.

Стаўка на рэальны сектар

Падчас пашыранага фармату перамоў кіраўнік нашай краіны падкрэсліў: Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла — стратэгічны і вельмі важны партнёр Беларусі ў Лацінскай Амерыцы.

— За адносна кароткі гістарычны тэрмін нашы краіны стварылі надзейную палітычную і эканамічную базу двухбаковага ўзаемадзеяння. Сёння, разважаючы адзін на адзін аб сітуацыі, якая склалася ў нашых адносінах, мы канстатуем той факт, што нам нічога не трэба пачынаць з нуля. Трэба працягнуць тое, што мы ўмеем рабіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У апошнія гады з-за складанай сітуацыі ў свеце тэмпы рэалізацыі сумесных праектаў знізіліся:

— Калі мы абмяркоўвалі гэтую праблему з Прэзідэнтам, адназначна канстатавалі факт, што нас не задавольвае гэта — ні беларусаў, ні венесуэльцаў. Сітуацыю трэба папраўляць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі і Венесуэлы наладжаны доўгатэрміновыя гандлёва-эканамічныя і кааперацыйныя сувязі. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў: па выпуску аўтамабіляў, трактароў, здабычы нафты, газіфікацыі, будаўніцтве. Па беларускай тэхналогіі ў Венесуэле арганізавана вытворчасць дарожна-будаўнічай тэхнікі, пабудаваны найбуйнейшы ў Лацінскай Амерыцы цэглавы завод...

— Мы разам пабудавалі сотні тысяч квадратных метраў жылля для маламаёмасных грамадзян Венесуэлы, — канстатаваў беларускі лідар. — Гэта добрая аснова для нашых далейшых дзеянняў. Пачынаючы гэта некалі, мы дакладна трапілі ў цэль — развіваючы рэальны сектар эканомікі.

Выйсце ёсць

Аднаўленне рэальнага сектара, дарэчы, вельмі неабходна Венесуэле.

— Мы гатовы разам з вамі працягваць гэты шлях у Венесуэле, — запэўніў беларускі лідар, успамінаючы ранейшыя часы, калі разам з Уга Чавесам і Нікаласам Мадурам былі вызначаны адпаведныя кірункі развіцця двухбаковых адносін з Беларуссю. — Пры гэтым я сказаў свайму сябру Прэзідэнту, каб ён праблему не перабольшваў. Так, у Венесуэле зараз няпроста, але ў нас было складаней. Мы гэтак жа дзялілі па талонах прадукты харчавання — пасля распаду Савецкага Саюза.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: тады мы паставілі перад сабой мэту максімум за 8—10 гадоў не толькі накарміць свой народ, але і выйсці на экспарт харчавання.

— І мы гэтую праблему за гэты час вырашылі, — адзначыў ён. — Венесуэла — пры жалезнай волі ўлады і дысцыпліне — гэтую праблему вырашыць за пяць гадоў. Мы гатовы ўдзельнічаць у гэтым працэсе і аказваць вам усямерную падтрымку як сваім самым блізкім і добрым сябрам.

Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў той час, калі Венесуэла дапамагла Беларусі — тады ў нас былі праблемы з вуглевадародамі. Ён запэўніў: наша дзяржава пра гэта не забыла.

Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі і Венесуэлы на міждзяржаўным узроўні створаны тры сумесныя камісіі. Яны не збіраліся некалькі гадоў. Лідары Беларусі і Венесуэлы дамовіліся, што ўжо ў лістападзе ў Мінску збярэцца сумесная беларуска-венесуэльская камісія:

— Я падключуся да вырашэння гэтых праблем, і мы намецім у лістападзе канкрэтны план нашых дзеянняў па вырашэнні пытанняў, якія ўзніклі ў нашых адносінах у Венесуэле і ў Беларусі. Я гатовы прыляцець у Венесуэлу, і мы з Прэзідэнтам яшчэ раз разгледзім гэты план і зацвердзім яго. Але мы дамовіліся яшчэ і пра тое, што, выпрацоўваючы гэты план, мы ні ў якім разе не павінны спыніцца і чакаць. Мы павінны працаваць па тых кірунках, па якіх сёння патрэбна працаваць, заключаючы канкрэтныя кантракты.

Санкцыі бесперспектыўныя

Звярнуўся Аляксандр Лукашэнка і да пагрозы знешняга ваеннага ўмяшальніцтва ў справы Венесуэлы.

— Тое, што сёння Венесуэле пачалі пагражаць, дайшло да адкрытых пагроз ваеннага ўварвання ў гэтую суверэнную краіну... Хачу падкрэсліць, што мы катэгарычна супраць усялякай агрэсіі, супраць хаосу і беспарадку, супраць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Венесуэлы і любой дзяржавы. Мы выступаем за вырашэнне любога канфлікту мірным шляхам. Нельга навязваць краінам рознага кшталту каляровыя рэвалюцыі.

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што венесуэльцы самі ў стане разабрацца, што ім рабіць у сваёй краіне.

— Для кожнага чалавека, незалежна ад яго палітычных поглядаў, інтарэсы роднай краіны, мір, парадак у ёй — вышэй за ўсё, — заявіў беларускі лідар. — Венесуэльцы вельмі цвёрда адказалі на гэта пытанне. Санкцыі супраць Венесуэлы з боку пэўных геапалітычных сіл бесперспектыўныя і шкодныя — у тым ліку і для тых, хто ўводзіць гэтыя санкцыі.

«Дарожная карта» рыхтуецца

Выступаючы перад прадстаўнікамі СМІ па выніках перамоў, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў важнасць беларуска-венесуэльскіх адносін. Ён таксама заявіў, што наша дзяржава высока цэніць цвёрдую пазіцыю, якую Венесуэла займае ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях.

— Вы рашуча выступаеце за выбудову шматпалярнага свету, гэта сугучна і нашай пазіцыі. Вы выступаеце за ўзаемавыгаднае і раўнапраўнае супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі, — канстатаваў беларускі лідар.

Па яго словах, цяперашні афіцыйны візіт Прэзідэнта Венесуэлы ў Мінск будзе садзейнічаць паглыбленню партнёрства паміж нашымі краінамі ва ўсіх сферах. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што падчас перамоў яны з Нікаласам Мадурам абмяняліся меркаваннямі адносна ключавых кірункаў эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння, вызначылі арыенціры на будучыню.

— На жаль, як мы канстатавалі, цяпер экспартна-імпартныя сувязі Беларусі і Венесуэлы не на тым самым высокім узроўні, на якім мы калісьці былі, — па розных прычынах, у многім не залежных ад Венесуэлы і Беларусі. Але патэнцыял дзвюх краін дазваляе значна ўмацаваць нашы адносіны, у тым ліку ў сферы эканомікі і гандлю, — упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама паведаміў, што ідзе распрацоўка «Дарожнай карты» супрацоўніцтва дзвюх краін. Падрыхтоўка дакументаў павінна быць завершана ў найбліжэйшы час, а падпісаць іх плануецца падчас будучага пасяджэння Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Новы крок у стратэгічным партнёрстве

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.