Вы тут

Людзі-суседзі


Паглядзела фільм «Час першых» пра палёт касманаўтаў Лявонава і Бяляева ў 1965 годзе. Хто не бачыў, раю. Той палёт стаў знамянальным выхадам чалавека ў адкрыты космас упершыню ў гісторыі чалавецтва. А прататып галоўнага героя карціны Аляксей Архіпавіч Лявонаў быў галоўным кансультантам стваральнікаў фільма. Стужка, вядома, у многім біяграфічная. Дык вось мне запаў у душу эпізод, калі герой расказвае пра сваё дзяцінства... Бацьку забралі ў 37-м па даносе, а маці, жанчыну з дзевяццю дзецьмі, выгналі з хаты. Суседзі тут жа вынеслі з дому ўсё, што можна панесці. І калі сям'я стаяла прыбітая горам, разгубленыя, падышоў яшчэ адзін сусед і зняў(!) з яго, трохгадовага дзіцяці, штонікі. Так і застаўся стаяць хлопчык у доўгай сарочцы, без штаноў. Відаць, у суседа былі такога ж узросту дзеці, і яму спатрэбілася адзежына...


Уявіць цяжка, што гэта рабілі людзі, якія гадамі жылі побач, чые дзеці разам гулялі, чые жонкі забягалі адна да адной па гаспадарчых справах. Але «людзі» тут, відаць, гучна сказана. Як вядома, часта рэпрэсіі чыніліся па даносах. Нярэдка даносы пісалі менавіта суседзі, бывала, для таго, каб завалодаць потым домам, кватэрай, жонкай таго, хто атрымліваў дзесяць ці больш гадоў лагера альбо «вышэйшую меру сацыяльнай абароны». І гэта, на жаль, не прыкмета асобнага часу ці пакалення. Выраслі дзеці, унукі тых, хто некалі пісаў даносы. Цяпер яны нярэдка пішуць скаргі на суседзяў, не могуць падзяліць палоску зямлі, мяжу, агульны падворак, і разборкі цягнуцца гадамі. Альбо, скажам, выліваюць атруту суседу ў агарод. Адзін такі пацярпелы прыходзіў летам на прыём да службовай асобы. Чалавек баіцца нешта садзіць на сваіх градах, бо не ведае, колькі часу трэба, каб глеба ачысцілася ад шкодных рэчываў. А ў інстанцыях, куды ён звяртаўся, адмахваліся — яны ніколі раней не сутыкаліся з падобным шкодніцтвам. Праўда, калі атрымалі наганяй, абяцалі правесці неабходныя аналізы...

Думаю, суседскія адносіны можна лічыць паменшанай мадэллю грамадства ў цэлым. Якія мы суседзі, такія і грамадзяне.

Іншымі словамі, як паводзім сябе з суседам, гэтак жа ў пэўнай сітуацыі абыдземся з таварышамі па рабоце, нават са сваякамі, а то і з радзімай, хоць і не люблю пафасных выразаў.

Вось так жывеш побач гадамі і не падазраеш, што гэты, звычайны з выгляду, чалавек можа адабраць у твайго дзіцяці апошнія штаны, не кажучы ўжо пра іншае. Але, на шчасце, бывае і наадварот. Нядаўна з сельсавета перадалі просьбу адной з гераінь маіх «Вёсак...» патэлефанаваць. Вера Емяльянаўна расказала, што не так даўно выпісалася з бальніцы, дзе, паводле яе слоў, правалялася доўга. Адчувалася, што ёй цяжкавата гаварыць, бо жанчына раз-пораз рабіла перадышкі, але ж вельмі хацела выгаварыцца, яна адчувае сябе вінаватай. Бо недалюблівала раней суседа, як гэта надзвычай часта бывае, калі ў вёсцы селяцца дачнікі. Вось і ён дом купіў, адрамантаваў, агароджу паставіў, што і двара не надта відно. Прыязджаў часцей адзін, ні з кім асабліва не камунікаваў, так, павітаецца, ды пайшоў далей. Вясковы дзед, чыя хата на краі вуліцы, раней гаварыў, што новы сусед — браканьер. Маўляў, дом купіў, каб сябрукоў прывозіць ды паляванні ладзіць, лясы ж кругом. Але версія з часам адпала сама сабой, паляваннем новы гаспадар дома не цікавіўся. А няведанне, як вядома, злуе. Тады нешматлікія суседзі-вяскоўцы вылучылі яшчэ адну версію: жонку амаль ніколі з сабой не бярэ, значыць, дзяўчат вазіць будзе. І гэта не знайшло пацвярджэння.

Дык вось, з месяц таму Вера Емяльянаўна корпалася на падворку, бачыла, як сусед за плотам ад вуліцы зграбаў лісце. Раптам ёй не стала хапаць паветра, яна і асунулася побач з калодзежам. Далей помніць дрэнна, але ведае, што сусед падбег, задаў ёй некалькі пытанняў, потым падагнаў сваю машыну на яе падворак, неяк пасадзіў старую і завёз у бальніцу. Урачы паставілі ёй перадынфарктны стан. Доўга лячылі. Адна медсястра казала ёй потым, што каб прывезлі праз пару гадзін, то было б позна. «А так, можа, пажыву яшчэ», — гаварыла пенсіянерка і вельмі ж прасіла падзякаваць суседу праз газету. Праўда, ні прозвішча яго, ні месца працы яна не ведае. У сельсавеце мне падказалі кантакты, чалавек пры пасадзе. Я стэлефанавалася, але ён настойліва папрасіў не называць ні яго, ні вёску, мабыць, на тое ёсць прычыны. «Вось знайшлі мне нагоду для газетнага артыкула! — здзіўляўся суразмоўца. — Што я асаблівага зрабіў? Людзі ж мы, суседзі».

Лепш тут і не скажаш.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.