Вы тут

Што азначаюць самыя распаўсюджаныя сны?


Сны — мудрагелістыя выхадкі розуму, якія часта азначаюць так мала і так многа адначасова. Эксперт па снах брытанскі псіхолаг Йэн Уолес за 30 гадоў практыкі вывучыў больш за 150 тысяч сноў, перш чым заявіць: начныя мроі з'яўляюцца не проста работай нашай падсвядомасці, гэта сігнал чалавеку дзейнічаць. Па сутнасці, сны даюць віртуальную падказку нездагадліваму гаспадару, у якім кірунку трэба глядзець, і нават намякаюць, ці не пара, скажам, датэрмінова памяняць працу. Але гэта датычыцца толькі тых, якія паўтараюцца часта. Са шматлікай колькасці вучоны вылучыў некалькі самых папулярных сноў-дзеянняў.


Голая праўда

У рэальным жыцці з дапамогай адзення мы ствараем сабе пэўны імідж, таму быць у сне аголеным азначае, што нейкая сітуацыя ў рэальнасці прымушае вас адчуваць сябе ўразлівым і безабаронным. Йэн Уолес сцвярджае, што гэта можа быць звязана з сітуацыяй з вашага паўсядзённага жыцця, такой як прыём на новую працу або завязванне новых адносін, калі ў вас няма ўпэўненасці ў тым, што ўсё складзецца найлепшым чынам. «Нягледзячы на тое, што вы спрабуеце схаваць сваю галізну ўсімі спосабамі, ніхто, здаецца, яе не заўважае, таму што для навакольных вы па-ранейшаму з'яўляецеся ўпэўненым у сабе».

Уцякай-даганяй

Гэта, безумоўна, адзін з самых распаўсюджаных сноў. Хоць ніхто не можа сказаць з упэўненасцю, але многія лічаць, што ён звязаны з праблемамі, ад якіх мы ўцякаем. Калі вас у сне пераследуе жывёла, гэта можа азначаць, што вы спрабуеце схаваць або стрымаць гнеў. Бегчы ад кагосьці, каго вы ведаеце, можа азначаць, што вы спрабуеце справіцца з нейкім заданнем або што вы маеце адмоўныя пачуцці ў адносінах да кагосьці. Хоць, калі вы ўцякаеце, і вам падабаецца, што вас пераследуюць, «...гэта азначае, што вам падабаецца быць аб'ектам пажадлівасці. Вам падабаецца адчуваць сябе жаданым. Такі сон можа азначаць адносіны, якія бурна развіваюцца», — адзначае Уолес.

Ляцім са мной

Вучоны лічыць, што палёты ў сне могуць быць звязаныя з жаданнем пазбегнуць абставін, якія, вобразна кажучы, былі вам не даспадобы. Ёсць і іншае меркаванне, што гэта можа быць неяк звязана з нашай упэўненасцю і здольнасцю дамагацца выніку. Калі вы ў сне лётаеце высока, значыць, вы дастаткова ўпэўнены ў сабе або што вы ўжо прынялі цяжкае рашэнне, і яно вас больш не гняце. Але лунанне нізка над зямлёй азначае, што вас яшчэ нешта скоўвае, утрымлівае, не дае падняцца.

Губляем зубы

Падобна палётам у сне, выпадзенне зубоў таксама можа быць звязана з упэўненасцю ў сабе. Соннік сцвярджае, што страта зубоў у сне можа азначаць няўпэўненасць у сваіх сілах і пачуццё бездапаможнасці. А яшчэ сцвярджаюць, што сны пра выпадзенні зубоў часта сняцца людзям, якія баяцца, што яны губляюць сваю прывабнасць з-за старэння. «Такія сны таксама характэрныя для людзей, якія прайграюць грошы, перажываюць няўдачу ў кар'ерным росце».

Упаў-аслабеў

Падзенне, па сутнасці, гэта страта кантролю — магчыма вы не адчуваеце сябе ў бяспецы ці ў вас няма ўпэўненасці, што вы здольныя справіцца з сітуацыяй. Такія сны могуць быць папярэджаннем аб тым, што вам трэба перастаць баяцца страціць кантроль над сітуацыяй. Сёй-той мяркуе, што гэтыя сны могуць быць звязаныя са стомленасцю — у вас няма сіл вытрымліваць такую вялікую нагрузку ці вы залішне абцяжараныя абавязкамі і вам пара расслабіцца і адпусціць тое, што вас мучыць. Трэба вучыцца давяраць сабе і іншым людзям, якія могуць падтрымаць вас і падзяліць з вамі цяжар жыццёвых праблем.

Зусім пуста

Пакоі ў доме сімвалізуюць розныя бакі вашай асобы. Знайсці невыкарыстоўваемае памяшканне — значыць, выявіць нешта новае ў сабе, пра што вы, магчыма, не падазравалі. Перад вамі могуць адкрыцца новыя перспектывы. Ёсць і тыя, хто лічыць, што калі ў пакоі адны голыя сцены і ён зусім пусты, гэта значыць, што вы гатовыя пачаць усё зноў — як з чыстага ліста.

Льём ваду

Вада, як сцвярджаюць, уяўляе нашы эмоцыі. Якасць вады (празрыстая, мутная і г. д.) з'яўляецца паказчыкам нашага эмацыянальнага стану. Гэта датычыцца таксама і стану вады — ці няма на ёй рабізны або бурлівых хваль.

Трымай руль

Транспартны сродак, якім бы ён ні быў, уяўляе вашу здольнасць паслядоўна рухацца да мэты або рашэння задачы. Страта кантролю над аўтамабілем азначае, што вы недастаткова кантралюеце свой шлях да поспеху. Уолес раіць: «Замест таго, каб спрабаваць кантраляваць сітуацыю, аслабце хватку і кіруйцеся сваім інстынктам і ўнутраным чуццём, якія дапамогуць выбраць найлепшы шлях».

Я хачу

Секс у сне, відавочна, можа быць звязаны з сексуальнымі перажываннямі, але ён таксама можа азначаць, як вы ставіцеся да сябе і іншых людзей. «З кім бы вы ні займаліся сексам у сне, гэта паказвае на тое, што вы выявілі ў сабе нейкую добрую якасць ці вы атрымліваеце асалоду ад нейкай жыццёвай сітуацыі», — сцвярджае Уолес.

Вядома, усё гэта толькі спробы растлумачыць самыя распаўсюджаныя сны. У рэчаіснасці, толькі вы самі можаце пэўна інтэрпрэтаваць тое, што дзеецца ў вашай галаве.

Загаловак у газеце: Паляцець ад праблем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.