Вы тут

У Мінску 15-гадовы юнак выратаваў са Свіслачы 9-гадовага хлопчыка


Гісторыя пачалася з таго, што ў Цэнтральнае РУУС сталіцы паступіла інфармацыя: у 2-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу ў стане пасля ўтаплення дастаўлены хлопчык 2008 года нараджэння.


— Падчас правядзення праверкі было ўстаноўлена, што непаўналетні разам са сваім аднакласнікам знаходзіўся на набярэжнай Свіслачы паблізу вуліцы Даўмана. Па словах таварыша 9-гадовага хлопчыка, той у нейкі момант паслізнуўся і ўпаў у ваду, пачаў тануць. Аднакласнік і жанчына, якая таксама стала сведкай здарэння, пачалі зваць на дапамогу, — расказала афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага РУУС г. Мінска Таццяна Абозная. — Гэтыя крыкі пачуў малады чалавек, які праходзіў побач. Ён і дастаў з вады хлопчыка, які тануў, пасля чаго пацярпелага перадалі работнікам хуткай медыцынскай дапамогі. Выратаваны патрапіў да іх без дыхання і сэрцабіцця. Медыкі запусцілі сэрца пацярпелага. Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя потым паведаміла, што стан хлопчыка стабільна цяжкі, ён падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх і знаходзіцца ў стане медыкаментознага сну.

Па факце здарэння міліцыя праводзіць праверку, апытаны сведкі і відавочцы, праваахоўнікі пабывалі па месцы жыхарства пацярпелага. Устаноўлена, што сям'я непаўналетняга хлопчыка стаіць на кантролі ва ўстанове адукацыі па месцы яго навучання. З'явілася інфармацыя, што на момант бяды бацькі ўжывалі алкаголь.

А хто ж той, без перабольшвання, герой, які выратаваў хлопчыка? Гэта Віталь Цітоў, яму 15 гадоў, ён студэнт першага курса Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №9 аўтамабілебудавання. Мы набралі нумар юнака, каб задаць яму некалькі пытанняў. На жаль, пачулі ў слухаўцы, што абанент часова недаступны... Падумалася, што зараз жа заняткі, давядзецца званіць пазней. Але Віталь чарговы раз праявіў свае чалавечыя якасці, калі неўзабаве палічыў патрэбным набраць незнаёмы нумар: «Вы званілі?»

На размову ў нас сапраўды было некалькі хвілін, як папярэдзіў Віталь. Юнак сказаў, што яго выклікалі з заняткаў у кабінет дырэктара... Не-не, не падумайце, па прыемнай і цалкам заслужанай нагодзе — даваць чарговае інтэрв'ю.

— Віталь, не страшна было? І вада халодная, ды і хлопчык быў у Свіслачы на адлегласці 15 метраў ад берага, ад дамбы, якая раздзяляе Камсамольскае возера і раку?

— Было крышачку... Так, далекавата было і ад берага. Шкада стала хлопчыка. Я бліжэй за іншых знаходзіўся.

Апроч Віталя на процілеглым баку набярэжнай стаялі два хлопцы, але яны толькі назіралі за тым, што адбываецца, не робячы нічога. І юнак, распранаючыся на хаду, кінуўся ў Свіслач...

— Можа, ты плаваннем займаешся?

— Не, плаваю я не вельмі добра. Там глыбіня была недзе па грудзіну, плыць амаль што не давялося.

— Як зараз здароўе? (Пасля таго, як юнак выцягнуў хлопчыка, ён адагрэўся ў машыне хуткай дапамогі і пайшоў дадому).

— Усё ў парадку.

— Хацеў бы потым пабачыцца з выратаваным Антонам?

— Канешне. Чаму б не? Абавязкова.

— Віталь, ты сапраўды малайчына! Твой учынак варты самых добрых слоў! Найперш, здароўя табе!

— Дзякуй.

— Дзякуй і табе, не буду перашкаджаць больш, давай інтэрв'ю іншым. Ты гэта цалкам заслужыў.

Як стала вядома, сталічныя ратавальнікі думаюць над тым, як ушанаваць Віталя Цітова за яго смелы ўчынак.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Было крыху страшна, але нікога бліжэй не аказалася»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.