Вы тут

Як бяспечна існаваць побач з адным з найбуйнейшых драпежнікаў на планеце


Калі яшчэ некалькі гадоў назад сустрэча з мядзведзем у нашай краіне была вялікай рэдкасцю, дык сёння гэта вельмі нават верагодна. У сеціве людзі выкладваюць відэа, на якіх мішка бяжыць уздоўж ажыўленай трасы, ласуецца яблыкамі ў садзе, варочае вуллі ў пчальніку, стаіць на шляху машыны на лясной дарозе... Сёлета мядзведжая сям’я купалася ў ручаіне зусім побач са сталіцай, каля Ждановічаў...


Усё гэта, канешне, міла і весела, але ж мы маем справу з адным з самых буйных у свеце драпежнікаў. І ў адзін момант мімімішка можа ператварыцца ў раз’юшанага звера, для якога чалавек — здабыча і ежа. Але ж мядзведзь — «чырванакніжнік», ахоўваецца дзяржавай, паляванне на яго забаронена. Як вытрымаць гэты баланс у такіх умовах — захаваць папуляцыю рэдкага прыгожага звера без урону для жыцця людзей? Пра гэта ў размове з журналістамі нядаўна разважаў старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч пасля даклада ў Прэзідэнта. Дарэчы, на гэтай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка пытанне рэгулявання колькасці звяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу, назваў супердзяржаўным.

Ігар Шуневіч паведаміў, што сёння колькасць мядзведзяў імкліва павялічваецца. Іх ужо больш за 700 асобін, хаця яшчэ 20 гадоў таму было 150. «Наша задача — атрымаць дакладнае разуменне ад нашай навуковай грамадскасці, якая аптымальная колькасць мядзведзя павінна быць на нашай тэрыторыі, якая дазволіла б нам адкрываць на яго паляванне. Паколькі гэтая аптымальная колькасць сёння не выведзена, мы кажам: давайце будзем рэгуляваць колькасць там, дзе яго вельмі шмат, залішне шмат, дзе ён замінае жыць», — сказаў старшыня БТПР.

Карацей, зразумела, што самы буйны драпежнік адчувае сябе дастаткова камфортна ў нашых лясах і, цалкам чакана, неўзабаве таўстапятых будзе ўсё больш і больш. Адпаведна, нам неабходна выбудоўваць так свае ўзаемаадносіны, каб выконваліся інтарэсы абодвух бакоў.

Імя расійскага навукоўца Валянціна Сяргеевіча Пажэтнава ў біялагічным свеце ведаюць усе. Гэты «мядзведжы тата» распрацаваў аўтарскую методыку, якая дазваляе выгадаваць асірацелых мядзведзікаў і вярнуць іх у месцы натуральнага пасялення. Яго шматгадовыя назіранні і непасрэдная праца з жывёламі — бясцэнны вопыт, прызнаны многімі спецыялістамі ў свеце. Некалькі гадоў таму мне пашанцавала пазнаёміцца з Валянцінам Сяргеевічам, і ён запрасіў мяне ў госці ў Цвярскую вобласць, у арганізаваны ім Цэнтр выратавання медзведзянят-сірот. Мы сядзелі дапазна за сталом і абмяркоўвалі многія тэмы. Адна з іх — ці можна пасябраваць з мядзведзем? Думаю, меркаванне Валянціна Пажэтнава будзе цікава і нашым чытачам.

Каб выратаваць авёс, дастаткова было абысці поле басанож

— Ніякай размовы са мной адносна «мірнага суіснавання» чалавека і мядзведзя быць не можа. Як біёлаг я разумею, што мядзведзь, тыгр, леў, воўк ці іншы драпежнік ёсць і назаўжды застануцца антаганістамі чалавеку, да сканчэння іх існавання на Зямлі як відаў. Іншая справа, задача чалавека — захаваць і забяспечыць існаванне максімальнай біялагічнай разнастайнасці на нашай планеце. Але гэта не азначае, што, прыкрываючыся «жывёлалюбствам», трэба выпускаць сітуацыю з-пад кантролю. Асабліва калі гаворка заходзіць аб такіх буйных драпежніках, як мядзведзі.

Верагодна, калі чалавецтва дажыве да таго часу, калі зможа дыстанцыйна ці яшчэ неяк рэгуляваць рэпрадуктыўную функцыю ў дзікіх жывёл, то праблема з «перанасяленнем» знікне. Але пакуль у агляднай будучыні, на мой погляд, паляванне — адзіны разумны спосаб рэгулявання колькасці. Зрэшты, не варта забываць і аб тым, што праблема «чалавек — мядзведзь» не абмяжоўваецца толькі адным аспектам колькасці.

Мядзведзь — драпежнік, і ў пэўных абставінах чалавек для яго ўсяго толькі ежа. Вінаваціць яго нельга — гэта прырода. А вось зрабіць так, каб у наш час нават пры выпадковых сустрэчах мядзведзь баяўся звязвацца з чалавекам, думаю, можна і неабходна. І гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб паляванні, дакладней аб тым, які ўплыў яно аказвае на абаронча-ахоўныя паводзіны (паводніцкія рэакцыі) бурага мядзведзя. Я перакананы, што ў звера павінен быць ярка выяўлены і захоўвацца ў часе страх перад чалавекам.

Для пачатку варта нагадаць, што паляванне на бурага мядзведзя існуе з глыбокай старажытнасці. Паляўнічыя пастаянна абходзілі месцы залягання, выходзілі на мядзведзя з сабакамі, падымалі яго з бярлогі. Гэтыя дзеянні спрыялі фарміраванню ўстойлівага пачуцця трывогі і небяспекі ў звера. За стагоддзі ў філагенезе ў бурага мядзведзя сфарміравалася, напрыклад, рэакцыя пазбягання бярлогі, калі ў ёй звера патрывожыў чалавек, — жывёла туды ўжо не вяртаецца.

Страх — асноўны фактар, які ўтрымлівае від на адлегласці, бяспечнай для чалавека пры сустрэчах. Ён замацаваўся на відавым узроўні і падтрымліваўся ў часе менавіта праз паляванне. Страх аказаўся настолькі моцна выяўленым, што ў недалёкім мінулым на загонных паляваннях нават выкарыстоўвалі сцяжкі з пахам чалавека, аналагічна акладу ваўкоў, каб накіраваць паднятага з бярлогі мядзведзя на лінію стралкоў. А каб выратаваць авёс ад патравы мядзведзем, дастаткова было селяніну двойчы за ноч абысці поле басанож. Таксама пасевы паспяхова захоўвала раскладзенае ўздоўж поля старое адзенне і абцягванне пяньковым шнуром па перыметры. З часам сітуацыя змянілася, і цяпер падобныя захады звера ўжо не палохаюць.

Фактар трывогі ратуе папуляцыю

Але неабходна разумець: рэакцыя пазбягання бурым мядзведзем чалавека — найважнейшы фактар, які вызначае ў сістэме ўзаемаадносін гэтых відаў сумесны дабрабыт. Пры зніжэнні ўзроўню страху перад чалавекам дыстанцыя ўцёкаў у мядзведзяў скарачаецца. Апроч прамых сутыкненняў, маюць месца заходы звяроў у населеныя пункты, спусташэнне імі сельскіх падворкаў. У выніку канфлікты непазбежныя, паступова сфарміруецца і ўстойлівае негатыўнае стаўленне людзей да мядзведзяў. А гэта няправільна.

Жадаў бы звярнуць увагу на з’яву, якая існуе ў дзікай прыродзе, але застаецца практычна тэра інкогніта для навукоўцаў. Гэта назапашванне, захоўванне, перадача і выкарыстанне жывёламі інфармацыі. Менавіта інфармацыя (генетычны патэнцыял і навучанне) спрыяе найболей аптымальнаму падтрыманню жыццяздольнасці любой папуляцыі, у часавым аспекце яе фарміравання і змены.

Мне не раз даводзілася чуць аргумент ад «звераабаронцаў», маўляў, паляўнічы-кат забіў мядзведзя. Чкую ж інфармацыю мёртвы звер можа пакінуць у папуляцыі аб небяспецы з боку чалавека? Што і як ён можа «расказаць» іншым, пакінутым у жывых мядзведзям? І няўцям такім заяўнікам, што ў мядзведзяў, як і іншых звяроў, ёсць свая мова.

Варта разумець, што кожны від мае свой характэрны пах: коні пахнуць канямі, сабакі — сабакамі, а людзі — людзьмі. На месцы здабычы застаюцца сляды, якія змяшчаюць асаблівую інфармацыю аб гібелі звера, і калі гэта было паляванне, то і аб паляўнічых — людзях з іх краявідным пахам. Гэта найважнейшы матэрыял для жывёл як здабытага віду, так і для іншых, якія насяляюць наваколле. Інфармацыя пра тое, што адбылося, адбіваецца ў іх памяці і выклікае рэакцыю пазбягаць чалавека як крыніцы пагрозы.

І яшчэ, мядзведзь, як і любы іншы буйны звер, у сілу значнай біялагічнай масы — цэнтр увагі на тэрыторыі свайго пасялення. Ад яго месцазнаходжання і стану залежаць міжвідавыя сацыяльныя ўзаемасувязі ў дадзеных угоддзях. Прыбярыце мядзведзя — фактар трывогі, і памяняюцца рэакцыі ў пакінутых жывёл у арыенціровачных і арыенціровачна-абарончых паводзінах. Трывога ў дадзеным кантэксце — гэта тое, што мы завём насцярожанасцю. Пакуль ёсць фактары трывогі, падтрымліваецца насцярожанасць. Пры гэтым фарміруецца ланцужок захавання ў часе рэакцыі пазбягання фактару трывогі, якая забяспечвае жыццяздольнасць папуляцыі. Такім вось чынам і «перадаюць» здабытыя мядзведзі інфармацыю аб неабходнасці пазбягаць чалавека суродзічам, якія застаюцца, што карысна як для саміх мядзведзяў, так і для людзей, якія жывуць побач.

Мядзведзь — звер разумны, моцны і вельмі ўпарты ў захаванні сваёй прысутнасці на тэрыторыі. Праз маладых звяроў гэты від заўсёды будзе спрабаваць магчымасць засваення новых месцаў. Зніжэнне страху, скарачэнне «дыстанцыі ўцёкаў» у мядзведзя ў адносінах да чалавека вядзе да немінучага павышэння з часам колькасці канфліктаў. Без кантролю і кіравання папуляцыямі, уключаючы прымусовае адабранне (паляванне), пакуль не абысціся. Іншага эфектыўнага на сёння спосабу, акрамя стрэльбы, якая падтрымлівае страх у мядзведзя перад чалавекам, мне невядома.

Ад аўтара

Сучасны сусветны досвед паказвае, што праблема суіснавання людзей з буйнымі драпежнікамі вострая і ідэальнага рашэння няма. У натуральным асяроддзі законамі прыроды не прадугледжана сяброўскае сумеснае пражыванне біялагічных відаў, якія прэтэндуюць на адны і тыя ж рэсурсы і тэрыторыі. Але паколькі падчас эвалюцыі чалавек разумны атрымаў вызначаныя перавагі над іншымі прадстаўнікамі нашай фаўны і ўжо значна трансфармаваў навакольнае асяроддзе пад свае патрэбы, жыццёвай неабходнасці пазбаўляцца ад канкурэнтаў-драпежнікаў у яго няма. Больш за тое, усвядоміўшы каштоўнасць кожнай жывой істоты, абсалютная большасць людзей цяпер выступае за захаванне біяразнастайнасці на нашай планеце. Пытанне толькі ў тым, як выканаць інтарэсы чалавека і дзікіх жывёл.

Валянцін Сяргеевіч Пажэтнаў жыў і працаваў у вялізнай па памерах краіне — Расіі. Ва ўмовах бязмежных і часта маланаселеных угоддзяў абмежаваць спробы мядзведзя бліжэй пазнаёміцца з чалавекам, мабыць, сапраўды можна, толькі культывуючы і падтрымліваючы пачуццё страху. Там жа, дзе тэрыторыі нашмат меншыя, а шчыльнасць насельніцтва вышэйшая, гэтага фактару, як паказвае практыка, ужо недастаткова. Больш за тое, у грамадстве расце запыт на экатурызм, і замест пазбягання кантакту з драпежнікамі турысты хочуць убачыць звера ўжывую і як мага бліжэй, што, натуральна, супярэчыць канцэпцыі падтрымкі пачуцця страху перад чалавекам.

Часткова праблема вырашаецца стварэннем розных асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) з адпаведным рэжымам аховы і правіламі наведвання. Але эфектыўныя яны (у частцы папярэджання канфліктных сітуацый) толькі ў тым выпадку, калі маюць абгароджаную мяжу, якая прадухіляе выйсце дзікіх звяроў за ўстаноўленыя межы. У Беларусі ААПТ звычайна не маюць ніякіх агароджаў. Звяры карт чытаць не ўмеюць, пазначаных на паперы межаў не ведаюць. Рассяляюцца ж жывёлы, як правіла, калі іх становіцца шмат і патрэбны новыя месцы пасялення. Вось яны і выходзяць за межы ААПТ, на тэрыторыі, якія ўжо даўно асвоены людзьмі і выкарыстоўваюцца імі ў сваіх інтарэсах. І тут узнікаюць канфлікты. Калі гаворка ідзе пра малаважную матэрыяльную шкоду, цалкам разумна пераняць досвед некаторых краін і прадугледзець страхавыя выплаты. Але калі ўзнікае рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей, неабходна вызначацца, што ж важней — паўсюднае пасяленне такога драпежніка, як буры мядзведзь, ці жыццё чалавека. Пры гэтым сцвярджаць, што паляванне як крыніца страху ўратуе сітуацыю, я б не стаў. Няпалоханыя маладыя мядзведзі з запаведніка не ведаюць пачуцця страху. Паляванне можа выступаць толькі ў ролі рэгулятара колькасці, і ў гэтай частцы без яго не абысціся. Думаю, што развіццё сеткі ААПТ, але з больш жорсткімі правіламі наведвання і эфектыўнымі межамі ў адносінах да такога звера, як мядзведзь, — найбольш прымальны варыянт для краіны.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.