Вы тут

З душой, расчыненай наўсцяж…


Чытаючы ў дзяцінстве верш Якуба Коласа «Тоўстае палена», Пятрусь Броўка нават і не марыў, што класік беларускай літаратуры стане для яго вельмі блізкім чалавекам: сябрам, дарадчыкам, літаратурным настаўнікам. А пасля смерці Коласа Броўка спрычыніцца і да адкрыцця мемарыяльнага музея свайго старэйшага сябра.


27 кастрычніка ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбылося адкрыццё выстаўкі «Якуб Колас і Пятрусь Броўка. З душой, расчыненай наўсцяж…», створанай да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, прысвечанай таксама і сяброўству пісьменнікаў.

На літаратурна-дакументальнай выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі, рукапісы і асабістыя рэчы паэтаў з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Літаратурнага музея Петруся Броўкі, дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Класікі падаюцца не «забранзавелымі», а звычайнымі людзьмі з іх клопатамі, турботамі, сяброўствам, ліставаннем, звычкамі, цікавасцямі ў жыцці. Нягледзячы на званні народных, абодвум давялося сутыкнуцца з самымі рознымі выпрабаваннямі, што тычыліся і іх саміх, і іх родных і блізкіх.

На адным са здымкаў мы бачым: Броўка стаіць за кафедрай (відаць, толькі што выступаў), пацягнуўся па шклянку вады, якую яму клапатліва, асцярожна падае Колас. А вось рэкамендацыйны ліст, напісаны Броўкам для старэйшага сябра. Аўтограф Коласа з жартоўным вершам на 25-годдзе творчай дзейнасці Броўкі. «Майму дарагому Петрусю Броўку, жыхару “Сабачага вуха”...» — пачынаецца дарчы надпіс пад вокладкай кнігі Якуба Коласа «Выбранае». Гэтае ж «Сабачае вуха» фігуруе яшчэ ў адным вершы Якуба Коласа, прысвечаным Петрусю Броўку.

Пра цёплае стаўленне сяброў адно да аднаго сведчаць не толькі словы, але і справы. Родная ўнучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч згадвае выпадак, пра які распавядаў Пятрусь Броўка. У 1942 годзе той прыехаў у Ташкент, каб сустрэцца з Коласам (Канстанцін Міхайлавіч жыў там падчас эвакуацыі). Яго жонка Марыя Дзмітрыеўна адразу ж папрасіла Броўку пераапрануцца ў цывільнае і дала адзенне «дзядзькі Якуба» (так часам называлі Коласа малодшыя сябры). Маўляў, рука забаліць з ваеннымі вітацца. Броўка паслухаўся. Праз пяць гадзін шпацыру па горадзе сябры вярнуліся дадому. Пятрусь Броўка расчуліўся да слёз, калі ўбачыў вымытае і адпрасаванае сваё вайсковае абмундзіраванне, што чакала яго, раскладзенае на чыстым ручніку.

Другая ўнучка Коласа, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, звярнула ўвагу на тое, што сяброўства пісьменнікаў было для іх вельмі істотным. Колас ставіўся да малодшага сябра па-бацькоўску, а ў цяжкія гады вайны, калі яны апынуліся ў розных гарадах у чужым асяроддзі, выжывалі толькі дзякуючы ўзаемнай падтрымцы. «Жадаю і вам такіх адданых сяброў, з якімі можна было б дзяліцца і радасцю, і горам, і заўсёды дапамагаць адно аднаму», — пажадала яна ўсім прысутным.

Твой сад густы, а ён расцвіў, высокі,

Там шум паэм, дзівосных песень сказ…

Я піў не раз іскрыстыя іх сокі,

З крыніц тваіх жывіўся я не раз.

Так пісаў Пятрусь Броўка ў вершы-прысвячэнні «Якубу Коласу». І мы, разам з ім захапляючыся асобай вялікага паэта, можам акунуцца ў цеплыню іх сяброўства, адчуць дабрыню і іронію ў іх узаемаадносінах, наведаўшы выстаўку ў музеі Броўкі, якая будзе доўжыцца да 24 лістапада.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.