Вы тут

Стартаваў інтэрактыўны праект «БДУІР — веды і стыль жыцця»


У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі стартаваў шматпрофільны інтэрактыўны праект «БДУІР — веды і стыль жыцця». Ён разлічаны на тры гады. Праект складаецца з чатырох модуляў, кожны з якіх уключае мерапрыемствы, скіраваныя на здаровы лад жыцця і фізічную актыўнасць студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.


Ініцыятыву БДУІР падтрымалі партнёры. Так, падчас рэалізацыі модуля «Універсітэт здаровага ладу жыцця» спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і Мінскага гарадскога цэнтра здароўя будуць сустракацца са студэнтамі-першакурснікамі, адукоўваць іх у пытаннях рацыянальнага харчавання, рухальнага рэжыму і загартоўкі імунітэту.

Другі модуль прысвечаны актыўнаму ладу жыцця: пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту ва ўніверсітэце будуць стварацца новыя спартыўныя секцыі, арганізоўвацца спартакіяды паміж студэнтамі і выкладчыкамі.

Трэці кірунак праекта — «Школа мужнасці і патрыятызму»: сумесна з ДТСААФ у адным з інтэрнатаў БДУІР будуць створаны аўташкола, секцыі студэнцкага судна- і авіямадэлізму, а на базах ДТСААФ — секцыі паветранага спорту.

Чацвёрты модуль «Універсітэт — тэрыторыя культуры» ўяўляе сабой праграму наведвання спектакляў, майстар-класаў, творчых сустрэч з артыстамі Купалаўскага тэатра.

Даючы старт праекту, рэктар БДУІР Міхаіл Батура адзначыў, што ініцыятыва насамрэч нарадзілася яшчэ ў 2013 годзе: тады ўніверсітэт перайшоў на навучанне па схеме «4 + 2» і трэба было вырашыць, як захаваць здароўе студэнтаў пры вельмі інтэнсіўным тэмпе вучобы.

Паводле задумкі была арганізавана група са старастаў першага курса (82 чалавекі). Яны наведвалі лекцыі па здаровым ладзе жыцця, арганізаваныя спецыялістамі розных профіляў, і перадавалі веды сваім аднагрупнікам — па методыцы «роўны навучае роўнага». У першы год правялі восем лекцый, акцэнт быў зроблены на арганізацыю здаровага і паўнавартаснага харчавання. Удзельнікаў праекта падзялілі па масе цела на тры групы. Для кожнай з іх было складзена 30 разнастайных комплексных абедаў, з лютага па чэрвень яны атрымлівалі бясплатнае харчаванне ў сталовай універсітэта. У выніку нармальны індэкс масы цела стаў больш чым у 90 працэнтаў удзельнікаў праекта. Усе студэнты з групы з павышанай масай цела перайшлі ў групу з нармальнай.

Такія вынікі выклікалі цікавасць у студэнтаў іншых сталічных ВНУ. І ўжо ў 2014 годзе да ідэі БДУІР далучыліся яшчэ пяць універсітэтаў. На другі год ажыццяўлення праекта акцэнт быў зроблены на прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў. Удзельнікі атрымалі дзённікі харчавання, а для пункта аховы здароўя ўніверсітэта быў набыты кардыёграф, які дазваляе вызначаць стан сэрца за пяць хвілін.

Колькасць лекцый вырасла да пятнаццаці, да таго ж дадаліся практычныя заняткі. Праграма праекта была пашырана: павялічылася колькасць трэнінгавых заняткаў, была дэталёва прапрацавана тэматыка прафілактычных мерапрыемстваў пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, распрацавана меню з улікам агульнай захваральнасці па ўніверсітэце і рэкамендацый па правільным харчаванні для студэнтаў, павялічаны асартымент дыетычных прадуктаў у сталовай і буфетах ВНУ.

У якасці трэнераў, акрамя прыцягнутых спецыялістаў, працавалі і выпускнікі папярэдняга года, якія атрымалі сертыфікаты «Трэнер па пытаннях захавання і ўмацавання здароўя». Упершыню ў праекце ўдзельнічалі замежныя студэнты, якія навучаюцца ў БДУІР.

У 2015 годзе да руху за здаровы лад жыцця далучыліся яшчэ шэсць ВНУ, у тым ліку і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (заняткі для яго студэнтаў трансляваліся праз відэаканферэнцсувязь).

У рамках праграмы трэцяга сезона ў БДУІР было праведзена ўжо 25 практычных, лекцыйных, трэнінгавых і выязных заняткаў. Асаблівая ўвага ўдзялялася душэўнай раўнавазе студэнтаў, а таксама выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта.

Вынікам агульных намаганняў медыкаў і педагогаў стала комплексная мадэль падтрымання і захавання здароўя сучаснай моладзі. Усяго за тры гады свайго існавання прафілактычны праект паспяхова вырас да рэспубліканскага маштабу. І ўжо ў 2016/2017 навучальным годзе да яго далучылася 37 ВНУ краіны. Паколькі праграма, якая дзейнічае падчас чацвёртага сезона, скіраваная на рухальную актыўнасць студэнтаў, старастам першага курса ў пачатку сезона былі раздадзеныя фітнес-бранзалеты, праграма для якіх была распрацавана ў БДУІР.

— У гэтым годзе адбыўся першы выпуск студэнтаў, якія навучаліся па сістэме «4 + 2» і якія прайшлі праз праект «Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра». Калі развітваліся з выпускнікамі, яны казалі, што ідэі, якія прапагандуе праект, ляглі ў аснову іх ладу жыцця, — падкрэсліў рэктар. — Сёння яны выйшлі з універсітэта маладыя, здаровыя і паспяховыя і могуць спакойна рэалізоўвацца ў сваёй прафесіі. Мы скончылі чатырохгадовы цыкл і ахапілі больш за 8 тысяч студэнтаў толькі ў нашай ВНУ. Але БДУІР на гэтым не спыніўся. У гэтым годзе мы вырашылі зрабіць інтэграваны праект, які выходзіць на асэнсаванне і рэалізацыю дэвіза ўніверсітэта «БДУІР — веды і стыль жыцця». І калі з ведамі ўсё ясна, то стыль жыцця — гэта не толькі здароўе, але і выхаванне духу патрыятызму, заняткі спортам і культурнае развіццё. Чым мы і будзем займацца.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сёння — здароўе, заўтра — поспех

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.