Вы тут

«Не адкінутасць, а адметнасць», альбо Як талент перамагае прастору


Чалавек упрыгожвае месца ці месца — чалавека? Як творца, што жыве не ў сталіцы, знаходзіць свайго чытача? І ці можна казаць сёння, у час інтэрнэту, пра існаванне літаратурнай правінцыі? Таму што цяпер ёсць магчымасць трымаць сувязь з выдавецтвамі, змяшчаць тэксты на асабістых старонках і ў блогах, кантактаваць з калегамі. Напрыклад, у творчым жыцці паэткі Тані Скарынкінай інтэрнэт адыграў пэўную ролю: адна з яе кніг была надрукавана ў Нью-Ёрку пасля таго, як выдавец заўважыў яе творы ў сеціве. А ў той жа час Таццяна Барысік, празаік і паэт, не аматарка глабальнай сеткі. Сваім досведам дзяліліся творцы, што жывуць у розных гарадах Беларусі, падчас дыскусіі «Беларускія пісьменнікі ў рэгіёнах: ці шкодзіць таленту правінцыя?». Незалежна ад таго, дзе жыве творца, ён можа знайсці плынь, у якой адчувае сябе патрэбным і мае што сказаць. Але як стаць запатрабаваным, гучна прамаўляць беларускае слова, каб яго пачулі не толькі тыя, хто побач, але і ва ўсёй краіне, нават па-за яе межамі? Гэта цалкам магчыма, сцвярджаюць творцы, што адзначаны рознымі літаратурнымі прэміямі.


Таццяна Барысік, празаік і паэт з Магілёва, распавяла:

— Палову жыцця я правяла ў Бабруйскім раёне, даглядаючы бабулю з дзядулем. Па размеркаванні трапіла ў той жа раён, у вёску, якая мела гістарычную назву Дурынічы. Што тычыцца Магілёва, не ведаю, ці можна назваць яго правінцыяй. Магілёў — гэта абласны горад. Нельга сказаць, што ў нас няма літаратурнага жыцця. Яно проста адасобленае. У меншых гарадах і мястэчках цяжэй. Але творчасці гэта не шкодзіць. Часам нават дапамагае. Назіраць жыццё лягчэй: яно само грукаецца ў дзверы. Часам раскажуць нават тое, што ты ўвогуле не хочаш чуць… Ды і правінцыя бывае розная. Усё залежыць ад канкрэтнага горада ці мястэчка, то-бок людзей. І галоўнае — які творца сам.

Таня Скарынкіна са Смаргоні прызналася:

— Я ніколі асабліва не імкнулася ў літаратурныя колы і вельмі здзівілася, што яны існуюць. Пачалі выдавацца мае кнігі, я атрымлівала запрашэнні на фестывалі, прэзентацыі, але мяне гэта не вельмі зацягнула. Пазнаёмілася з многімі выдатнымі асобамі, вельмі цешылася… Пабегала-пабегала — і вярнулася дадому. Мне не патрэбны пабочныя людзі, каб пісаць. Пісьменнік сам па сабе адзіночка. Але я не пісьменнік — я паэт, і больш нікім не хачу быць.

Чым адрозніваюцца аўтар з Мінска і аўтар з Баранавіч, калі абодва таленавітыя і ініцыятыўныя? Адказу не будзе, бо яго не існуе. Таццяна Барысік зрабіла выснову:

— Правінцыя — гэта не адкінутасць, а сінонім слову «адметнасць». Чалавеку, які жыве па-за Мінскам, не трэба забываць, што яго рэгіён, малая бацькаўшчына — гэта адметнасць. Адметнасцю можа стаць, напрыклад, ужыванне ў творах дыялектных слоў, якія знікаюць. Бацькаўшчына — гэта вір. У маладосці шмат хто хоча вырвацца. Але ў сталыя гады радзіма ўсё раўно зацягвае. Земляку з земляком прасцей паразумецца.

Праблема пісьменнікаў з рэгіёнаў толькі адна — адлегласць. Але талент і жаданне заўсёды дапамогуць, лічыць Анатоль Брусевіч, паэт, празаік, перакладчык, выкладчык з Гродна:

— Талент праяўляецца спачатку на малой радзіме, але каб яго рэалізаваць, трэба часта выязджаць. Правінцыя — штука складаная. Гародню цяжка назваць правінцыяй. Чым яна адрозніваецца ад стольнага Мінска? Толькі тым, што ў вас людзей больш. Вядома, у Мінску больш шанцаў для творчай рэалізацыі: ёсць магчымасці сустракацца з чытачамі, выдаваць вершы, удзельнічаць у конкурсах, тусоўках. Літаратура і літаратурны працэс — розныя рэчы. Адно — пісаць вершы ў стол, іншае — сустракацца з чытачамі, друкаваць гэтыя творы... Але, з іншага боку, Беларусь — не такая вялікая краіна. Паміж нашымі гарадамі тры гадзіны язды. Можна спакойна жыць у Гародні і быць творцам. У гарадзенцаў яшчэ такая ментальнасць: трошку нелюбоў да Мінска, накшталт адносінаў паміж Варшавай і Кракавам, Масквой і Піцерам. Мне часам прасцей паехаць у Варшаву ці Беласток (я там часта бываю), чым у Мінск. Апошні раз я тут быў тры гады таму. Увогуле, у Гародні нядаўна адкрыўся бар «Правінцыя», дык усе абураліся: мы не правінцыя, мы — каралеўскі горад. Можа, пераймянуюць гэты бар, бо інакш не ведаю, хто туды пойдзе.

Анатоль Брусевіч увогуле супраць фармулёўкі «літаратар з правінцыі»:

— Лепш казаць пра рэгіёны, бо кожная нацыянальная літаратура складаецца з літаратур рэгіянальных. Астатняе — штучныя непатрэбныя рэчы. Неяк сутыкнуўся са словам «замкаддзе». Нехта ж прыдумаў такое! Не хацелася б, каб было ў абвестках: прыехаў да вас з замкаддзя Анатоль Брусевіч. Я з рэгіёна, які мяжуе з Польшчай і Літвой, ён бліжэйшы да Еўропы, чым рэгіён мінскі. Можна ўзяць прыклад з палякаў: у іх кожны горад мае свае выдавецтвы, суполкі, часопісы — сапраўдны знак роўнасці. Нам трэба да гэтага імкнуцца.

Пісьменніца Алена Брава, якая жыве ў Барысаве, падсумавала:

— Вельмі важна заўважаць тое добрае, што можна знайсці ў сваім рэгіёне, на сваёй зямлі. Жыццё не ў Мінску не перашкаджае пісьменнікам быць актыўнымі ўдзельнікамі літаратурнага працэсу. Яны друкуюцца ў сталічных выданнях і не толькі, удзельнічаюць у літаратурных марафонах. Яны рэалізоўваюцца як аўтары.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.