Вы тут

Што неабходна рабіць для захавання гісторыка-культурнай спадчыны?


Што неабходна рабіць мясцовым уладам для захавання гісторыка-культурнай спадчыны? З такім пытаннем мы звярнуліся да людзей, якія непасрэдна звязаны з гэтай сферай.


Галоўны спецыяліст аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс ЮРЧАК:

— Цэнтральнае пытанне заключаецца ў фінансаванні. Многія аб'екты знаходзяцца ва ўласнікаў, а гэта могуць быць тыя самыя сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы. І зразумела, што многія з іх адчуваюць фінансавыя праблемы, таму не могуць дазволіць сабе захоўваць гісторыка-культурную спадчыну. Улічваючы сумны стан многіх аб'ектаў, рацыянальна рэалізоўваць іх на аўкцыёнах, чым мы і займаемся. Ёсць прыклады, калі аб'екты знаходзяцца на балансе сельвыканкамаў, аднак у такім выпадку ў іх можа не быць нават сродкаў на кансервацыю. Вядома, у функцыі мясцовых улад уваходзіць і забеспячэнне неабходнай дакументацыяй: на кожным аб'екце павінна змяшчацца ахоўная дошка, павінен быць пашпарт, але складаецца ён за кошт уласнікаў. І мы за гэтым павінны сачыць. Абласное фінансаванне абмежаванае, таму нам складана дапамагчы тым жа сельвыканкамам. Мясцовыя ўлады могуць наводзіць парадак на тых аб'ектах, якія належаць ім. Але ідэальны варыянт развіцця — прыход зацікаўленага інвестара.

Намеснік генеральнага дырэктара па рэстаўрацыі і фондавай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей ВЕЧАР:

— Мы адносімся не да мясцовых улад, а да Міністэрства культуры. Можна сказаць, што Нацыянальны мастацкі музей — гэта брэндавая ўстанова, адзін з вядучых музеяў нашай краіны, які займаецца экспазіцыйнай дзейнасцю як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Вядома, ва ўсёй нашай дзейнасці мы абапіраемся на разуменне і падтрымку Міністэрства культуры — як у фінансавым плане, так і ў плане праектаў, якія робім. У год культуры ў Ватыкане прайшла наша выстаўка абразоў, у іспанскім горадзе Таледа была экспазіцыя. Цяпер упершыню праходзіць выстаўка арыгінальных карцін беларускіх і рускіх мастакоў ХІХ і ХХ стагоддзяў у Пекіне. І ўсе гэтыя праекты без падтрымкі Міністэрства культуры рэалізаваць практычна немагчыма. Акрамя таго, яно дапамагае нам у плане закупкі твораў. Мы папаўняемся і за тыя сродкі, якія выдзяляе міністэрства — падбіраем знакавыя імёны, каб наша калекцыя была найбольш поўнай.

Дырэктар фонду «Краіна замкаў» Аляксандр ВАРЫКІШ:

— У кожным рэгіёне свая спецыфіка, як мне здаецца. Магу прывесці прыклад супрацоўніцтва з Ашмянскім раёнам. Там ёсць складанасці з фінансаваннем, аднак кіраўніцтва і розныя службы актыўна ўдзельнічалі ў праекце міжнароднага супрацоўніцтва. Напрыклад, былі распрацаваны міжнародныя веламаршруты, пракладзены веласіпедныя трасы, усталяваны інфармацыйныя стэнды. Падкрэсліваю: улады Ашмянскага раёна вельмі адкрытыя і ахвотна ідуць на супрацоўніцтва. Прычым гэта традыцыйна, а не нейкі апошні павеў. Тут жа можна назваць штогадовы фестываль-рэканструкцыю ў Гальшанскім замку — такіх па краіне ўвогуле засталося няшмат. У мяне абсалютна пазітыўны досвед зносін з уладамі. Дарэчы, мы нават знайшлі інвестара, які купіў старадаўнюю сядзібу 1828 года ў гэтым раёне, а ўлады дапамаглі ўсё аформіць. Так што сістэмных праблем няма наогул.

Старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон АСТАПОВІЧ:

— На мой погляд, мясцовыя ўлады фактычна нічога не робяць. Калі нават прааналізаваць у нас тыя ж помнікі археалогіі, то практычна па ўсёй Беларусі яны не праінвентарызаваны — а гэта абавязак мясцовых улад. Калі гаварыць пра помнікі менавіта архітэктуры, то стаўленне да іх выключна фармальнае. А калі рэальна паглядзець, то і не ўсе з іх маюць ахоўныя шыльды. Гэта значыць нават такія крокі далёка не заўсёды выконваюцца. Таму я магу сказаць, што мясцовыя ўлады павінны цалкам перабудоўваць сваю работу ў гэтай сферы. Як? Хай выконваюць заканадаўства, якое цяпер проста ігнаруецца. І трэба яго змяняць, таму што Кодэкс аб культуры ў нас вельмі недасканалы ў раздзеле, які датычыцца менавіта гісторыка-культурнай спадчыны.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ідэальны варыянт — прыход інвестара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.