Вы тут

Мінчане змаглі ацаніць фільм-пераможцу Канскага кінафестывалю


У Мінску магчымасць убачыць пераможцу Канскага кінафестывалю — фільм «Квадрат» шведскага рэжысёра Рубэна Эстлунда — упершыню з'явілася на «Лістападзе», пасля чаго карціна, дзякуй богу, выйшла ў пракат.


Першы час квіткоў было не дастаць — супрацоўнікі кінатэатра стомленым голасам прамаўлялі: «Білетаў няма», і мы ўжо думалі, што ўладальніка Залатой пальмавай галіны прыйдзецца глядзець на маленькім экране ўласнага ноўтбука. Але, трэба сказаць, кінаманаў на двухмільённы горад аказалася недастаткова, каб запоўніць залу кінатэатра «Піянер» з 23 лістапада і да 6 снежня. І як бы мне ні падабалася глядзець кіно ў паўпустой кіназале, вельмі шкада, што многія ўбачаць «Квадрат» толькі на маленькім хатнім экране. Бо не паглядзець гэты фільм нельга.

Часам рашэнне журы Канскага кінафоруму таксама небезагаворачнае, хоць хто мы такія, каб яго аспрэчваць. І ўсё ж на фоне ўнутранай нязгоды, якая часам узнікае, гэтым разам пасля дзвюх з паловай гадзін пад магутнасцю «Квадрата» разумееш, што так, гэты фільм сваёй узнагароды варты.

Я яшчэ памятаю ўражанні ад па-заліхвацку закручанай драмы ў папярэдняй карціне рэжысёра «Форс-мажор» (яна атрымала прыз «Асаблівы погляд» аднайменнага, другога па значнасці конкурсу Канскага кінафестывалю). Сям'я адпачывае на зімовым курорце, і калі на іх сыходзіць цудоўная па прыгажосці снежная лавіна, жанчына хапае дзяцей, а мужчына проста ўцякае — і іх накрывае.

Матыў маральнай праверкі ўзнікае і ў «Квадраце», у цэнтры якога паспяховы па ўсіх мерках куратар музея сучаснага мастацтва Крысціян. Прадстаўнік эліты ці нават багемы — мастацтва, вечарынкі і прыёмы, Тэсла, запінкі дзядулі, прыроджаная інтэлігентнасць. Ён рыхтуе да адкрыцця выставу з цэнтральным экспанатам — «Квадратам», унутры якога, маўляў, ёсць месца толькі для даверу і нераўнадушша...

У нейкі момант на плошчы, карыстаючыся бруднай спекуляцыяй на крыках аб дапамозе, нехта крадзе ў Крысціяна тэлефон і кашалёк. Але з той нагоды, што Крысціян можа адсачыць месцазнаходжанне свайго тэлефона, ён з калегам прыдумвае, як вярнуць дабро, — кінуць пагрозлівую цыдулку ў паштовую скрыню кожнай кватэры дома, дзе, мяркуючы па навігацыі, знаходзіцца тэлефон. Украдзенае яму ў выніку вяртаюць, але разам з тым з'яўляецца і праблема — у выглядзе хлопчыка з таго ж дома, якога бацькі пасля атрымання запіскі дарэмна абвінавацілі ў крадзяжы. Дык вось, гэтаму хлопчыку трэба ўсяго толькі просьба аб прабачэнні. Але Крысціян агучыць яе не гатовы, больш за тое, яго паводзіны ў нейкі момант перасякаюць мяжу, за якой наступствы ўжо непапраўныя.

Разам з гэтай, здавалася б, нявіннай, але ў той жа час проста-такі падрыўной сюжэтнай лініяй «Квадрат» стаў пазлам, складзеным з шэрагу шматзначных і амаль самастойных эпізодаў. Пры гэтым праз усю карціну — глядзець яе, дарэчы, нялёгка — праходзяць лейтматывы жывёльнага пачатку і знакаў развітой цывілізацыі, аказання дапамогі і абыякавасці, у прынцыпе знакаў сучаснага грамадства. Сучасны свет, з яго талерантнасцю, еўрапейскімі каштоўнасцямі, інтэлігентнай выхаванасцю — то-бок з усімі яго, здавалася б, плюсамі, паўстае светам у цэлым абыякавым. «Няма наяўных» ў адказ на просьбу жабрачкі і ў той жа час нахабства жабрачкі — усе завіслі паміж жывёльнымі патрэбамі і выгодамі развітога свету, але да дабрабыту так і не прыйшлі.

Што асабліва важна, фільм, хоць мы і прызвычаіліся цаніць нейкую ўніверсальнасць, ідэальны ў сваім стаўленні да сённяшняга дня. У гэтым пазле, у ціхіх і шэдэўральна разыграных сцэнах, закладзены пытанні значэння сучаснага мастацтва, зваротнага боку знешняй прадстаўнічасці, высакалобага снабізму і розніцы паміж багатымі і беднымі, звальненняў пасля беспрэцэдэнтных «выказванняў» прадстаўнікоў інстытуцый. Ва ўсім гэтым ёсць ледзь улоўная — але без фанабэрыстасці — іронія: у інтэрв'ю, якое Крысціян дае журналісту, у метадычнай пасцельнай сцэне, у жаночых разборках і ў зусім пацешным моманце прэзентацыі, пасля якой павінен быць фуршэт. Дык вось, не даслухаўшы кухара, які распавядаў, якія далікатэсы чакаюць гасцей, натоўп імкліва рушыў да жаданага. У гэтым фільме — бадай у еўрапейскім горадзе — ніхто не шчаслівы і на самай справе не «харошы».

І ў той час, як «Квадрат» — твор канцэптуальнага мастацтва, якое патрабуе не толькі сузірання, але і ўдзелу — усхваляе неабыякавасць, сам куратар выставы Крысціян аказваецца не на вышыні. І нават «Чорны квадрат» Малевіча без яго зацвярджэння вечных каштоўнасцяў аказваецца больш сумленны і патрэбны, чым высокія парывы сучаснага твора мастацтва, вакол якога ў фільме Эстлунда ўсё закручваецца.

Насамрэч, мяркуючы па фільме, раскіданых у ім іранічных супярэчнасцях і знешніх вобразах, героі сапраўды знаходзяцца ў квадраце. Толькі калі «Квадрат», які галерэя прадстаўляе ў якасці цэнтральнага твора, заклікае да даверу і нераўнадушша, то рэальны квадрат пляваць хацеў на гэтыя біблейскія заклікі. І сучасны свет, яго найлепшыя прадстаўнікі, людзі мастацтва маральную праверку не прайшлі.

Яшчэ адна магчымасць убачыць фільм — «Кінаноч», якую арганізуе фестываль мабільнага кіно velcom Smartfіlm. 8 снежня тут будуць паказаны «Квадрат» і хіт Берлінскага кінафестывалю «Па той бок надзеі» Акі Каўрысмякі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Раўнадушша ў квадраце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.