22 Верасень, субота

Вы тут

Як выданні Магілёўшчыны выходзяць за рамкі гарадскіх і раённых


У канцы лістапада на Магілёўшчыне ў сферы масмедыя адбыліся дзве вельмі важныя падзеі — у Шклове запрацаваў абноўлены партал раённай газеты «Ударны фронт» shklovіnfo.by з унікальнымі магчымасцямі, а ў Бабруйску газета «Бабруйскае жыццё» прэзентавала паўнавартаснае тэлебачанне.


Попыт на папяровыя версіі выданняў у наш час імкліва памяншаецца, навіны хутчэй знаходзяць чытача праз электронныя каналы. І выдаўцы, якія думаюць пра заўтрашні дзень, спяшаюцца перабудавацца на новыя рэйкі.

Электронная версія шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт» — зараз не проста насычаны навінамі сайт, гэта вельмі карысны шматфункцыянальны інтэрнэт-рэсурс.

— Нас на гэта натхніў пошук новых формаў прасоўвання газеты, разважанні, што будзе з намі далей, праз 5—10 гадоў, — расказвае галоўны рэдактар газеты «Ударны фронт» Павел Савельеў. — Трэба думаць, як на сайце можна зарабіць. Пакуль, як правіла, толькі трацімся на яго хостынг. Мы ставім задачу манетызаваць сайт за кошт аказання розных карысных паслуг. Напрыклад, размяшчэння дошкі аб'яў накшталт вядомага kufar.by, дзе можна нешта прадаць або купіць. Механізм той жа самы. Даеш аб'яву, рэгіструешся і можаш кантактаваць з іншымі. У распрацоўцы схема каталога вакансій для ахвотных знайсці працу, каб яны змаглі размясціць сваё рэзюмэ. Працуем над каталогам нашых арганізацый, каб яны мелі магчымасць прадстаўляць у нас свае старонкі і расказваць пра сябе. Свой сайт складана трымаць у наш час, а мы можам прасоўваць іх і за нейкую суму абнаўляць.

Наогул, збіраемся напоўніць наш партал па максімуме карыснай інфармацыяй: дзе можна смачна і танна паабедаць або як і дзе цікава і з карысцю адпачыць. Варыянтаў безліч. Плюс зарабляем за конт выдавецкай дзейнасці і на продажы пдф-версій газеты. У электронным выглядзе яна каштуе на сённяшні дзень усяго 30 капеек. Эканомія адбываецца за кошт паслуг друкарні і паперы. Акрамя гэтага мы працуем без пасрэдніка. Заключылі праз сістэму АРІП дагавор з Нацбанкам і атрымалі магчымасць наўпрост прадаваць электронную версію праз інтэрнэт-банкінг.

Знешні від і канцэпцыю партала шклоўскай газеце дапамагалі распрацаваць гомельскія праграмісты. На ўзбраенне ўзяты вопыт «Гомельскай праўды», на рэалізацыю праекта спатрэбілася каля паўгода. Увесь гэты час галоўны рэдактар шклоўскай газеты быў на прамой сувязі са спецыялістамі, выязджаў да іх або яны прыязджалі ў Шклоў. Абноўлены сайт выйграе яшчэ за кошт таго, што ім займаецца не адзін чалавек, а ўся рэдакцыя. Карэспандэнты дадаюць навіны, галоўны бухгалтар размяшчае інфармацыю для рэкламадаўцаў — кожны адказвае за свой участак. Асобны блок адведзены мясцоваму тэлебачанню. Тэлевізійнікі таксама маюць магчымасць самастойна абнаўляць інфармацыю і ставіць папулярнае відэа.

— Ім выгадна, каб іх у інтэрнэце глядзелі, а для нас гэта важны мультымедыйны кантэнт, — разважае Павел Савельеў. — Калі шмат фота і відэа, гэта таксама прыцягвае. Вось купілі спецыяльнае абсталяванне, каб рабіць панарамныя здымкі і паказваць прыгажосць нашага краю. Да таго ж мы плануем не абмяжоўвацца мясцовымі навінамі.

Пра вопыт яшчэ аднаго флагмана масмедыйнай прасторы вобласці — газету «Бабруйскае жыццё» «Звязда» ўжо пісала. За кароткі час выданне са стратнага ператварылася ў прыбытковае. Істотна змяніўся сайт, з'явілася сваё FM-радыё, а цяпер яшчэ і поўнафарматны гарадскі канал «Бабруйск 360». Перадачы канала цяпер можна глядзець з шасці раніцы да гадзіны ночы.

— Журналісты нашага аддзела тэлерадыёвяшчання рыхтавалі сюжэты для праграмы «Сёння ў Бабруйску», якая пакуль яшчэ выходзіць на канале «Беларусь 4 Магілёў». Але ў нейкі момант зразумелі — 10 хвілін мала, каб расказаць пра жыццё горада. І вырашылі стварыць свой канал. Ініцыятыва была падтрымана Бабруйскім гарвыканкамам. Так і з'явіўся «Бабруйск 360», — паведаміў галоўны рэдактар «Бабруйскага жыцця» Вадзім Шчаглоў.

40 працэнтаў сродкаў на тэлебачанне вылучыў заснавальнік выдання  — Бабруйскі гарвыканкам. Усе астатнія выдаткі ляглі на холдынг. Платформай для вяшчання стаў адзін са сталічных каналаў. Акрамя аўтарскіх праектаў гледачы могуць паглядзець кіно, забаўляльныя шоу-праграмы. Далучыцца да бабруйскіх навін могуць не толькі бабруйчане, але і ўсе жыхары Магілёўскай вобласці праз інтэрактыўны пакет каналаў Белтэлекама «Zala».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Газеты з мультымедыйным інтэрактывам

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.