Вы тут

Што адбываецца з бытавым абслугоўваннем у сельскай мясцовасці?


Ці шмат аб'ектаў бытавога абслугоўвання працуе сёння ў вёсках? Што з паслуг карыстаецца найбольшай папулярнасцю? Якія праблемы ёсць у гэтай галіне? І як заахвоціць бізнесменаў адкрываць CТА і майстэрні ў аграгарадках?


Адзін комплексны пункт на дзве тысячы чалавек

У краіне адкрыта 26 тысяч аб'ектаў бытавых паслуг. Толькі 14 працэнтаў з іх (гэта 3,7 тысячы) працуюць у сельскай мясцовасці. Калі глядзець на агульную статыстыку, то найбольш шырока прадстаўлены паслугі цырульняў (чвэрць ад агульнай колькасці), па тэхнічным абслугоўванні транспарту (12,3%), пашыве швейных вырабаў (10%), абслугоўванні камп'ютараў і рамонце бытавых тавараў (7,4%). Найменшая доля — у паслуг, звязаных з будаўніцтвам і рамонтам (хоць два гады таму яны былі самымі папулярнымі), арганізацыяй пахаванняў, СПА-працэдурамі.

Асноўная нагрузка па аказанні бытавых паслуг сельскаму насельніцтву ўскладзена на камунальныя арганізацыі бытавога абслугоўвання. Ёсць пэўныя нарматывы. Так, на 1,8—2,2 тысячы чалавек павінен прыходзіцца адзін комплексны прыёмны пункт. У аграгарадках распаўсюджана выязное абслугоўванне. У сельскіх пунктах з колькасцю жыхароў больш за 200 яно ажыццяўляецца не радзей як раз на два тыдні, калі ж у вёсцы насельніцтва менш за 200 чалавек — па заяўцы на працягу двух тыдняў.

Штогод камунальныя арганізацыі з улікам спажывецкага попыту пашыраюць спектр паслуг. Напрыклад, прапануюць чыстку пуха-пёравых вырабаў, рамонт ювелірных упрыгажэнняў, мыццё дываноў, афарбоўку аўтамабіляў, масаж. Гэта дазваляе павялічыць аб'ёмы выручкі.

Як будзе развівацца сфера? Асноўныя кірункі прапісаны ў праграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады. Гэта прырост аб'ектаў у сельскай мясцовасці, адкрыццё дадатковых відаў паслуг, развіццё выязнога абслугоўвання, каб забяспечыць людзей якасным сэрвісам па даступных цэнах незалежна ад месца жыхарства, прыцягненне маладых спецыялістаў у галіну.

Новыя льготы для бізнесу

Бадай, асноўныя праблемы ў сферы — нераўнамернае размяшчэнне сеткі аб'ектаў, розны ўзровень абслугоўвання ў горадзе і вёсцы і недастатковая інвестыцыйная прыцягальнасць для прыватнага бізнесу. Прадпрымальнікі не зацікаўлены адкрываць цырульні і рамонтныя майстэрні на сяле з-за іх нізкай рэнтабельнасці. Апошнія гады назіралася скарачэнне колькасці аб'ектаў бытавога абслугоўвання ў вёсках. І Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, як дзяржорган, што рэгулюе гэту сферу, было занепакоена такой тэндэнцыяй.

Мяркуецца, што прыняцце Указа №345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання» станоўча паўплывае на сітуацыю. Для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць на сяле, будуць устаноўлены паніжаныя стаўкі па падатку на прыбытак і па падаходным падатку з фізічных асоб у памеры 6 працэнтаў. Для ІП, якія плацяць адзіны падатак, — стаўка ў памеры базавай велічыні ў месяц (на сёння гэта 23 рублі). Таксама прадугледжваецца вызваленне абароту ад падатку на дабаўлены прыбытак. Не давядзецца сплачваць і падатак на нерухомасць і арэндную плату за ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці і выкарыстоўваюцца ў якасці аб'ектаў бытавых паслуг у вёсках. Плюс арганізацыі і ІП атрымаюць права набываць памяшканні без правядзення аўкцыёну па рынкавым кошце.

Скарыстацца гэтымі прэферэнцыямі бізнес зможа з 1 студзеня 2018 года. Пад дзеянне ўказа ўжо трапіла больш за 60 працэнтаў сельскіх населеных пунктаў. Больш за ўсё іх у Віцебскай вобласці — амаль 5,7 тысячы (88 працэнтаў ад агульнай колькасці). На Брэстчыне ў пералік уключылі 1,5 тысячы вёсак і аграгарадкоў (70% ад усіх), на Гомельшчыне — 1,6 тысячы (72%), на Магілёўшчыне — 1,7 тысячы (60%), на Гродзеншчыне — каля 4,3 тысячы (99,7%). У Мінскай вобласці пад дзеянне ўказа трапіць менш як 500 сельскіх пунктаў (8%).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Па прычоску — у суседнюю вёску

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.