Вы тут

«Вянок» і «Вязанка». Чым вабіць аграгарадок у Асіповіцкім раёне?


Мясціны ў Вяззі паэтычныя і неверагодна прыгожыя. Адно вадасховішча ракі Свіслач чаго вартае. На беразе тады яшчэ ракі калісьці гуляў будучы класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Маёнтак Вяззе яго роднай цёткі, да якой ён прыязджаў разам з маці ў чатырохгадовым узросце, стаяў насупраць. У 1895 годзе Марыя Апанасаўна Багдановіч разам з дзецьмі некалькі месяцаў гасцявала ў сваёй старэйшай сястры Сцепаніды і яе мужа Франца Секяржыцкіх. Адсюль яна пісала лісты сужэнцу Адаму ў Гродна, у якіх падрабязна расказвала пра забавы дзяцей, жыццё ў вёсцы, падзеі, што тут адбываліся. Ад маёнтка засталіся толькі ўспаміны. Цяпер тут знаходзіцца дзіцячы аздараўленчы лагер «Крыніца». А пра сувязь з Максімам Багдановічам нагадваюць шыльда на спальным корпусе, вуліца ў гонар паэта і вялікі партрэт-мурал на будынку мясцовай школы. Гэта своеасаблівы брэнд аграгарадка, як і народны калектыў «Вязанка», у назве якога спалучыліся і знакамітыя вясковыя вязы, і назва населенага пункта, і вялікі паэт, якім тут усе ганарацца.


Музей як творчая майстэрня

Тутэйшы Дом культуры, дзе базіруецца калектыў, сельскім назваць язык не паварочваецца. Па-першае, вялікі і прасторны, па-другое, жывы і запатрабаваны. Сюды з задавальненнем бягуць і дарослыя, і дзеці, якія жыць не могуць без свайго калектыву «Вязанка». Гэта цэлы сусвет, космас. Напэўна, таму, што кіруюць ім людзі захопленыя і неверагодна таленавітыя. Перасекчыся, як той казаў, дазволіў выпадак. Прыехала ў сельсавет зусім па іншай тэме, але кіраўнік справамі Вяззеўскага сельвыканкама Інеса Прышывалка, яна ж удзельніца ансамбля, прапанавала паглядзець музей у Доме культуры. Так тут называюць творчую майстэрню «Вязанкі». Чаму менавіта музей, зразумела толькі тады, калі кіраўнік калектыву Мікалай Забаўскі, ён жа дырэктар Дома культуры і адзіны ў вобласці дудар, пачаў расказваць пра «экспанаты». Асноўныя з іх — гэта канцэртныя касцюмы, створаныя рукамі саміх удзельніц.

— Мы наогул унікальныя, не робім тое, што ўсе, — усміхаецца кіраўнік. — Мы не сталі прыбірацца ў нешта серыйнае, аднолькавае. Мы ўсё сваімі ручкамі пашылі і вышылі. У нас была вельмі цікавая фотасесія з вашым паважаным фотакарэспандэнтам Анатолем Клешчуком. Апошні раз ён нас здымаў на «Веснавым букеце».

Мікалай Забаўскі запрашае ў музейны пакой і просіць прабачэння, што не ўсе экспанаты на месцах.

— Наш музей, ён жа майстэрня, вытворчы цэх, — тлумачыць ён. — З Іркуцка толькі вярнуліся — не паспелі развесіць. Уражанняў шмат. Аб'ездзілі ўсю Іркуцкую вобласць, на Байкале былі, беларускія вёскі наведалі — ёсць там Тургенеўка такая. Былі ў этнаграфічным музеі «Тальцы», з іркуцкімі, цюменскімі беларусамі сустракаліся. Весела час прайшоў. На мове яны не размаўляюць, але ў іх больш успамінаў, як жылі беларусы раней. І яны ўсё гэта захавалі на адлегласці пяць тысяч кіламетраў ад радзімы.

Кіраўнік расказвае пра тое, якія насамрэч багатыя беларусы, трэба толькі берагчы і дэманстраваць іншым гэты народны скарб. Вельмі важна ведаць свой род і захоўваць яго запаветы. А калі іх ужо забылі, можна паспрабаваць здагадацца. І расказвае цікавую гісторыю пра сябе.

— Гадоў 15 таму мне раптоўна захацелася граць на дудзе. Пачаў разбірацца. Мая бабуля — Марыя Рыгораўна Яльніцкая, а дзед — Аляксандр Сававіч Шкутко. Прадзеды, значыць, Сава і Грышка. А ёсць беларуская народная песня пра тое, як Саўка і Грышка ладзілі дуду. Найбольш вядомы яе варыянт выконваў ансамбль «Песняры». Я падумаў: а можа, гэта пра маіх прадзедаў? І засела думка ў галаве. Вырашыў займець дуду. Жонку з дачкой адправіў у падарожжа па Заходняй Еўропе, а на свае сэканомленыя ад паездкі грошы замовіў у Мінску інструмент і з таго часу граю на ім. Калі дакладна, граю на многіх інструментах — акардэоне, гармоніку, бубне, дудцы, але калі з дудой выходзіш, адразу ўся ўвага на цябе.

Народныя строі сваімі рукамі

Пры майстэрні працуе клуб аматараў традыцыйнага рукадзелля «Пасажніца», якім кіруе жонка Мікалая Георгіевіча — Ірына Забаўская. Яна народны майстар Рэспублікі Беларусь па ручной вышыўцы. Ірына Пятроўна не толькі вышывае, але і тчэ паясы. Гэта, дарэчы, адзіная дэталь ва ўборах удзельнікаў калектыву, якую яны зрабілі не самі, а скарысталіся паслугамі майстра.

Ёсць у музеі аўтэнтычны строй — прабабулі вучаніцы з Вяззеўскай сярэдняй школы Дзіяны Якубоўскай. Дзяўчына з удзелам кіраўніцы аднавіла ўзор і зрабіла строй з такім жа.

Звяртаю ўвагу на незвычайных лялек. Адзін з праектаў Ірыны Забаўскай — Вяззеўскія лялькі-званаркі па матывах традыцыйных мотанак. Толькі яны ў яе яшчэ і музычныя, бо майстрыха саджае іх на гліняныя званочкі. Вяззеўскія артысты не толькі сваіх лялек папулярызуюць, але і з гастроляў прывозяць іншых. Сабралася ўжо вялікая калекцыя. За кожным вырабам — свая гісторыя. І калектыву ўсе яны цікавыя.

Тут ведаюць і папулярызуюць народныя абрады. Адзін з іх — «Тры ручнікі». Адным пакрываюцца галовы маладых, другім яны абвязваюцца, каб быць разам, трэці кладзецца пад ногі. Над апошнім Ірына Забаўская працавала паўгода, яго даўжыня — больш чым два метры. Аднаўляла па кнігах.

Цікавая гісторыя ручніка бабкі Ліліі Маскалёвай з Паташні.

— Вельмі рэдкая рэч, — удакладняе Мікалай Забаўскі. — Ладзілі цэлую навуковую калегію, былі кансультанты з Мінска. Узор характэрны менавіта для Асіповіччыны. І такога больш няма нідзе. Можна сур'ёзна казаць, што гэта асіповіцкія ручнікі і мы змаглі іх аднавіць.

У гардэробе пачэснае месца займаюць кашулі калядныя.

— Калі маладыя былі, сядзем на калёсы і ездзім па хатах з гармонікам, — усміхаецца Інеса Прышывалка. — Сёння калядаваць ходзяць дзеці.

І шыем, і граем, і спяваем

Ансамбль «Вязанка» адлічвае сваё існаванне з 1986 года. Інеса Прышывалка ў ім якраз з дня заснавання. Прызнаецца, што, як толькі скончыла музычную ўстанову, атрымала размеркаванне ў Вяззеўскую калгасную музычную школу. І апынулася ў цэнтры падзей.

— У гэты ж час да нас на работу ў Дом культуры прыбыў пасля інстытута Мікалай Георгіевіч Забаўскі, які заснаваў хор, — расказвае яна. — Адразу ж сюды ўся моладзь пацягнулася. Потым хор трансфармаваўся ў ансамбль песні і музыкі «Вязанка». У канцы 90-х атрымалі званне «Народны калектыў».

Калі прыйдзеце на канцэрт «Вязанкі», Інесу Прышывалку адразу ж пазнаеце па цымбалах, на якіх яна грае вельмі віртуозна. Ад мілагучных мелодый ногі самі пачынаюць танчыць.

Тут жа ў Доме культуры зазіраем у бібліятэку, дзе знаёмімся з бібліятэкаркай Ліліяй Маскалёвай, уладальніцай рэдкага ручніка бабулі з Паташні. Яна таксама ўдзельніца калектыву. У куточку бібліятэкі бачу яшчэ адзін цікавы экспанат — касцюм з вышыўкай.

— Кожны радок сама вышывала, — прызнаецца Лілія Яўгенаўна. — Ірына Пятроўна Забаўская паказвала, а я рабіла. У кожнай з нашых дзяўчат свой касцюм, свая вышыўка. У нас нават падлеткі вышываюць.

Гляджу на касцюм, і нават не верыцца, што тут рука непрафесіянала.

— Калі трэба, прыходзіцца круціцца, — усміхаецца суразмоўніца.

Частка касцюмаў знаходзіцца ў рэпетыцыйнай зале. Цяжкія цёплыя андаракі, лёгкія спадніцы, кашулі — усё таксама выключна ручной работы, ніводнага машыннага шва. Рэпетыцыйная зала, дарэчы, як у вялікім горадзе — уся ў люстэрках, вялікая і ўтульная.

Музей з творчай майстэрні распаўсюдзіўся і на калідоры. Яны завешаны шматлікімі дыпломамі.

Акрамя глядзельнай залы на 300 месцаў, зручныя грымёркі для артыстаў. Калісьці сюды з канцэртам прыязджаў калектыў Міхаіла Фінберга, музыканты засталіся задаволеныя.

Мікалай Забаўскі лічыць, што ў аграгарадку вельмі спрыяльныя ўмовы для творчасці, таму і артыстам тут падабаецца. Дарэчы, званне «Народны» было прысвоена калектыву нездарма. Удзельнікі запісалі і аднавілі больш за 100 аўтэнтычных беларускіх народных песень Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў. Аснову рэпертуару складаюць творы на 3-4 галасы з элементамі харэаграфіі, народныя абрады, тэатралізаваныя народна-святочныя прадстаўленні. Сёлета калектыў збіраецца прайсці атэстацыю, каб атрымаць званне заслужанага.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва Ірыны ЗАБАЎСКАЙ

Асіповіцкі р-н, аграгарадок Вяззе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.