Вы тут

Раім схадзіць


«Таемны Санта» ў Galleria Minsk, бясплатны кірмаш на Фабрыцыуса, 4, прэзентацыя кнігі «Калядная каша», Новы год у стылі 60-х і свята ў Дудутках — афіша «Звязды» з 18 па 24 снежня​.


Гіфткросінг

Фота: popsugar.com.au

Дзе: ГЗЦ Galleria Minsk (пр-т Пераможцаў, 9)

Калі: з 13 па 24 снежня, 16:00 — 20:00

Колькі каштуе: неабходна набыць падарунак на суму ад 5 р.

З 13 па 24 снежня кожны можа стаць для кагосьці «таемным Сантай» і ў сваю чаргу таксама атрымаць навагодні сюрпрыз. 

Усё проста: прыносьце падарунак, а наўзамен выбірайце скрынку ад незнаёмца. Каб усё было сумленна, рэчы пакуюцца і застаюцца да самага апошняга моманту сюрпрызам. Па зразумелых прычынах, не прымуць «на захоўванне» былыя ва ўжыванні рэчы і жывыя падарункі, затое вітаецца ўсе, што стварае навагодні настрой: імбірнае печыва, шкарпэткі з аленямі, ёлачныя цацкі. Праявіць фантазію можна ў рамках сімвалічнай сумы ў 5 рублёў, паколькі галоўнае не цана, а ўдзел.

Пункт абмену падарункамі працуе ў холе гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Удзельнікаў чакаюць штодня ў самыя актыўныя гадзіны — з 16:00 да 20:00.

Па жаданні, на месцы вам прапануюць запоўніць паштоўку-візітоўку, каб потым можна было асабіста падзякаваць незнаёмага дарыльшчыка.


Really Free Market

Дзе: сталоўка XYZ (вул. Фабрыцыуса, 4)

Калі: 18 снежня, 18:00

Колькі каштуе: бясплатна

На бясплатны кірмаш Really Free Market можна прынесці непатрэбныя вам рэчы і забраць тое, што спадабалася з прынесенага іншымі людзьмі. Прамога абмену не адбываецца. Вы можаце нічога не прынесці, але штосьці ўзяць, або прынесці шмат чаго, але не ўзяць нічога.

Такім чынам, вы дорыце рэчам або кнігам другое жыццё і памяншаеце колькасць смецця на зямлі.


Прэзентацыя кнігі «Калядная каша»

Дзе: кавярня «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33)

Калі: 21 снежня, 17:00

Колькі каштуе: бясплатна

У Мінску 21 снежня адбудзецца прэзентацыя новай кнігі папулярнага шведскага аўтара Свэна Нурдквіста «Калядная каша» ў перакладзе на беларускую мову Надзеі Кандрусевіч. Сустрэча пройдзе ў фармаце вясёлага свята для дзетак і іх бацькоў. 

«Будзем разам частавацца сапраўднай шведскай каляднай кашай, піць какаву, слухаць казку і забаўляцца», — распавялі ў прэс-службе Саюза беларускіх пісьменнікаў.


Калядны агеньчык у стылі 60-х

Фота: pikabu.ru

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей (вул. К. Маркса, 12)

Калі: 23 снежня, 20:00

Колькі каштуе: 100 р.

У дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея будуць адноўлены каларыт і атмасфера мінулай эпохі, якая пакінула добрыя, кранальныя ўспаміны. Той эпохі, калі ў людзей яшчэ не было ні інтэрнэту, ні мабільных тэлефонаў, калі на святы суседзі ладзілі сумесныя вячоркі, а духмяная ёлка была ўпрыгожана самаробнымі цацкамі.

Вас чакаюць танцы пад рэтра-музыку, лепшы гумар эпохі ў выкананні прафесійных артыстаў, мультфільмы і кінафільмы 60-х, гульні, разнастайныя пачастункі, велізарны выбар напояў і многае-многае іншае!

На працягу ўсяго свята для гасцей будуць адкрытыя экспазіцыі музея. У 20:30 будзе арганізавана экскурсія для ўсіх жадаючых. Усё гэта ўжо ўключана ў суму.


Каляды ў Дудутках

Фота: morozmail.ru

Дзе: Дудуткі (в. Пціч)

Калі: 23 снежня, 12:00

Колькі каштуе: удакладняць

Каляды ў Дудутках — выдатная нагода ўсёй сям'ёй акунуцца ў незабыўную атмасферу свята ў тым выглядзе, у якім яго адзначалі нашы продкі, дакрануцца да гісторыі, паспрабаваць традыцыйную куцьцю і проста добра правесці час на свежым паветры ў асяроддзі выдатных пейзажаў беларускай прыроды.

Гасцей свята будуць чакаць этнаграфічная галерэя, інтэрактыўныя зоны (усе жадаючыя змогуць прыняць ўдзел у вясёлых Калядных забаўках: паскакаць у мяшках і камандных штанах, перамагчы ў спаборніцтвах па Калядным кёрлінгу, пастраляць з лука), вуліца майстроў, шацёр варажэі і шмат іншых цікавостак. 


Выстава «Кракаўскія калядныя батлейкі»

Фота: grodnonews.by

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей (вул. К. Маркса, 12)

Калі: па 14 студзеня 

Колькі каштуе: удакладняць у касе

На выставе прадстаўлены батлейкі з фондаў Гістарычнага музея Кракава, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды.

Адметнасцю кракаўскіх батлеек з'яўляюцца сцэны з персанажамі гістарычнымі (каралямі, нацыянальнымі героямі, заслужанымі і вялікімі палякамі) і легендарнымі (Трубачом, панам Твардоўскім). Некаторыя батлейкі маюць сучасныя і складаныя механізмы, а таксама ўбудаваныя музычныя рашэнні, з якіх гучаць кракаўскія мелодыі або найбольш папулярныя калядкі.


Навагодні кірмаш

Фота: kzngo.ru

Дзе: Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Калі: 21-30 снежня

Уваход: вольны

Навагодні кірмаш — гэта тры паверхі гандлёвых шэрагаў. Тут вы не толькі знойдзіце падарункі сваім блізкім, але і проста адпачнеце, зарадзіцеся святочным настроем. Так, можна будзе сфатаграфавацца ў адмысловай фотазоне, напісаць пісьмо Дзеду Марозу, паспрабаваць стравы розных народаў свету. І ўсё гэта — пад навагоднія і калядныя песні.

Акрамя гэтага, прапануем вам яшчэ 6 навагодніх кірмашоў Мінска, якія праходзяць у сталіцы ў снежні.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.