Вы тут

Чаму няма прытоку інвестыцый?


Адказ на гэтае пытанне шукалі падчас круглага стала ў Савеце Рэспублікі.

У верхняй палаце парламента падчас круглага стала абмеркавалі, чаму не назіраецца росту інвестыцый у беларускія прадпрыемствы. За дзевяць месяцаў гэтага года прыцягнута $905 млн прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове пры заданні $1 млрд 30 млн.


«Вядома, для кожнага інвестара ў любой краіне важна, каб правілы гульні на яго полі дзейнасці былі зразумелыя і простыя, а заканадаўчая база, якая рэгулюе пытанні вядзення бізнесу, — празрыстай і стабільнай», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў. Таму адным з дзейсных механізмаў павышэння інвестыцыйнай прывабнасці краіны з'яўляецца ўдасканаленне заканадаўства.

Уладзімір Панцюхоў таксама падкрэсліў, што сёння інвестыцыйную сферу ў дзяржаве рэгулююць каля 40 прававых актаў, створана міжведамасная рабочая група для выпрацоўкі сістэмных мер па ўдасканаленні ў краіне інвестклімату. «Аднак смелых і эфектыўных навацый у інвестыцыйным заканадаўстве да гэтага часу няма, комплексныя рашэнні не прымаюцца», — дадаў ён.

Пры гэтым выгаднае геаграфічнае становішча і рост эканомікі спрыяюць прыцягненню інвестараў у Беларусь, лічыць генеральны дырэктар кампаніі «Марка», член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Мікалай Мартынаў. А дадатковым стымулам для супрацоўніцтва з замежнымі кампаніямі з'яўляецца членства нашай краіны ў Еўразійскім эканамічным саюзе, дзякуючы якому для інвестараў адкрываецца рынак адразу некалькіх краін.

«Гэтай перавагай трэба больш актыўна карыстацца», — лічыць сенатар. Акрамя таго, актуальным пытаннем застаецца стварэнне больш камфортных умоў для работы беларускіх вытворцаў на рынках краін — членаў ЕАЭС, уваходжанне ў іх дзяржаўныя праграмы. «А для гэтага трэба збліжаць нашы заканадаўствы», — лічыць ён.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.