Вы тут

No sex — no problem?


No sex — no problem?

Кажуць, сексу ў СССР не было. З такога меркавання вырастае стэрэатып пра неспалучальнасць інтымных адносін і (неда)сацыялізму, тым больш калі спрабуеш уявіць сабе пачатак мінулага стагоддзя. А было ж… Амаль ніхто не ведае, якая сапраўды радыкальная трансфармацыя міжполавых стасункаў адбылася ў вялізнай краіне пасля кастрычніка 1917 года. Гісторык Аляксандр Гужалоўскі зрабіў спробу першага спецыяльнага комплекснага даследавання радыкальных змен сямейна-шлюбнага жыцця беларускага грамадства з прыходам бальшавіцкай улады. Кніга «Сексуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі: 1917—1929 гг.» выйшла ў свет гэтым летам у выдавецтве А. М. Янушкевіча і пакрысе пачала заваёўваць усё большую ўвагу і сімпатыю да сябе.

Аўтар паставіў на мэце разабрацца перш за ўсё з сацыяльнымі аспектамі сексуальнасці. Само даследаванне прысвечана пошукам адказаў на разнастайныя пытанні, кшталту: «Як адрэагавала на ідэі савецкіх сексуальных рэвалюцыянераў поліэтнічнае і шматканфесійнае беларускае грамадства?», «Якія перашкоды і змены сустрэліся на шляху гэтых ідэй ад уласных ідэолагаў і законатворцаў да насельніцтва?», «Як увасабляліся тэарэтычныя пастулаты аб «новай жанчыне» ў паўсядзённым жыцці беларусаў?», «Якім чынам змяніліся сексуальныя паводзіны гарадской і вясковай моладзі?», «Чаму і калі савецкая дзяржава спыніла разбурэнне традыцыйнай сям’і і дэкларавала вяртанне да сямейных каштоўнасцей?» і г. д. Тут варта адзначыць  добра прадуманую структуру (хоць яна і шаблонная) кнігі: уводзіны, пяць тэматычных раздзелаў з трыма падраздзеламі ў кожным, заключэнне.

Ход аўтарскіх думак развіваецца паволі: спачатку А. Гужалоўскі робіць лаканічны экскурс у гісторыю развіцця сексуальнасці ў межах культурнай нормы на тэрыторыі Беларусі, акцэнтуючы ўвагу на інстытуце сям’і і яе становішчы ў дзяржаве; разглядае паняцце «сексуальная рэвалюцыя»; тлумачыць абраны для даследавання хранатоп.

Першы раздзел «Спачатку было слова» закранае абстрактныя ідэі, што распрацоўваліся сексуальнымі рэвалюцыянерамі, іх тэарэтычныя пошукі, рэгуляванне сексуальных паводзін на заканадаўчым узроўні. Пытанне міжполавых стасункаў страчвае сваю табуяванасць пасля кастрычніцкага перавароту, таму не дзіўна, што «дзякуючы публічнай дыскусіі сексуальныя адносіны паступова набывалі новае, палітычнае вымярэнне».

У наступным раздзеле — ««Новы быт»: паміж ідэяй і ўвасабленнем» — аўтар цікавіцца спробамі рэалізацыі напрацаваных праграм, канструяваннем «новага быту» і стварэннем камун, а таксама сексуальнымі эксперыментамі ў такіх умовах. «Дзяржаўная палітыка сацыялізацыі быту прадугледжвала адмову ад індывідуальна-сямейнага жыцця, што прыводзіла да разбурэння традыцыйнай мадэлі сямейных паводзін».

Частка «Моладзь у авангардзе» ўяўляе сабой аналіз ролі маладых людзей, на якіх бальшавісцкае кіраўніцтва ўскладвала вялікія надзеі падчас увасаблення праграмы сацыялістычнай мадэрнізацыі краіны. А. Гужалоўскі спрабуе зразумець, як гэта «кахаць па-камсамольску»: «Большасць моладзі выступала за пошукі новых форм «кахання-таварыства», якое адкрывала перад камсамольцамі неабсяжнае поле для эксперыментаў». Таксама цікавіцца, якім чынам савецкая адукацыя асвятляла пытанні эраса і як адбывалася палавое выхаванне юнакоў. Даследчык адзначае, што каханне і секс пачалі адлюстроўвацца і ў тагачаснай культуры, найперш — у літаратуры. «Дух часу патрабаваў пісаць, “як у жыцці”, то бок, падкрэсліваць натуралістычнасць любоўнай гісторыі. Жаночыя любоўныя перажыванні <…> прыцягвалі ўвагу беларускіх аўтараў 1920-х гадоў. Прычым большасць з іх дала апісанні драматычнага сексуальнага досведу, што адпавядала тагачасным беларускім рэаліям».

Лагічным працягам і развіццём такога тэзіса з’яўляецца раздзел «Жанчына ў віхуры сексуальнай рэвалюцыі». «Задача стварэння “новай жанчыны” разглядалася савецкай уладай як адно з вымярэнняў маштабнай сацыяльнай трансфармацыі». Пераварот 1917 года нібыта ўраўнаваў жанчын у правах з мужчынамі ва ўсіх сферах жыцця. Аўтар разважае, да якіх вынікаў прывялі такія змены і наколькі верагодным станавілася шчасце ў шалёным рытме новага грамадска-палітычнага ладу. Асобны падраздзел прадстаўляе асобу Соф’і Шамардзіной — «беларускай валькірыі рэвалюцыі».

Гісторык дабіраецца і да «сексуальных дэвіяцый», дзе звяртаецца да асэнсавання праблем прастытуцыі, гвалту, педафіліі, заафіліі і да т. п. Апошняя тэматычная частка пакідае пасля прачытання вельмі цяжкія ўражанні, а менавіта адчуванне, што патрапіў у натоўп людзей, кожны з якіх хоча прычыніць табе боль.

У заключэнні А. Гужалоўскі разбіраецца з вынікамі радыкальных змен і тлумачыць, чаму савецкая ўлада была вымушана скарэктаваць абраны курс. Узяць хаця б тое, што «сексуальная анархія ніяк не сумяшчалася з фарміраваннем культу Правадыра і ўсталяваннем таталітарнага кантролю над асобай». Становіцца зразумелым, чаму мы нічога не ведаем пра даволі «пікантныя» 1920-я гады ў Савецкім Саюзе і адкуль «растуць ногі» ў згаданага ў пачатку артыкула міфа.

У цэлым даследаванне чытаецца лёгка: кніга не абцяжарана навуковымі паняццямі, мова даступная і зразумелая, а таму выданне знойдзе прыхільнікаў сярод самага шырокага кола чытачоў. Актуальнасць «Сексуальнай рэвалюцыі…» заключаецца не толькі ў тым, што ў айчыннай гістарыяграфіі гэта першая спроба асвятлення карэнных змен інтымнага жыцця ў савецкай краіне, але і ў магчымасці параўнаць сямейна-шлюбныя адносіны стогадовай даўнасці з сучаснымі, зрабіць самастойныя высновы і, верагодна, паспрабаваць навучыцца на чужых памылках. Немалаважную ролю ва ўспрыманні інфармацыі адыгрывае вялікая колькасць ілюстрацый (рэдкія фотаздымкі, дакументы, вытрымкі з тагачасных СМІ), а таксама надзвычай багаты фактычны матэрыял, які выдатна суіснуе з сухой статыстыкай і не дазваляе апошняй ператварыць даследаванне ў нуднае чытво. Вельмі кранаюць асобныя моманты, датычныя асабістага лёсу людзей. Акрамя таго, здзіўляюць такія факты, як, напрыклад, тое, што СССР была фактычна першай дзяржавай свету, што дазволіла рабіць аборты без абмежаванняў, незалежна ад наяўнасці/адсутнасці пагрозы жыццю жанчыны. Здзіўляе наяўнасць у Віцебску таварыства «Далоў сорам!», сябры якога шпацыравалі аголенымі па гарадскіх вуліцах. Здзіўляе трансфармацыя традыцыйных вясельнай і хрэсьбіннай цырымоній, на змену якім прыйшлі «чырвонае вяселле» і «чырвоныя хрэсьбіны» («звяздзіны») са сваімі спецыфічнымі «рытуаламі». У кнізе наогул шмат яскравых прыкладаў, што даюць магчымасць паглядзець на 1920-я гады з разяўленым ротам. Крыніцамі для аўтарскага даследавання сталі шматлікія выданні: савецкія сродкі масавай інфармацыі абранага перыяду, матэрыялы беларускіх і расійскіх архіваў, літаратурныя творы, вузкаспецыяльныя даследаванні савецкіх і замежных аўтараў, заканадаўчыя акты і да т.п. Аўтар пастараўся максімальна аб’ектыўна і нейтральна падаць знойдзеныя звесткі і пазбегнуць эмацыйна-ацэначных меркаванняў.

Такім чынам, даследчык здолеў справіцца з задачамі, якія ён паставіў перад сабой ва ўводзінах, здолеў ахапіць шырокае кола пытанняў і раскрыць іх, ствараючы карціну ўсёабдымнасці па заяўленай праблематыцы, здолеў зрабіць даследаванне не толькі фактычным, але і цікавым. Важна тое, што аўтар узняў феномен сексуальнай рэвалюцыі ў БССР, паспрабаваў паглядзець на яго з розных ракурсаў. Здзейсніце і вы захапляльнае падарожжа ў мінулае разам з гэтай кнігай, пашырце свой кругагляд, атрымайце асалоду ад разбіцця стэрэатыпаў!

Кніга даволі кідкая нават знешне: у афармленні вокладкі выкарыстаны плакат 1926 года А. Страхава-Браслаўскага «Раскрепощённая женщина — строй социализм!», што дадае ўнутранаму зместу адпаведную дэкарацыйную атмасфернасць. Навуковая манаграфія «Сексуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі: 1917—1929 гг.» чытаецца як  навукова-папулярнае выданне. А іх так не хапае ў нашай краіне!

Анастасія Анцімонік

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.