Вы тут

Якая розніца паміж словамі «праз», «цераз» і «скрозь»?


«Калі ласка, растлумачце розніцу паміж словамі праз, цераз і скрозь, — просіць спадарыня Чарняк з Мінска і дадае, што такая ж праблема ў яе і з назоўнікамі вугал, рог і кут. А яшчэ (цытуем ліст) «...па-руску кажуць «споткнулся о камень». Як гэта будзе па-беларуску?


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. Сярод прыназоўнікаў праз, цераз і скрозь найбольшую колькасць значэнняў мае першы. Яго ўжываюць гаворачы і пра рух у прасторы (уехаць праз вароты), і пра час (адказаў праз некалькі хвілін), і пра прычыны нечага (гэта ўсё праз цябе!). Праз выкарыстоўваюць і тады, калі апісваюць акалічнасць, у якой адбываецца галоўнае дзеянне: сказаць праз слёзы; убачыць, нібы праз сон.

Прыназоўнік цераз блізкі значэннем да праз, але мае свае асаблівасці. Яго выкарыстоўваюць гаворачы пра рух з аднаго боку чагосьці на другі, ад аднаго краю да другога: перайсці цераз вуліцу, пераплыць цераз возера. Ён жа ўжываецца і калі апісваюць месца або прадмет, упоперак якога нешта размяшчаецца: мост цераз раку.

Скрозь — вельмі патрэбнае слова, калі мы гаворым пра нейкае дзеянне, што сустракае на сваім шляху перашкоду, але пераадольвае яе. Напрыклад, нехта ў лесе бачыць сонейка скрозь галіны дрэў або на вакзале скрозь ляскат цягнікоў чуе развітальныя словы родных.

Скрозь адрозніваецца ад двух папярэдніх сваіх родзічаў тым, што можа быць і прыслоўем. Тады яно значыць 'усюды' (увесну скрозь зелянеюць сады) або 'заўсёды', 'праз увесь час' (нервуючыся на новым месцы, ён скрозь прыглядаўся да людзей).


2. Вугал, рог кут... Найбольшую сферу ўжывання мае, вядома ж, першы назоўнік. Яго адметнасць заключаецца ў тым, што менавіта гэтае слова выкарыстоўваецца ў матэматычнай тэрміналогіі. Вугал абазначае месца, дзе перасякаюцца два бакі чаго-небудзь або два прадметы: вугал дома, вугал шафы.

Часам ён і сапраўды можа стаяць на месцы як кута, так і рага.

Кут (у першым значэнні) — гэта месца, дзе сыходзяцца ўнутраныя бакі чаго-небудзь. Напрыклад, гаворачы пра якое-небудзь памяшканне, кажуць, што нехта ходзіць з кута ў кут.

Маючы на ўвазе мясцовасць, лепш таксама ўжываць слова кут: тут і «мой родны...», і нейкі глухі.

Рагом таксама называюць месца, дзе сыходзяцца два бакі чаго-небудзь. Ад вугла і кута яго адрознівае тое, што рог абазначае частку, якая «выступае». Можа быць рог (ражок) хусткі, рог (ражок) старонкі ў сшытку. Рог і месца, дзе «сустракаюцца», перасякаюцца дзве вуліцы.

Для таго каб не блытацца ў «трох словах», паспрабуйце «пабудаваць» сабе дом. Спачатку, без перагародак, гэта будзе вялікі прамавугольнік. Унутры ў ім, ну вядома ж, чатыры куты: у тым ліку чырвоны (покуць), дзе будуць вісець абразы і сядзець самыя шаноўныя госці. Звонку — чатыры вуглы. На адным, як правіла, прыбіваецца шыльдачка з назвай вуліцы і нумарам дома. Ну, а на рагу яго, для прыгажосці, можна адразу ж пасадзіць бэз...

Застаецца дадаць, што ёсць выразы (іх лепей правяраць па слоўніках), у якіх з разгледжаных трох слоў замацавалася канкрэтнае. Напрыклад, можна сказаць толькі мядзведжы кут (куток), але не мядзведжы вугал або мядзведжы рог.


3. Што датычыцца слова спатыкнуцца, то па-беларуску правільна пісаць і гаварыць менавіта на што-небудзь (на чым-небудзь). Такое кіраванне падае вучэбны дапаможнік Таццяны Рамзы «Сінтаксіс». Прыклад з такім кіраваннем (з твора Усевалада Краўчанкі) знаходзім і ў тлумачальным слоўніку: Нялоўка пераступіўшы парог, [Даніла] спатыкнуўся на ручку
плуга і ледзь не ўпаў.
Таму гаворым і пішам правільна: я спатыкнуўся на слове вугал, хлопчык бег і спатыкнуўся на камень.

У абарону слоў

Камусьці гэта падасца дзіўным, але сярод беларускамоўнай моладзі бытуе меркаванне, што слова купіць не вельмі наша, маўляў, па-беларуску лепш казаць і пісаць набыць, прыдбаць, справіць... Гэта не зусім так. Дзеяслоў купіць існуе ў нашай мове вельмі даўно, паводле этымалагічнага слоўніка, яго шлях прасочваецца да праславянскай мовы і яшчэ далей. Да таго ж мы маем шмат аднакаранёвых слоў: купец, купля, пакупнік і інш. Ёсць у мове і цікавае слова куплёны, што значыць 'не свайго вырабу, набыты за грошы', купляць. Адкуль і вытворныя з прыстаўкамі — закупляць, прыкупляць, падкупляць...

Дык давайце ж карыстацца гэтым словам дарэчы і без памылак: завод закупляе абсталяванне, зараз самы час купляць падарункі да Новага года.

Загаловак у газеце: Мой родны кут... З вуглом не блытаць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.