Вы тут

Як у розны час Мінск рыхтаваўся да Новага года


Ва ўсіх нас перыяд зімовых свят выклікае цёплыя асацыяцыі і ўспаміны. Ёлка да столі, пах ігліцы на ўсю кватэру, папяровыя сняжынкі на вокнах, самыя смачныя стравы, цукеркі ў неабмежаваных колькасцях... Здаецца, гэты цудоўны спіс можна працягваць амаль бясконца. Але гэта ўсё апісвае свята ў маштабах асобна ўзятай сям'і. А вось як падрыхтоўка да Новага года адбівалася на жыцці цэлага горада, мы і пастараліся высветліць.


Га­лоў­ная ёл­ка ў 1950-я.

Ператварэнні Дзеда Мароза

Даведацца што-небудзь пра тое, як упрыгожвалі беларускую сталіцу да свят або якія менавіта мерапрыемствы праводзілі ў гэты перыяд, гартаючы перыёдыку савецкага часу, аказалася няпроста. Пра тое, колькі лямпачак запалілася па ўсім горадзе, а тым больш колькі каштуе гадзіна такога асвячэння, пісаць было непрынята. Ды і выглядалі б нататкі штогод практычна аднолькава — пахваліцца такім багаццем упрыгажэнняў, як цяпер, калі ззяе кожная вітрына і ліхтарны слуп, было нельга, ды і цацкі на ёлках не мяняліся дзесяцігоддзямі. Але, нягледзячы ні на што, святочная атмасфера ў горадзе панавала, ды яшчэ якая! Пагадзіцеся, што кожны хоць на некалькі хвілін хацеў бы перанесціся туды і прагуляцца па заснежаных вулачках Мінска ўзору, скажам, 1968, 1974 ці 1988 года? Пастараемся зрабіць гэта хоць бы пры дапамозе ўяўлення. А пакуль адправімся і ўвогуле на некалькі стагоддзяў назад...

Галоўны персанаж навагодніх свят Дзед Мароз далёка не заўсёды быў звыклым нам добрым старым. Памятаеце казку «Марозка»? Дык вось пытанняў накшталт «Ці цёпла табе, дзеўчына?» яму б нават і ў галаву не прыйшло задаваць. Па народных павер'ях прыгажуню спецыяльна пакідалі на лютым холадзе, каб прынесці ў ахвяру. На шчасце, з часам яны былі інтэрпрэтаваны па-іншаму, і Дзед Мароз стаў цалкам станоўчым персанажам, набыўшы рысы Святога Мікалая. У вобразе вясёлага старога, які прыносіць дзецям падарункі, на тэрыторыі Беларусі ён зацвердзіўся толькі ў самым канцы ХІХ стагоддзя, каб потым зноў на некаторы час знікнуць...

Да рэвалюцыі, як вядома, галоўным святам лічыліся Каляды. У багатых дамах з гэтай нагоды ладзілі балі, нярэдка і карнавалы, у менш заможных сем'ях рыхтавалі святочную куццю. Калядавалі ў горадзе хіба што жартам, такога багацця пераапранутых, як у вёсках, у Мінску, вядома, не было ніколі. Агульных гулянняў, як прынята цяпер, таксама не было, кожны стараўся правесці час са сваімі блізкімі.

Навагодні настрой у мінчан быў заўсёды.

«З Новым годам, таварышы!»

Пасля 1917 года ў няласку прыйшлі абодвы святы. На старонках газет можна знайсці як карыкатуры на царкоўныя «забабоны», так і з'едлівыя памфлеты, закліканыя развянчаць псеўдадабрыню «буржуазнага» чараўніка. Дзіўна іншае: менавіта Каляды афіцыйна забаранілі толькі праз дванаццаць гадоў пасля рэвалюцыі. Але пазіцыя ўлады не спыняла значную частку жыхароў краіны. Сем'і стараліся здабыць хоць бы невялікую ёлачку, нярэдка яе пакідалі без цацак, каб у выпадку неабходнасці можна было хутчэй схаваць.

Усё нечакана змянілася ў 1935 годзе, калі ў газеце «Праўда» выйшаў артыкул сакратара ЦК ВКП(б) Паўла Постышава, які ўзгадніў асабіста Сталін. Гаворка ў ім ішла пра тое, каб вярнуць дзецям свята. Бо ў дарэвалюцыйныя гады ім прыходзілася толькі праз акно сачыць за ёлкай багацеяў. Але аб'яўляць саму забаўку буржуазнай — гэта ўжо перагіб, таму трэба зладзіць сваё, савецкае свята.

Водгук на публікацыю перасягнуў усе чаканні. За лічаныя дні ў крамах з'явіліся ўсе неабходныя атрыбуты Новага года. Свята, хоць і з чырвонай камуністычнай зоркай замест белай Віфлеемскай на вяршыні ёлкі, вярнулася ў кожны дом. Але такі аб'яднаўчы для ўсіх і кожнага размах Новы год атрымаў толькі ў 1950-я.

Паколькі газеты падрабязна не расказвалі пра бытавую частку ўрачыстасцяў, самыя праўдзівыя даныя можна атрымаць з кіначасопіса «Савецкая Беларусь», паспрабаваўшы на чорна-белых кадрах разгледзець куткі любімай сталіцы. Цікава, што ёлачныя цацкі ўспрымаліся як спосаб адлюстраваць савецкую рэчаіснасць і дасягненні вытворчасці. Таму нярэдка з'яўляліся ўпрыгажэнні ў выглядзе тэхнікі, снапоў жыта, прадстаўнікоў розных прафесій. Многія памятаюць касманаўтаў і ракеты, якія пачалі вырабляць у 1960-х.

Але не абыходзілася і без традыцыйных сімвалаў. Праўда, тая ж выява Дзеда Мароза часцей за ўсё суправаджалася ідэалагічна вывераным подпісам «З Новым годам, таварышы!». А вось некаторыя элементы дэкору і ў 2017-м глядзеліся б вельмі стыльна. Напрыклад, снегавыя бабы ў чалавечы рост, размешчаныя каля ўвахода ў краму. Ці ж механічныя фігуркі казачных персанажаў, якія кружацца ў бесперапынным карагодзе вакол ёлкі. Цяжка ўявіць, але менавіта так упрыгожвалі Мінск яшчэ ў 50-х. А вось традыцыя прыбірацца самім тады не ўхвалялася. Самы лепшы нарад — рабочая вопратка з медалямі за адзнаку.

На­ва­год­ні Мінск у 1960-я.

Плакат ад усёй душы

У 1960-х па горадзе зімой расстаўлялі казачныя хаткі. Месцы гулянняў утвараліся ў асноўным вакол коўзанак, якіх па ўсім горадзе было вельмі шмат, балазе дазваляла надвор'е. Ды і наогул весці здаровы лад жыцця — абавязак кожнага савецкага грамадзяніна. З ёлачнымі кірмашамі праблем таксама не было: знайсці пахкіх пасланак лесу можна было ў кожным раёне горада.

Мінскія ўнівермагі і цяпер імкнуцца перасягнуць адзін аднаго арыгінальнасцю ўпрыгажэння вітрын. Тэматычнымі рабілі іх і раней, але такой канкурэнцыі не было. У меншых крамах абмяжоўваліся мішурой. А вось электрычнасць на агеньчыкі дарма не трацілі — гірлянды былі куды больш сціплыя. А яшчэ супрацоўнікі розных прадпрыемстваў самі малявалі плакаты да свята. Гэта ж той самы «цімбілдынг», гэта значыць аб'яднанне каманды, для якога цяпер наймаюць першакласных спецыялістаў. Яшчэ ў пачатку двухтысячных у невялікіх крамках можна было ўбачыць гэтыя плады народнай творчасці.

Абавязковай часткай свята было наведванне навагодніх спектакляў у тэатры ці цырку. Прытрымліваліся даволі строгай канцэпцыі — дадатковых персанажаў, як гэта модна цяпер рабіць, не ўводзілі. Білеты на такія ранішнікі звычайна размяркоўвалі на працы. А дзеці марылі туды трапіць не толькі дзеля сустрэчы з Дзедам Марозам, але і дзеля салодкіх сюрпрызаў.

Дарэчы, сама навагодняя мітусня пачыналася значна пазней, у канцы снежня. Упрыгожаных ёлак за паўтара месяца да ўрачыстасці яшчэ не было. А вось закупляцца прадуктамі і падарункамі сапраўды даводзілася загадзя — дэфіцыт.

Доўгі час галоўная ёлка размяшчалася на цяперашняй плошчы Незалежнасці. І аж да 2000 года яна была натуральная, вышынёй 18—20 метраў. Шукаць прыдатную пачыналі яшчэ летам, заадно прыглядваючы і меншыя — для раёнаў. У кожным абавязкова была свая, галоўная. Нярэдка гараджане самастойна ўпрыгожвалі і ёлку ў двары або на лесвічнай пляцоўцы. Дарэчы, адзначаць Новы год з суседзямі лічылася аптымальным варыянтам.

У 1960-х па го­ра­дзе зі­мой рас­стаў­ля­лі  ка­зач­ныя хат­кі.

Да святкавання новага тысячагоддзя ў Мінску ўпершыню ўсталявалі металакаркас для ёлкі, які, праўда, напоўнілі невялікімі, але жывымі раслінамі. Аднак гэта патрабавала высякання вялікай колькасці дрэў, таму ад ідэі хутка адмовіліся. Першую цалкам штучную ёлку заказвалі для беларускай сталіцы ў Маскве ў 2003 годзе, яна выкарыстоўваецца да гэтага часу — каля Мінгарвыканкама.

Цяперашняя галоўная ёлка, якая трывала замацавала за сабой тэрыторыю каля Палаца Рэспублікі, выраблена ўжо ў Беларусі, яе вышыня каля 32 метраў. Штогод адмыслова для яе распрацоўваюцца новыя цацкі з улікам беларускіх традыцый і нацыянальнай сімволікі. Што датычыцца астатніх ёлак па горадзе, то яны ўпрыгожваюцца ў адпаведнасці з тым, дзе знаходзяцца. Напрыклад, зімовая прыгажуня каля «Чыжоўка-Арэны» адлюстроўвае спартыўныя матывы.

Цяпер гэта здаецца нам штодзённасцю, прыгожай, але звыклай. А праз пару дзясяткаў гадоў фатаграфіі святочнага Мінска, зробленыя ў снежні 2017-га, дакладна будуць выклікаць такую ж трапяткую настальгію...

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў

Загаловак у газеце: Горад казкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.