Вы тут

Чым адрозніваецца выспа ад вострава?


«Мне далі прачытаць цікавую кніжку Валянціна Тараса. Называецца «На выспе ўспамінаў». Трэба разумець — на востраве? Напішыце, якая розніца паміж гэтымі двума словамі, — цікавіцца спадар Верамей з Мінска.

Ад яго ж пытанні, як правільна вымаўляць і пісаць на са́май справе, на само́й справе альбо насамрэч? І ці пісьменна гэта — казаць па-беларуску «мне лянота» (некуды пайсці, нешта зрабіць)?..

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. Выспа — гэта сапраўды востраў, невялікі, часцей пясчаны. Усе іншыя часткі сушы, абкружаныя вадой, ужо астравы.

Гэтае ж слова з'яўляецца часткай назваў многіх геаграфічных пунктаў і дзяржаў: тыя ж, напрыклад, Канарскія астравы, Антыльскія, Багамскія, Саламонавы...

2. З варыянтаў на са́май справе і на само́й правільны, вядома ж, першы. Ён ёсць у слоўніках, у кніжках... Аднак сёння яго часта пазбягаюць праз тое, што гэта нібыта калька з рускага на самом деле. А ў нас, маўляў, ёсць прыслоўе насамрэч.

Гэта сапраўды так і карыстацца ім можна. Але ж знаўцы мовы, напрыклад Кастусь Цвірка, звяртаюць нашу ўвагу на больш вартыя сродкі. Сярод іх — папраўдзе, (яно) і праўда, сапраўды, у сапраўднасці. Мы таксама раім часцей ужываць іх.

3. Рускае мне лень і насамрэч досыць часта перадаецца як мне лянота. Аднак гэты даслоўны пераклад (калька з выразу) нездарма насцярожвае чытачоў, бо гучыць не зусім натуральна. Калі звярнуцца да слоўнікаў, можна ўбачыць, што па-беларуску сапраўды лепш гаварыць і пісаць яму не хочацца (гэта рабіць), альбо ён лянуецца (некуды ісці).

Выраз все, кому не лень па-беларуску гучыць як усе, каму (толькі) хочацца.

Тым, хто першай мовай засвоіў рускую або адчувае яе пастаянны ўплыў, трэба памятаць, што, гаворачы па-беларуску, мы не проста механічна замяняем рускія словы сваімі. Мы павінны выказваць думкі наяўнымі сродкамі і рабіць гэта не ствараючы новых штучных выразаў і слоў, такіх як мне лянота або шляхаводнік (як часам называюць даведнік — путеводитель).

У абарону слоў

Сёння наш падабаронны — халадзільнік. У слоўніках з ім блытаніны няма. Паводле іх, лядоўняй называюць «пограб з лёдам або снегам для захоўвання прадуктаў».

Як бачым, гэтае значэнне істотна адрозніваецца ад таго, якое мае назоўнік халадзільнік. Такога падыходу і трэба прытрымлівацца: лядоўня і халадзільнік — словы з розным значэннем, яны не ўзаемазамяняльныя. У апошнім з пункту гледжання будовы слова няма нічога, што супярэчыла б сістэмнасці беларускай мовы. Таму пазбягаць яго зусім не варта.

Загаловак у газеце: Не лянуйся шукаць даведнік

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.