Вы тут

Кніжніца ў горадзе, горад у кніжніцы


Здавалася б, у сувязі з тым, што імкліва расце колькасць тых, хто чытае электронныя кнігі, бібліятэкі з іх папяровымі выданнямі павінны адчуваць сур’ёзны крызіс. У Жодзіне ўпэўнены: гэта не так, і бібліятэка зноў становіцца цэнтрам сацыяльнага жыцця. Так, змяніўся фармат, сховішчы кніг з ціхіх месцаў ператварыліся ў шматфункцыянальныя цэнтры, дзе на месца картатэк і фармуляраў, якія раней запаўняліся ўручную, прыйшлі аўтаматызаваныя сістэмы. Але кніга па-ранейшаму застаецца адным з галоўных элементаў бібліятэкі. Кніга і чытач, вядома.


Кніжнае падарожжа для дзяцей

Сёлета Жодзінская цэнтральная гарадская бібліятэка адзначае 50-гадовы юбілей. Чым жыве бібліятэка і якія функцыі выконвае ў сучасным грамадстве, распавядае дырэктар Цэнтральнай гарадской бібліятэкі г. Жодзіна Інэса Дзясятава:

— Бібліятэка сёння — гэта ў першую чаргу інфармацыйны цэнтр. Мы прапануем доступ да інфармацыйных рэсурсаў, прадстаўленых у сетцы інтэрнэт і разам з тым ствараем уласныя, даступныя за яе фізічнымі сценамі: розныя базы даных, калекцыі алічбаваных дакументаў, вэб-сайты. Больш за тое, сучасная бібліятэка — гэта цэнтр грамадскага жыцця, дзе можна не толькі атрымаць інфармацыю, але і камфортна пагутарыць з іншымі.

Сёння наша ўстанова ўключае саму цэнтральную бібліятэку і бібліятэку сямейнага чытання. У рамках аптымізацыі за апошнія два гады перажылі пераезды, рамонт, мадэрнізацыю, аптымізацыю. Бачым і адчуваем падтрымку гарадскіх улад. Напрыклад, ідзе своечасовае фінансаванне. Як вынік — маем добры бібліятэчны фонд.

— Інэса Аляксандраўна, ва ўмовах зніжэння цікавасці да чытання кніг і актыўнага выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў якім чынам прыцягваеце чытачоў? І хто яны сёння?

— Сярод нашых наведвальнікаў значная доля школьнікаў і студэнтаў, далей ідзе старэйшае пакаленне. Назіраецца тэндэнцыя вяртання ў бібліятэку людзей сярэдняга ўзросту, якія прыходзяць да нас па інтэлектуальную літаратуру, папулярныя навінкі. Людзі пачалі перачытваць тое, што чыталі раней. Часта да юбілею таго ці іншага аўтара прачынаецца цікавасць да яго твораў. Уплыў аказвае і экранізацыя класікі: усе хочуць перачытаць тое, што бачылі на экранах.

А для прыцягнення чытачоў імкнёмся аператыўна набываць новыя кнігі, пашыраем спіс перыядычных выданняў, папаўняем фонд мультымедыйных і электронных рэсурсаў. Не менш важная для нашых чытачоў і сацыяльная падтрымка, якую прадстаўляем: гэта прававая інфармацыя, абслугоўванне дома.

— Якім павінен быць сучасны бібліятэкар?

— Сёння час ставіць зусім новыя задачы перад бібліятэкай. Змяняюцца і патрабаванні да нашай прафесіі. Бібліятэкар сёння — гэта адукаваны, эрудыраваны, крэатыўны спецыяліст высокага класа, які здольны працаваць у камандзе. Да таго ж ён павінен быць вельмі камунікатыўны.

— Гарадская бібліятэка праводзіць шмат розных мерапрыемстваў, раскажыце пра іх падрабязней.

— Залог любога поспеху — гэта новыя праекты. Такім стаў цяперашні кірунак у рабоце бібліятэкі, які і далей будзем развіваць. Сёння ў распрацоўцы — дзясяткі праектаў: гэта «Віртуальны тур па бібліятэцы сямейнага чытання (3D-панарама)», «Бібліятэка ў стылі АРТ», клуб для пажылых людзей «Любоў да жыцця», клуб зносін «Вясёлка» (для маладых інвалідаў), «Расцём разам з кнігай» (ад года да 3 гадоў), моладзевы клуб «Лабірынт» і многія іншыя. Важнае месца ў рабоце — адраджэнне і папулярызацыя сямейнага чытання.

— Інэса Аляксандраўна, што, на ваш погляд, з’яўляецца залогам паспяховых пераўтварэнняў у бібліятэчнай справе?

— Безумоўна, бібліятэка павінна адказваць запытам часу. Натуральна, працягнецца далейшая інфарматызацыя галіны, мы будзем прадастаўляць насельніцтву доступ да электроннага каталога і алічбаваных выданняў. Калі казаць пра мэты на доўгатэрміновую перспектыву, то гэта бесперапыннае паляпшэнне якасці інфармацыйна-бібліятэчных паслуг, навучанне насельніцтва інфармацыйнай культуры.

— Можаце прывесці прыклад нестандартнага падыходу да справы? Каб было і цікава, і пазнавальна?

— Напярэдні Новага года цэнтральная гарадская бібліятэка сумесна з сямейнай студыяй «Яблык» зладзіла свята «У гасцях у Снягуркі» для будучых чытачоў — дзяцей ад года да трох, а самай малечы было нават 10—11 месяцаў.

Часта самыя маленькія ўдзельнікі выключаюцца з навагодняй феерыі, бо лічыцца, што яны ўсё роўна нічога не зразумеюць. І гэта памылка! Што і даказалі мае супрацоўнікі, падышоўшы да мерапрыемства з фантазіяй, улічваючы ўзроставыя асаблівасці ўдзельнікаў. А чаму «У гасцях у Снягуркі»? Бо для зусім маленькіх Дзед Мароз можа стацца крыху пужлівым. А Снягурка — як мама: добрая і пяшчотная.

Бацькі з дзецьмі не вадзілі карагоды, як гэта звычайна на навагодніх дзіцячых святах, затое ўсе разам зладзілі сапраўдную завіруху з серабрыстых сняжынак, расчысцілі дарогу ад снегу, пакармілі Снегавіка і змайстравалі прыгажуні ялінкі.

Імпрэза атрымалася настолькі цікавай і займальнай, а для дзетак — дамашняй і ўтульнай, што нават не хацелася разыходзіцца. А для бацькоў было дзіўна, што бібліятэка мае магчымасць зацікавіць людзей любога ўзросту. З пяцідзесяці ўдзельнікаў мерапрыемства большая частка запісалася ў бібліятэку. Як дарослыя, так і дзеці. І гэта цудоўны паказчык!

 Віталь ЖУРАЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.