Вы тут

Калядны квэст: вяртанне да традыцый


У першы і апошні месяцы года тэатральнае жыццё заўсёды набывае выразнае калядна-навагодняе аблічча: на кожнай сцэне з’яўляюцца Снягуркі, Дзяды Марозы, гномы, снегавікі, Марозкі, Зімовыя каралевы, Сняжынкі, Званочкі… Бацькам, якія штогод наведваюць з дзецьмі святочныя спектаклі, даволі хутка становіцца відавочнай аднастайнасць сюжэтаў і абмежаванае кола персанажаў. Да таго ж, як правіла, выкарыстоўваюцца матывы рускіх народных казак (калі пастаноўшчыкі хіляцца да традыцыйнасці) альбо папулярных мультфільмаў (калі аўтары сцэнарыяў разлічваюць быць з сучаснымі дзецьмі на адной хвалі). За ўсім гэтым багатыя змястоўнасцю нацыянальных адметнасцяў Каляды пераўтвараюцца ў набор штампаў, адарваных ад сапраўдных культурных звычаяў...


Сёлета — у самым канцы старога года і на самым пачатку новага — нашыя дзеткі мелі магчымасць убачыць тэатральнае ўвасабленне Калядаў зусім у іншым святле. На сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады быў прадстаўлены новы тэатральна-музычны праект Рамана Арлова «Як літара “Ў” уратавала Каляды: навагодняя казка на роднай мове для дзяцей і бацькоў».

Ужо даўно перад пачаткам любога навагодняга спектакля ў фае тэатра дзяцей сустракаюць Снягурка і Дзед Мароз, якія водзяць з імі карагоды, спяваюць «В лесу родилась ёлочка», гуляюць у «замарожузамарожу»… Гэта мы ўбачым перад кожным дзіцячым спектаклем у любым тэатры, гэтак жа праходзяць і дзіцячыя ранішнікі ў садках і пачатковай школе. Гледачоў навагодняй казкі пра тое, як літара «Ў» уратавала свята, сустракалі калядоўшчыкі — навучэнцы студыі традыцыйных спеваў з Вікторыяй Міхно — з сапраўднымі каляднымі песнямі, Казой, Чортам. Відавочна, што не ўсім дзецям (а можа, і не ўсім дарослым) быў зразумелы сэнс сімвалічных дзеянняў калядоўшчыкаў. Але гэта і стварае нагоду для больш блізкага знаёмства з народнымі традыцыямі.

Духі беларускай зямлі Зюзя (Мацвей Лішын), Жыжаль (Яраслаў Ціханенка), Лёля (Анжаліка Пракапеня) вырашылі пакараць людзей за тое, што яны забыліся на свае калядныя звычаі і традыцыі: для таго, каб Новы год не надышоў, яны замарозілі, адпаведна, усе літары ў слове НАДЫШОЎ, акрамя апошняй — «Ў». Бо яна валодае чароўнай сілай: такой літары няма ні ў адной мове свету! Выратаваць свята павінны дзяўчынка Янінка (вельмі смелая і спагадлівая) і хлопчык Яська (вельмі баязлівы, увесь час хаваецца за спінай у Янінкі), якія блукаюць па чароўным бары ў пошуках замарожаных літар. Вядома, яны мусяць прайсці праз шэраг выпрабаванняў, адказаць на пытанні, прайсці своеасаблівы асветніцкі квэст па беларускай міфалогіі. Дапамагаюць ім два вясёлыя сабакі Стаўры (Алеся Гузоўская) і Гаўры (Дар’я Міронава), Каза (Вікторыя Багдановіч, Дар’я Мучака), Бусел (Раман Мартынаў), які пагадзіўся завітаць у родны край узімку дзеля такой важнай справы, і сама літара «Ў» як сімвал нацыянальнай ідэнтычнасці ў самых розных сферах.

Выканаўца галоўнай ролі Кацярына Поцюс вяла актыўны дыялог з аўдыторыяй. Дзеткі таксама адказвалі на пытанні і тройчы клікалі не Дзеда Мароза, а Зюзю і Жыжаля. Праўда, асветніцкія функцыі пастаноўкі можна было б крыху пашырыць: напрыклад, растлумачыць больш падрабязна, што Стаўры і Гаўры, паводле беларускай міфалогіі, — улюбёныя сабакі першанасельніка нашага краю князя Бая.

Сродкі на ажыццяўленне гэтага праекта збіраліся праз краўдфандынгавую платформу Talaka.org, і, мяркуючы па адсутнасці вольных месцаў у глядзельнай зале, праект стаў паспяховы. Тэатральнамузычны праект Рамана Арлова — першы па-сапраўднаму беларускі дзіцячы спектакль з арыгінальным сюжэтам. Хочацца спадзявацца, што гэта стане толькі пачаткам добрай традыцыі, і не толькі навагодняй. У сакавіку на гэтай жа сцэне плануецца паказ музычнай казкі «Як літара “Ў” вясну гукала».

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.