Вы тут

Юлія Алейчанка. Звычайныя цуды


Алейчанка Юлія Аляксандраўна нарадзілася 21 снежня 1991 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2014), магістратуру (2015), цяпер — вучыцца ў аспірантуры. Піша вершы, апавяданні, крытычныя артыкулы, перакладае.

Вершы друкаваліся ў анталогіях «Дняпроўскія галасы-60» (2010), «Першацвет» (2017), пераклады — у кніжнай серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая». Аўтар паэтычнага зборніка «Пад чароўным шкельцам» (2017).

Лаўрэат Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет» (2016).

Творы перакладаліся на рускую, украінскую, сербскую, кітайскую, азербайджанскую мовы.


Юлія Алейчанка. Звычайныя цуды

 

Вочы зімовага бога

Марыйка любіць зіму. Неяк самаахвярна, да болю. Ёй падабаецца, калі кончыкі валасоў робяцца сівымі, як у бабулі, а з рота ідзе цёплая пара. Калі паветра ў грудзях нібы застывае і падыходзіць потым да горла цвёрдым камяком. Калі сотні маленькіх іголачак працінаюць халодныя рукі на батарэі. Але найбольш ёй падабаецца ўглядацца ў яснае (на мароз!) начное неба. Летам такога не бывае… Глыбокае ў сваёй чарнільнай смузе, з зыркімі, ажно, здаецца, калючымі, зоркамі, яно чамусьці заўсёды палохае і цікавіць Марыйку. Неяк бабуля расказвала ёй, што зоркі — гэта вочы. Тых, хто памёр ці тых, хто яшчэ не нарадзіўся. Мільёны, мільярды цікаўных вачэй! І ўсе яны бачаць цябе. Соннага, бездапаможнага. «Таму і трэба на ноч завешваць вокны. Каб ніхто на цябе не глядзеў!» — камандуе ўвішная бабуля, калі абыходзіць на ноч хату, падбірае непрыбраныя рэчы, закрывае скрыні, папраўляе абрус. І — нечакана робіцца пяшчотнай, старэнькай-маленькай, калі ціха кранае Марыйчыны валасы. А можа і праспяваць ціха, калі надта папросіш. Пра стары сад, пра вайну, пра Яся… Марыйка любіць слухаць тыя песні, хоць усе-ўсе ўжо ведае, можа паўтарыць. На хвалях бабулінага надтрэснутага голасу падплывае яна тады блізка-блізка да зорак. І бачыць, што самыя вялікія з іх — вочы істоты, якая ідзе па зямлі, а галава яе — у аблоках. Істота тая добрая, Марыйка гэта адчувае. І хоча яе абняць. Ды не можа, бо дзяўчынка занадта малая, раздушыць яшчэ. Істота ідзе сабе ўпарта праз заснежанае поле. За ноч трэба абысці ўсю зямлю, паглядзець, ці добра людзям жывецца. Месяц чапляецца за галінкі, снегу намятае ўсё больш. А зімовы бог не спыняецца…

Тое, што гэта ён — Марыйка зразумела адразу. У школе ім расказвалі пра нейкага Зюзю, белага дзядка, бога холаду і маразоў, якога ўяўлялі сабе нашы продкі. Ходзіць ён босы па дварах, стукае ў сцены калатушкай, наганяе мяцеліц ды сцюжы. А яшчэ — яны разам з мамай маліліся таму богу, што на іконах. Ён прыгожы, худы, сур’ёзны і пра ўсіх усё ведае. «Ён цябе любіць» — часта паўтарае мама. А яшчэ кажа, што бог можа быць агнём, птушкай, думкай. Бог — у кожным з нас. Чаму ж тады няма бога ў снезе, у ветры, у зорцы? Значыць, ёсць ён! Вялізны, добры, усюдыісны. Вясной — ён ужо іншы. Летам, восенню… Але сніцца Марыйцы толькі зімовы. Зімовы бог не раз яе ратаваў…

 Калі загінуў Марыйчын тата, стаяў душны, дажджлівы май. Тата паехаў ізноў у камандзіроўку. Нешта пачалі вельмі часта яго пасылаць. І раптоўна. Мама тады жартавала, што не паспявае яму піражкоў напекчы. А калі з’язджаў — доўга стаяла каля зачыненых дзвярэй, цішком выцірала слёзы. Але, як на дзіва, тады, як выпраўляла ў апошнюю камандзіроўку — была вясёлая, руплівая. Напяваючы нешта, прасавала татаў касцюм. Какетліва прыглажвала валасы. Тата абяцаў, што як прыедзе — звозіць маму ў Адэсу, месца іх знаёмства. Не жарцікі ж — пятнаццаць гадоў разам! І мама чакала. Ажно да таго дня, калі не пачула навіны па тэлевізары. «Выбух у метро. Дваццаць чалавек у цяжкім стане, сем — загінула на месцы»… Тое, што адбывалася пасля, Марыйка памятае дрэнна. Бясконцыя званкі, слёзы, незнаёмыя людзі ў кватэры. Спачуванні, вянкі, незнаёмы пах, які адчувае, здаецца, і зараз… «Добра трымалася дзяўчынка на пахаванні, свечку з рук не выпускала, і тварык такі сур’ёзны — як быццам усё разумее!» — казала потым нейкая незнаёмая Марыйцы жанчына, татава траюрадная сястра. А што гэта значыць «як быццам»? Яна ж і сапраўды ўсё зразумела. Што калі тату засыпаюць зямлёй — то больш ніколі ён не прыйдзе дадому, не прынясе Марыйцы цукровага пеўня ці мандарынаў. Не станцуе з мамай вальс — яны ж так любілі танцаваць! Не пасварыцца за двойку і не пахваліць за прыгожы малюнак. Ні-ко-леч-кі! І ад гэтага страшнага слова казыча ў носе, перасыхае ў горле і хочацца збегчы некуды далёка ад усіх гэтых добранькіх, якія шкадуюць «бедную сіротку». І Марыйка часта збягала. З урокаў, ад незнаёмых цётак, ад сябровак, якія не разумеюць, чаму ты не смяешся з імі… Так прайшоў май, доўгае сумнае лета, восень без таты на лінейцы і на бацькоўскім сходзе. А мама… Мама быццам бы таксама зрабілася іншай. Ціхай, занурай, няўважлівай. Яна часта забывалася памыць посуд, прыгатаваць вячэру, звадзіць Марыйку на трэніроўку. Сядзела гадзінамі ў сваім пакоі і невідушчымі вачыма глядзела на экран тэлевізара без гуку. «Не замінай!» — адказвала злосна дачцэ на яе просьбы. А потым — разам з ёй плакала і прасіла прабачэння.

Крыху лягчэй стала толькі зімой. Калі прыехала маміна сястра. Вясёлая, мажная, але надта рухавая цётка Тамара. Яна Марыйку не шкадавала. А наадварот — і за дрэнныя паводзіны магла хлёстка адчытаць, і прыбрацца ва ўсёй кватэры прымусіць. Але ж тое — нязлосна. Усё з жарцікамі, «з бізуном ды пернікам». А якія цікавыя гісторыі расказвала! Пра сваю маладосць, пра студэнцкія прыгоды, пра знакамітых сяброў-мастакоў. Бо і сама цётка вучылася на мастачку. І гучныя выставы ў яе былі, і прызнанне… Але ж закінула пасля тое. Бізнес, сямейныя турботы. Ды талент жа застаецца! Вось і вучыла Марыйку маляваць зімовыя пейзажы, яблыкі ў місе, туфлікі на пярэстым дыванку… Мама з ёй таксама неяк ажыла, павесялела. Пачала зноў гатаваць свае фірмовыя катлеты і пірагі. Вяртацца раней з працы. Схадзіла нават неяк з сястрой у кіно. І ўсе разам яны рыхтаваліся да Новага года. Праўда, мама абмовілася неяк, што не варта было б сёлета Новы год адзначаць. Але цётка Тамара — адразу ж у крык: «Ты што, у роднай дачкі адзіную радасць хочаш адабраць?» І мама перастала пярэчыць.

31 снежня мама з цёткай кудысьці таямніча зніклі. Марыйка сядзела самотна ў святочна прыбраным пакоі і чакала. Гадзіну, дзве, тры... Спачатку — спакойна малявала снежных коней, чытала кніжку, слухала музыку. Потым — не на жарт расхвалявалася. «А калі і з мамай нешта здарылася? Калі я застануся ЗУСІМ адна?» — трывожныя думкі гулі ў галаве назоламі-мухамі, не давалі супакоіцца. Яна колькі разоў падыходзіла да дзвярэй, чакала: вось-вось жа павінны адчыніцца. Потым бегла да акна і ўглядалася да болю ў вачах ў заснежаны, са штучнай ялінкай, двор. НІКОГА! Гнятлівая цішыня кватэры ажно звінела. «Мама, прыходзь! Мама, прыходзь!» — пачала ўжо ўслых прамаўляць напалоханая Марыйка. І тут — успомніла раптам пра яго. Вялікага, добрага, усемагутнага. Зімовы бог! Ён жа і зараз глядзіць на яе — ужо з’явіліся на вечаровым небе першыя зоркі… Імгненне — і малая, кволая Марыйка ўскочыла на шырокі падаконнік. «Бог, добры бог, вярні маю маму! Я ніколі не буду сварыцца з ёй! Я буду дапамагаць! Я выпраўлю ўсе адзнакі» — не вытрымаўшы, дзяўчынка горка, няўцешна заплакала.

— Дачушка, што ты там робіш? — мама на хаду зрывала шалік, падбягаючы да акна. — Як ты мяне напалохала!

— А ты — мяне! — адказвала заплаканая, але шчаслівая Марыйка.

Тым часам з вітальні пачуўся нейкі шоргат і ціхае павіскванне.

— Хто гэта там? — усхвалявана спытала Марыйка, прадчуваючы вялікую радасць.

— Хто-хто? Твой новы сябар. Як назавеш? — азвалася цётка Тамара і ўнесла ў пакой смешнага, тлустага шчанюка.

…Ральф рос не па днях, а па гадзінах. Хварэў, праўда, крыху. Але тое ж звычайная справа для шчанюкоў. Марыйка цярпліва давала яму кроплі і вітаміны, вычэсвала шэрстку. Клопаты пра сабаку зблізілі дзяўчынку і з матуляй. Яна таксама палюбіла кемлівага сабаку. І не магла стрымаць смеху, калі бачыла ўсё новыя і новыя Ральфавы свавольствы. Ужо праз месяц сабака весела гойсаў па двары, пераскокваючы снежныя гурбы. Марыйцы нават зайздросцілі сябры: які сябар-прыгажун у яе ёсць! А Ральф і праўда вырас у вялікага, з бліскучай чорнай поўсцю лабрадора. Умеў лапу падаць і як быццам бы з вясёлай усмешкай і цікаўнасцю ўзіраўся ў вочы людзей. Калі Марыйка часам сумавала — прыходзіў да яе і клаў на калені галаву, шчыра спачуваў. Летам хадзіў з дзяўчынкай на рэчку, плаваў, лавіў мячык у вадзе, а потым смешна чмыхаў і абтрасаўся на беразе.

Але вось ізноў настаў верасень. Марыйка, сур’ёзная, дарослая, ішла ў сёмы клас. Дадалі да звычайнага раскладу новыя прадметы, падоўжыўся школьны дзень. Часам з Ральфам хадзіла гуляць мама, калі дачка рыхтавалася да сур’ёзных кантрольных ці пісала сачыненні. І вось з адной з такіх прагулак маці прыйшла позна, расхрыстаная, з дрыжачымі рукамі.

— Мама, што здарылася? Дзе Ральф? — закрычала Марыйка.

Мама падышла да стала, гаротна абняла дачушку.

— Прабач, родная, Ральфа больш няма. Я вінаватая, не зберагла, — зайшлася матуля ў невыносным рыданні.

Аказалася, што яна не ўтрымала моцнага сабаку на павадку, і той выбег на праезджую частку акурат перад вялікай фурай.

У тую ноч у Марыйкі ад узрушэння паднялася тэмпература. Урачы ў бальніцы сказалі, што ў дзяўчынкі нервовы зрыў, прызначылі лекі. Дома Марыйка глядзела ў столь невідушчымі вачыма і нічога не гаварыла. Нават калі ўжо падлячылася — у школе амаль перастала размаўляць з сябрамі, сцялася, адказвала толькі на пытанні настаўніка на ўроку. Мама страшна перажывала, тэлефанавала часта цётцы Тамары, бабулі, раілася, што рабіць з дачкой.

— Што ж тут дзіўнага? — спагадліва адказвала бабуля. — Дзяўчынка за сваё кароткае жыццё столькі гора перажыла. Дабрынёй яе трэба лячыць, дабрынёй. Прывозь да мяне на зімовыя канікулы, пастараюся ўнучку парадаваць.

…Марыйка ляжыць у цёплым ложку ў вясковай хаце, чуе, як бабуля грыміць лыжкай і паступова пранікае ў яе пакой прыемны, салодкі пах каляднага пірага. Ён прымушае раптоўна ўстаць, пабегчы на кухню.

— Што табе не спіцца, не ляжыцца? — з усмешкай пытаецца румяная ад агню ў печы бабуля. — Адпачыла б пакуль пірог спячэцца, потым жа на службу пойдзем. У царкве зараз ведаеш як прыгожа! І ўсе радуюцца, бо нарадзіўся наш Збавіцель.

Бабуля і ўнучка ідуць па глыбокім снезе. Вакол — прыгажосць! Заснежаныя лапкі ялінак так і хочуць ухапіць за каўнер, у небе з-за празрыстага воблачка выглядае месячык, гараць па-святочнаму вокны хат. Марыйка любіць заглядаць у іх, бачыць вясёлыя твары, стракатае ўбранне пакояў. А бабуля ўсё расказвае дзівосныя гісторыі пра Віфлеемскую зорку і чарадзейных вешчуноў… У царкве цёпла і ўтульна, патрэскаваюць свечы. Марыйка ставіць сваю, купленую на сабраныя грошы — за спакой татавай душы. Слухае ўрачыстую службу, разглядае абразы і пачынае паціху драмаць. Бабуля тое заўважае і ціха кажа:

— Ну, пайшлі-пайшлі, мая памочніца даражэнькая. Стамілася ты за дзень.

…На хвалях бабулінага голасу далятае Марыйка да чарнільных нябёсаў і бачыць запаветныя вялікія вочы.

— Божа, чаму я губляю самых дарагіх? — пытаецца спалохана Марыйка.

— Больш не будзеш! Прадракаю табе шчаслівае жыццё, — голасна адказвае зімовы бог. І рушыць, рушыць далей праз казачны лес.

 

Ігар

Ясна, што са шматлікіх больш ці менш сталых «месцаў жыхарства» ў Мінску Лізе найярчэй сёння ўзгадваецца апошняе перад набыццём уласнага кутка… Распачынаўся пяты курс універсітэта, лета перад якім поўнілася вострымі перажываннямі, смелымі надзеямі, нейкімі незразумелымі, падсвядомымі, шчымлівымі прадчуваннямі рэзкай змены, незваротнай страты чагось звыклага і знаёмага. Але яны не засмучалі, наадварот, неяк ап’янялі нястрымным жаданнем забыцца на ўсё тое, чаму вучылі… Дзе і хто вучыў? Людзі, што расчароўвалі, радавалі, зневажалі, прагна кахалі… У цесных калідорах факультэта, у знаёмых задымленых сценах пабаў, у роснай траве за горадам, на дахах шматпавярховак пад зменлівымі зорамі. Не, не назаўсёды забыцца. А проста на час. Каб не так балюча было аддавацца ўспамінам. Новая порцыя адрэналіну ў кроў — і ўсё старое перагарае. Так Ліза рабіла не раз. Ад «гарэння» таго часам моцна апякалася. Ды салодкага «танга матылька над аганьком» ніхто ж не адмяняў, праўда?

Вось і пошукам жытла на апошні курс не асабліва сабе жыццё ўскладняла. Галоўнае цяпер вызначыцца, уладкавацца на жаданую працу, адкрыць яшчэ столькі, каб галава кругам ішла. Не да бытавых выгод! Таму на прапанову размясціцца ў кватэры з гаспадаром згадзілася. Стандартная пяціпавярхоўка на Народнай. Трэці паверх. Дзверы старыя (ну і што з таго?) Заходзячы ўпершыню, з прыемнасцю адзначыла для сябе вялікую бібліятэку з кнігамі, карціны… Яе пакой, з савецкімі папяровымі шпалерамі, трумо, рыпучым ложкам, не засмучаў. Асобны, зачыняецца на ключ. Уласная тэрыторыя. Дзед-пенсіянер у першы ж дзень з ахвотаю распавядаў пра свой раён, раіў наведаць недалёкі лесапарк, дзяліўся ўспамінамі маладосці. Да таго ж падараваў адразу значную частку ўласнай бібліятэкі. Позна вечарам вярнуўся ўнук, з якім перакінуліся парай фраз. Засынаючы ў руках з «Вішнёвым садам» Чэхава, Ліза адчувала сябе даволі ўтульна…

Праз пару дзён, яшчэ лежачы раніцой у ложку, пачула грукат на кухні і гучны ўскрык дзеда, які абварыў нагу кіпнем. Пабегла дапамагаць. Зразумелым было адно: гаспадар трымаўся з апошніх сіл, каб не расчараваць новую жыхарку, ды, нарэшце, увайшоў у чарговы запой. Запалкі, раскіданыя па падлозе, пачатая пляшка, нямыты посуд… Перыядычна да бацькі наведвалася дачка, што жыла ў тым жа пад’ездзе. Часам лаялася на старога, прасіла Лізу аддаваць грошы за кватэру выключна ёй, каб ішлі на аплату камунальных, а не на ненавіснае пойла. А часам спакушалася магчымасцю «пасядзець», узгадаць памерлую маці за чаркай, другой, трэцяй… Пасядзелкі такія маглі цягнуцца да другой гадзіны ночы.

— Ліза, глянь на фотку, якая наша маці прыгажуня была! Гэта ў Ялце ў адпачынку, гэта на працы. Гэта я маленькая…

Дзіўна, што на свайго сына, які жыў з дзедам, яна асаблівай увагі не звяртала. У таго не склалася з працай: днямі ён спаў, позна ўвечары сыходзіў некуды да ранку.

— Зноў са сваімі наркаманамі швэндаўся? Вось патрапіш у турму, павер мне, патрапіш!

Не жадаючы перавозіць рэчы некалькі разоў на год (бо чакала яшчэ засялення ў інтэрнат), Ліза не спяшалася з’язджаць, цярпела. Ды і не так, па сутнасці, адчувала яна дыскамфорт. Новых уражанняў хапала. Вярталася дахаты толькі ўвечары, стомленая. Распачалася заключная, перад абаронай дыплома, практыка ў гімназіі. Ды яшчэ ў якой, прэстыжнай, з паглыбленым вывучэннем замежных моў. Дзеці паслоў, юрыстаў міжнароднага права… Амаль усе з крутымі тэлефонамі, планшэтамі, малінавым латэ на перапынку… Як цяжка было патлумачыць тое, што апавялася ў «Песні пра зубра»! Ці дабіцца ўсведамлення, з-за чаго гаруе Плачка ў Яна Баршчэўскага. Ды нічога, спраўляліся. І смяяліся разам да колікаў, і сур’ёзна разважалі… А яшчэ было на той час у Лізы «авантурнае» каханне з прыгодамі. Атрымала прапанову ўладкавацца на цікавую працу. Стракаты карагод падзей не даваў спыніцца і перавесці дыханне хаця б на хвілінку. Стоячы неяк на старым мосце, што пераразае Партызанскі праспект, і ўдыхаючы паветра вячэрняга Мінска, Ліза злавіла сябе на думцы, што нічога змяняць у жыцці не хоча…

Нават калі ўночы прачыналася ад грукату ў дзверы пакоя з патрабаваннямі пагаварыць… Нават калі перакрывала пад раніцу газ ці ваду, што пакінулі адчыненымі госці гаспадара пасля пасядзелак. Яна жыла з нейкім шчаслівым філасофскім усведамленнем, што ўсё часовае, усё мінае, трэба абавязкова ўвабраць у сябе тыя фарбы, гукі, смакі, што пасылае жыццё тут і цяпер…

Ды, на жаль, праходзіць і тое шчаслівае адчуванне. Ужо ў час набліжэння зімы, калі лужыны рабіліся цвёрдымі, а гаспадарскі кот не лавіў галубоў на двары, Ліза вярталася ўвечары дамоў. Расчараваная, спустошаная… Той, дзеля каго яна рызыкавала, каму дазволіла адкрыць запаветныя таямніцы, не апраўдаў яе спадзяванні. Банальнае жаданне прыгод, аскепкі прыгожага шкла… Бытавая стомленасць на той час таксама ўсё больш давалася ў знакі. Што далей? Колькі яшчэ танцаў над аганьком свечкі ёй дадзена станцаваць? Узіраючыся ў святло рэдкіх ліхтароў, Ліза ратавалася тым, што прыгадвала часы маленства, калі вельмі любіла гуляць у прыцемках, адчуваючы скрозь цуды.

І раптам пабачыла на прыступках аптэкі бруднага, у заношаным адзенні чалавека, які роспачна, не звяртаючы ні на каго ўвагі, плакаў. Ён прыкрываў вялізную рану на руцэ, кроў капала на ганак. Калі б дзяўчына не была ў тым стане самашкадавання ды шкадавання ўсяго свету, які насяляюць гэткія ж гаротнікі, дакладна б прайшла ганарыста і нат не глянула лішні раз… Ды не цяпер. Сэрца тады так збалела, што патрабавала растварэння ў чужым горы, каб на хвілінку суцішыць уласны боль. Яна прыпынілася, падумала… і рашуча падышла да няшчаснага. Прысела на кукішкі, дапытліва паглядзела ў вочы.

— Вам дапамагчы?

Праз плач (так увогуе могуць плакаць дарослыя мужчыны?) не разабрала адказ. Тады перахапіла рашуча брудныя рукі сваімі, худымі, арыстакратычнымі, і пачала аглядаць рану. Зразумеўшы, што справа сур’ёзная — хуценька забегла ў аптэку, набыла бінт, антысэптык. Чалавек быў агаломшаны, здзіўлены, прыціхлы. Не верыў у тое, што адбываецца. Стаў заікацца і кідаць дробныя бязглуздыя фразы:

— Я сам далей… Дзякуй… Не трэба… Дзякуй… Я не бомж, ну, так, часова… Я не заразны… Я трэнерам працаваў… Прабач…

Ліза намагалася нешта зразумець, ды тое давалася цяжкавата. Бачыла, што «пацыент» яе сапраўды не падобны асабліва да таго, хто пастаянна жыве на вуліцы. І такая трагедыя чыталася ў яго вачах, што проста ўстаць і пайсці было немагчыма. Таму, закончыўшы бінтаваць рану, дапамагла незнаёмцу ўзняцца, прапанавала прысесці на лаўку ў бліжэйшым двары. Цяжка дыхаючы, Ігар (так, імя ўжо вядомае — і тое добра), пачаў пакрысе гаварыць больш павольна...

— Ведаеш, я не заўсёды быў такім… Аж самому цяпер брыдка. Я дзяцей боксу вучыў, жыў у Заслаўі. Сям’я была, жонка, сын малы. Я ўсё для іх рабіў. На жонку кватэру, што ў спадчыну ад маці атрымаў, перапісаў… Маці мая маладая памерла, анкалогія, на руках маіх канала. Я Насці (жонка мая) ва ўсім верыў. Яна прыгожая, як ты, нечым нават падобная. А за нос мяне вадзіла. Калі даведаўся пра палюбоўніка, перажываў моцна. Потым прабачыць хацеў. Ды ён круты. Рэчы выкінуў з уласнае кватэркі… І бокс мой не дапамог. Я так знерваваўся, больш родзічаў тут няма. Думаў да цёткі ва Украіну ехаць. Ды мо я ёй непатрэбны? Пасля працы на вакзале спаў колькі дзён. А потым сябрукі вулічныя з’явіліся. На нейкіх блат-хатах жыў… Усё як вір страшны ў галаве… Прабач, прабач. Навошта табе гэта слухаць. А рука гэта — сабака пакусаў. Дайшоў да аптэкі і зразумеў, што грошай не маю. І такім пустым месцам сябе адчуў! Тут мяне і накрыла...

— Дык вам у паліклініку трэба. Гэта ж мо шалёны сабака.

— Зайду-зайду, толькі вопраткі сваёй саромлюся.

Ліза слухала той сумны аповед, пра нешта пыталася, падбадзёрвала.

— А выйсце якое ёсць?

— Я не закончаны алкаш. Я працаваць магу. Толькі каб жытло, хоць кут які далі б дзе. Адзін знаёмы, не, не з тых, нармальны, выбіць можа месца на заводзе, там інтэрнат даюць.

— Дык чапляйцеся за тую магчымасць!

— Ай, дзеля чаго тое? Як Насцю ўзгадаю, Дзімку, з якім бачыцца не дае — хачу пад зямлю праваліцца…

— Хопіць! На што цяпер жыццё патраціце? Многім здраджваюць, многіх кідаюць, ды, каб кожны ў пятлю лез! — Ліза крычала, не пазнаючы сябе.

— Прабач, прабач, і ты цяпер хвалюешся. Падумаю я, падумаю. Дай мне тэлефон свой — знайду адкуль пазваніць. Я табе грошы за лекі аддаць павінен…

Ліза рашуча адмаўлялася ад звароту грошай, нумар дала толькі каб адчапіўся. Ігар запэўніў, што начуе сёння ў «нармальнага» знаёмага — і пакрочыў няўпэўнена ў змрок. Ліза — на здымную кватэру.

Цікава, што ўласны боль пасля такого «кантраснага душа» стаў заціхаць. Вядома, не ўсё забылася, не ўсё ўладкавалася. Проста стала здавацца больш дробязным. Ліза працавала, хадзіла на практыку да школьнікаў, знаёмілася з новымі людзьмі. Чытала «Салярыс» Лема… І сапраўды думала, што касмічную адзіноту нельга прыручыць… Званка Ігара яна, канешне, не чакала. Таму адпачываючы аднойчы вечарам пасля цяжкога дня, яна раздумвала, адказваць ці не на выклік з незнаёмага нумара. Цікавасць усё ж узяла верх.

— Прывітанне! Ліза, гэта ты?

— Так. Але мы знаёмыя?

— Гэта Ігар. Ну брудны дзядзька ля аптэкі, — голас яўна выдаваў незласлівую ўсмешку суразмоўцы. Грошы хачу вярнуць. І проста сустрэцца.

Не тое, каб надта хацелася Лізе ісці на тую сустрэчу. Яна не ведала, чаго чакаць. Што ад яе акрамя вяртання грошай хоча той Ігар, якога бачыла раз у жыцці? Аднак пайшла. І не пашкадавала.

Сустрэцца дамовіліся каля «Партызанскай». Стоячы тварам да ўвахода ў падземку, дзяўчына адчула далікатны дотык да спіны. Ігар падышоў з адваротнага боку. Тое, што гэта ён, пазнала толькі добра прыглядаючыся. Паголены, падстрыжаны, апрануты не шыкоўна, але чыста, мужчына сарамліва ўсміхаўся. У руках трымаў невялікі букецік:

— Гэта — табе. І грошы — вось. Мо прагуляемся крыху?

Ігар падрабязна расказваў, як уладкоўваўся на новую працу, дзе цяпер жыве. Асабліва свяціліся вочы, калі гаварыў пра сустрэчы з сынам, якія цяпер сталі магчымымі.

— Мяне тады так праняло, што ты маладая, прыгожая, інтэлігентная не пабаялася аб мяне рукі запэцкаць. Што накрычала, у галаву нешта ўбіла. Канешне, не на заўтра я пайшоў жыццё змяняць. Але абдумаўся, канкрэтна. І цяпер усё інакш будзе.

Гулялі добрыя гадзіны дзве. Размаўляць было лёгка. Ліза таксама расказала шмат асабістага. Шчырасць нараджае шчырасць. На развітанне Ігар папрасіў:

— Можна я табе званіць буду? Каб лягчэй было. Не падумай нічога благога, я не маньяк які. Проста пагаварыць з добрым чалавекам хочацца. З ратавальніцай маёй.

Седзячы вечарамі ва ўласнай кватэры з кубкам кавы ці шпацыруючы па вялікім парку каля дома, Ліза часта цяпер узгадвае моманты такога адносна недалёкага мінулага. Ігар сапраўды званіў пасля. Колькі разоў хадзілі ў кавярню, смяяліся, гаравалі. Той жартам пытаў:

— Кавалераў хоць тваіх не спалохаю? Перадай, што я такой прыгажуні сам баюся.

Тое была гісторыя шчырага, нечаканага сяброўства. Паўгода таму Ігар усё ж з’ехаў да цёткі. Працуе цяпер па спецыяльнасці. Піша часам у сацыяльных сетках, дасылае фотаздымкі.

Часам Ліза думае, што ў сапраўднасці так не бывае. Быццам нейкі вышэйшы «рэжысёр» наўмысна паслаў ёй Ігара ў той вечар. Каб паказаць, як можа быць. Бо калі ён змог, стрымаў слова, то і няма чаго прыдумляць для сябе апраўданні.

«Люди як корабли», — гучыць песня загінутага музыкі Андрэя Кузьменкі. Ігар кажа, што ва Украіне яго любяць і памятаюць…

Людзі сапраўды як тыя караблі. І калі нехта набірае «повні трюми води», трэба не даць яму пайсці на дно.

Ліза цяпер не хоча забыцца на тое, чаму яе вучылі людзі. У цесных калідорах факультэта, у знаёмых задымленых сценах пабаў, у роснай траве за горадам, на дахах шматпавярховак пад зменлівымі зорамі. Яны — частка таго вялікага акіяна, што хавае таямніцы, што злучае лёсы.

Усе невыпадковыя. 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.