Вы тут

Як будзе змяняцца транспартная сфера Мінска


Летась усе віды транспарту перавезлі ў сталіцы прыкладна 800 мільёнаў пасажыраў. Каля 40 % складаюць паездкі на метро, астатнія прыпадаюць на аўтобусы, тралейбусы, трамваі і зараз ужо электробусы. Але, незалежна ад выбару сродку перамяшчэння, сталічныя транспартнікі працуюць над тым, каб забяспечыць для пасажыраў хуткасць, камфорт і даступнасць.


Дырэктар ДП «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый ШКУРАТАЎ расказаў, што на перыяд 2018—2019 гадоў запланавана закупка 300 аўтобусаў, яны папоўняць аўтапарк, а таксама заменяць транспартныя сродкі, тэрмін эксплуатацыі якіх дасягнуў
10 гадоў, — далейшае іх выкарыстанне становіцца небяспечным і немэтазгодным. Акрамя таго, у Мінску з'явіцца яшчэ 60 электробусаў, якія будуць ездзіць пераважна па праспекце Пераможцаў. Прыкладны кошт вялікага электробуса — 950 тысяч рублёў, аўтобуса — 270—340 тысяч рублёў. Прапрацоўваецца пытанне абсталявання іх кандыцыянерамі, аднак гэта ў першым выпадку падымае кошт на 30 %, у другім — на 10 %, таму пакуль аддаецца перавага павелічэнню агульнай колькасці машын.

Шмат транспартных пытанняў трэба вырашыць да ІІ Еўрапейскіх гульняў, бо да месцаў правядзення спаборніцтваў, хутчэй за ўсё, будзе недаступны праезд на аўтамабілях, таму істотная нагрузка ляжа на грамадскі транспарт. У сакавіку пачнецца рэканструкцыя трамвайнай лініі Ульянаўская—Першамайская, якая працягнецца да верасня. Зрабіць пуці закрытага тыпу там не дазваляе шырыня вуліцы, аднак для бяспекі пасажыраў будзе зроблена ўсё магчымае: устаноўлены агароджы па цэнтры, выкарыстана тактыльная плітка, па ходзе маршруту ў многіх месцах забаронены левы паварот для аўтамабіляў. Таксама мадэрнізуюць прыпыначныя пункты, яны будуць выкананы ў новым дызайне, даўжынёй 40—50 метраў, што дастаткова для адначасовага прыбыцця двух трамваяў.

Як адзначыў намеснік дырэктара па эксплуатацыі ДП «Мінскі метрапалітэн» Андрэй МІХАЙЛОЎСКІ, плануецца, што ўжо ў 2019 годзе будзе завершана будаўніцтва чатырох новых станцый трэцяй лініі метро, а ў 2020 годзе яна прыме першых пасажыраў. Усе станцыі зробяць закрытага тыпу — абсталяванымі загараджальным шчытом і дзвярыма, якія будуць адкрывацца ў момант спынення цягніка. Дакладна трапляць у патрэбнае месца цягніку дапаможа сістэма аўтакіравання, хібнасць — не больш за 20 см. Абслугоўваць новую лінію стануць саставы кампаніі «Штадлер», дзе будзе магчыма перасоўвацца паміж вагонамі падчас руху. Першы састаў пройдзе абкатку ўжо сёлета, да канца года на ім змогуць праехацца і пасажыры другой лініі метро. Што датычыцца новай веткі, то адным з ноу-хау тут стануць травалатары агульнай працягласцю пяць кіламетраў — так інакш называюць гарызантальныя эскалатары, якія будуць устаноўлены ў пераходах паміж станцыямі. Яшчэ адно новаўвядзенне, якое ўжо дзейнічае на станцыі «Плошча Леніна», — аплата праезду наўпрост банкаўскай карткай — у хуткім часе таксама распаўсюдзіцца на ўсю сетку метрапалітэна.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара ДП «Мінсктранс» Віктара ТОЗІКА, яшчэ 100 прыпыначных пунктаў сёлета будуць аснашчаны інфармацыйнымі табло, якія зарэкамендавалі сябе з добрага боку. Каб павялічыць хуткасць руху транспарту, у будучыні для яго на ўчастках з высокім трафікам прадоўжаць выдзяляць асобную лінію. Гэта дазваляе скараціць колькасць скаргаў на работу транспарту. Дарэчы, для пасажыраў практычна кругласутачна працуе «гарачая лінія», на якую паступае ў сярэднім каля 60 званкоў у дзень.

Новаўвядзеннем, якое толькі ўступіла у сілу, стала дыферэнцыяцыя штрафаў за безбілетны праезд, яго памер цяпер можа скласці 0,5 або 1 базавую велічыню. Калі пасажыр прызнае сваю віну, то ён павінен аддаць за безбілетны праезд 0,5 б. в. або 12,25 рубля. Калі ж пасажыр адмаўляе факт правапарушэння, які потым атрымліваецца даказаць, то штраф вырасце ўжо да 1 б. в. і складзе 24,5 рубля.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: У метро — на «штадлеры», па праспекце Пераможцаў — на электробусе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.