Вы тут

Беларускія пенсіянеры змогуць падарожнічаць з маладымі валанцёрамі


У большасці з нас у галаве сядзіць такі штамп: маўляў, еўрапейскія старыя падарожнічаюць і атрымліваюць асалоду ад жыцця, а ў нашых адна радасць — градкі. І гэта на самай справе падобна на праўду, нягледзячы на тое, што сёння магчымасць паглядзець свет ёсць практычна ў кожнага, у тым ліку і ў нашых пенсіянераў, галоўнае — мець такое жаданне і нічога не баяцца. «Усё гэта казкі! — паціснуць плячыма скептыкі. — А грошы? А як візу атрымаць? Як размаўляць, не ведаючы ніводнай замежнай мовы?» Маладая мінчанка Марыя Мунцян вырашыла даказаць, што ўсе гэтыя цяжкасці можна пераадолець — і стварыла сацыяльны праект па арганізацыі сумесных падарожжаў пенсіянераў і моладзі.


Можа, для вас гэта шанц ажыццявіць паездку мары...

Моладзь ужо навучылася падарожнічаць па свеце з мінімумам грошай у кішэні. Многія арганізоўваюць паездкі сваімі сіламі: шукаюць у інтэрнэце танныя білеты на аўтобусы і самалёты, зніжкі гатэляў, а здараецца, начуюць у чужой краіне і зусім бясплатна — дзякуючы рэгістрацыі на сайце каўчсёрфінгу, дзе людзі з розных краін прапануюць турыстам начлег у сваім доме.

А вось пажылыя людзі часцяком нічога не ведаюць пра такія магчымасці. Таму Марыя Мунцян і вырашыла стварыць платформу, якая аб'яднала б рознаўзроставых беларускіх падарожнікаў. «Каб дапамагчы пажылым людзям, якія не страцілі духу авантурызму, ажыццявіць паездку іх мары і не адчуваць сябе выкінутымі за борт жыцця, — тлумачыць яна. — А яшчэ каб зблізіць прадстаўнікоў розных пакаленняў».

Сказана — зроблена. У «Фэйсбуку» была створана спецыяльная група для падарожнікаў трэцяга ўзросту, а нядаўна пачаў працаваць і афіцыйны сайт у інтэрнэце реnsіаnеbоsаmоlеt.соm, дзе могуць кааперавацца для сумесных бюджэтных падарожжаў пажылыя і маладыя турысты. Любы пенсіянер можа заявіць там пра сваё жаданне адправіцца ў паездку і запоўніць анкету. Там жа рэгіструюцца і маладыя людзі, якія хочуць стаць валанцёрамі.

Падарожнічаць мяркуецца на недарагіх аўтобусах і лаўкостах, начлег шукаць праз каўчсёрфінг. Такім чынам забіваюцца адразу некалькі зайцоў: турысты начуюць у мясцовых гасцінных людзей бясплатна і, акрамя таго, маюць магчымасць цікавых стасункаў з жыхарамі краіны.

Пакуль што пажылому чалавеку прыходзіцца самастойна аплачваць кошт візы і, магчыма, пакрываць дарожныя выдаткі, калі не будзе знойдзены спонсар. Але, як лічыць Марына Мунцян, для пенсіянераў, а пажадана і валанцёраў, такія паездкі павінны быць бясплатныя. І збіраецца для гэтых мэт шукаць сродкі — гранты, спонсараў, магчыма, неабходныя сумы будуць збірацца на краудфандынгавых платформах.

Два погляды на адну вандроўку

Ужо адбыліся і першыя падарожжы. Так, дзякуючы гэтаму праекту 76-гадовая мінчанка Адэльгейда Стрыгалёва змагла пабачыць у снежні польскі горад Гданьск. Кампаньёнкай для яе ў падарожжы стала 33-гадовая Кацярына Іванова. Уражанняў у абедзвюх засталося мора!

Адэльгейда Стрыгалёва, 76 гадоў:

— Я прачытала пра такую магчымасць у газеце. Дачка сказала: «Мама, паспрабуй!» А я чалавек рашучы, нават, можна сказаць, авантурыстка па натуры. Патэлефанавала і, калі мне прапанавалі злётаць у Польшчу, — адразу пагадзілася! Тым больш што да гэтага ні разу там не была. Падарожнічала з Кацяй, студэнткай медуніверсітэта. Да гэтага мы не былі знаёмыя, упершыню ўбачылі адна адну толькі на аўтавакзале, калі ад'язджалі з Мінска. Мы з ёй на аўтобусе прыехалі ў Вільнюс, потым у аэрапорт, а там самалётам — ужо ў Гданьск.

На начлег спыніліся ў польскай сямейнай пары, якую арганізатары паездкі знайшлі праз каўчсёрфінг. Каця добра ведае англійскую мову, на ёй і размаўляла з гаспадарамі. Смешна, але калі ўжо ў Гданьску мы шукалі дарогу да людзей, якія пагадзіліся даць нам прытулак, Каця спытала яе ў мужчыны, а гэта аказаўся наш гаспадар! Так што ён сам і прывёў нас да сябе дадому. Ён сам музыкант, а яго жонка працуе ў музеі. Мы ім прывезлі падарункі: цукеркі, вялікую прыгожую кнігу пра Мінск і гарбату, аж чатырох гатункаў, якую падарыла кампанія «Аптэкарскі сад». яна аказалася вельмі дарэчы на нашых вячэрніх сяброўскіх чаяваннях!

Наступным днём мы раненька падхапіліся і пайшлі знаёміцца з Гданьскам. Цэлы дзень хадзілі па горадзе! Зайшлі ў рэстаран, пілі гарачы глінтвейн... Надвор'е было выдатнае, як на заказ, сонца свяціла ўвесь дзень! Мне вельмі спадабаўся горад, асабліва яго гістарычная частка, і спадабаліся палякі — яны такія ветлівыя, спакойныя людзі, шмат хто размаўляе па-англійску...

А ў апошні дзень мы таксама ранічкай прачнуліся і пабеглі ў музей Другой сусветнай вайны. Вельмі цікавы! Велізарны — тры паверхі — і яшчэ ў падзямеллі экспазіцыі... А потым — адразу ў аэрапорт.

...Дарэчы, сама Адэльгейда Мікалаеўна да гэтага часу вядзе актыўны лад жыцця, займаецца спортам — ходзіць у клуб аматараў бегу «Аматар». Чатыры разы ўдзельнічала ў забегу па Ладазе «Дарога жыцця». Усё яшчэ працуе. Кажа, што не можа сядзець у чатырох сценах... Паездка ёй абышлася ў 60 еўра — гэта кошт візы, якую прыйшлося зрабіць. Усе астатнія расходы ўзялі на сябе арганізатары праекта.

Валанцёр Кацярына Іванова, 33 гады:

— Для мяне гэтая паездка аказалася вельмі спантаннай. Павінна была ехаць мая сяброўка, але яна нечакана захварэла. А я чалавек даволі заняты па жыцці: вучоба ў медыцынскім універсітэце, праца на хуткай дапамозе, дзіця... Але на той момант у мяне якраз мелася віза, сесія яшчэ не пачалася, а сын быў у бабулі. Таму я пагадзілася.
І, як аказалася, з Адай Мікалаеўнай нават прасцей падарожнічаць, чым з некаторымі маімі сябрамі. Мае сябры часта ставяць ультыматумы: гэтага я не ем, туды не хаджу, гэтага не люблю... А тут — ніякіх праблем! І я не магу нават успомніць у сваім асяроддзі больш лёгкага на пад'ём і жывога чалавека, чым яна! Таму паездка прайшла вельмі добра, мы да гэтага часу не прыпынілі свайго знаёмства.

І ведаеце, што мне яшчэ вельмі спадабалася? У мяне, як і ў кожнага чалавека, ёсць сваё сфарміраванае кола зносін — у асноўным гэта мае сябры-равеснікі — і там усё такое звыклае... А, пазнаёміўшыся з Адай Мікалаеўнай, я паглыбілася ў зусім іншы свет, з іншымі ўяўленнямі пра жыццё, іншымі гісторыямі... У мяне ёсць бабуля, я вельмі яе люблю, у дзяцінстве кожнае лета ў яе праводзіла. Але тут я ўбачыла, наколькі рознымі і непадобнымі адно на аднаго могуць быць пажылыя людзі. У Ады Мікалаеўны як быццам прапелер унутры! Увогуле, на тыя два дні я быццам вынырнула з свайго звыклага жыцця і трапіла ў іншае вымярэнне. І з задавальненнем паехала б у такім фармаце яшчэ! Можна нават арганізоўваць такія падарожжы для невялікай кампаніі: два-тры пенсіянеры і валанцёр...

Каму тут будуць рады?

Дарэчы, напрыканцы лютага арганізатары праекта плануюць паездку ў Рым. Гэта будзе паездка па двух кірунках — свецкая праз Універсітэт трэцяга ўзросту ў Рыме і паломніцкая хрысціянская. Плануецца, што паедуць дзве міні-групы па чатыры чалавекі і два гіды адпаведна. Праграма будзе прапрацоўвацца і абмяркоўвацца сумесна. І зразумела, што для таго, каб рашыцца так падарожнічаць, трэба мець пэўны склад характару.

— Нават напярэдадні падарожжа ў Гданьск, у якое ўрэшце паехала Адэльгейда Мікалаеўна, было вельмі шмат тэлефанаванняў, — кажа Марына Мунцян. — Але, калі я тлумачыла людзям фармат падарожжа, згадвала, што трэба самастойна заплаціць за візу і, магчыма, пакрыць іншыя свае выдаткі, калі не ўдасца атрымаць фінансавую падтрымку, многія гублялі цікавасць. А вось Ада Мікалаеўна не спалохалася ні шматгадзінных паходаў па горадзе, ні начлегу ў доме ў агульнай гасцёўні. Калі яна сказала, што дагэтуль бегае марафоны, а на зборах спіць у спартзале на падлозе і што заўсёды марыла пабачыць свет, я зразумела: гэтая ўнікальная жанчына — наш чалавек!

Хачу адзначыць, што нашымі патэнцыйнымі падарожнікамі змогуць стаць толькі тыя пажылыя людзі, у каго ўсё ў парадку з прыязнасцю, цярпеннем і аптымізмам. Бо ў дарозе часам здараюцца неспадзяванкі, даводзіцца чакаць самалёт, стаяць у чэргах пры праходжанні мяжы.

Цярпенне тут нялішняе. А пры бясплатным пражыванні ў гасцінных мясцовых жыхароў трэба мець зносіны з імі і іншымі людзьмі ў краіне знаходжання. Гэта робіць паездку насычанай, цікавай і вясёлай, але толькі пры адной умове — калі вам падабаецца знаёміцца з іншымі людзьмі.

Таксама нашым удзельнікам павінен падабацца актыўны адпачынак. Зразумела, ім не трэба бегаць марафоны. Але чалавеку, які вядзе сядзячы лад жыцця, наўрад ці даставяць задавальненне доўгія прагулкі. І яшчэ вельмі важна, каб тыя, хто звяртаецца да нас, не мелі спажывецкай жыццёвай пазіцыі. Мы валанцёрская ініцыятыва, і акрамя маральнага задавальнення, не атрымліваем нічога. Людзі, у якіх у запытах — ідэальнае надвор'е, дакладны маршрут і камфартабельнае пражыванне, хай звяртаюцца ў турфірмы. А мы — дапамагаем убачыць свет пры мінімальных выдатках.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Пенсія. Неба. Самалёт»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.