Вы тут

Хто ён — абраннік народа?


18 лютага адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Мы пацікавіліся ў нашых чытачоў, якімі якасцямі, на іх думку, павінен валодаць дэпутат мясцовых Саветаў і якія праблемы яму неабходна вырашаць?


Мікалай Глебаў, слесар аварыйна-аднаўленчых работ цэха № 9 Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода:

— Будучы дэпутат мясцовых органаў улады, па-першае, павінен мець самавалоданне. Для мяне гэта значыць — кантроль эмоцый і адсутнасць шкодных звычак. Безумоўна, яму спатрэбяцца камунікабельнасць у спалучэнні з клапатлівасцю і добразычлівасцю. Адказнасць — абавязкова. Дэпутат павінен разумець, што нясе адказнасць не толькі за свае дзеянні, але і за наступствы тых памылак, якія здзейснілі яго папярэднікі. Пры гэтым важна фарміраваць у выбаршчыкаў і калектыўную адказнасць за акругу, бо праблемы на месцах можна вырашаць, толькі аб'яднаўшы намаганні. Хацелася б, каб дэпутат меў досвед кіравання.

Што датычыцца праблем, якія сёння актуальныя для Мазыра, — тут адназначна не хапае агульнадаступнай фізкультурна-аздараўленчай базы. На гэты момант у горадзе пражывае каля 110 тысяч жыхароў, але гарадскі басейн працяглы час знаходзіцца на рамонце. У горадзе ёсць гатовыя спартыўныя пляцоўкі, у якія былі ўкладзены немалыя фінансавыя сродкі, але цяпер многія з іх — у аварыйным стане. У дварах густанаселеных раёнаў недастаткова пляцовак для гульнявых відаў спорту. Гэтую праблему трэба вырашыць тым, хто будзе абраны ў мясцовыя Саветы.

Валянцін Іваноў, ваенны пенсіянер, жыхар Магілёва:

— Дэпутат павінен быць у першую чаргу сумленным і простым, каб з ім было лёгка знайсці агульную мову. Людзей часцей за ўсё турбуюць пытанні ЖКГ і стан дарог. Яны хочуць палепшыць якасць свайго жыцця. І дэпутат павінен ім у гэтым дапамагаць. Я не вельмі прывык скардзіцца, у тым ліку і дэпутатам, але аднойчы сутыкнуўся з вельмі непрыемным прыкладам. Як жыхар Чапаеўкі (ёсць у Магілёве такі мікрараён), я паставіў свой подпіс пад калектыўным зваротам да нашага дэпутата з просьбай дапамагчы заасфальтаваць дарогу. Але цэлы год прайшоў упустую — адказу мы так і не дачакаліся. Пытанне вырашылася толькі з цягам часу, калі на гэту праблему звярнулі ўвагу гарадскія ўлады. А вось прыкрасць ад такога стаўлення да сваіх выбаршчыкаў засталася. Калі чалавек бярэ на сябе адказнасць вырашаць людскія пытанні, ён павінен быць паслядоўным і ісці да канца. Інакш проста дыскрэдытуе само званне дэпутата.

Наталля ЛІПСКАЯ, галоўны бухгалтар будаўнічай кампаніі ААТ «Палессежылбуд», г. Брэст:

— Чалавек, які прымае рашэнне стаць дэпутатам мясцовага Савета, павінен адпавядаць многім патрабаванням. Бо, скажам, прадстаўніцтва ў абласным Савеце азначае, што з работніка або кіраўніка таго ці іншага калектыву чалавек у пэўным сэнсе ператвараецца ў асобу публічную альбо нават медыйную. Тое ж самае можна сказаць пра раённы Савет нават невялікага раёна. Там дэпутат заўсёды навідавоку ў сваіх выбаршчыкаў. Калі за цябе прагаласавала шмат людзей, гэта абавязвае да бездакорнасці ў паводзінах, да ўмення выстройваць дыялог з любым наведвальнікам, да кампетэнтнасці ў пытаннях заканадаўства, бюджэтнай палітыкі, праблем свайго рэгіёна. Калі такіх ведаў не хапае, цяпер ёсць разнастайныя магчымасці іх атрымаць. Было б толькі жаданне.

Дэпутат павінен быць у курсе праблем сваіх выбаршчыкаў, і калі не ўдаецца іх вырашыць, трэба хоць бы мець смеласць уздымаць гэтыя пытанні, агучваць праблемы, што пазней можа паслужыць штуршком да іх вырашэння. Не павінны забываць народныя абраннікі, што ў іх ёсць такая форма стасункаў з выканаўчай уладай, як дэпутацкі запыт. Наколькі я ведаю, ім актыўна карыстаюцца дэпутаты парламента, а вось мясцовыя абраннікі рабіць гэта часам саромеюцца. А дарэмна.

Ганна ЮНЧЫЦ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ:

— Дзеля парадку залезла ў Google і жахнулася ад свайго няведання ўсіх патрабаванняў выбарчага працэсу, у прыватнасці, таго, што дэпутаты ў мясцовыя Саветы абіраюцца тэрмінам на чатыры гады. Атрымліваецца, што вось ужо чатыры гады я не маю ўяўлення пра дэпутата, які ўпаўнаважаны прадстаўляць інтарэсы жыхароў маёй акругі, не ведаю, чым ён займаецца, якая яго дзейнасць — кропкавая ці маштабная...

Але калі б мне далі магчымасць «зляпіць» свайго ідэальнага дэпутата, я б надзяліла яго ўменнем слухаць і выбіраць рацыянальнае. Мне хацелася б бачыць упартасць і жаданне не столькі спадабацца народу, колькі зрабіць лепшай сваю акругу. Кажуць, аб добрых справах не заўсёды варта крычаць. Дык вось, я лічу, што варта! Каб людзі не страчвалі веру ў сваіх абраннікаў і не думалі, што навокал нічога не робіцца.

Няхай дэпутат вырашае як дробныя праблемы, пачынаючы з пандусаў і ўстановак дзіцячых пляцовак, так і больш маштабныя, такія, як ушчыльненне кварталаў жылымі дамамі або знос цалкам прыдатных для эксплуатацыі памяшканняў.

А я хачу быць упэўненай, што работа ідзе, і мы не стаім на месцы. Тады наступны раз, магчыма, не давядзецца казаць пра нейкія «ідэальныя вобразы», бо побач будуць рэальныя.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.