Вы тут

Эўрыстычныя заданні — супраць заштампаванасці мыслення


«У ходзе работы ў мяне з'явілася асацыяцыя, што я, як той барон Мюнхгаўзен, які ўзяў сябе за валасы і сам выцягнуў з балота. Чаму з'явілася менавіта гэта асацыяцыя? Напэўна, таму, што я інакш паглядзела на адукацыйны працэс».

«Кухня творчага працэсу складання эўрыстычнага задання дапамагла мне раскрыцца і працаваць творча, па-іншаму паглядзець на звыклыя рэчы, у рэшце рэшт праверыць свае веды і ўменне мысліць нестандартна. І яшчэ ўбачыць сувязь не толькі з вучэбнай практычнай дзейнасцю, але і з паўсядзённым жыццём. А гэта, напэўна, самае галоўнае».

І першая, і другая думка належыць слухачам курса «Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх па-рознаму, але аднолькава». Што ж прымусіла дарослых і самадастатковых людзей зноў сесці за парту?


Андрэй Кароль: «Сённяшнія студэнты — гэта заўтрашнія менеджары, і яны павінны быць крэатыўнымі, гнуткімі і мабільнымі...»

Чаму шмат ведаў — не сінонім поспеху?

— Ёсць выкладчык і ёсць студэнт, настаўнік і вучань — і ад таго, як арганізаваны паміж імі дыялог, у вялікай ступені залежыць вынік, — тлумачыць рэктар БДУ, доктар педагагічных навук Андрэй КАРОЛЬ, які і з'яўляецца аўтарам курса. — Сёння, на жаль, адукацыя ўяўляе сабой, хутчэй, маналог. Калі казаць пра характар стасункаў паміж выкладчыкам і студэнтам, настаўнікам і вучнем, то гэта ёсць не што іншае, як трансляцыя педагогам сацыяльна адаптаванага культурна-гістарычнага досведу сваім выхаванцам без уліку іх індывідуальнасці. Хоць насамрэч досвед трансляваць нельга, ён павінен выпрацоўвацца асабіста.

Мудрасць, якую спрабуюць перадаць іншаму чалавеку, заўсёды гучыць як глупства, таму што ў кожнага свая мудрасць і свая праўда... А трансляцыя гатовай інфармацыі, упакаванай і расфасаванай па розных дысцыплінах і вучэбных планах, прыводзіць да таго, што з кожнай гадзінай у маладога чалавека прыбывае ўсё больш гатовых ведаў. Несці сумку ўсё цяжэй, але самае крыўднае, што, пакуль гэтыя веды яму транслююцца, яны ўжо паспяваюць састарэць. Адзін з любімых вучняў Сакрата Арысціп казаў: «Калі хтосьці шмат есць, гэта не значыць, што ён здаровы». У нашай рэчаіснасці быць экіпіраваным ведамі яшчэ не азначае ўмення іх прымяніць. Каштоўнасць ведаў залежыць ад спосабу іх атрымання, але студэнтаў і навучэнцаў пазбаўляюць магчымасці ўдзельнічаць у кухні па «прыгатаванні» — іх падаюць ім на сподачку ў гатовым выглядзе...

Аўтарскі курс Андрэя Караля акумулюе больш чым дваццацігадовы навуковы вопыт і веды ў галіне эўрыстычнага навучання. Гэта своеасаблівая школа педагагічнага майстэрства для тых, хто гатовы адарвацца ад старых жоўтых канспектаў, адысці ад лекцыйнай формы навучання, якая ўсё яшчэ працягвае пераважаць у вышэйшай школе, і паглядзець на вучэбны працэс пад іншым вуглом. Курс скіраваны на развіццё эўрыстычных якасцяў у выкладчыка, здольнага дзейнічаць у сітуацыі нявызначанасці, калі няма гатовых рашэнняў. Ён уключае тры семінары: «Ці можна навучаць усіх па-рознаму, але аднолькава? Як распрацаваць адкрытае (эўрыстычнае) заданне»; «Як распрацаваць і правесці заняткі эўрыстычнага тыпу» і «Як спраектаваць і правесці эўрыстычныя інтэрнэт-заняткі».

Удзельнікамі першага семінара сталі каля 150 педагогаў і выкладчыкаў БДУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, ліцэя БДУ і чатырох каледжаў. Адначасовае павышэнне кваліфікацыі педагогаў усіх ступеняў адукацыі — агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай — праходзіла ў міжсеткавым рэжыме. А стасункі, дыскусіі і абмеркаванні адбываліся ў рэжыме анлайн. Яшчэ адна адметнасць семінара заключаецца ў тым, што тут адсутнічае пасіўнае слуханне. Спасціжэнне інфармацыі адбываецца праз актыўнае дзеянне, пастаноўку мэт, распрацоўку ўласных адукацыйных прадуктаў (камплекта адкрытых заданняў, сцэнарыя заняткаў ці інтэрнэт-заняткаў), якія могуць быць задзейнічаны ў далейшай рабоце.

Не даць веды, а арганізаваць іх пошук

— Ці можна глядзець на свет нестандартна і нешаблонна, калі табе транслююць стандартную шаблонную інфармацыю? — разважае Андрэй Кароль. — Адкрыццё — гэта погляд на свет сваімі вачамі, а не чужымі. Чаму ў нас хапае выпускнікоў школ з залатымі медалямі і выпускнікоў ВНУ з «чырвонымі» дыпломамі, але адсутнічаюць рэальныя крэатыўныя прарыўныя рашэнні? Больш таго, часта працадаўцы кажуць: «Забудзьцеся пра ўсё, чаму вас вучылі». Гэта, канешне, крыху ўтрыравана, але тым не менш сістэма трансляцыі загадзя правільнай інфармацыі не развівае творчы пачатак, які ёсць у кожным з нас. Атрыманае ад іншых, як правіла, страчваецца. Чаму студэнты часта кажуць: «Зразумеў я многае, але нічому не навучыўся»?

Эўрыстычнае навучанне — гэта навучанне на аснове дыялогу, якое раскрывае вучня. Кожны навучэнец стварае свой адукацыйны прадукт. Яму прапануецца не ўзяць напрамую і засвоіць дасягненні чалавецтва (рэалізаваць маналагічны падыход), а вывучаць аб'екты рэчаіснасці (прыроды, тэхнікі, культуры, навукі) самастойна, па прапанаваным педагогам алгарытме. Найважнейшым элементам эўрыстычнага навучання выступае адкрытае заданне, на якое ў кожнага можа быць свой адказ і якое раскрывае ўнутраны патэнцыял навучэнца, матывуе яго на пошукі. Функцыі выкладчыка/настаўніка пры гэтым таксама змяняюцца — не даць веды, а арганізаваць іх пошук. На другім этапе сваё супастаўляецца з чужым — назапашанымі чалавецтвам ведамі ў рамках пэўнай вучэбнай тэмы. У выніку дыялогу свайго з чужым вучань здзяйсняе ўласныя адкрыцці, спазнае сябе... У дыялагічнасці навучання закладзена магчымасць асабістага росту для студэнта ці школьніка: апошні вучыцца ставіць уласныя мэты, супастаўляць, аналізаваць, развівае свае крэатыўныя якасці, стварае ўласны адукацыйны прадукт... Раней адукацыйныя стандарты заставаліся нязменнымі цягам дзесяці — дваццаці гадоў, а цяпер кожныя год-два кампетэнцыі, што патрабуюцца ад выпускнікоў, пераглядаюцца. Таму востра стаіць пытанне: чаму вучыць студэнта?

— Напэўна, трэба вучыць вучыцца, таму што вучыць чамусьці — гэта значыць, арыентаваць на мінулае, — дзеліцца сваімі думкамі рэктар БДУ. — Між іншым, нашы вучні становяцца ўсё больш маналагічнымі: яны не чуюць ні сябе, ні іншых. Адсюль высокая ступень трывожнасці, шаблоннасць паводзін і мыслення. Цяга да ведаў знікае разам з пашырэннем доступу да любой інфармацыі. Трэба разарваць гэта кола.

Трапіць у матывацыйную «варонку»

«Уявіце, што вы слова. У які сказ вы хацелі б трапіць, якую сэнсавую нагрузку хацелі б несці? І, трапіўшы ў тлумачальны слоўнік, якое значэнне вы надалі б свайму слову?» — гэта адзін з прыкладаў адкрытага задання па рускай мове на тэму «Словы і іх сэнсы», якое распрацавала студэнтка першага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ці вось яшчэ адзін прыклад. Дысцыпліна «Матэматыка», тэма «Матэматычныя функцыі ў жыцці чалавека»: «Функцыя — адно з асноўных і агульнанавуковых паняццяў. Сёння немагчыма ўявіць ніводную навуковую дысцыпліну без апісання зместу з дапамогай розных функцый. Сфармулюйце ў выглядзе функцыянальнай залежнасці: вашу любоў да родных і блізкіх; ваша сяброўства (стасункі) са студэнтамі групы; вашу павагу да старэйшых; вашу любоў да радзімы. Дайце адпаведную аргументацыю».

Кіпіць праца над стварэннем эўрыстычных заданняў, якія павінны матываваць студэнтаў да пошуку.

— У сучаснай вышэйшай і сярэдняй школе важна забяспечыць умовы для самарэалізацыі кожнага навучэнца, даць магчымасць стварыць адукацыйны прадукт, адрозны ад іншых. Трэба памятаць, што сённяшнія студэнты — гэта заўтрашнія менеджары, і яны павінны быць крэатыўнымі, гнуткімі і мабільнымі, — падкрэслівае Андрэй Кароль. — Выкладчыкі, якія асвояць курс «Методыка навучання праз адкрыццё...», стануць працаваць па-іншаму, не так, як раней. Гэта будуць не столькі перадатчыкі інфармацыі, колькі менеджары, здольныя выстройваць індывідуальную траекторыю развіцця кожнага студэнта...

«Выконваючы адкрытыя заданні, студэнты перастаюць быць інфармацыйнымі гідамі, яны ступаюць на шлях больш складаны і адказны — пазнання саміх сябе», — так лічыць выпускнік курса.

А вось меркаванні студэнтаў:

«Адкрытыя заданні навучылі мяне складаць уласны план дзеянняў, шырока думаць, выходзіць за рамкі звычайных думак. У заданнях усё было цікава, таямніча, я была сама сабе дэтэктывам, сама расследавала падзеі: што было, а чаго не было».

«Я разважаю, праяўляю фантазію пры выкананні адкрытых заданняў, кантактую на форуме з аднакурснікамі, параўноўваю іх думкі са сваімі ўласнымі. Няўжо гэтага мала? Я ўжо іншая!»

«З дапамогай эўрыстычных заданняў найбольш эфектыўна можа вырашацца, на мой погляд, праблема «заштампаванасці» мыслення. Такія заданні дапамогуць студэнту развіцца, лепш засвоіць інфармацыю і навучыцца прымяняць атрыманыя веды. Галоўнай праблемай пры ўкараненні падобнай формы навучання ў нашых ВНУ, напэўна, будзе нежаданне некаторых выкладчыкаў удасканальвацца і прыкладаць больш намаганняў для таго, каб студэнт не проста зазубрыў, а зразумеў і ведаў, як гэтым у далейшым карыстацца».

Рэктар БДУ Андрэй Кароль лічыць, што ўсё — у руках выкладчыкаў. Ніякая нарматыўная дакументацыя, ніякія загады не ў сілах змяніць сітуацыю ў навучальным працэсе, пакуль канкрэтны чалавек не прыйдзе і не пачне яе змяняць. Менавіта выкладчык можа стварыць матывацыйную «варонку» для студэнта, а на выхадзе мы ўсе атрымаем не проста «нашпігаванага» ведамі выпускніка, а кампетэнтнага крэатыўнага спецыяліста, які будзе адпавядаць патрэбам і эканомікі, і самага прыдзірлівага наймальніка.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ

Загаловак у газеце: Як маналог пераўтварыць у дыялог?

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.