Вы тут

Памяць цаной забыцця?


Памяць цаной забыцця? Чаму не трэба спяшацца хваліць фільм “Рух угору”

 Спартыўная драма “Рух угору” – фільм пра дасягненні савецкіх баскетбалістаў – б’е рэкорды па зборах. Партыятычнае кіно выклікае інтарэс у шырокага кола гледачоў – не толькі ў тых, хто цікавіцца баскетболам, і нават не толькі ў тых, хто ведае пра падзеі, на якіх заснаваны фільм. І, калі не ўдавацца ў дэталі гісторыі, кіно сапраўды глядзець цікава. Няма прэтэнзій да сцэнарыя, драматургіі, акцерскай ігры. У сюжэце прысутнічае некалькі ліній, звязаных з асобнымі персанажамі, – лініі асноўных персанажаў добра раскрытыя, пабочных – настолькі, наколькі дазваляе экранны час (бо глядзім не маштабны серыял, а фільм на дзве гадзіны), героі “жывыя” і не шаблонныя. Фільм трымае напружанне, нягледзячы на тое, што вынік ведаеш загадзя з гісторыі. Сцэна фінальнай гульні добра зрэжысіраваная і выглядае не нудна (дзесьці, мабыць, ёсць перабор з запаволенай здымкай, але гэта нязначны недахоп і, хутчэй за ўсё, залежыць ад індывідуальнага ўспрымання кожнага гледача).

Ставіцца да саміх падзей, паказаных у фільме, канечне, можна па-рознаму. Той самы фінальны матч, пра які нам расказвае кіно, нездарма дагэтуль лічыцца спрэчным. Як чалавек, які не рос у СССР, таму не мае ярка выражанага пачуцця патрыятызму да той краіны, я падумала, што амерыканскія гульцы – таксама людзі, якія ішлі да перамогі праз выпрабаванні і цяжкасці. Таму зразумела для мяне і тое, што “процілеглы бок” лічыць вынікі несправядлівымі і абуральнымі. Было б цікава паглядзець на тыя ж самыя падзеі ў нейкім нейтральным, “незалежным” фільме, напрыклад.

Але спосаб адлюстравання падзей – гэта толькі пункт гледжання сцэнарыстаў і рэжысёра, у фільма існуюць пэўныя мэты, а патрыятычны настрой карціны не выглядае залішне пафасным і не б’е ў вочы.

Пасля прагляду выходзіш з рознымі думкамі, але прэтэнзіі да самой карціны – мінімальныя, больш абдумваеш сюжэт і гістарычныя падзеі. Гэта насамрэч рэдкі выпадак для расійскага кінематографа, у СНД з масавымі фільмамі, бюджэтнымі, разрэкламаванымі, часта выходзіць поўная неадпаведнасць рэкламы і станоўчых водгукаў суровай рэальнасці. Але тут, здаецца, нарэшце якаснае кіно.

Ці не?

Паколькі фанатам баскетбола я ніколі не была, ды і гісторыяй Алімпійскіх гульняў не тое каб цікавілася, ніякіх дэталёвых ведаў пра матч і тагачасную зборную СССР ў мяне не было. Але ёсць у мяне сябра, які быў вельмі незадаволены фільмам яшчэ да таго, як яго пабачыў. І, здаецца, на такую пазіцыю звычайна адказваюць: “Ты спачатку паглядзі, а потым рабі высновы”, але дзеля інтарэса я ўжо па дарозе з кінатэатра напісала яму і запытала: што ж у тым “Руху угору” не так? Дыялог атрымаўся пацешным і будаваўся прыкладна па такой схеме:

– А ці быў у фільме такі персанаж?

– Так, быў.

– А ці рабіў ён тое і тое?

– Так, рабіў.

– Дык вось, на самай справе…

– Ды ну?! Ніколі б не падумала, што гэта хлусня!

Калі коратка і без спойлераў: усе больш-менш раскрытыя персанажы не маюць нічога агульнага з іх прататыпамі, акрамя імёнаў. Такія вось шкоднікі-злачынцы, якія выдаюць сябе за іншых людзей і робяць ад іх асобы чорт ведае што. Каго ледзь не здраднікам выставілі, каго зрабілі смяротна хворым раней за реальны тэрмін, каго амаль “прымусілі” спекуляваць валютай. Не “прымусілі” толькі таму, што ўдава прататыпа пайшла са стваральнікамі “кампраметуючага” фільма судзіцца.

Галоўная этычная праблема, на мой погляд, не ў тым нават, што змененыя факты дзеля больш драматычнай гісторыі, а менавіта ў тым, што робіцца гэта насуперак волі рэальных людзей, нягледзячы на пратэсты, суды і абурэнні. Калі заступнікі фільма пачынаюць дыктаваць родным і блізкім рэальных людзей, вобразы якіх былі выкарыстаны ў фільме, як ім сябе паводзіць і што адчуваць наконт усёй гэтай сітуацыі – атрымліваецца ўвогуле непрыгожая і неэтычная справа. “Яны павінны быць удзячнымі, што пра іх сваякоў, на якіх ўсе забыліся, знялі такі фільм!” – пішуць цяпер некаторыя ў каментарыях. Тое, якія эмоцыі выклікае ў кагосьці фільм са скажэннем вобраза блізкага чалавека – наўрад ці справа чужых людзей. А тое, што патрэбна лічыцца з меркаваннем непасрэдных удзельнікаў падзей, адлюстраваных у фільме, – асабіста для меня само сабой разумеецца.

Самая распаўсюджаная фраза ў такіх выпадках: “У нас – мастацкі фільм, а не дакументальны!” Гэта прыкладна з той жа катэгорыі апраўданняў, што і “Нот толькі сем” у адказ на абвінавачванні ў яўным плагіяце музыкі. Тэма мастацкага вымыслу – заўсёды спрэчная. Але вось ляжыць у мяне, напрыклад, кніга Анатоля Кучарэны пра Эдварда Сноўдэна, нават на вокладцы Сноўдэн ёсць, але ў самой кнізе дысклеймер: усе супадзенні выпадковыя. А імёны персанажаў да аднаго змененыя. І не падкапацца. Нават калі там праўды – працэнтаў дзесяць ці менш.

Сцэнарысты “Руху угору” нават часткова выкарысталі такі прыём: каб зусім не засудзілі, змянілі імя трэнера зборнай – Кандрашына перарабілі ў Гаранжына. І ўсё. У астатніх, мабыць, сваякі менш скардзіліся. Гледачам жа цікава паглядзець пра рэальных гульцоў рэальнай зборнай, а не пра нейкіх іншых людзей з іншымі імёнамі.

Але не ва ўсіх ёсць сябры, якія ведаюць гісторыю або паспелі начытацца крытычных матэрыялаў у інтэрнэце; не ўсе пацікавяцца рэальнымі падзеямі і ўвогуле шмат каму не прыйдзе ў галаву, што ў сюжэце схаваліся вялізныя пласты хлусні? Сколькі атрымліваецца дэзінфармаваных гледачоў са скажоным уяўленнем пра гістарычныя падзеі і гістарычных асоб? Якой была канчатковая мэта фільма? Прыцягнуць увагу да гісторыі (перакручанай, перакрыўленай, змяшанай з хлуснёй), падняць патрыятычныя пачуцці або зрабіць касавы фільм, які будзе збіраць грошы?

Якасць фільма як мастацкай карціны – гэта адно, але этычныя моманты – іншае, і патрэба перакульваць факты дзеля дасягнення драматызму, дзеля ўтрымання цікавасці, наводзіць на думкі, што, відаць, сумленнага і якаснага кіно нам яшчэ трэба пачакаць.

Алена МАРЦІНОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.