Вы тут

Што зробяць рэгіёны для паляпшэння якасці вады


Рэканструяваць 7 і ўзвесці 17 ачышчальных збудаванняў каналізацыі плануецца сёлета ў Беларусі. (Да 2025 года ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы краіны, як мяркуецца, адновяць 38 такіх канструкцый. Пры гэтым для нармальнай работы галіны неабходна ўзвесці 114 ачышчальных збудаванняў па ўсёй краіне.) Пра гэта паведаміў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, які лічыць, што работы на аб'ектах, якія плануецца скончыць сёлета да верасня, аблвыканкамам трэба ўзяць пад уласны кантроль. Дзе будуць рэалізаваны і распачаты інвест-праекты, высвятляла наш карэспандэнт.


На стан­цыі абез­жа­лез­ван­ня ў аг­ра­га­рад­ку Коп­ці Ві­цеб­ска­га ра­ё­на

Брэсцкая вобласць

Самы вялікі аб'ект рэканструкцыі ў водаправодна-каналізацыйнай гаспадарцы Брэсцкай вобласці, работы над якім вядуцца з прыцягненнем крэдытных сродкаў, — гарадскія ачышчальныя збудаванні Брэста. Іх мяркуюць скончыць у 2019-м. У маі ў Ганцавічах пабудуюць новую галоўную каналізацыйна-помпавую станцыю з перакладкай сетак каналізацыі. Першы пускавы комплекс з трох па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Лунінцы таксама здадуць сёлета.

У 2018-м завершаць і аб'ект са складанай назвай «Рэканструкцыя КНС № 7 і існуючай сістэмы самацёчнай каналізацыі ўздоўж аўтадарогі Дружба з будаўніцтвам напорнага трубаправода ад КНС № 7 у г. Брэсце (2, 3 пускавы комплекс)», рэканструкцыя якога распачата яшчэ ў 2015-м.

— Гарадскую каналізацыйна-помпавую станцыю № 7 рэканструююць, перакладуць сеткі самацёчнай каналізацыі і напорнага калектара, працягласць якога 9,2 км. Увод аб'екта ў эксплуатацыю дазволіць выключыць аварыйныя сітуацыі на калектары, — расказаў Андрэй КРУГЛЕЙ, начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Брэсцкага «Упраўлення ЖКХ».

Ачышчальныя збудаванні ў Пінску канчаткова рэканструююць у 2019-м, у тым жа годзе, магчыма, узвядуць і збудаванні каналізацыі ў Жабінцы, якое распачнуць сёлета.

— У вобласці шмат мястэчак, ачышчальным збудаванням у якіх неабходны капітальны рамонт або будаўніцтва новых. Мы плануем скласці адзіны пералік усіх гэтых аб'ектаў з указаннем арыенціровачнага кошту і крыніц фінансавання, — абазначыў Андрэй Круглей.

Сёлета мяркуюць цалкам распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Драгічыне і Іванаве.


Віцебская вобласць

У Віцебскай вобласці ачышчальныя збудаванні тэрмінова патрабуюцца як мінімум у 24 населеных пунктах, а яшчэ ў 386-ці неабходны станцыі абезжалезвання. Усяго на балансе Віцебскаблводаканала 198 ачышчальных збудаванняў. Прафілактычныя і рамонтныя работы на аб'ектах, вядома, вядуцца, аднак на глабальную мадэрнізацыю патрэбны вялізныя сродкі.

— З міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі па шэрагу аб'ектаў вядуцца перамовы аб выдзяленні пазыкі на прыродаахоўныя мерапрыемствы і рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў, — заўважыла Валянціна МАСЬКО, галоўны інжынер унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблводаканал». — Пакуль фінансаванне не зацверджана, не хочацца абнадзейваць людзей, называючы гарады, дзе плануецца мадэрнізацыя.

Сёлета ў вобласці не будзе ачышчальных збудаванняў каналізацыі, рэканструкцыю або будаўніцтва якіх завершаць. Разам з тым у 2018-м з улікам сродкаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця пачалі рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў Віцебска, якую мяркуюць скончыць у 2019 годзе.

Колькасць жалеза ў артэзіянскай вадзе — праблемнае пытанне для вобласці. Таму па праграме «Камфортнае жыллё і спрыяльны асяродак» сёлета прадугледжана будаўніцтва станцый абезжалезвання. З прыцягненнем пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ў вобласці да 20 верасня 2018 года павінны завяршыць 15 такіх аб'ектаў.


Гомельская вобласць

Дзе размяшчаюцца старыя ачышчальныя збудаванні Рагачова, адчуваеш адразу пры ўездзе ў горад. Маральна яны даўно састарэлі і знаходзяцца ў аварыйным стане. Сёлета іх заменяць на новыя, якія з мінулай восені будуюцца ў іншым месцы горада, як кажуць, з нуля.

Гэта збудаванні біялагічнай ачысткі з сучасным энергаэфектыўным абсталяваннем. Сцёкі тут будуць ачышчацца біялагічным шляхам з дапамогай мікраарганізмаў актыўнага глею. А даачысціць вадкія адходы да нарматыўных паказчыкаў дапаможа мінімальны набор хімічных рэагентаў.

— Вада, прайшоўшы праз ачышчальныя збудаванні, будзе адпавядаць усім нарматывам, — запэўніў Дзяніс ЗАБРОДСКІ, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці». — Дарэчы, на некаторых аб'ектах яна пасля ачысткі падаецца яшчэ на біялагічныя сажалкі, дзе нейкі час адстойваецца (так адбываецца даачыстка), пасля чаго натуральным шляхам сцякае ў раку. Дык у тых сажалках нават рыба водзіцца. І ўсё гэта дзякуючы актыўнаму глею.

У маі—чэрвені ў Рэчыцы мясцовыя камунальнікі плануюць запусціць новую станцыю абезжалезвання. Так што сёлета Рэчычане змогуць піць ваду нарматыўнай якасці. Раней толькі каля траціны гараджан (прыкладна 20 тысяч) атрымлівалі з падземнай крыніцы ваду, якая абезжалезвалася. Астатнім (яшчэ прыкладна 44 тысячам) прыродны напой падаваўся без такой ачысткі.


Гродзенская вобласць

У сакавіку—красавіку 2018-га завершыцца рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у горадзе Свіслач Гродзенскай вобласці, а ў верасні — лістападзе — у самім абласным цэнтры. Тэрмінова неабходны новыя ачышчальныя збудаванні ў Скідзелі, дзе, дарэчы, у свой час ужо пачыналі будаўніцтва, аднак скончыліся грошы, і яно было перапынена.

— Скідзель — горад-спадарожнік Гродна, і перспектыва пад забудову тут вялікая. Магутнасці ачышчальных збудаванняў нарошчваюцца, — расказаў пра планы вобласці генеральны дырэктар ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці» Алег ШАФРАНСКІ. — Пры гэтым у значна горшым стане ачышчальныя збудаванні ў Ашмянах, Воранаве і Дзятлаве. У Ашмянах сітуацыя ўскладняецца тым, што збудаванні прымаюць на сябе прамысловыя сцёкі ад перапрацоўшчыкаў. І паказчык біяхімічнага ўжывання кіслароду вельмі шкодна ўплывае на фаўну ў рацэ Ашмянка.

Ачышчальныя збудаванні ў Смаргоні будуць крэдытавацца на зваротных умовах Паўночнай экалагічнай фінансавай карпарацыяй (НЕФКО). Як мяркуе дырэктар, працэс тут ужо запушчаны і будзе рэалізаваны.

А вось праект коштам 9 млн еўра ў Лідзе, магчыма, пачне рэалізоўвацца ўжо сёлета. Тут сумесна з ачышчальнымі збудаваннямі будуць рэканструяваць басейн каналізавання горада і напорныя калектары — тое, па чым пампуюць сцёкі на збудаванні. Па аб'екце ўжо заключаны грантавае і крэдытнае пагадненні.


Магілёўская вобласць

Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў сёлета скончыцца ў Мсціслаўлі і Быхаве Магілёўскай вобласці. Мяркуецца, што ў 2018-м у Магілёве ўвойдзе ў строй і каналізацыйны калектар, які будуецца ўжо трэці год. Акрамя досыць вялікай даўжыні ў 1,8 кіламетра, ён вызначаецца яшчэ і складанымі гідрагеалагічнымі ўмовамі — работы адбываюцца ў пойме ракі Дняпро.

— Пакуль пракладзена 1,2 км калектара. Астатнія 600 метраў будуць выконвацца метадам накіраванага бурэння (без траншэй) уздоўж нашых гістарычных будынкаў, — абазначыў Віктар МАЛАШКОЎ, начальнік аддзела капрамонту, будаўніцтва і інвестыцый ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Магілёўскай вобласці».

У снежні 2017-га мясцовыя камунальнікі падпісалі кантракт на будаўніцтва калектара ў Бабруйску, які таксама плануюць скончыць сёлета да верасня.

Новыя ачышчальныя збудаванні ў вобласці ўзводзіць у бягучым годзе не запланавана. Пры гэтым аб'екты ў пасёлку Елізава Асіповіцкага раёна ўжо знаходзяцца ў крытычным стане. Ды і ў саміх Асіповічах неабходна мадэрнізацыя. Тое ж датычыцца і падобнага аб'екта ў Краснаполлі.

— На ачышчальных збудаваннях у Шклове таксама маюцца перавышэнні гранічна-дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у зыходнай вадзе. У Слаўгарадзе збудаванням, што знаходзяцца ў пойме ракі Сож, патрабуецца капітальны рамонт, — заўважыў спецыяліст. — Усе гэтыя аб'екты мы прадставілі місіі Сусветнага банка. Як толькі адкрыецца пазыка, зоймемся іх рэалізацыяй.


Мінская вобласць

Летась у Мінскай вобласці за кошт пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця распачата ўзвядзенне новых ачышчальных збудаванняў каналізацыі ў Беразіне і рэканструкцыя такога аб'екта ў Лагойску. Сёлета абодва яны будуць скончаны.

У 2018-м мясцовыя камунальнікі плануюць рэалізаваць таксама буйны аб'ект у Барысаве. Перакласці каналізацыйны калектар даўжынёй прыблізна 11 кіламетраў і коштам работ каля 2,5 млн долараў.

— Новыя трубы калектара папярэдзяць магчымыя аварыйныя сітуацыі ў далейшым і забяспечаць надзейнасць эксплуатацыі сістэмы, — падкрэсліў Віталь МІКУЛОВІЧ, начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці».

Згодна з абласной інвестыцыйнай праграмай на 2018 год, запланавана будаўніцтва чатырох аб'ектаў водазабеспячэння, у тым ліку ў Беразіне, Мядзеле і Барысаве, аднак узвядзенне менавіта аб'ектаў каналізацыі за кошт абласнога бюджэту ў вобласці сёлета не запланавана. Тым не менш ужо падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю асобных ачышчальных збудаванняў у Фаніпалі, Любані, Клецку. Праўда, яна патрабуе карэкціроўкі, удакладніў Віталь Мікуловіч:

— Гэтыя тры аб'екты зведзены ў адзін інфраструктурны праект, накіраваны на разгляд у Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Канчатковае рашэнне па фінансаванні пакуль прапрацоўваецца. Пры гэтым мы гатовыя прадставіць інвест-прапановы і па іншых аб'ектах.

Ірына СІДАРОК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Чыстая вада як агульная мэта

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.