Вы тут

Зямля акружаная велізарнай «бурбалкай» касмічнага смецця


Наша Зямля акружаная велізарнай «бурбалкай» касмічнага смецця. Калі паглядзець на карту з выявай усіх рукатворных аб'ектаў, якія цяпер знаходзяцца на арбіце, стане зразумела, што ў нас над галовамі лётае не два-тры абломкі ракет ці спадарожнікаў. Ды што там, наверсе ўжо проста гіганцкая звалка! Гэты даволі сумны факт падштурхнуў астранома Гектара Сокас-Навара да цікавай думкі, якой ён падзяліўся з чытачамі навуковага выдання Аstrорhуsісаl Jоurnаl.


Навара працуе ў Інстытуце астрафізікі на Канарскіх астравах і вялікую частку працоўнага часу вывучае Сонца. Чым больш спадарожнікаў з'яўляецца на арбіце Зямлі, тым больш непразрыстым становіцца гэтая самая «бурбалка» са смецця і дзеючых касмічных апаратаў. Вучоны выказаў здагадку, што тэхналагічна прасунутыя іншапланецяне, якія ўступілі ў касмічную эру, таксама спачатку будуць пасылаць мноства касмічных караблёў і спадарожнікаў на арбіту, якія ўтвараюць пояс, здольны пакінуць след на крывой бляску маці-зоркі падчас транзіту.

Навакольнае смецце, якое акружае планету, Навара назваў поясам Кларка і правёў шэраг даследаванняў, згодна з якімі дзесяціметровы тэлескоп, што працуе ў ІЧ-дыяпазоне, цалкам здольны зарэгістраваць штучнае смецце вакол Проксімы b (калі такое маецца). Гэты ж тэлескоп можа «ўбачыць» пояс Кларка вакол большасці планет сістэмы TRАРРІST-1 — TRАРРІST-1d, -е і -f.

Але з планетамі, аналагічнымі Зямлі, усё не так проста. Калі яна круціцца вакол зоркі, падобнай Сонцу, сучасныя інструменты пакуль не змогуць разгледзець вакол яе сляды пазаземнай цывілізацыі. Улічваючы тэмп развіцця сучасных тэхналогій, вельмі прасунутыя тэлескопы, здольныя на гэта, змогуць выявіць пояс Кларка на арбіце іншай планеты, падобнай на Зямлю, гадоў праз 200, ніяк не раней.

Адзіная праблема, звязаная з выяўленнем іншапланецян такім спосабам, заключаецца ў тым, што касмічнае смецце можна лёгка пераблытаць з натуральнымі кольцамі, якія знаходзяцца ў наваколлі патэнцыйна заселенай планеты. Але Навара ўпэўнены, што наступныя назіранні дапамогуць адрозніць адно ад другога, ды і даследаванні самой планеты змогуць дапамагчы ў вырашэнні задачы.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Смецце каля далёкай планеты? Гэта «браты па розуме»!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.