23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Пераплата і недаплата за энергарэсурсы — аднолькавыя парушэнні


«У мяне ўсё наперад аплачана: па 20 «кубоў» газу ды вады, а яшчэ — электрычнасці на 250 кілават больш, чым нагарэла», — хвалілася адна суседка другой. «А я не тыя лічбы глядзела — цяпер неяк трэба 15 кубаметраў вады гарачай «падагнаць», а дорага ж адразу», — гаруе тая. Насамрэч, перажываць трэба абедзвюм жанчынам, бо кожная з іх па-свойму парушае закон.


На карысць дзяржавы ці сябе?

Жыхары, як правіла, не сочаць за супадзеннем лічбаў на прыборах уліку энергарэсурсаў: газу, вады ды электрычнасці — з тымі, якія яны называюць пры аплаце камунальных паслуг. Уносячы грошы наперад, многія лічаць, што такім чынам падстрахоўваюць сябе, каб раптам не апынуцца ў запазычанасці. А некаторыя свядома перад чарговым узняццем тарыфаў на «камуналку» загадзя паболей выстаўляюць, пакуль яшчэ старыя лічбы. І нават калі бачаць, што лічыльнік сапсаваўся, працягваюць плаціць па неіснуючых паказаннях у надзеі атрымаць выгаду. А ёсць яшчэ тыя, хто лічыць пераплату карыснай для пастаўшчыка рэсурсу, маўляў, я ж такім чынам яго крэдытую, і мае грошы можна пракручваць, зарабляючы на гэтым.

— Калі сума пераплаты не надта вялікая і фактычныя паказанні прыбора ўліку можна зраўняць з тымі, што чалавек перадаў папярэдне, ужо ў наступным месяцы праблемы не будзе. Спажывец проста выставіць наступным разам рэальныя лічбы. Яму налічаць за гэты месяц невялікую плату, і сітуацыя выраўнуецца, — разважае Сяргей ЛЫСЕНКА, начальнік службы рэжымаў газазабеспячэння і ўліку расходу газу УП «МІНСКАБЛГАЗ». — Згодна з пунктам 14 Палажэння аб аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджанага пастановай Саўміна, пры перавышэнні ўнесенай спажыўцом ЖКП платы над фактычна прадастаўленымі аб'ёмамі гэтых паслуг пералічаныя сродкі залічваюцца ў кошт будучых плацяжоў. Штрафаў за пераплаты заканадаўствам у гэтым выпадку не прадугледжана.

Як 1000 ператвараецца ў 8000

Аднак калі спецыялісты выявяць несупадзенне лічбаў пры зламаным лічыльніку, залезці ў кашалёк давядзецца і тым, хто недаплаціў, і тым, хто пераплаціў. Аказваецца, нават калі плаціш наперад, а прыбор уліку працуе неналежным чынам, прыйдзецца заплаціць за рэсурс у некалькі разоў больш, чым пры спраўным лічыльніку.

— Грошы, што ўжо паступілі на рахунак, лічацца аплатай за адпушчаны і спажыты чалавекам рэсурс. Напрыклад, вы пераплацілі 500 кубаметраў за газ і лічыце, што зрабілі добра. А кантралюючая асоба пры праверцы бачыць: заплачана столькі, а ў вас на лічыльніку — значна менш. Значыць, прыбор у вас недакладна працуе? Або вы спецыяльна скажаеце яго паказанні і тым самым фактычна парушаеце правілы разліковага ўліку? І для кантралёра вы адразу — парушальнік, якому могуць паставіць у віну безразліковае спажыванне, — тлумачыць спецыяліст. — Калі пры гэтым яшчэ і з лічыльнікам нешта не так: ён не ўкладваецца ў метралагічныя характарыстыкі або на механізме ці пломбе ёсць сколы, парушана цэласнасць корпуса, не круціцца дыск лічыльнага механізма, то тыя паказанні, за якія вы пераплацілі наперад, вам, напэўна, пераразлічаць па нарматывах для жылля, якое не абсталявана прыборамі індывідуальнага ўліку расходу па цэнах поўнага пакрыцця эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне паслуг. Гэта прадугледжана пунктам 33 Палажэння.

Цяпер уявіце, што пераплачвалі вы, скажам, два гады. Тады за ўвесь гэты перыяд умоўная тысяча, якую вы ўнеслі наперад за 1000 м3, ператворыцца ў 8000, якія давядзецца заплаціць адразу. У Палажэнні дакладна прапісана, што аплата павінна быць зроблена за фактычна ўжытыя рэсурсы. Хочаце наперад плаціць — папярэдзьце арганізацыю — пастаўшчыка энергарэсурсаў, раіць Сяргей Лысенка.

Бабуля ў хатцы і багач у катэджы

Яшчэ адну прычыну недакладнай аплаты газавікі, напрыклад, бачаць у існаванні «зімовага» і «летняга» коштаў гэтага энергарэсурсу для жыхароў, якія маюць газавыя катлы для ацяплення. Летняя цана для такіх спажыўцоў амаль не адрозніваецца ад кошту газу для астатніх людзей, якія карыстаюцца газам для гатавання ежы і падагрэву вады. А вось зімовая для ўладальнікаў катлоў — значна ніжэйшая.

— Пры такой сістэме цэн мы стымулюем чалавека на падман, — лічыць Аляксандр КУЦІШКА, начальнік службы рэжымаў газазабеспячэння і ўліку расходу газу УП «БРЭСТАБЛГАЗ». — Зімой ён можа кубоў 300 аплаціць па зімовым кошце. І калі кантралёр не выявіць гэта своечасова, то летам спажывец можа ўвогуле за газ не плаціць, бо ён ужо наперад аплачаны. З іншага боку, у верасні, калі, здараецца, бывае і холадна, чалавек можа ўключыць свой газавы кацёл, аднак плаціць толькі, скажам, па 20 кубоў, быццам расходуе энергарэсурс толькі на падагрэў вады. А каб аплачваць дакладныя лічбы ўжытага газу, чакае ацяпляльнага сезона, калі кошт ізноў стане меншым, «зімовым». Вось тады (у лістападзе-снежні) ён указвае рэальныя лічбы газу, які між тым ужыў ужо ў верасні-кастрычніку.

Калі кантралёр выкрывае такое злоўжыванне, колькасць аплачаных звыш фактычнага значэння на лічыльніку кубаметраў газу парушальніку пераразлічваюць па летнім кошце.

Газавікі не раз даказвалі, што цана на газ для ўладальнікаў катлоў для ацяплення павінна быць адзінай. Разлічыць яе вельмі проста. Узяць аб'ём газу, скарыстаны насельніцтвам за год, і падзяліць на грошы, якія людзі за яго заплацілі. Атрымаецца сярэдняя цана для ўсіх перыядаў года. Яна будзе крыху вышэйшая, чым узімку, і крыху меншая, чым летам. Тады чалавеку не будзе спакусы падманваць дзяржаву. Аднак пакуль рухаў у гэтым кірунку не відаць. Дарэчы, амаль тры чвэрці спажываемага ў Брэсцкай вобласці газу прыходзіцца якраз на зіму на ўладальнікаў катлоў для ацяплення.

— А вось сістэма дыферэнцыраванай аплаты за газ — гэта добра. Згодна з ёй, чалавек аплачвае 3000 м3 газу па субсідзіраваным тарыфе, наступныя 2,5 тысячы — даражэй на 30 %, а спажыванне газу ў памеры звыш 5,5 тысячы абыдзецца па эканамічна абгрунтаваным кошце, — заўважыў ён. — Такі падыход стымулюе чалавека эканоміць і ставіць у аднолькавыя ўмовы бабулю ў маленькай хатцы ў вёсцы і багатага чалавека ў вялікім катэджы. А без дыферэнцыяцыі мы, наадварот, падтрымлівалі б тых, у каго і так грошай больш і хто ў стане збудаваць сабе палац.

Сачы за сабой сам

Пакуль дыспетчарызацыя прыбораў уліку, якая мае з цягам часу адбыцца ў Беларусі, не ахапіла ўліковыя прыборы ўліку камунальных энергарэсурсаў: святла, газу і вады, уладальнікам трэба ўсё ж самастойна адсочваць супадзенне лічбаў. Пераплаціўшы значна, на год наперад, а то і больш, лепш самому звярнуцца ў энергазабеспячальную арганізацыю і вырашыць праблему. Тым больш у дагаворы сказана, што штогод праводзіцца зверка разлікаў.

Між тым каб пакаранні за недаплату і пераплату не былі аднолькава жорсткія, і каб спрасціць для спажыўцоў умовы аплаты «камуналкі», газавікі Мінскай вобласці думаюць даць яе жыхарам магчымасць плаціць наперад без наступстваў:

— Плануем наладзіць sms-перапіску са спажыўцамі вобласці. З аднаго боку, яны змогуць атрымліваць актуальную інфармацыю пра стан сваіх заявак і запытаў. З другога — самі дасылаць нам лічбы з прыбораў уліку ці пытанні, якія ўзнікаюць. Разглядаем таксама магчымасць аплаты паслуг шляхам планавых спісанняў сродкаў з рахунку спажыўца, калі ён мае такое жаданне. Плануем распачаць работу асабістага кабінета ў інтэрнэце, каб чалавек мог праз яго падаваць лічбы, бачыць стан разлікаў, атрымліваць іншую інфармацыю.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Прыкінеш на вока, а заплаціш па поўнай

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.