Вы тут

Уладзімір Дворнік правёў прамую лінію


І скаргі, і падзякі выслухаў падчас прамой тэлефоннай лініі старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Яму патэлефанавалі 26 чалавек. Большасць з іх цікавіла, якім чынам будуць рамантавацца дарогі, пашкоджаныя гэтай зімой. Надвор'е дадало нехарактэрныя для гэтай пары года пытанні па прыборцы лёду і снегу з дваровых тэрыторый, у тым ліку ў абласным цэнтры.


Фота: gomel.today

Прынамсі, жыхар Гомеля Мікалай Васькоў прасіў звярнуць увагу на вуліцы Магілёўскую і Братоў Лізюковых. Прэс-сакратар аблвыканкама Вольга Рабікава расказала, што губернатар запэўніў: як толькі сыдуць маразы, будзе праведзены маніторынг транспартных артэрый. Іх пачнуць аператыўна прыводзіць у належны стан.

Не абышлося без прэтэнзій у адрас жыллёва-эксплуатацыйных службаў. Жыхарка Гомеля Валянціна Стрынгель паскардзілася на істотнае парушэнне тэмпературнага рэжыму ў кватэры. Па даручэнні Уладзіміра Дворніка пытанне будзе вырашана ў самыя сціслыя тэрміны.

Шматдзетная мама з Жыткавіч прасіла звярнуць увагу на неабходнасць яшчэ аднаго пешаходнага пераходу ў раёне школы, дзе вучацца яе старэйшыя дзеці, а матуля з Навабеліцкага раёна абласнога цэнтра папрасіла падоўжыць рэжым работы дзіцячага садка, бо яна не паспявае забіраць сваіх дзяцей без парушэння графікаў работы дзіцячых устаноў. Губернатар даў даручэнні кіраўнікам адпаведных абласных службаў вывучыць пытанні і выканаць абгрунтаваныя просьбы.

Працаўладкаваннем дачкі занепакоена жыхарка Буда-Кашалёўскага раёна Ганна Краснікова. Дзяўчына атрымала дыплом эканаміста і хоча працаваць у сельскай гаспадарцы. Уладзімір Андрэевіч даручыў высветліць, якія вакансіі можна прапанаваць маладому спецыялісту.

Сярод званкоў, што паступілі падчас кантактавання старшыні аблвыканкама з жыхарамі Гомельшчыны, былі прапановы па ўдасканаленні працы ЖКГ, сістэмы аховы здароўя і нават пераглядзе коштаў на сельскагаспадарчую тэхніку «Гомсельмаша» ў бок павелічэння.

З падзякай за рэалізаваны праект па водазабеспячэнні звярнуліся да Уладзіміра Дворніка жыхары мікрараёна Касцюкоўка абласнога цэнтра. Губернатар адзначыў, што тэма якаснага водазабеспячэння населеных пунктаў рэгіёна застаецца на яго асабістым кантролі і будзе планамерна рэалізоўвацца.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў упраўленняў і камітэтаў аблвыканкама, гаррайвыканкамаў, губернатар адзначыў, што работа са зваротамі грамадзян патрабуе асабістай адказнасці і суперажывання.

— Не трэба закрываць вочы на наяўныя праблемы, адкладаць іх рашэнне на потым. Бяда пачынаецца з абыякавасці, а любая складаная сітуацыя — гэта выпрабаванне для кожнага з нас. Гэта — тое, што дазваляе вызначыць ступень нашай прафесійнай кампетэнтнасці.

Уладзімір Дворнік таксама падкрэсліў, што да рашэння спрэчных пытанняў неабходна больш актыўна прыцягваць прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: І скаргі, і падзякі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.