Вы тут

Выць ці не выць ваўку ў Беларусі?


У нашай краіне сёння вядуцца гарачыя спрэчкі пра неабходнасць рэгулявання колькасці ваўкоў, у тым ліку і на тэрыторыях, дзе раней гэта было забаронена (у запаведніках, нацыянальных парках). Паляўнічыя, некаторыя навукоўцы, а таксама грамадзяне, жывёла якіх пацярпела ад нападаў драпежнікаў – як мяркуецца, ваўкоў, сцвярджаюць: такая неабходнасць наспела. Свае аргументы ім супрацьпастаўляюць навукоўцы, даследчыкі і члены грамадскіх арганізацый.

У вострым пытанні паспрабавалі разабрацца прадстаўнікі НПЦ НАН па біярэсурсах, ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў», Міністэрства лясной гаспадаркі.

Фота АПБ

Абвінавачванні драпежніку

У 2017 годзе па ініцыятыве Мінлясгаса і ў мэтах выканання даручэння Савета Міністраў былі праведзены ўлікі колькасці ваўкоў на ўсёй тэрыторыі краіны. Пад абследаванне трапілі фонды паляўнічых угоддзяў і іх фонды запасу; тэрыторыі, на якіх, у адпаведнасці з рэжымам аховы і выкарыстання, забіранне дзікіх жывёл забаронена або абмежавана.

Улікі паказалі: на 1 лютага 2017 года колькасць ваўка склала 2113 асобін, у тым ліку на тэрыторыях арандаваных паляўнічых угоддзяў – 1495 асобін; фонду запасу паляўнічых угоддзяў – 120 асобін; асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый (заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння), не ўваходзячых у фонд паляўнічых угоддзяў, – 117 асобін; зон адчужэння і адсялення Гомельскай і Магілёўскай абласцей – 191 асобіна; Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка – 190 асобін.

Намеснік старшыні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Аляксандр Малажаўскі прадставіў статыстычныя даныя, адпаведна якім у пяці абласцях, акрамя Гомельскай, за год ад ваўкоў пацярпелі на прыватных падворках 22 авечкі; у сельгаспрадпрыемствах і ў фермераў – 13 цялят, 1 бык і 6 авечак. На Гомельшчыне лічбы вышэй: толькі за верасень там зафіксавалі 56 выпадкаў нападу ваўка на буйную рагатую жывёлу. Аляксандр Малажаўскі выказаў меркаванне, што гэтыя выпадкі могуць быць звязаны з недастатковай колькасцю дзіка – асновы рацыёну ваўка.

Як расказалі ў прэс-службе Мінлясгаса, з улікам існуючага негатыўнага ўздзеяння ваўка на жыццё, здароўе і маёмасць грамадзян па хадайніцтве Мінлясгаса Савет Міністраў даручыў Мінпрыроды ў бягучым годзе дапрацаваць План кіравання папуляцыяй гэтых драпежнікаў у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ў частцы яго дзеянняў не на ўсю тэрыторыю краіны, а толькі для ААПТ і іншых тэрыторый, на якіх, у адпаведнасці з іх рэжымам аховы і выкарыстання, забіранне дзікіх жывёл забаронена або абмежавана, і ўзгадніць яго з усімі зацікаўленымі ведамствамі.

Прадстаўнікі БТПР лічаць, што воўк наносіць паляўнічай гаспадарцы істотную шкоду, знішчаючы буйных капытных. Паляўніцтвазнавец Яўген Вастокаў выказаў палемічнае меркаванне, што ў цэнтральнай частцы краіны неабходна імкнуцца да знішчэння ваўкоў, а ў іншых абласцях, дзе размешчаны асноўныя ААПТ, кантраляваць іх агульную колькасць, каб яна не перавышала 300-350 асобін.

Фота Віктара Казлоўскага

Чаму адрозніваюцца даныя?

Аляксандр Казарэз, загадчык кафедры турызму, прыродакарыстання і паляўніцтвазнаўства БДТУ, прывёў статыстыку паляўнічых гаспадарак на аснове даных зімовых маршрутных улікаў жывёл і птушак (ЗМУ) аб колькасці ваўкоў у Беларусі і аб іх забіранні. Навуковец перакананы ў памылковасці гэтых даных:

– З пачатку двухтысячных гадоў мы бачым, што забіранне ваўка перавышае 50%. Але яго колькасць пры гэтым не зніжаецца, а нават павялічваецца. Звычайная папуляцыя не змагла б штогод вытрымліваць такі адстрэл.

Раней некалькі навуковых калектываў звярталі ўвагу на тое, што даныя ЗМУ завышаныя, верагодна, у два(!) разы.

Паставіць пад сумнеў афіцыйныя звесткі не толькі па здабычы ваўка, але і па колькасці даволі лёгка. Дастаткова правесці нескладаныя падлікі. Напрыклад, у 2015 годзе на тэрыторыі Беларусі жылі 1500 ваўкоў, 1400 з іх застрэлілі. Калі суадносіны пола 1:1, то засталося ўсяго 50 самак, якія на наступны год далі патомства ў 1700 асобін, іншымі словамі, каля 30 шчанюкоў (усе яны павінны выжыць) на адну самку!

Ігар Качаноўскі, былы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а сёння – кіраўнік Апякунскага савета фонду падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны Бор», таксама паставіў пад сумнеў даныя статыстыкі за апошнія гады. Пагадзіўся з нерэальнасцю лічбаў па колькасці гэтага звера і Аляксандр Малажаўскі, адзначыўшы пры гэтым, што даныя па здабычы ваўка адпавядаюць рэчаіснасці:

– У паляўнічых няма прычын прыводзіць няправільныя лічбы, бо планаў па паляўнічых гаспадарках не даводзяць. Раней плацілі за кожнага здабытага ваўка з фонду аховы прыроды.

Сёння карыстальнікі паляўнічых угоддзяў матэрыяльна стымулююць паляўнічых і службовых асоб паляўнічых гаспадарак за мерапрыемствы па рэгуляванні колькасці драпежнікаў (ваўка, лісіцы, янотападобнага сабакі). Да такіх мер адносяцца грашовыя ўзнагароды, а таксама льготы пры рэалізацыі паляўнічых пуцёвак, дазволаў на здабычу жывёлы і пуцёвак да іх.

Таксама ў лесапаляўнічых гаспадарках і ўстановах БТПР арганізаваны конкурс па рэгуляванні колькасці драпежнікаў з налічэннем удзельнікам балаў, якія ўплываюць на атрыманне паляўнічых пуцёвак, дазволаў на здабычу жывёлы па зніжаным кошце. Праца па рэгуляванні колькасці ваўка будзе працягвацца і ў далейшым, адзначылі ў прэс-службе Мінлясгаса.

Разам з тым, у нашай краіне воўк не знаходзіцца пад пагрозай знікнення, адпаведна, адсутнічае неабходнасць у Плане кіравання яго папуляцыяй.

На гэта дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі адказаў, што абаронцы прыроды не супраць палявання ў цэлым і канкрэтна на ваўка:

– Мы супраць знішчэння гэтай жывёлы без Плана кіравання і доўгачасовага бачання сітуацыі. Мы супраць знішчэння ваўка ў нацыянальных парках.

Практычна ва ўсіх краінах Еўропы воўк уключаны ў чырвоны спіс (Red List) – аналаг Чырвонай кнігі, і паляванне на яго забаронена. Гэта звязана з тым, што ў некаторых краінах воўк ужо фактычна знік.

У Беларусі паляванне на драпежніка дазволена круглы год і на ўсёй тэрыторыі, за выключэннем Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, Бярэзінскага біясфернага запаведніка, Белавежскай і Налібоцкай пушчы. Згодна з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, дазваляецца здабыча ваўка пры законным знаходжанні ў паляўнічых угоддзях у мэтах палявання.

Фота БЕЛТА

Ашыйнікі для палескіх ваўкоў

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік па аб’ектыўных прычынах знаходзіцца ў ліку тэрыторый, на якіх адстрэл ваўка забаронены. Тым не менш, у прэсе прагучала інфармацыя, што існуе загад Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пра адстрэл 10 ваўкоў. Кіраўнік Дэпартамента Аляксандр Ціток пракаментаваў сітуацыю:

– Дэпартамент не можа прымаць такія рашэнні самастойна. Працэдура прадугледжвае афіцыйны зварот адміністрацыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў Мінпрыроды з просьбай забірання некаторых жывёл для навуковых даследаванняў. Мінпрыроды ўзгадняе мерапрыемствы з нашым Дэпартаментам і Акадэміяй навук, затым падрыхтаваныя дакументы накіроўваюцца ў запаведнік. Там ствараецца рабочая група па адстрэлу, а пазней прыступаюць да працы навукоўцы.

Па яго словах, адстрэл менавіта 10 ваўкоў для навуковых даследаванняў патрэбны таму, што плошча запаведніка велізарная (больш за 215 тыс. га), і неабходна вывучыць уплыў радыенуклідаў на арганізм жывёл з розных пунктаў, з розным узроўнем забруджвання.

Аляксандр Іванавіч не пагадзіўся з меркаваннем навукоўцаў пра тое, што ваўкі не заходзяць у вёскі і не наносяць шкоду:

– Як былы старшыня Хойніцкага райвыканкама, я дакладна ведаю, што такая праблема існуе. Гараджанам гэта цяжка ўявіць, але на фермы, у цялятнікі звяры заходзяць.

На маю думку, Мінсельгасхарч павінен распрацаваць граматную працэдуру ўліку забітай жывёлы (зразумела, спецыялістамі – ветэрынарнымі ўрачамі, заатэхнікамі), каб не толькі весці абгрунтаваную статыстыку і аб’ектыўна ацаніць шкоду, але і пазбегнуць падману (напрыклад, мор ад безгаспадарчасці спісаць на ваўкоў). Тым не менш, нават без падобнага ўліку, я схільны давяраць статыстыцы на месцах. Напрыклад, у Брагінскім раёне за 9 месяцаў 2016 года былі забіты ваўкамі 57 галоў жывёлы, а гэта значны ўрон для гаспадаркі, – адзначыў Аляксандр Ціток.

Тры апошнія гады паводзіны ў зграі, рацыён, міграцыі ваўка ў Палескім запаведніку вывучалі амерыканскія навукоўцы з дапамогай аброжкаў з GPS-датчыкамі. Вядучы навуковы супрацоўнік запаведніка Валерый Дамброўскі прымаў удзел у праекце ад беларускага боку. Ён ацэньваў колькасць кожнай зграі з ашыйнікамі. Высветлілася, што ў запаведніку знаходзіцца не больш за сотню асобін:

– Сёлета ЗМУ налічылі 190 асобін, гэта ў два разы больш, чым атрымана нашым метадам. Цікава, што нашы даныя супастаўныя з данымі біёлага, прафесара, даследчыка папуляцыі ваўка ў Беларусі Вадзіма Сідаровіча. Улік, праведзены ім 2010 годзе, сведчыў, што ў запаведніку знаходзяцца не больш за 100 асобін.

Калі ўсе чуюць, што на тэрыторыі запаведніка шмат ваўкоў, адразу пачынаюць хапацца за стрэльбы. “Зверху” прыходзяць рэгуляваць колькасць драпежніка, бо яна вельмі высокая. Чамусьці больш вераць паляўнічым і мясцовым жыхарам, чым навуковым даследаванням.

Прафесар з ЗША Джым Бізлі расказаў, што ў 2015 годзе GPS-ашыйнікі надзелі на шэсць самак і двух самцоў ваўка ў запаведніку, у 2016-м – на трох самак і трох самцоў. Вынікі даследаванняў паказалі, што размеркаванне драпежніка ўнутры «зоны» нераўнамернае. Асноўная частка ваўкоў засяроджана ў цэнтры Палескага запаведніка, на перыферыі іх куды менш. За час даследаванняў толькі адзін малады воўк выйшаў за межы запаведніка і сышоў за некалькі соцень кіламетраў – ва Украіну. Гэты факт сведчыць, што размовы пра «нашэсце чарнобыльскіх ваўкоў» занадта перабольшаныя:

– У Чарнобыльскай зоне вельмі багатая фаўна капытных, таму ваўкам няма патрэбы пакідаць гэтую мясцовасць. За межамі зоны ежу здабыць цяжэй, да таго ж існуе пагроза сустрэчы з чалавекам, транспартам, сабакамі. Даследаванні паказваюць: тэрыторыі пражывання некалькіх зграй даходзяць да самай мяжы запаведніка, але нідзе яе не перасякаюць.

Прычына, чаму паляўнічыя фіксуюць вялікую колькасць ваўкоў на прылеглых да запаведніка тэрыторыях, можа быць банальнай. Магчыма, гэта прышлыя драпежнікі, якіх прыцягвае багацце дзічыны ўнутры запаведнай тэрыторыі.

У адпаведнасці з дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасцю, у 2016 годзе карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў у Беларусі былі здабыты 1775 ваўкоў, а за 9 месяцаў 2017 года – 569.

Ваўчыны рацыён

Атрыманы апошнія даныя, згодна з якімі ласёў у Палескім запаведніку ў чатыры разы больш, чым аленяў.

– На працягу 2015-2016 гадоў на тэрыторыі запаведніка адзначаюць рос папуляцыі ласёў, пры тым, што ваўкі актыўна іх знішчаюць, – кажа Валерый Дамброўскі. – Гэта значыць, што ваўкі не могуць падарваць колькасць іншай папуляцыі.

Навукоўцы абследавалі рэшткі 62 забітых ваўкамі капытных, з якіх 59 – ласі, і толькі 3 казулі. Аленяў ваўкі ў запаведніку чамусьці не ядуць, і гэтаму феномену яшчэ не знайшлі тлумачэння.

Вучоныя ўпэўненыя: рэгуляваць колькасць ваўка трэба разумна. Яны сцвярджаюць, што выпадкі агрэсіі драпежніка могуць быць звязаныя толькі з правакацыяй з боку чалавека.

– Актыўны адстрэл ваўкоў без навуковага падыходу прыводзіць да таго, што разбіваюцца зграі, з’яўляецца мноства ваўкоў-адзіночак, якія будуць шукаць новыя тэрыторыі. Калі дазволіць паляванне на драпежнікаў у Чарнобыльскай зоне, тады яны і пачнуць выходзіць за межы запаведніка. У выніку мы атрымаем выхады на жывёльныя могільнікі, паяданне хатніх жывёл і сустрэчы з чалавекам, – прагназуе Валерый Дамброўскі.

Фота Віктара Казлоўскага

Памочнік для пушчы

На працягу трох гадоў на тэрыторыі Белавежскай пушчы ў межах міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці, якую рэалізуюць НП “Белавежская пушча” сумесна з Франкфурцкім заалагічным таварыствам (Германія) і «Аховай птушак Бацькаўшчыны», даследуюць папуляцыю ваўка. Мараторый на адстрэл драпежніка тут дзейнічае з 2015 года (нядаўна ён быў прадоўжаны і на 2018 год). Аднак з пяці ваўкоў, пазначаных датчыкамі, паляўнічыя забілі двух за межамі нацпарку, яшчэ аднаго знайшлі мёртвым на тэрыторыі пушчы: верагодна, смерць адбылася па натуральных прычынах.

– Зграі з польскага боку пушчы значна буйнейшыя за беларускія, – прыводзіць даныя каардынатар праграмы Віктар Фянчук. – Там яны налічваюць да 36 асобін, у Беларусі – 19-25 на супастаўных плошчах. Прычынай слабасці ваўчыных зграй стаў пераслед драпежніка.

На думку вучонага, 2018-ы год павінен паказаць, аднаўляецца ці не папуляцыя ваўка ў Белавежскай пушчы.

Віктар Фянчук нагадаў, што воўк – санітар лесу. Значная частка яго здабычы – старыя, хворыя і мёртвыя жывёлы. Акрамя таго, роля гэтых драпежнікаў вельмі важная ў падтрыманні біялагічнай разнастайнасці. Яны ствараюць своеасаблівыя «ўчасткі страху»: даследаванні паказалі, што траваедныя жывёлы на 20% менш аб’ядаюць парасткі маладых дрэў там, дзе часта з’яўляецца воўк. Вучоны таксама абвяргае словы паляўнічых, што там, дзе шмат ваўкоў, зніжаецца колькасць буйных капытных:

– Асноўная здабыча ваўкоў у Белавежскай пушчы – высакародныя алені. Драпежнікі палявалі на іх нават пры высокай колькасці дзіка. Пры гэтым, нягледзячы на мараторый на адстрэл ваўка, колькасць аленя ў пушчы дастаткова высокая і нават працягвае расці.

Праблему нападу ваўкоў на хатнюю жывёлу навукоўцы прапануюць вырашыць увядзеннем кампенсацый. Такая практыка прынятая ў многіх краінах свету. Але варта выплачваць яе толькі тым уладальнікам гаспадарак, якія прадпрымаюць неабходныя меры для абароны сваёй жывёлы.

Кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Каранчук упэўнены:

– Праблема ваўкоў у краіне штучна гіпербалізуецца, паколькі цяпер існуе План кіравання папуляцыяй ваўка, распрацаваны ў адпаведнасці з пунктам 26 Дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006-2015 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 2005 г. № 580. Арганізацыі, якія выконвалі План (НАН Беларусі, Мінлясгас, Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Мінпрыроды), узгаднілі яго з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі. У 2009 годзе дакумент быў адобраны рашэннем калегіі Мінпрыроды.

Асноўная мэта Плана кіравання – дасягненне аптымальнай колькасці і прасторавае размеркаванне папуляцыі ваўкоў на тэрыторыі Беларусі.

Што тычыцца праблемы нападу драпежнікаў на сельскагаспадарчых жывёл, то ў Мінпрыроды не паступала зваротаў ад мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў з афіцыйна задакументаванымі выпадкамі. Акрамя таго, было даручэнне міністра ад 20.12.2016 № 438-М тэрытарыяльным органам Мінпрыроды даць інфармацыю пра выпадкі нападу ваўка на чалавека і хатніх жывёл за 2016 год, у тым ліку пацверджаныя дакументальна (актамі камісіі). Як правіла, дакументальна пацверджаных выпадкаў няма альбо яны адзінкавыя. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці зафіксавана ўсяго 5 выпадкаў, з іх пацверджаны дакументальна толькі адзін.

Мы не ставім на мэце знішчыць папуляцыю ваўка, бо ён выконвае свае функцыі у прыродзе. Тым не менш, гэты драпежнік не знаходзіцца пад пагрозай знікнення ў нашай краіне, на яго дазволена паляванне, як і на шматлікіх іншых жывёл.

Друкуецца ў часопісе "Родная прырода"

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...