Вы тут

Беларусь і Швецыя працуюць над паляпшэннем кіравання адходамі


Мінпрыроды і пасольства Каралеўства Швецыя ў Беларусі разам працуюць над павышэннем узроўню кіравання адходамі ў нашай краіне.


Супрацоўніцтва нашай краіны і Швецыі ў прыродаахоўнай сферы актыўна развіваецца: рэалізуюцца сумесныя праекты па водаачыстцы і водаадвядзенні ў беларускіх гарадах, адкрыўся біягазавы комплекс у Баранавічах. Сёлета Швецыя выдзеліць 11 млн еўра на рэалізацыю ў Беларусі экалагічных праектаў. Пашыраючы сферы супрацоўніцтва, Мінпрыроды сумесна са шведскімі партнёрамі правялі семінар «Smаrt сіtу: кіраванне адходамі, эканоміка замкнёнага цыкла», для ўдзелу ў якім запрасілі прадстаўнікоў дзяржорганаў, парламентарыяў, мясцовай выканаўчай улады, ВНУ і навукі, бізнес-супольнасці, грамадскасці з усіх рэгіёнаў краіны.

«У Беларусі сітуацыя не ўнікальная, наш лад жыцця спрыяе з'яўленню велізарнай колькасці адходаў. Зямля не вытрымлівае такіх гор смецця, таму неабходная перапрацоўка, — заявіла падчас адкрыцця семінара Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна ЮХАНЕСАН. — Адходы — гэта рэсурс, які можа быць выкарыстаны для эканамічнага росту і дабрабыту грамадзян. Мы дасягнулі такой глыбокай перапрацоўкі адходаў, што нават імпартуем іх з Нарвегіі і Вялікабрытаніі. Спадзяюся, што семінар будзе пачаткам паглыбленага абмену вопытам паміж Швецыяй і Беларуссю ў гэтай галіне, а таксама ў іншых кірунках, звязаных з канцэпцыяй Smаrt Сіtу (разумны горад. — Аўт.)».

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК высока ацаніў супрацоўніцтва са Швецыяй у галіне экалогіі. Ён нагадаў, што праведзены летась семінар-трэнінг «Sуmbіо Сіtу» у Брэсце выклікаў вялікую цікавасць грамадскасці.

«Беларусь вызначыла стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшую перспектыву. Адзін з прыярытэтаў — ахова навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем найлепшых практык міжнароднай супольнасці, — адзначыў Андрэй Худык. — Мы імкнёмся не толькі палепшыць агульны стан навакольнага асяроддзя, але і рэфармаваць падыходы да вырашэння розных сацыяльна-эканамічных праблем, выкарыстоўваць міжнародны вопыт. Мы арыентуемся на экалагічныя нормы Еўрасаюза, працуем над гарманізацыяй заканадаўства. Беларусь — першая на постсавецкай прасторы дзяржава, якая ўкараніла прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў, а таксама распрацавала сістэму мер па пераходзе на зялёную эканоміку».

Цяпер у Беларусі, па словах намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзя ТРУБІЛЫ, узровень выкарыстання камунальных адходаў дасягнуў 17 % — гэта ў 1,7 раза вышэй, чым у 2012-м. Каб дамагчыся такога выніку, МЖКГ удасканальвае сістэму кіравання камунальнымі адходамі. У 2017 годзе зацверджана Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, якая прадугледжвае павышэнне ўзроўню выкарыстання адходаў да 50 %.

Андрэй Худык падкрэсліў, што нашай краіне надзвычай цікавы вопыт Швецыі, дзе ўзровень выкарыстання камунальных адходаў складае каля 99 %. «Вельмі цікава, што стаіць за гэтай лічбай: эканамічнае стымуляванне, тэхналогіі, экалагічнае выхаванне або штрафныя санкцыі?» — задаўся пытаннем міністр. У перспектыве і нашай краіне хацелася б дасягнуць такіх паказчыкаў. Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі праводзіцца дзяржаўная палітыка па лібералізацыі бізнесу і стварэнні спрыяльнага інвестыцыйнага клімату, і ў гэтай сувязі асабліва цікавы вопыт Швецыі па ўзаемадзеянні дзяржавы, бізнесу і грамадзян.

Эксперты Шведскага экалагічнага навукова-даследчага інстытута расказалі, што ў іх краіне перапрацоўкай смецця пачалі займацца ў 1966 годзе. Работа будавалася на прынцыпах прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Пачатковы капітал складаў 1 млн долараў: 50 % — доля дзяржавы, 50 — бізнесу. З 1975 года ў Швецыі была распрацавана новая палітыка па абыходжанні з адходамі. Зараз менш за 1 % адходаў падлягаюць захаванню на палігонах. Спецыялісты са Швецыі кансультавалі калег практычна з усіх краін Усходняй Еўропы. Цяпер вядуць цікавыя праекты ў Кітаі і Індыі. На іх думку, для Беларусі ў гэты перыяд найбольш прыярытэтны адукацыйны складнік, таму што не важна, колькі ёсць грошай, калі людзі, прадпрыемствы не ведаюць, як іх выкарыстаць. Менавіта таму Мінпрыроды праводзіць серыі семінараў-трэнінгаў, у тым ліку запрашаючы замежных экспертаў, каб нашы спецыялісты пераймалі найлепшы сусветны вопыт.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пазбавіцца ад адходаў пад нуль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.