Вы тут

Андрэй Куціла зняў фільм пра дзядулю-афіцэра і ўнука-стрыптызёра


Вартыя ўвагі фільмы ў кінасферы Беларусі часцей за ўсё з'яўляюцца менавіта ў неігравым кіно, адпаведна, і надзеі свае мы ў большай ступені ўскладваем на дакументалістыку. І надзеі не дарэмныя: адной з найлепшых беларускіх карцін апошняга часу можна назваць новую работу Андрэя Куцілы «Стрыптыз і вайна». Андрэй Куціла ўжо даўно стаў аўтарам, фільмы якога аўтаматычна прыцягваюць да сябе ўвагу, а на гэты раз гаворка ўвогуле ідзе пра доўгачаканую прэм'еру, бо «Стрыптыз і вайну» рэжысёр ствараў цягам чатырох гадоў.


Кіно Андрэя Куцілы ўжо традыцыйна змяшчае ў сабе інтрыгуючую супярэчнасць. Раней мы маглі пабачыць сюжэты пра былога асуджанага, што заснаваў прытулак для старых, відэаблогера, што займаецца натуральнай гаспадаркай у безжыццёвай вёсцы, а цяпер трапілі ў сям'ю дзядулі, падпалкоўніка авіяцыі ў адстаўцы, і ўнука-стрыптызёра.

Гэты сямейны «аксюмаран» і чапляе. Уласна мяне толькі абяцанне такога суседства — дзед з унукам, абодва Анатолі, жывуць у адной кватэры — прымусіла прыліпнуць да экрана. І трэба сказаць, кур'ёзная «фішка», аб'яднанне людзей з розных, лічы, сусветаў, сябе надзвычайна апраўдала, а карціна — таксама традыцыйна для аўтара — ёй не абмежавалася.

Элементамі «фішкі» стануць спрэчкі на аснове побытавых пытанняў, цікавыя кантрасты, шаблонныя выказванні дзядулі (старэйшае пакаленне, напэўна, наадварот паблажліва паставіцца да нейкіх выказванняў малодшага Анатоля), што можа вызваць усмешку, іронію і нават замілаванне. «Гэта ты ў войску не служыў», — кажа дзядуля. Альбо выраз безыменнага персанажа «гэта пасля дваццаці харошыя, здаровыя дзеці, а пасля трыццаці якія ўжо дзеці?»

Затое калі экран запаўняе тыповы савецкі інтэр'ер дзядулевай кватэры, а малады чалавек танцуе ў агнях сучаснага клуба з подпісам на касцюме «Royal dіamond», пачынае павольна раскрывацца розніца паміж мінулым і сённяшнім. Інакш кажучы, не проста паміж двума людзьмі, а паміж пакаленнямі, светапоглядамі і часамі, да якіх яны належаць. І менавіта належаць, бо нельга сказаць, што ўнук увасабляе 2010-я, незалежную Беларусь, постсавецкі час, сучаснасць, маладое беларускае пакаленне ці іншыя буйныя катэгорыі ў апазіцыю свайму дзядулі, — ніякіх гучных сімвалаў-герояў часу.

Але абодва персанажы транслююць не проста кантраст, які становіцца мастацкім метадам, але і суіснаванне кантрасных з'яў, што стала надзвычай удалым рэжысёркім рашэннем. Дзядуля здымае на балконе памыты ручнік (канцэртны атрыбут унука), бярэцца прасаваць, бачыць на ім брытанскі сцяг, пераварочвае, прасуе, а ў наступным кадры Анатоль прыкрывае гэтым ручніком пэўныя часткі цела падчас свайго эратычнага выступлення.

Таму побач з рознага роду высновамі, якія мы можам зрабіць пра ідэалогію, выхаванне і кантэкст двух герояў, мы бачым іх наладжанае суіснаванне, што нейкім чынам адсылае да больш шырокага значэння: савецкія рудыменты гэтаксама захоўваюцца ў сучаснай краіне. Гэта сапраўды сімвалічна праз дыяметральную супрацьлегласць персанажаў: дзядуля, савецкі афіцэр з велізарнай калекцыяй медалёў, павязвае гальштукі піянерам і настаўляе вайскоўцаў, што маршыруюць, а ўнук рэпеціруе свае выступленні, танцуе стрыптыз і ўдзельнічае ў тэатральнай пастаноўцы. «Танцамі зарабляе сабе на жыццё... Мы нічога змяніць не можам», — гучыць з вуснаў дзядулі, які тым не менш прыходзіць у тэатр на спектакль, дзе танцуе яго ўнук.

Такімі атрымліваюцца і лейтматывы карціны. У першую чаргу супрацьпастаўленне дзеда і ўнука, адпаведна, і пакаленняў, светапоглядаў, часоў, «эпох» у гісторыі краіны. Здавалася б, такі лейтматыў забяспечаны і без намаганняў — увага гледача так ці інакш перанакіроўваецца ад дзеда да ўнука і наадварот. Чаму і варта звярнуць увагу на прадуманую кампазіцыю кадра, мантаж і, канешне, выбарку матэрыялу, які ў выніку ўвайшоў у гатовы фільм, — усю гэту вытанчаную, уважлівую і карпатлівую аўтарскую работу па ўдасканаленні мастацкага метаду. Нарэшце, супрацьпастаўленне робіцца больш выразным і шматсэнсавым, а карціна «Стрыптыз і вайна» — адной з самых прапрацаваных работ рэжысёра.

Ну а тон усяму задае вельмі літаральны і падкрэслены трэвэлінг у пачатку фільма — камера, знаходзячыся ў адным месцы вітальні, канцэнтруецца на ўнуку ў яго пакоі, а потым пачынае павольна рухацца, пакуль не спыняецца на дзядулі ў іншым пакоі. Дарэчы, вельмі зручнае месца для аператара, куды за ўвесь фільм ён вяртаецца неаднойчы. Адразу ўспамінаецца румынская карціна «Сьераневада» Крысці Пую, амаль поўнасцю знятая ў трошцы савецкага ўзору, дзе камера магла ахапіць тое, што тут адбывалася, менавіта з вітальні.

Гэты ж элемент фільма распачынае другі не менш важны лейтматыў — сумяшчэння, суіснавання, аб'яднання кантрасных з'яў, бо ў згаданым трэвэлінгу і ўнук, і дзед аказваюцца заключанымі ў адным плане, які іх сімвалічна аб'ядноўвае. Кінамова падуладна дзвюм ідэям, таму нам лёгка зразумець карціну і пасмяяцца над шматзначным суседствам яе эпізодаў.

У дачыненні да фільмаў Андрэя Куцілы мне ўжо прыходзілася казаць, што мова кіно часам кажа больш, чым яго сэнс. Калі глядзіш карціну «Стрыптыз і вайна», менавіта ўвага да дэталяў становіцца найлепшым дапаможнікам, каб перасягнуць узровень кур'ёзнай гісторыі.

Праўда, трэба прызнаць, усё, што датычыцца гэтай сям'і, сапраўды вельмі забаўнае.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: «Гэта ты ў войску не служыў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.