24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Год малой радзімы. Дзейнасці год


Гэты год абвешчаны Годам малой радзімы. І тым, хто ўсур'ёз заклапочаны яе лёсам, відавочна, што зрабіць трэба нямала і што задачы пастаўлены маштабныя. У той жа час малая радзіма патрабуе ўвагі не толькі сёлета. Яна, наша зямля, заўсёды адгукаецца на клопат — як цяпер, як сто гадоў таму, так і ў будучыні, калі на ёй будуць жыць нашы нашчадкі. Што сёння адбываецца ў невялічкіх вёсачках? Ці ведаюць жыхары раённых цэнтраў пра тыя цікавінкі, што іх атачаюць? Якія захады варта было б зрабіць на ўзроўні ўсёй краіны?.. На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні шукалі адказу падчас круглага стала, арганізаванага Выдавецкім домам «Звязда» і рэдакцыяй «Краязнаўчай газеты». Удзел у ім прынялі дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў, галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Гілеп, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч, старшыня Пастаўскага раённага аддзялення Таварыства беларускай мовы краязнавец Ігар Пракаповіч, выканаўчы дырэктар маладзёжнага аб'яднання «Гісторыка» Таццяна Пятрова, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы музеязнаўца Павел Каралёў, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун.


Анатоль Бутэвіч: — Трэба прызнаць, што і да аб'яўлення Года малой радзімы было шмат карысных спраў, якімі людзі ўшаноўвалі сваю Бацькаўшчыну. Часта гэта рабілася на рэгіянальным узроўні, не заўсёды аб'яднанымі сіламі. Але цяпер, калі абвешчаны такі год, мы можам нешта зрабіць разам. Хоць гэтая тэма ніколі не была забытай — ні краязнаўцамі, ні мясцовымі жыхарамі, ні журналістамі. Варта адзначыць, што Беларусь заўсёды была сельскай краінай. І вясковы стыль жыцця — самы звыклы для нашых суайчыннікаў. На жаль, за апошні час многія пераехалі ў гарады, адарваўшыся ад каранёў. Аднак адбываецца і адваротны працэс: людзі разумеюць, што мегаполіс — гэта не панацэя, і цяперчасам, наадварот, з вялікіх гарадоў з'язджаюць у маленькія вёсачкі і робяць там важныя справы.

Шыльда ў памяць пра Алеся Белакоза

Па­вел Су­ха­ру­каў.

Павел Сухарукаў: — Я крыху больш за год з'яўляюся мінчанінам. Часам шукаю карэнных жыхароў сталіцы — хоць бы ў трэцім ці чацвёртым пакаленні — і не знаходжу. Усе мы родам з малой радзімы. Асабіста я — з Мастоў, пасля пераехаў у Гродна, цяпер жыву ў сталіцы. Але любоў да родных мясцін заўсёды будзе ў маім сэрцы. І калі з'явіцца нагода ці патрэба, я з задавальненнем вярнуся ў Масты.

Тое, што гэты год абвешчаны Годам малой радзімы, сведчыць пра ўвагу дзяржавы да названай тэмы. Таму было б добра распрацаваць пэўную дзяржаўную праграму. Тым не менш усё ідзе ад чалавека. Зноў прыгадваючы Мастоўшчыну, безумоўна, успамінаю Алеся Белакоза. Яго постаць пацвярджае, як шмат можа зрабіць адзін чалавек — у гэтым выпадку звычайны настаўнік. Ён шмат зрабіў не толькі для сваёй вёскі, але і для цікавасці ў першую чаргу моладзі да сваёй малой радзімы. І зараз, калі яго ўжо няма, Гудзевічы з'яўляюцца цэнтрам развіцця краязнаўства. Ён стварыў там два музеі — краязнаўчы і музей беларускага ткацтва. У гэтых музеях я бываў не раз, не два і нават не дзесяць... Да апошняга дня Белакоз заставаўся верным сваёй справе і рабіў музеі яшчэ лепшымі. Гэтую хвалю цікавасці людзей да родных мясцін і імкненне зрабіць нешта канкрэтнае мы павінны падтрымаць.

Анатоль Бутэвіч: — Карыстаючыся нагодай, давайце зробім прапанову ўстанавіць мемарыяльную дошку на той школе, дзе працаваў Алесь Белакоз і дзе стварыў два музеі. Гэта асоба сапраўды заслугоўвае такой увагі. Па-першае, гэта будзе добрай памяццю пра чалавека. А па-другое, стане карысным тым людзям, якія прыязджаюць і якія працавалі разам з ім.

«Славутыя імёны Бацькаўшчыны»

Ула­дзі­мір Гі­леп.

Уладзімір Гілеп: — Адметных асоб з ліку землякоў абавязкова трэба ўшаноўваць! Гэта робіцца і ў «Краязнаўчай газеце»: літаральна з першага нумара тэмы малой радзімы і славутых імёнаў Бацькаўшчыны займаюць трывалае месца на яе старонках. Падпісчыкамі выдання з'яўляюцца не толькі краязнаўцы, яе выпісваюць і ў музеях, бібліятэках, на жаль, мала ў нашых школах.

Менавіта з пачатку новага тысячагоддзя Беларускі фонд культуры распачаў праграму «Славутыя імёны Бацькаўшчыны». Мы адраджаем імёны выдатных, але часта малавядомых ураджэнцаў беларускай зямлі. Калі вярнуцца на 20 гадоў назад, прыгадайце, ці згадваліся імёны Якуба Наркевіча-Ёдкі, Канстанціна і Міхала Ельскіх, Напалеона Орды, сямейства Ходзькаў, Аляксандра Скірмунта, Канстанціна Астрожскага і многіх іншых?.. Толькі-толькі на слых з'яўляліся імёны Радзівілаў і Сапегаў. За гэты час мы з вялікай насцярогай пачалі лічыць сваімі землякамі Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшку, Соф'ю Кавалеўскую, род Шастаковічаў. Усе гэтыя прозвішчы ўвайшлі ў першыя 2 тамы «Славутых імёнаў Бацькаўшчыны», выдадзены Беларускім фондам культуры яшчэ да з'яўлення першага нумара «Краязнаўчай газеты». Менавіта праз знакамітых суайчыннікаў «Краязнаўчая» выйшла на тэму родных мясцін. Малая радзіма і імёны, якія яна нарадзіла, — гэта тая літара «аз», з якой пачынаецца Айчына. Уявіце, колькі ўсяго нам трэба ўваскрэсіць на шляху ад «аз» да «яць»! Тое, што зроблена — гэта толькі разведка. Краязнаўцы ведаюць, што разведка часта праходзіць з боем.

А што далей?.. Застаецца зусім не рытарычным пытанне, чым асабіста ты дапаможаш малой радзіме? Падтрымліваю Паўла Сухарукава ў тым, што нам патрэбна доўгатэрміновая праграма, прысвечаная малой радзіме. З 1980-х гадоў мы выдавалі кнігу «Памяць». Сама ідэя выдання давалася цяжка. Яна нарадзілася ў аддзеле культуры Цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі — і вельмі хутка была падтрымана на месцах: краязнаўцамі, бібліятэкарамі, музейшчыкамі. Аднак выданне не падтрымалі ў ЦК КПСС. Калі мы павезлі першую кнігу «Памяць» Шумілінскага раёна яшчэ ў рукапісе, каб узгадніць, сакратар ЦК Міхаіл Зімянін сказаў нам: «Не! Вы што, хочаце быць наперадзе Расіі? Хочаце апярэдзіць Украіну? Знайце сваё месца, беларусы». Едучы назад, сакратар ЦК КПБ Аляксандр Кузьмін першы раз не пагадзіўся з рэкамендацыямі цэнтральнага ЦК, ён сказаў: «Мы будзем рабіць гэту кнігу». У кожным раёне былі створаны спецыяльныя групы, былі людзі (і ў першую чаргу — краязнаўцы), якія працавалі над напаўненнем выданняў «Памяці» — унікальнай мемарыяльнай энцыклапедыі кожнага раёна Беларусі.

Сёння краязнаўцы часта звяртаюцца ў нашу газету з патрабаваннем прадоўжыць працу над кнігай «Памяць», бо ёй патрэбны дапаўненні. Мне гэта ідэя падаецца слушнай. І, магчыма, сёння няма патрэбы ствараць спецыяльную камісію, бо нашымі краязнаўцамі ў бібліятэках назапашаны велізарны матэрыял. На іх падставе нават рэдакцыяй Беларускай энцыклапедыі атрымаецца зрабіць «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» выдатным дапаўненнем да кнігі
«Памяць».

Да традыцый вясковага насельніцтва

Та­дэ­вуш Стру­жэц­кі.

Тадэвуш Стружэцкі: — З нашай памяццю непарыўна звязана і тэма пакінутых вёсак. Гэта з'яўляецца грамадска-палітычнай праблемай, якая абвастралася і фарміравалася на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Давайце прыгадаем хоць бы неперспектыўнасць і непрэстыжнасць сельскага «бяспашпартнага» жыцця ў 1950—1970-я гады, афіцыйна вызначаных «неперспектыўных вёсак» і ўзбуйненне населеных пунктаў — у 1980—1990-я гады. У пазнейшыя часы вялікае жаданне людзей займацца фермерствам стрымлівалася — а гэта акурат магло б ажывіць вёскі, якія паміралі. Эпізадычна ўзнікалі і праблемы аптымізацыі — сацыяльна-культурныя ўстановы ў вёсках мэтава скарачаліся — агулам іх колькасць зменшылася амаль у два разы. Не хочацца гэтую праблему зводзіць да шэрагу маральна-настальгічных, але найперш трэба бачыць яе існуючай праблемай. Да таго ж мы маем у свеце адзін з самых высокіх паказчыкаў зніжэння колькасці сельскага насельніцтва.

Думаю, для выпраўлення такой сітуацыі патрэбны важныя крокі як з боку грамадства, так і з боку дзяржавы. Апошняя павінна ствараць умовы для фарміравання новых працоўных месцаў, для паляпшэння вясковай інфраструктуры, для аднаўлення дарог. Грамадству неабходна захоўваць памяць пра вясковыя традыцыі, удзельнічаць у аднаўленні. Тады сапраўды вымалюецца логіка змен і будзе відаць перспектыва. Краіна ў цэлым і кожны канкрэтны чалавек павінны бачыць задачы, якія стаяць перад імі непасрэдна. Тады мы атрымаем сістэму, якая прывядзе да карэнных зрухаў. Вядома, у Год малой радзімы мы не зможам вырашыць усе праблемы. Затое зможам іх вылучыць, абазначыць і скіраваць увагу і дзяржавы, і грамадства на іх вырашэнне.

Сістэма краязнаўства

Ігар Пра­ка­по­віч.

Ігар Пракаповіч: — Я прадстаўляю Пастаўшчыну і Мядзельшчыну і на праблему гляджу са свайго рэгіёна. Я займаўся тэорыяй школьнага краязнаўства і распрацоўваў яго сістэму, таму спрабаваў уявіць, як яна будзе выглядаць у межах дзяржавы. У высокаразвітых краінах праводзіцца спецыяльная рэгіянальная палітыка. Таму грамадства, натуральна, павінна падштурхоўваць дзяржаву, каб прымаліся нейкія канкрэтныя захады да развіцця рэгіёнаў. У Беларусі пятая частка насельніцтва жыве ў сталіцы. І многія нашы вучні, скончыўшы гімназію, імкнуцца паступіць у ВНУ ў Мінску і застацца працаваць у сталіцы — натуральна ж, гэта анамальная з'ява. Прыгадваецца Дзісеншчына — мяжа Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў —у 1970-х гадах. Калі ўзяць карту таго часу, то відаць, што існаваў так званы вяскова-местачковы мегаполіс. Вёска ішла следам за вёскай — можна было доўга ехаць уздоўж іх. Цяпер на тых месцах даводзіцца прамінаць толькі могілкі, жывых вёсак амаль няма. Аднак гэта сацыяльная праблема, а мы, я думаю, павінны ісці іншым шляхам. Прапаную разглядаць краязнаўства ў двух ракурсах. Першы — як даследаванне, вывучэнне роднага краю: краязнаўцы разам з вучнямі, сябрамі займаюцца пошукам важных матэрыялаў. Натуральна, што не ўсе навукоўцы даедуць да аддаленых рэгіёнаў, таму краязнаўцы з'яўляюцца спецыялістамі ў вялікіх сферах. На Пастаўшчыне мы стараемся збіраць матэрыял па тэмах, напрыклад па асобах, і затым выдаваць яго. Другі ракурс — асветная дзейнасць на тэрыторыі раёна ці на тэрыторыі ўсёй Беларусі.

Не ўсе ведаюць, што на Пастаўшчыне калісьці была школа парфорснага палявання. Як і не ўсе ведаюць, нават у музеі, што гэта за паляванне. Таму я вырашыў заняцца гэтай тэмай, выпусціў адпаведную брашуру. А зараз у музеі мы ўжо маем выстаўку, прысвечаную парфорснаму паляванню. Тэму Першай сусветнай вайны таксама я пачынаў практычна першым. У 1990-я гады разам з вучнямі мы шукалі звесткі, фіксавалі іх, рабілі пазнакі на картах — месцаў пахаванняў і вайсковых умацаванняў. З'яўляліся публікацыі, выйшла кніга. А ў наш час у Паставах ёсць і музейная экспазіцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне, плануецца стварыць экспазіцыю пад адкрытым небам. Дзейнічае валанцёрская арганізацыя «Заходні рубеж», якая займаецца аднаўленнем закінутых помнікаў не толькі расійскіх, але і нямецкіх салдат. Важна, што збор матэрыялаў краязнаўцамі потым выліваецца ў пэўную канкрэтную дзейнасць. Яна можа быць прадстаўлена як грамадскімі, так і дзяржаўнымі арганізацыямі. А гэта, у сваю чаргу, дапамагае развіваць турыстычны патэнцыял рэгіёна.

Памяці зніклых вёсак

Ігар Пракаповіч: — Што датычыцца памяці пра зніклыя вёскі, хочацца згадаць у якасці прыкладу вёску Рымкі Пастаўскага раёна. Там стаіць царква, але няма ніводнага жыхара. Мы напісалі і выдалі кнігу пра вёску, прапанавалі некаторыя ідэі надання ёй новага жыцця. Вёска знаходзіцца ў міжрэччы, дзе сутыкаюцца тры ракі, дарогі там ніколі не было. Можа быць, калі пракласці дарогу, зрабіць мост праз Дзісну, пайшоў бы пэўны рух, у вёску нехта вярнуўся б... Аднак на сённяшні дзень гэта нерэальна, бо вельмі дорага. Другі варыянт — запрасіць туды на пасяленне некалькі манахаў — аднак ахвотных пакуль таксама не знайшлося.

У вёсцы Хрыстова ёсць мясцовы жыхар па прозвішчы Татаранка. Ён за свой кошт вырабляе шыльды з назвамі вёсак, якія зніклі, і ставіць іх у тых месцах, дзе яны былі. Такое своеасаблівае ўшанаванне памяці.

Ана­толь Бу­тэ­віч.

Анатоль Бутэвіч: — Аналагічны прыклад мы маем у Вілейскім раёне. Колькі гадоў таму там была праведзена акцыя па ўшанаванні зніклых вёсак — кожнай з іх быў зроблены памятны знак. Аднак працэс знікнення вёсак сёння ўсё адно працягваецца... Забыцца на памяць невялікіх населеных пунктаў мы не можам. Што рабіць, каб не занядбаць?

Ігар Пракаповіч: — Мы пішам гісторыю вёсак. Асабіста я падбухторваю знаёмых краязнаўцаў — імі апісана дзесьці 15 вёсак. Часам гэтым займаюцца мясцовыя жыхары. А інфармацыі сабраць даводзіцца сапраўды шмат: людзі там жылі, нешта стваралі — нават апісаць толькі вырабы, якія яны рабілі сваімі рукамі, не так проста. Іншае пытанне, як гэта ўсё захаваць.

Анатоль Бутэвіч: — Найперш актуальным падаецца запіс успамінаў. Калі хтосьці сам не можа іх занатаваць, то варта абазнаным людзям браць мікрафон, ехаць у мясцовасць і фіксаваць, проста каб такія згадкі засталіся. Прыйдзе час, і нехта іх расшыфруе, выкладзе, напрыклад, у інтэрнэт, бо гэта важная на сёння крыніца інфармацыі. Важна, каб былі зафіксаваны словы тых людзей, якія бачылі ўсё на свае вочы, каб не атрымаліся ўспаміны з успамінаў... Гэта таксама вялікае поле для дзейнасці.

Алесь Хіт­рун.

Алесь Хітрун: — Я ўжо не адзін год займаюся зборам успамінаў. Выкарыстоўваю аўдыя-, відэазапісы. Дзякуючы гэтым сучасным сродкам удаецца захаваць нават гаворку, мясцовыя дыялекты. Два гады таму я прымаў удзел у конкурсе газеты «Звязда» пад назвай «Мясціны, знітаваныя з душой» і выйшаў у пераможцы. Хачу падзяліцца гісторыяй маёй краязнаўчай знаходкі. Аднойчы я ехаў праз вёску ў нашай мясцовасці, дзе цяпер жывуць толькі людзі сталага ўзросту. Я накіраваўся туды як прадстаўнік музея, а маёй мэтай было распытаць жыхароў пра іх жыццё. Адна бабуля не хацела пускаць нават на падворак, відаць, была нечым ці некім напалоханая, але мне ўсё-такі ўдалося яе супакоіць. На двары ўбачыў дзядулю, якому было больш за 90 гадоў, ён сек дровы. Я прапанаваў выканаць гэтую працу за яго, сам зрабіў усё. Яны запыталіся, што хачу ўзамен, а я адказаў, што толькі пачуць іх успаміны... Дзед і бабця раскрыліся, усё расказалі. А калі выйшла публікацыя, я патэлефанаваў бабулі, пачуў, як яна смяецца і плача... На пытанне, што адбылося, старая адказала, што задаволена выхадам матэрыялу, але дзядуля яе памёр. Мне ўдалося паспець — і запісаць сведчанне яго жыцця.

Што рабіць для захавання

Алесь Хітрун: — Мяркую, што сёлета, у Год малой радзімы, было б добра правесці раскопкі ў маёй роднай вёсцы Крупава. Ёсць інфармацыя, што пад тратуарнай пліткай каля вясковай крамы пахавана звыш 30 вайскоўцаў — і амаль ніхто пра гэта не ведаў. Успаміны пра тое захаваліся толькі ў адной бабулі, якая ўдзельнічала ў перазахаванні з суседняга вясковага поля ў 1951—1952 гадах.

Вёска Крупава вядомая і дзякуючы Ігнату Дамейку. Летась мы адзначалі 215 гадоў з дня яго нараджэння, здзейснілі адпаведнае памятнае падарожжа, там была праведзена расчыстка і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Я працягваю збіраць інфармацыю пра гэтага дзеяча, штосьці будзе змешчана ў часопісе «Лідскі летапісец». Гэта выданне з электронным адрасам раwеt.nеt вядомае і за межамі раёна дзякуючы яго стваральніку — актыўнаму краязнаўцу Леаніду
Лаўрэшу.

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі распрацавана шмат мерапрыемстваў да Года малой радзімы. У тым ліку цэлыя праекты, такія як «Гісторыя адной хаты» пра людзей з вёсак Лідскага рэгіёна і самога горада, якім патрэбна дапамога і якія захоўваюць шмат цікавага з мінуўшчыны. Яшчэ адзін праект «Любі, браток, родны куток!» — гэта сустрэчы з землякамі, якія выехалі за межы Лідчыны і нашай краіны. Дзякуючы такім праектам мы зможам сабраць шмат цікавых звестак і папоўніць фонды музея.

Тадэвуш Стружэцкі: — Яшчэ ў 2016 годзе ў «Краязнаўчай газеце» быў надрукаваны артыкул «Захаваем і ўшануем малую радзіму», у якім мы звярталіся да чытачоў, у тым ліку да краязнаўцаў, з просьбай далучыцца да гэтага праекта. Мы прапаноўвалі і магчымыя кірункі дзейнасці па ўшанаванні памяці сваёй мясцовасці.

Што рабіць для захавання памяці невялікіх населеных пунктаў? Як і прапаноўвалася раней, для гэтага можна складваць ілюстраваныя карты мясцовасцяў, зніклых і існуючых, з кароткімі даведкамі і датамі іх заснавання. Варта ўсталёўваць памятныя знакі, дошкі, капліцы, прысвечаныя гістарычным падзеям і вядомым людзям, выхадцам з гэтых мясцін. Прыклады такой працы, натуральна, ёсць, але яна павінна праводзіцца сістэмна. Трэба яскрава абазначаць мясцовыя аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны. Добры крок — стварэнне мясцовых дабрачынных фондаў, да прыкладу тых, што створаны ў Любчы і Шчорсах Навагрудскага раёна, і збор сродкаў на аднаўленне пэўных аб'ектаў... Варта праводзіць экспедыцыі для запісвання гісторый, збору ўспамінаў старэйшых жыхароў, пра што ўжо казалася за круглым сталом. Актуальнай падаецца і распрацоўка турыстычных брэндаў на базе цікавых мясцовых аб'ектаў, традыцый, народных калектываў. Сярод прыярытэтаў — і стварэнне этнаграфічных музеяў, экспазіцый у вясковых бібліятэках і музеях, школах — адпаведныя прыклады таксама ёсць, але нельга сказаць, што паўсюль. Варта ствараць і мясцовыя грамадскія аб'яднанні ў форме зямляцтваў, збіраючы разам ураджэнцаў гэтай мясцовасці.

«Насыціць» жыццё рэгіёнаў

Тац­ця­на Пят­ро­ва.

Таццяна Пятрова: — Захаванне малой радзімы залежыць у першую чаргу ад таго, наколькі яна будзе засвоена яе жыхарамі. Адзін з балючых прыкладаў апошняга часу — пашкоджанне брамы Радзівілаў у Лідскім раёне. Гэты аб'ект, на жаль, не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму няма і дзейсных рычагоў для яго захавання... Мне падаецца адчувальным тое, што ў школах цяпер мала краязнаўства. Дзецям не хапае ведаў пра іх радзіму: яны яшчэ могуць усведамляць, што знаходзіцца ў бліжэйшым горадзе, а вось у раёне — наўрад ці. Таму важна, каб у школе вялася належная адукацыя, каб урокі гісторыі не абмяжоўваліся агульнай гісторыяй. Трэба, каб хоць бы раз на тыдзень дзеці знаёміліся з гісторыяй малой радзімы, наведвалі знакавыя месцы, каб удзельнічалі ў суботніках у касцёлах, цэрквах, на рэштках сядзіб. Трэба разумець, што кожны камень у такім месцы нясе ў сабе індэкс нашай ідэнтычнасці. Каб захаваць ідэнтычнасць, трэба захоўваць і павагу да аб'ектаў-носьбітаў.

У 2015 годзе «Гісторыка» ладзіла фэст у гарадскім пасёлку Мір пад назвай «Я малюю гісторыю». Падчас экскурсіі мы паказвалі, што Мір — гэта не толькі замак. Дзеці малявалі касцёл Святога Мікалая — і мы падкрэслівалі, што гэта не проста месца сустрэчы вернікаў, але спадчына Мікалая Радзівіла Сіроткі... А потым мясцовыя жыхары галасавалі за тыя малюнкі, якія ім спадабаліся найбольш. Найлепшыя шэсць прац мы надрукавалі на каляндарыках, якія раздалі ўдзельнікам. Вы б бачылі, якімі радаснымі былі дзеці!.. І гэта таксама шлях засваення гісторыі нашай спадчыны. Я пераканана, што кожны помнік, нават калі яму не нададзены адпаведны афіцыйны статус, каштоўны. Таму перад тым як нешта разбурыць, знесці, намаляваць графіці, мы павінны ўсвядоміць, што кожны камень, які нясе гісторыю, значны.

Адукоўваць людзей трэба з дзяцінства. Як, напрыклад, у Шчучынскім раёне некалькі гадоў таму ладзіліся экскурсіі «Шляхамі продкаў» — маршруты па раёне. Такую акцыю праводзіў раённы метадычны цэнтр народнай творчасці. Дзеці з навакольных населеных пунктаў запісваліся на экскурсіі і ездзілі проста па сваёй мясцовасці. Вядома, важна зазірнуць і ў вобласць, і ў сталіцу. Але найперш важна насыціць жыццё рэгіёнаў такімі адукацыйнымі праграмамі.

Па­вел Ка­ра­лёў.

Павел Каралёў: — Як я разумею, акрэслена некалькі праблем. З аднаго боку, «праблема зверху» ў тым, што населеныя пункты занепадаюць, знікаюць з картаў. А «праблема знізу» ў тым, што людзі не ведаюць, што знаходзіцца побач. Дзе ж ключ да вырашэння?.. Прыгадваецца і любімае мною Сёмкава, што непадалёк ад Мінска. Я там некалькі гадоў працаваў над аднаўленнем сядзібы. Нядаўна там пабудавалі пару чатырох-, пяціпавярховых дамоў — і людзі, што працуюць у Свята-Елісавецінскім манастыры, атрымалі ў іх жыллё. Мяне запрасілі правесці там экскурсію для мясцовых жыхароў, якія толькі засяліліся. Людзі прыйшлі разам з дзецьмі, і я прызнаўся, што крыху зайздрошчу ім, што яны засяліліся ў такое прыгожае месца, — я і сам хацеў бы там жыць, але не атрымалася. Правёў экскурсію — і рэакцыя на яе была каласальнай. Людзі ўжо чакаюць наступнай экскурсіі і плануюць у яе межах, з нагоды Фэсту экскурсаводаў, правесці там прыборку. Адна жанчына сказала цікавыя словы: «Я ўпершыню сустрэла чалавека, які зайздросціць, што мы жывём тут, што тут такая гісторыя...» Раней яна чула пра гэта месца зусім адваротнае і нарэшце сустрэла чалавека з такім поглядам. Таму мне падаецца важным паказаць і ўзбагаціць людзей ведамі пра іх мясцовасць.

На жаль, краязнаўцамі часта пагарджаюць, бо яны звычайна нешта просяць, патрабуюць, адстойваюць, робяць за свае грошы. Таму было б добра ў «Звяздзе» рэгулярна друкаваць невялікія артыкулы пра людзей з пэўных мясцовасцяў і пра тое, што яны зрабілі, што змянілі, што пасунулі. Бо такіх прыкладаў вельмі шмат! Зрабіць так званую «Галерэю герояў малой радзімы».

Было б добра пры Беларускім фондзе культуры стварыць каардынацыйны савет па рэгіёнах, які мог бы наладжваць работу па аб'яднанні розных мясцовых ініцыятыў.

Я цалкам падтрымліваю ідэю Уладзіміра Гілепа наконт кнігі «Славутыя імёны Бацькаўшчыны». Згодны і з тым, што мусіць быць пэўная праграма, прысвечаная малой радзіме. Яе запачаткаваць можа грамадскасць, а падтрымаць — дзяржава. Той жа Фэст экскурсаводаў пачынаў праводзіцца і цяпер па-ранейшаму ладзіцца сіламі грамадскасці, але з часам ён увайшоў у дзяржаўную праграму «Гасцінная Беларусь».

Добра было б зрабіць каляровую кнігу, дзе б кожны раён прадставіў самую «сакавітую» інфармацыю пра сваю мясцовасць. Да яе могуць быць прыкладзены карты, у тым ліку зніклых населеных пунктаў (ці іх назвы). Варта апісаць і тыя фэсты, дзе віруе жыццё раёна. Стварыць такім чынам карыснае прэзентацыйнае выданне і распаўсюдзіць у рэгіёне.

Яшчэ адна мая ідэя — раздрукаваць улёткі і зладзіць акцыю, падчас якой падыходзіць да людзей, напрыклад у межах пэўных фэстаў, і запытваць пра іх малую радзіму? Слушна падзяліўся сваім назіраннем Павел Сухарукаў, што мінчан у Мінску пакуль так і не сустрэў. Большасць жыхароў сталіцы мае малую радзіму. І рознымі захадамі варта заахвоціць людзей задумацца, дзе іх малая радзіма, і скіравацца туды...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Каментары

- Амаль усе мы чыталі кнігі Маін Рыда, Фенімора Купера, Гюстава Эмара і др. аўтараў прыгодніцкіх апавяданняў. Можна колькі заўгодна гаварыць пра ўшанаванне памяці нашых славутых землякоў, але для людей гэта будзе размова ні аб чым !!! - Чаму я згадаў прыведзеныя вышэй імёны ? Таму, што я чытаў кнігі згаданых аўтараў ! Юбілеі і кнігі памяці тут мала дапамогуць. Ну адзначылі 215г. з дня нарэджэння Ігната Дамейкі і следам забыліся. А выдалі б нарэшце яго кнігу ,,Араўканія і яе жыхара" і новае пакаленне беларусаў ужо б добра ведала, хто такі Ігнат Дамейка. Ды і ,,Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і Перу " - Канстанціна Міхаілавіча Ельскага даўно пара выдаць ! Толькі ў прадмове трэба нарэшце раз і назаўсёды разабрацца, у Смалявіцкім, ці Чэрвенскім раёне знаходзілася яго вёска Ляды. - Менавіта так будзе прыходзіць усвядамленне і гонар за сваю радзіму !!!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.