22 Верасень, субота

Вы тут

Купалаўскі тэатр паставіў нецярпімы спектакль пра цярпімасць


Ёсць такая французская актрыса, пісьменніца і драматург іранскага паходжання Ясміна Рэза, якая ў 2007 годзе напісала п'есу «Бог разні». «Найлепшая камедыя сезона 2008 года ў Лондане» ставілася ў многіх еўрапейскіх тэатрах і на Брадвеі, Раман Паланскі зняў па п'есе фільм «Разня» (дзе сыгралі Крыстаф Вальц, Кейт Уінслет, Джон Сі Райлі і Джодзі Фостэр), сваю пастаноўку прадставіў маскоўскі «Современник». Нарэшце, п'еса «Бог разні» стала асновай новага спектакля Купалаўскага тэатра «Талерантнасць», рэжысёрам якога выступіў сам мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. Мы глядзелі камедыю і паспяхова смяяліся над сабой, пакуль аўтарская канцоўка не перавярнула ўсё з ног на галаву. Прэм'ера пастаноўкі адбылася 27 красавіка, і ў гэтыя дні яна ідзе на сцэне Купалаўскага.


На сцэне чатыры персанажы — гаспадары дома Вераніка і Мішэль Валон і госці Анэта і Ален Рэі. Яны толькі што пазнаёміліся. Французскія высокакультурныя буржуа разбіраюцца з канфліктам, які адбыўся паміж іх дзецьмі: сын Рэяў пабіў сына Валонаў, пазбавіўшы яго двух зубоў. На сцяне — тэлевізар, па якім бясконца паказваюць навіны, дзе, апроч спорта і надвор'я, толькі дыктатары і ваенныя канфлікты ў Афрыцы. Зверху, ужо для гледача, — два экраны, на адным з якіх транслюецца той жа выпуск навінаў, а другі сочыць за героямі спектакля зверху.

Дзве быццам супрацьлегласці — бо навіны так ці інакш перадаюць знакі нецярпімасці, а дзве французскія сям'і нават у канфліктнай сітуацыі трымаюцца этыкету і намагаюцца вырашыць праблему шляхам перамоў — у рэшце рэшт прыйдуць да падабенства. Сапраўды, калі размова дзвюх пар пачынаецца да краю ветліва і далікатна — з сумеснага складання заявы пра тое, што адбылося паміж хлопчыкамі ва ўніверсітэцкім скверы, — то скончыцца ўсё поўнай дыскрэдытацыяй еўрапейскай талерантнасці. Дрэнна схаваныя эмоцыі і пачуцці, якія, відаць, увесь час замоўчваліся ў «цярпімых» сямейных адносінах, нарэшце вырвуцца вонкі і пакажуць сапраўдныя твары французскіх буржуа.

З іх праблемамі, болем і шчырасцю яны аказваюцца больш сімпатычнымі персанажамі, зрэшты, больш натуральнымі і жывымі. Прынамсі, мне так падаецца. Хоць, канешне, усе гэтыя сваркі, крыкі, «заткніся» і «я цябе люблю» на павышаных танах выяўляюць фальшывасць вонкавай талерантнасці (прычым не толькі ў зносінах з чужымі людзьмі, але і ўнутры сем'яў), галоўнае тут — працэс.

Сапраўдным задавальненнем будзе назіраць за паступовай эскалацыяй канфлікту (хоць яна і прадказальная, але ніяк ад гэтага не страчвае) — за нечаканымі праявамі кожнага з персанажаў, за слязьмі і ратацыямі ў «ваенных» радах. То сям'я супраць сям'і, то жанчыны супраць мужчын.

Сілкуюць іронію ў бок еўрапейскіх каштоўнасцяў, якія быццам з'яўляюцца перавагай у параўнанні з дзікунамі з выпуску навін, адвакат Ален Рэй — па тэлефоне ён абараняе фармацэўтычную кампанію, што, як аказалася, у вялікім аб'ёме прадала небяспечны прадукт. Альбо Мішэль Валон, што выпусціў хамяка дачкі на вуліцу, быццам на немінучую смерць. Не па-чалавечы неяк. Альбо страсць да мастацтва, якая робіць цябе прыналежным да эліты, але можа аказацца фальшыўкай і снабізмам. Альбо сціранне ўсіх абмежаванняў прыстойнасці ад уздзеяння алкаголю.

Камедыя з ромам, млоснасцю і раскіданымі цюльпанамі, дваццаць еўра за букет, паказвае, што тое, чым Еўропа ганарыцца, насамрэч падробленае і несапраўднае — за талерантнасцю хаваюцца тыя ж нецярпімасць, нянавісць і няветлівасць. Усё зразумела, дзякуй, — п'еса даволі далікатна і іранічна перадае свае лёгкія кпіны — для наведвальніка адна прыемнасць над сур'ёзнымі рэчамі задумвацца пад свой жа гучны смех, тым больш што партыі ў Купалаўскім добрыя, а дэкарацыі (сцэнаграфіяй займаўся мастак Руслан Вашкевіч) мінімалістычныя і стыльныя.

Але Мікалай Пінігін тонкасцямі п'есы не абмяжоўваецца і «сячэ» аўтарскай канцоўкай — сем'і разыходзяцца, яны сябе паказалі, талерантнасць зганьбаваная (на гэтым канчаецца п'еса Ясміны Рэза), і тут у хату заходзяць мусульмане ў адпаведнай вопратцы і дэманструюць узорную размову за вячэрай. Валоны ім прыслужваюць — сімвалічна аказваюцца «ніжэйшымі» за іх, калі, напэўна, глядзець з пункту гледжання культуры. І навіны з Масула, ваенныя канфлікты, трансляцыі медыя набываюць новы сэнс — таго, што скажае рэальнасць і навязвае пэўныя вобразы, згодна з якімі еўрапейская цывілізацыя значна выйграе ў прасунутасці, ліберальнасці, дэмакратычнасці і ўвогуле чалавечнасці.

Толькі спектакль, на жаль, не аказваецца больш праўдзівым, таму што дзейнічае як тыя ж СМІ: стварае няроўнасць (і неталерантнасць) праз увядзенне французскага бескультур'я і арабскай прыстойнасці ў неаспрэчныя абсалюты.

Альбо, што таксама можна вынесці са своеасаблівай канцоўкі Мікалая Пінігіна, бачыць у мусульманах пагрозу, якая культурна запаўняе вашу прастору, сядзіць на вашым крэсле і есць з вашай талеркі. А такі падыход, па-першае, неталерантны (хоць пастаноўка і без таго з талерантнасці толькі кпіць), а па-другое, наўрад ці для нас актуальна. Здаецца, мы яшчэ не навучыліся гаварыць пра талерантнасць такую, якая яна ёсць, а ўжо пачынаем прасоўваць яе наступствы — тэорыі мусульманізацыі Еўропы, якія даўно зданнямі блукаюць па Еўропе.

У выніку прастадушны і лячэбны смех над сабой замяняецца разгубленасцю ад разрыву эстэтык і самога пасылу: дык талерантнасць ёсць добрая ці дрэнная рэч? Якое месца ў гэтых вобразах французскіх сем'яў займаюць беларусы і ці павінны мы нечага баяцца? Напэўна, спектакль перайграў сам сябе і захацеў расказаць пра талерантнасць, толькі базуючыся на той жа катэгарычнасці, з якой звычайна канфлікты і пачынаюцца. Здаецца, гледачу лепш сысці са спектакля роўна ў той момант, калі ад Валонаў сыходзяць Рэі...

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Талерантнасць у квадраце

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.