Вы тут

Радасці пенсіянера — унукі і градкі?


Чаму гэта не так, і як дапамагчы пажылым захаваць цікавасць да жыцця.

Нядаўна ў сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця спецыяльна для людзей пенсійнага ўзросту прайшло адмысловае мерапрыемства. На ім адбыліся сустрэчы з экспертамі па здаровым ладзе жыцця, прайшлі спартыўныя майстар-класы — заняткі ёгай, гімнастыкай, танцавальным фітнесам спецыяльна для людзей старэйшага ўзросту, якім нярэдка трэба захоўваць асцярожнасць пры фізічных нагрузках. А Мінскае веласіпеднае таварыства арганізавала экспрэс-навучанне яздзе на веласіпедзе для дарослых і расказала, якую карысць для здароўя ён прыносіць...


«Старэнне — гэта не заўсёды сінонім немачы і хваробы, і жыццё пасля выхаду на пенсію можа і павінна быць поўным уражанняў, у тым ліку падораных спортам», — лічыць дырэктар Цэнтра актыўнага даўгалецця Дзмітрый Клімковіч. І шматлікія наведвальнікі, а калі дакладней, большай часткай наведвальніцы, што запоўнілі цэнтр у гэты дзень, цалкам з ім згодныя. Многія з іх і на пенсіі вядуць актыўны лад жыцця — вывучаюць камп'ютар і замежныя мовы, падарожнічаюць, займаюцца краязнаўствам, ходзяць на заняткі танцамі і ў паходы.

Але давайце паглядзім праўдзе ў вочы — такой актыўнай з'яўляецца толькі малая частка пажылых беларусаў. Так, яны разбіваюць нашы стэрэатыпныя ўяўленні пра жыццё на пенсіі, але нам нікуды не дзецца ад таго факта, што значная колькасць людзей сталага ўзросту, на жаль, гэтым стэрэатыпам адпавядае. Некаторыя прывыклі быць пасіўнымі, а з узростам яшчэ сталі з асцярогай ставіцца да ўсяго новага. І яны ўжо дакладна не пойдуць ні на які майстар-клас ці гурток. І тым больш, калі за яго яшчэ трэба плаціць.

Як зрабіць жыццё пажылога сваяка больш цікавым?

Каб не даць чалавеку скаціцца ў «дажыванне» (а дэпрэсія пажылых — вельмі распаўсюджаная праблема, гэта вам скажа любы псіхатэрапеўт), трэба ўсімі спосабамі падтрымліваць іх цікавасць да жыцця. Лепш за ўсё гэта могуць зрабіць тыя, хто любіць іх — блізкія людзі. А адным з такіх спосабаў могуць стаць камп'ютар і сацыяльныя сеткі.

«Мая бабуля ў 71 год завяла сабе акаўнт ва «УКантакце», — расказвае 21-гадовая студэнтка БДУ Крысціна Вашкевіч, якая працуе як валанцёр на розных мерапрыемствах. — Гэта проста выдатна, што цяпер ствараюцца праекты па камп'ютарнай адукаванасці пажылых людзей. Чалавеку нельга спыняцца ў сваім развіцці. Калі ў пажылога чалавека ёсць цікавы занятак, у яго знікае адчуванне, што яго дні праходзяць аднастайна і сумна і што яму нават няма чым падзяліцца са сваімі блізкімі, акрамя як скаргамі на жыццё. Ён перастае адчуваць сябе абузай».

Вядома, мы не можам праводзіць увесь час са сваімі старымі — мы павінны працаваць, займацца хатнімі і іншымі справамі. Але можна пераламаць сітуацыю з іх адзінотай і адчуваннем бездапаможнасці, прычым для гэтага не патрабуецца нейкіх вялікіх ахвяр з нашага боку. Досыць невялікай увагі, праўда, падысці да справы трэба будзе творча.

Напрыклад, займаючыся пакупкамі, можна ўспомніць і пра сваю бабулю. Яна ж не можа, як мы, ездзіць па крамах і часцяком нават паняцця не мае, што бываюць розныя маленькія штучкі, якія робяць наша жыццё больш зручным і прыемным. Некаторыя тавары — са сталічнага або з інтэрнэт-магазіна, якія мы даўно ўспрымаем як рэчы самыя звычайныя, могуць стаць для яе цэлым адкрыццём.

«Я проста ашчаслівіла сваю бабулю, падарыўшы ёй пачак капеечных стыкераў (налепак), — расказвае Крысціна. — Яна любіць, каб ва ўсім быў парадак. Так, у яе ёсць агульны сшытак, у якім бабуля, паслухаўшы радыё або тэлевізар, піша рэцэпты і розныя нататкі — патрэбныя тэлефоны, парады доктара і іншыя. Я зрабіла ёй у сшытку «рубрыкі», і яна цяпер не перапісвае туды адно і тое ж па два разы з нейкіх лісточкаў, а піша свае нататкі на каляровых стыкерах, і потым уклейвае іх у адпаведную рубрыку. Так у бабулі атрымалася самая сапраўдная картатэка карысных звестак — і прытым вельмі яркая, каляровая! А яшчэ на стыкерах яна піша розныя запісачкі для сябе, каб чагосьці не забыць зрабіць, і расклейвае іх на бачных месцах — бо памяць ужо трохі стала падводзіць».

Можа, калі-небудзь мемуары вашай бабулі патрапяць у газету...

Часта бывае, што пажылыя сваякі раз за разам расказваюць нам адны і тыя ж аповеды пра сваё дзяцінства і юнацтва, і слухаць іх, пагадзіцеся, бывае ўжо проста немагчыма, а не слухаць — чакай крыўды. Але ж гэтыя ўспаміны на самай справе — вельмі каштоўная рэч. Можна прапанаваць пажылому чалавеку запісаць свае мемуары. Паверце, потым, праз нейкі час, чытаць іх вы ці хтосьці іншы будзеце з захапленнем. Калі бабулі або дзядулі цяжка запісваць — напрыклад, падводзіць зрок ці проста яны лічаць, што не майстры пісаць — дапамажыце ім асвоіць дыктафон, гэтая функцыя зараз ёсць практычна ў любым тэлефоне. І хай пажылы чалавек надыктоўвае свае ўспаміны...

Усё жыццё нашых бацькоў і бабуль з дзядулямі часцяком было барацьбой за выжыванне — нярэдка яны працавалі на знос, каб зводзіць канцы з канцамі. А выйшаўшы на пенсію і атрымаўшы нечакана шмат вольнага часу, многія з іх не ведаюць, чым сябе заняць, ну, акрамя як клапаціцца аб дзецях і ўнуках. Але ў тых сваё жыццё, і бывае, што клопат з боку старых людзей становіцца проста навязлівым. А што, калі паспрабаваць знайсці ім захапленне? Адшукайце іх аднакласнікаў у інтэрнэце і дапамажыце пачаць перапісвацца з імі. Або запампуйце з YоuTubе іх любімыя рамансы ці песні маладосці і падарыце недарагі плэер — убачыце, якімі меламанамі яны стануць. І не застанецца месца пачуццю суму. Варта толькі крыху падумаць — і заўсёды можна прыйсці да нейкай цікавай ідэі, для рэалізацыі якой не трэба ні шмат грошай, ні процьмы часу...

Давайце паглядзім праўдзе ў вочы — актыўнай з'яўляецца толькі малая частка пажылых беларусаў. Так, яны разбіваюць нашы стэрэатыпныя ўяўленні пра жыццё на пенсіі, але нам нікуды не дзецца ад таго факта, што значная колькасць людзей сталага ўзросту, на жаль, гэтым стэрэатыпам адпавядае.

Святлана БУСЬКО

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.