Вы тут

Трагічная бясконцасць беларускага паркана


Рыгор Сітніца любіць шумныя кампаніі, прэзентацыі, прэм’еры. Але ў яго карцінах заўсёднае бязлюддзе.


Ён чалавек эмацыянальны, рухавы, гучны. У той час, як геаметрычна-дасканалыя графічныя творы мастака напоўнены статыкай і маўчаннем.

Вялікі прыхільнік савецкага мастацтва (канструктывісты, супрэматысты, Дайнека, Штэрнберг, Майсеенка), ён эмацыянальна блізкі амерыканскім класікам Эндру Уаету і Эдварду Хоперу.

Кінематаграфічна-халодны жывапіс Хопера тоесны Сітніцу сваёй адцягненай нардычнасцю, а знакаміты самотнік Уает захапляе амаль гіперрэалістычнай прамаляванасцю, напоўненай меланхалічнай паэзіяй, гэтак уласцівай ранняй прозе Кузьмы Чорнага, якую так любіць чытаць спадар Рыгор, калі заканчвае свой чарговы твор.

Але Сітніца захапляецца Уаетам не толькі з-за духоўнай еднасці амерыканца з аўтарам раманаў «Сястра» і «Зямля». Эндру Уает, які ўсё жыццё пражыў на сваім ранча і маляваў толькі яго ваколіцы, ні разу не паўтарыўся, стварыў кампазіцыйна насычаны, унікальны свет, дзе вонкава простыя і нават банальныя ў сваёй штодзённасці рэчы набываюць нечаканае значэнне.

Такі творчы падыход вельмі блізкі і спадару Рыгору. Пераканаемся ў гэтым, гартаючы фотаальбом «Рыгор Сітніца. Простыя рэчы» (Выдавецкі дом «Звязда», 2017), прысвечаны творчасці мастака і паэта.

Адзін з пастаянных «герояў» карцін Сітніцы — бясконцы, дасканала прамаляваны паркан, які знікае за межамі графічнага ліста і мы не бачым ні яго пачатку, ні завяршэння. Паркан успрымаецца своеасаблівым абярэгам: ратуе гарманічны, ледзьве не пад лінейку створаны свет Рыгора Сітніцы ад хаосу і бязладдзя (серыя «Шпацыр уздоўж паркана»).

 Звычайная драўляная хата (серыя «Новы дом»), дзякуючы ракурсам у стылі Родчанкі і акцэнтацыі на вобразе трохкутніка (шчыт хаты), ператвараецца ў храм. Сітніца любіць насычаць сваю графічную гасподу пэўнай сакральнасцю, нават назвы некаторым сваім серыям дае адпаведныя, напрыклад «Святло адвечнае». На адной з карцін з гэтай серыі гурба бульбы больш нагадвае дасканалую піраміду ці той жа трохкутнік. А на шматлікія замкі, цэрквы, фрагменты ўмацаванняў даволі часта падае з неба сімвалічны прамень святла, як быццам нехта ўключыў велізарны пражэктар.

Эндру Уает баяўся падобнага літаратурнага сімвалізму і ўсяляк яго пазбягаў. Як, дарэчы, і многія іншыя любімыя мастакі Рыгора Сітніцы.

Але ў творах героя нашага артыкула падобная зададзенасць амаль не кідаецца ў вочы. І, нават калі бачыш на яго карціне тую ж бульбу, захапляешся не тым, што яна складзена пірамідай, а іншым: як можна пры дапамозе звычайных каляровых алоўкаў дамагчыся эфекту, быццам бульба і на самай справе свеціцца!

У некаторых сваіх работах Сітніца і зусім забываецца на ўсялякую «ідэйнасць», «літаратурнасць». Сярод такіх твораў можна безумоўна назваць яго «Безназоўнае». Памятаю, як на выстаўцы суполкі «Пагоня» ў 1999 годзе многія былі здзіўлены, калі ўбачылі гэту карціну.

«Святло адвечнае І». Папера, каляровыя алоўкі, 1996 г.

На той час глядач ужо прывык, што Сітніца малюе выключна гіперрэалістычныя платы, хаты, замкі ды іншую архітэктуру, напоўненую філасофскім сэнсам, ператвораную ў знак.

І раптам перад намі было выстаўлена калярованасычанае, ярка-зялёнае палатно, без аніякага «літаратурнага» зместу, ніякай нардычнасці і глыбакадумнай сузіральнасці! Усяго толькі тры цудоўна скампанаваныя, намаляваныя акрылавай фарбай лапікі гароду. Колер, кампазіцыя, пэўная хуліганістасць, з якой было выканана гэтае «Безназоўнае», здзіўлялі, інтрыгавалі, цвялілі, дражнілі, натхнялі.

Адразу прыгадалася папярэдняя графічная серыя «Ратаванне Грэцыяй» (1997 г.), дзе іншыя краявіды, паветра, пластыка і рытміка дыктавалі мастаку другі творчы падыход. Менавіта ў гэтай серыі Сітніца ўпершыню для сябе пачаў актыўна выкарыстоўваць яркі колер, а грэчаская весялосць і бесклапотнасць эмацыянальна перадаліся яго творам і пазбавілі нават намёку на дэкларатыўнасць.

Тым не менш у далейшым мастак ізноў вярнуўся да свайго традыцыйнага стылю. Некаторыя творы (і па колеры, і па настроі) набывалі цалкам уаетаўскае гучанне (як, напрыклад, «Гаспода No 9», «Гаспода No 10»), некаторыя («Шпацыр уздоўж паркана 8») былі творчымі паўторамі яго шэдэўраў 1990-х гадоў.

Але два гады таму зноў пачаўся час эксперыментаў.

Яго новыя парканы па-ранейшаму такія ж бясконцыя і бязмежныя, але пачала паціху знікаць геаметрычная «правільнасць», забыты аловак (замест яго — акрыл), няма «боскага» пражэктарнага святла.

Перад намі трагічныя па колеры, змрочна-невясёлыя, нават з’едлівыя паводле настрою палотны, дзе тужлівая рытміка вертыкаляў платоў настройвае на трывожны лад. Гэтыя платы ўжо не аберагаюць, яны душаць, наступаюць, хочуць захапіць у свае іржава-жалезныя абдымкі, каб не выпусціць, не паказаць таго, што хаваюць ад нас.

Песімістычныя ноткі ўзмацняюцца яшчэ і тым, што ўзнікае такое адчуванне, быццам за гэтымі платамі нічога добрага, па сутнасці, і няма. Толькі свінцовае неба з каменнымі сценамі і будынкамі («Шпацыр уздоўж паркана 12», «Шпацыр уздоўж паркана 14») альбо ўвогуле суцэльная цемра («Шпацыр уздоўж паркана 13»).

Калі глядзіш на гэтыя палотны, то міжволі згадваеш радкі Якуба Коласа:

Кругом тупік, сцяна глухая.

Ні ценю спогадзі жывой.

Якуб Колас напісаў гэта ў 60 гадоў. Менавіта ў такім узросце пачаўся новы ўзлёт яго творчасці. Стома, расчараванасць, пачуццё адзіноты надалі паэзіі новае абвострана-тужлівае гучанне. Паказалі нам нечаканага Якуба Коласа.

Нешта падобнае цяпер адбываецца і з творчасцю (таксама 60-гадовага!) Рыгора Сітніцы, мастака, які ўмее здзіўляць і чые творы даўно ўжо занялі ганаровае месца сярод карцін Родчанкі, Уаета, Дайнекі ды іншых духоўных настаўнікаў і сяброў спадара Рыгора.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.