Вы тут

Пенсіянеры пазнаёміліся ў інтэрнаце і жывуць душа ў душу


«Усе ў інтэрнаце зайздросцяць нашаму сяброўству. Кажуць, мы добрая пара», — какетліва ўсміхаецца Галіна МАЦЮХІНА. Галіне Сяргееўне 94 гады. Яе спадарожніку Івану КАСЦЕВІЧУ — 87. Чатыры гады таму яны пазнаёміліся ў Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны і працы. З таго часу і не расстаюцца.


Пенсіянераў мы застаём на лаўцы на ганку інтэрната. «Мы тут загараем, — смяецца Іван Майсеевіч. — Пераказваем адно аднаму сваё жыццё».

А расказаць кожнаму ёсць што. Іван Майсеевіч родам з Гродна, але шмат гадоў пражыў у Прыбалтыцы. Апынуўся там, бо не змог паступіць на радзіме ў тэхнікум: ён малалетні вязень, быў падчас вайны ў Германіі, а такіх установы адукацыі набіраць не хацелі. Вось мужчына і з'ехаў у Рыгу. Ажаніўся там, дзяцей выгадаваў, але грамадзянства так і не атрымаў: яго давалі толькі тым, хто ў Латвіі нарадзіўся. Таму вярнуўся ў Беларусь.

Жонкі Івана Майсеевіча даўно не стала, гадоў 30 таму.

— Атрымалася так, што яна запіла, таму і рана памерла. Звычайна жанчыны скардзяцца, што мужчыны п'юць, — у мяне ўсё наадварот... Можа, і я ў нейкай ступені вінаваты, што працаваў шмат, рэдка дома бываў. Гадоў 15 мы жылі цудоўна, а потым школьныя сяброўкі жонкі прыехалі. Тыя любілі выпіць і яе ўцягнулі...

Галіна Сяргееўна — мінчанка. У вайну дапамагала ў падполлі, потым у партызанскім атрадзе. А пасля Галіну адправілі на арганізацыю музея Вялікай Айчыннай вайны. Жанчына ўспамінае, як яны рамантавалі чатырохпавярховы разбіты корпус, збіралі экспанаты.

У інтэрнаце пенсіянерка жыве дзевяць гадоў.

— У мяне кватэра была на сёмым паверсе, і вокны на паўднёвы бок выходзілі. Летам мы з мужам «гінулі»: так спякотна было. Вырашылі сюды на тры месяцы пераехаць — і затрымаліся. Муж толькі год тут пабыў — памёр пасля інсульту. Цяжка гэта перажывала: мы ж усё жыццё разам.

Галіна Сяргееўна запрашае нас да сябе ў пакой. На сценах — фатаграфіі бацькоў і ўнукаў, на стале — букет бэзу. «Іван на кожнае свята мне кветкі дорыць, — хваліцца. — Да гэтага цюльпаны ў вазе стаялі. А неяк на Камароўцы букет купіў — я такіх прыгожых кветак нават не бачыла ніколі, хоць раней агарод саджала і ўсе сарты ведаю».

Яшчэ адзін падарунак Івана Майсеевіча — наручны гадзіннік, які гаворыць. Галіна Сяргееўна пасля цяжкай хваробы дрэнна стала бачыць, а так можа паслухаць, які цяпер час.

— Але Галіна больш мяне віншуе, чым я яе. Яна багацейшая, — смяецца Іван.

Жывуць пенсіянеры ў асобных пакоях. Кажуць, іх хацелі пасяліць разам, але яны пабаяліся, што перасварацца, калі з'едуцца, і адмовіліся. У гэтым справа ці не, але за чатыры гады, што пара знаёмая, не было ніводнай сваркі.

Цікавімся: няўжо Івана Майсеевіча не спрабавалі пераманіць іншыя жанчыны? Мужчын жа ў інтэрнаце мала. Пенсіянер бянтэжыцца: не заўважаў нават. А Галіна Сяргееўна ўсё бачыла. «Калі з ім пазнаёмілася, нешта сябровак у мяне менш стала... Але і мне мужчыны знакі ўвагі аказвалі, хоць я старэйшая. Падабалася многім».

Амаль увесь дзень яны праводзяць разам. Глядзяць тэлевізар, абмяркоўваюць праграмы. Іван Майсеевіч, у якога зрок лепшы, чытае газеты, а потым пераказвае Галіне Сяргееўне самае цікавае.

— Ёсць у нас любімае месца — там далей, на тэрыторыі інтэрната, тры бярозы растуць. Але цяпер пешыя шпацыры ў нас рэдкія — хадзіць цяжка, — кажа пенсіянер. — У асноўным сядзім на вуліцы. Я заходжу па Галіну, забіраю яе. Падпарадкоўваецца, крочыць ззаду.

— Бо я чалавек, які ўсё жыццё некаму падпарадкоўваўся, — усміхаецца жанчына. — Іван даглядае мяне, робіць гарбату, каву. Калі ўнукі прыязджаюць, стол нам накрывае.

— Думаю, заўтра з'езджу на базар, — успамінае пра гаспадарчыя справы Іван Майсеевіч і тлумачыць: — У нас адзін халадзільнік на дваіх. Што з прадуктаў купляю? Мы мяса любім. Часам кумпячкі курыныя бяру — іх у мікрахвалёўцы лёгка гатаваць. Галіна яшчэ аматар селядца і марожанага, а я дыябетык — марожанага не ем. Мы ўжо вывучылі густы адно аднаго.

— І характары, — дадае жанчына. — Вось Іван спакойны чалавек, уступчывы.

— І Галіна такая ж. Мы, напэўна, таму і сышліся, што падобныя.

Пытаемся ў Галіны Сяргееўны, ці прыбіраецца яна на спатканні. Яна ўздыхае: няма жадання, узрост не той.

— Я ёй часам раблю заўвагу, — дзеліцца Іван Майсеевіч. — У яе ж поўная шафа адзення: там сукенак сем—восем. А яна прывыкла да таго, у чым зараз сядзіць, кажа, ёй і ў гэтым добра.

— Вядома, у мяне шмат сукенак. Я ж працавала начальнікам вылічальнага цэнтра на «Гарызонце» — адна жанчына сярод мужчын! Вось і прыбіралася, — парыруе Галіна.

Як яшчэ бавяць час пенсіянеры? Іван Майсеевіч, напрыклад, у камп'ютары сядзіць. Адна з любімых праграм — караоке.

— Да 70-годдзя Перамогі, здаецца, давалі выплаты — 350 рублёў. Я тады і купіў камп'ютар, — успамінае суразмоўнік. — Хацеў на курсы пайсці, каб паказалі, як ім карыстацца, але яны вячэрнія, няма чым з Мінска прыехаць сюды. Таму мяне школьнікі навучылі, якія тут побач у дамах жывуць. А Галіна планшэтам карыстацца ўмее, з дачкой па «скайпе» размаўляе. Але самы любімы занятак у яе — гэта сон, — жартуе.

— Сплю шмат, дзяўчаты, — не адмаўляе пенсіянерка. — Відаць, таму, што некалі многа працавала.

Жанчына дзеліцца, што ёй у мужчынах важныя такія якасці, як сумленнасць, праўдзівасць, уважлівасць. А Іван Майсеевіч падслухоўвае — прымае да ведама. Потым, калі мы з Галінай Сяргееўнай застанёмся сам-насам, яна прызнаецца: пашанцавала ёй сустрэць такога спадарожніка. «Іван добры чалавечак. Не ўяўляю, як бы жыла тут без яго».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Каханне без узросту

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.