Вы тут

Вярнуць напаўзабытых творцаў


Напры к а н ц ы мая, да гадавіны ўтварэння літаб’яднання «Узвышша», у Беларускім дзяржаўным архіве-му зеі літаратуры і мастацтва прайшлі традыцыйныя Узвышаўскія чытанні. Падчас чытанняў была прэзентавана новая кніжная серыя «Святлацені». У межах серыі будуць прадстаўлены напаўзабытыя беларускія аўтары 1920—1930-х гадоў, чые творы не выдаваліся шмат дзесяцігоддзяў альбо дагэтуль захоўваюцца ў рукапісах. Першую кнігу серыі — «Пералівы» Юркі Лявоннага — прадставілі дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў і вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль.


— Сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Юркі Лявоннага, таму прыгожа і сімвалічна, што кніга выходзіць да юбілею, — адзначыў укладальнік Віктар Жыбуль. — Папярэдняе выданне 1960 года мела шмат недарэчнасцей. Напрыклад, біяграфічная нататка паведамляла, што Юры Лявонны памёр у 1944 годзе, хаця насамрэч быў расстраляны ў 1937 годзе. Тады гэтыя факты яшчэ замоўчваліся... Многія даты пад вершамі не супадалі з рэальнымі датамі напісання. Шмат вершаў прыпісана да 1933—1934 гг., хаця былі створаны ў 1920-я гады. Магчыма, выдаўцы хацелі паказаць, што паэт плённа працаваў на працягу ўсяго кароткага жыцця і нішто яму не замінала. Але насамрэч ён пісаў усё меней, у 1930-я публікаваў пераважна вершы-агіткі. Па натуры Юрка Лявонны быў рамантык, лірык, але нярэдка яму даводзілася выконваць сацзаказ... У новай кнізе мы імкнуліся прадставіць творчасць Юркі Лявоннага больш аб’ектыўна і дакладна, выбраць вершы, якія зацікавяць сённяшняга чытача.

У выданні змешчана аўтабіяграфія Юркі Лявоннага, якая захоўваецца ў фондзе БДАМЛМ, а таксама шмат ілюстрацый. У наступных выданнях серыі таксама будуць актыўна задзейнічаны архіўныя фонды. З выкарыстаннем архіўных матэрыялаў БДАМЛМ плануецца выдаць кнігі Сяргея Астрэйкі, Алеся Пруднікава, Віктара Казлоўскага. Дарэчы, частка рукапіса Сяргея Астрэйкі «Бенгалія», які лічыўся страчаным, была нядаўна знойдзена ў адным сямейным архіве.

З прозы выдаўцы збіраюцца прапанаваць чытачам аповесць Алеся Гародні «Варта на Рэйне».

— Гэта забыты твор пра Першую сусветную вайну, напісаны стылем, блізкім да футурыстычнага. Нават Максім Гарэцкі адзначаў, што ніколі дагэтуль у беларускай літаратуры нічога падобнага не было, — падкрэсліў Віктар Жыбуль.

Назва серыі «Святлацені» была натхнёная кнігай паэта-ўзвышэнца Тодара Кляшторнага, выдадзенай у 1928 годзе. На думку заснавальнікаў серыі, гэтая назва ёмістая і ўніверсальная, бо падкрэслівае разнастайнасць і пэўную кантраснасць тагачаснай беларускай літаратуры.

— Важна не толькі згадваць нашых папярэднікаў на літаратурных канферэнцыях — важна, каб была пераемнасць пакаленняў, — мяркуе Зміцер Вішнёў. — У беларускай літаратуры пераемнасці няма — і гэта праблема. Прыходзяць новыя пакаленні актыўных маладых творцаў, і ўсе спрабуюць рабіць сваю невялікую рэвалюцыю ў літаратуры. Яны не ведаюць папярэднікаў, не чытаюць — часам таму, што няма выдадзеных твораў. Напрыклад, Юрка Лявонны не выдаваўся больш за паўстагоддзя. Нашы суседзі больш актыўна выдаюць літаратуру 1920—1930-х гг., а ў нас пакуль не так шмат ініцыятыў. Ідэя серыі існуе каля дзесяці гадоў, і мы вельмі ўдзячны тым, хто падтрымаў наш праект!

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.