Вы тут

Старая Еўропа: самапазнанне


Сімвалічна, што дакументальная стужка «Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні» прыйшла да беларускага гледача менавіта сёлета, у Год малой радзімы. Для рэжысёра і аўтара фільма Волі Дземкі далёкая (па адлегласці) радзіма — Беларусь, бо з 2003 года яна жыве ў ЗША. Але куды б ні траплялі нашы людзі, яны ўсё адно адчуваюць сваю радзіму. І, можа, нават больш востра: бо вялікае бачыцца на адлегласці.


Вялікая любоў Волі Дземкі перайшла ў фільм, які выклікае захапленне больш за 2 гады, праехаў шмат фестываляў і паўсюль пакідаў уражанне адкрыцця: найстаражытнейшыя песні ў Еўропе захаваліся ў Беларусі, сцвярджаюць этнографы. Гэта адкрыццё, магчыма, больш істотнае для самой Беларусі: ці ўсё мы ведаем пра сябе? ці можам ацаніць скарбы — нематэрыяльныя, — якія маем? Мы ўжо мелі магчымасць задаць сабе гэта пытанне, бо стужку паказалі на кінафестывалі «Лістапад». Але фестывальная аўдыторыя — адно. Зусім іншае — дайсці да кожнага. А Воля Дземка спрабуе гэта зрабіць, бо цяпер яе фільм можна знайсці ў нас на дысках. Фактычна фільм ператварыўся ў асобны праект, які мае на мэце не проста пазнаёміць з адметнымі народнымі творамі і іх носьбітамі, якіх становіцца ўсё менш. Ён мае на мэце захапіць, падхапіць з канапы і павесці за сабой шукаць гэтыя скарбы.

Мы рушым у фальклорную экспедыцыю (між іншым, аўтарка сапраўды наладзіла этнавандроўку на Палессе за свае грошы, калі здымала стужку, далучыліся і аматары, захопленыя фальклорам ці неабыякавыя да яго захавання). Знаёмыя краявіды, вёскі, хаты, людзі... У тварах — шчырасць і спакой: яны жывуць сумленна ў згодзе з тым наваколлем, якое ўтварыла асаблівую культуру, што працягвае жыць — у песнях, якія яшчэ гучаць. На вячорках ці вясковых вяселлях (але ўжо менш і менш). Іх спяваюць і проста так, калі ў вачах суразмоўцаў сапраўдная жывая зацікаўленасць. Іх спяваюць, цалкам аддаўшыся мелодыі, ідучы ўслед за словамі. І такое адчуванне, што ў гэты момант душы ўсіх, хто ведаў гэтую песню, утвараюць нябачны хор і далучаюцца да спеваў, падхопліваюць, падтрымліваюць, дыктуюць словы...

Але ад задумы да ажыццяўлення ідэі прайшло пяць гадоў. Мала было проста праехаць з экспедыцыяй па Гомельшчыне і Брэстчыне. Для стварэння паўнавартаснага дакументальнага фільма творчая група зрабіла даследчую працу: архіўныя кадры пачатку мінулага стагоддзя падкрэслілі такую неабходную пераемнасць. Бо фальклор жыве, калі ёсць тыя, з кім ён злучаны натуральным чынам — праз будзённыя справы, праз абрады, што падтрымліваюцца дагэтуль, паданні, якія раскрываюць адметнасць мыслення і светаўспрымання наогул.

Гэтая наша натуральнасць становіцца настальгічным успамінам для аўтаркі, якая шукае падабенства беларускай прыроды з амерыканскай. І калі пастарацца, то можна знайсці — убачыць! — яго. Немагчыма перавесці радзіму кудысьці, але можна насіць яе з сабою. Як гэта і было ў Вольгі: падчас жыцця ў Амерыцы яна ўспамінала сваё дзяцінства ў вёсцы ў дзядулі з бабуляй, успамінала ўдзел у фальлорным гурце Guda і нават заснавала ўжо за акіянам уласны гурт архаічных беларускіх народных спеваў Volya.

Песні ў фільме здаюцца голасам, што перасягае акіяны. Гукавы рад фільма ўключае больш за 100 песень. Але не менш каларытнымі і яркімі паўстаюць іх выканаўцы праз інтэрв’ю, зробленыя падчас здымак у Беларусі, — людзі, што дагэтуль з’яўляюцца носібітамі старажытнай традыцыі спеваў. І нават сучасныя выканаўцы, што натхнёныя традыцыяй, але працягваюць яе на новым, сучасным узроўні: гурты «Троіца», Guda, Vuraj ды іншыя. Нашы песні захопліваюць так, што прыходзяць на ўсё жыццё і становяцца яго часткай.

Гэта адчула шматлікая публіка, што глядзела фільм у розных краінах. І англійская мова, магчыма, станавілася для іх лепшым фонам, адбіткам, падкрэсленай ілюстрацыяй самабытнасці беларусаў. І нават сведчанне глабалізацыі, якая найперш уплывае на існаванне традыцыйных культур, паскараючы іх знікненне. Прадстаўнікі кожнага «малога» народа свету яе глядзяць са свайго пункту гледжання, з боку сваёй культуры. І, можа быць, гэта самае каштоўнае ў стужцы, якая абуджае цікавасць да культурнай рознасці наогул.

Таму стужка атрымала станоўчыя водгукі прафесіяналаў. «“Песні старой Еўропы” — неверагодна прыгожы, насычаны, інфарматыўны, адукацыйны, кранальны і з пачуццём гумару фільм. У ім прысутнічаюць усе рысы, якімі павінна валодаць любая стужка», — адзначыў Крыс Джуліян, фільмавытворца, выкладчык у каледжы мастацтваў Корніш і ў Інстытуце мастацтваў Сіэтла. Так, зразумела, Воля Дземка скончыла гэты інстытут па спецыяльнасці «Камерцыйны фатограф», потым удасканальвала веды на праграме бакалаўрыята «Стварэнне лічбавых фільмаў і відэавытворчасць». Але дзяўчына, якая працавала прадзюсарам, рэжысёрам, асістэнтам рэжысёра і аператарам-пастаноўшчыкам ў шэрагу кароткаметражных фільмаў, рэкламных ролікаў і музыкальных кліпаў, узялася здымаць фільм пра тое, што terra inkognita не толькі для свету, але нават на радзіме. Гэта не здараецца і не прыходзіць проста так. Дапамагалі ў стварэнні фільма аніматар Юлія Рудзіцкая (таксама наш чалавек за акіянам), беларуская адметнасць захапіла кінааператара Джордана Свенсана, камп’ютарную графіку стварыў Анатоль Тадорскі, што жыве ў Брэсце. Больш падрабязна пра кожнага са стваральнікаў і спевакоў, пра якіх распавядае фільм, можна прачытаць у буклеце разам з самім фільмам на дыску. Самы час рушыць у экспедыцыю — з фільмам ці дзякуючы яму: ці запісаныя песні вашых бабуль?

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.