Вы тут

«Парнас гудзе!»


У Гарадку падчас адмысловага свята згадалі легендарную паэму

Дзясяты раз адгрымелі гармонікі і адгучалі песні і вершы, лірыка і гумар, танцы і жарты, тэатральныя мініяцюры, адшумелі міні-кірмашы на вулачках Гарадка, што на Віцебшчыне, у мінулыя выхадныя, калі адбывалася свята «Гарадоцкі Парнас».


«Свята ідзе! Парнас Гудзе!» — урачысты канцэрт з такой назвай сабраў творчыя калектывы Віцебскай вобласці. Асаблівым упрыгожаннем яго стаў танцавальны флэшмоб старадаўніх гарадоцкіх танцаў «Скокі ва ўсе бокі».

Але цэнтральнай падзеяй мерапрыемства было Свята паэзіі «Вераніцынская зорка». На адкрыцці свята мне як старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі хацелася нагадаць гісторыю стварэння паэмы «Тарас на Парнасе». Распавядала я пра ўстанаўленне аўтарства вядомым беларускім літаратуразнаўцам, гісторыкам, этнографам і даследчыкам Генадзем Кісялёвым у 1970 годзе. З моманту напісання паэмы — 15 красавіка 1855 года — у Гарадку прайшло мноства перавыданняў і перакладаў гэтага помніка беларускай літаратуры і культуры. Паэма ўключана ў школьную праграму. Але што цікава: твор напісаны Канстанцінам Вераніцыным у той час, калі яму быў усяго 21 год. Паэма з’яўляецца агульнапрызнаным помнікам сатырычнай лірыкі ХІХ стагоддзя, выдатная глыбінёй мастацкай ідэі і арыгінальнасцю літаратурнай формы, вастрынёй сатыры і вострым гумарам, жвавасцю і непасрэднасцю народнай думкі. Яе мова — жывы віцебскі дыялект таго часу. Акрамя таго, паэма, якой прысвечана гэта цудоўнае свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору, вылучаецца асаблівым стаўленнем да беларускага народа, разуменнем яго складанага лёсу, не заўсёды багатага на радасць, але ўвесь час поўнага цяжкай працы. Даследчыкі называюць паэму «жамчужынай беларускай паэзіі ХІХ стагоддзя».

 Паэтычнае свята прайшло з удзелам вядомых літаратараў Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіны Загурскай, Мікалая Балдоўскага, паэта з Расіі Аляксандра Лісняка, талентаў з літаратурнага клуба Гарадоцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі і іншых літаратараў.

Сёлета свята «Гарадоцкі Парнас» вызначалася разнастайнасцю: па ўсім парку, вуліцах і на цэнтральнай плошчы горада прыцягвалі ўвагу гасцей і жыхароў тэматычныя пляцоўкі: «Тарасава сядзіба», «Музычны панадворак», «Рыбацкае шчасце», «Гульні на Парнасе», многія госці бралі ў іх актыўны ўдзел. Вялікую ўвагу арганізацыі свята штогод надае кіраўніцтва Гарадоцкага райвыканкама: старшыня Пётр Пятровіч Карабач, намеснік старшыні Марына Анатольеўна Здольнікава і кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па працы з моладдзю Вольга Уладзіміраўна Каўрыга.

Выстаўка-продаж вырабаў народных майстроў, майстар-класы па ўнікальных рамёствах Гарадоччыны, выстаўка «Кветкі багіні» ад народнага аб’яднання «Зялёная Альтанка» клікалі ўсіх на «Кірмаш ля Парнаса», які раскінуўся на Цэнтральнай плошчы. Можна было завітаць на выстаўку паляўнічых трафеяў «Леснічоўка». Юныя аматары жывапісу і графікі праводзілі пленэр «Любы сэрцу край», адначасова была арганізавана і выстаўка дзіцячых малюнкаў. «У Госці да палясоўшчыка» запрашалі жывапісныя сталы з прысмакамі беларускай кухні.

Побач у парку шумела весялосцю дзіцячая пляцоўка «Горад дзяцінства» з праграмай і забавамі для малых. А трошкі пазней разгарнулася выступленне творчых калектываў Гарадоччыны «Спявай душа народная», якое прыцягнула да сябе ўдзельнікаў свята вясёлымі і празрыстымі народнымі песнямі, якія да самага заходу сонца ліліся вуліцамі Гарадка...

 Тамара КРАСНОВА-ГУСАЧЭНКА, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.