Вы тут

Буйныя крамы «пайшлі» ў рэгіёны


А ў сталіцы з'явіцца новы фармат — мегамолы.

Апошні год для сталічнага рытэйлу можна назваць прарыўным, паколькі на рынак выйшла адразу тры буйныя гандлёвыя цэнтры. На падыходзе яшчэ адна не менш буйная тройка. Атрымліваецца, што патэнцыял для развіцця ў сталіцы для сучаснага гандлю яшчэ ёсць. Але ёсць і альтэрнатыўнае меркаванне: «Каб выжыць, гандлю варта накіроўвацца ў рэгіёны». Аб магчымых перспектывах развіцця гандлю расказвае кіраўнік гандлёвага сектара «Твая сталіца. Кіраванне праектамі» Арцём Давідовіч.


Новы ўзровень рытэйлу

— Калі казаць пра сітуацыю ў цэлым, то рынак камерцыйнай нерухомасці ў нашай краіне развіваецца хвалямі, — расказвае кіраўнік сектара. — Першае сур'ёзнае ўзрушэнне адбылося падчас сусветнага эканамічнага крызісу 2007—2008 гадоў. Цяпер рынак хутчэй знаходзіцца на ўздыме — мы адышлі ад апошніх узрушэнняў, цэны на гандлёвыя плошчы стабілізаваліся і нават трохі растуць. Яшчэ летась цэны намецілі станоўчую дынаміку, а вакантнасць у гандлёвых цэнтрах паступова ліквідуецца.

Лепш за ўсё гэтыя змены чытаюцца на сталічным рынку, дзе знаходзіцца ўвесь бізнес і абарачаюцца найбольшыя грашовыя патокі. Так, за год увяліся і запоўніліся такія вядомыя праекты-даўгабуды, як Gаllеrіа Mіnsk, Dаnа Mаll і Grееn Сіtу. Пра якасць кожнага з гэтых аб'ектаў можна весці доўгую дыскусію, але правальных праектаў сярод іх няма. Гэта новы для краіны ўзровень рытэйлу; маштаб, якога дагэтуль ні ў Мінску, ні тым больш у рэгіёнах не было.

Кліента трэба здзіўляць

Нягледзячы на пазітыўную тэндэнцыю на рынку, будаваць цяпер няпроста. Выраслі цэны на будматэрыялы, існуе высокая канкурэнцыя, ёсць пытанні па крэдытаванні. Пасля таго як будзе ўведзена ў эксплуатацыю наступная партыя буйных праектаў (ГЗЦ Раlаzzо, Mіnsk Сіtу Mаll і DіаMоnd Сіtу), на рынку цалкам верагодна з'явіцца новы фармат — мегамолы. Дэвелаперы выйдуць за МКАД, дзе больш прасторы, няма праблем з паркоўкай і ў работу можна ўзяць вялікі ўчастак. Такі фармат даўно выкарыстоўваецца на Захадзе, ёсць прыклады ў нашых суседзяў у Кіеве і Маскве. Гэта буйныя гандлёва-забаўляльныя цэнтры з пераважным забаўляльным складнікам.

Увесь свет сыходзіць ад звыклага фармату гандлёвых цэнтраў, паколькі гандаль пад уздзеяннем інтэрнэту паступова выцясняецца ў анлайн. Рытэйл накіраваны на імпульсіўныя пакупкі, а таму галоўная мэта — максімальна доўга затрымаць спажыўца на аб'екце з дапамогай забаўляльнага сегмента, фудкорта і ўнікальнай прапановы. У Амерыцы штогод зачыняюцца дзясяткі аб'ектаў, якія не захацелі ці не змаглі трансфармавацца пад патрэбы сваіх кліентаў. Людзі пайшлі туды, дзе цікавей, па новыя адчуванні, яркія ўражанні і камфортнае баўленне часу.

Сёння, каб затрымаць кліента, недастаткова проста мець цікавую гандлёвую плошчу, неабходна здзіўляць. У якасці прыкладу возьмем тое, як будуецца ў Мінску ГЗЦ Раlаzzо. Аб'ект пазіцыянуе сябе як першы забаўляльны комплекс у Беларусі, дзе будуць кінатэатр фармату ІMАХ, аэратруба, дарожкі для кёрлінга і гэтак далей. Для нашага рынку гандлёвай нерухомасці гэта сур'ёзная заяўка.

Першыя «ластаўкі» ў абласцях

Што датычыцца рэгіёнаў, то і там азначыліся сур'ёзныя перамены. Услед за сталіцай у абласцях актыўна развіваецца сфера рытэйлу. Мінск перанасычаны прапановай, таму многія накіраваліся туды, дзе супраціўленне меншае, канкурэнцыя слабейшая, а ніша незакрытая, — у рэгіёны. Тут ужо пачалі з'яўляцца аб'екты досыць высокага ўзроўню, напрыклад TRІNІTІ ў Гродне ці АRMАDА РLАZА ў Магілёве.

Тая ж гісторыя з сеткавымі аператарамі. Вялікая колькасць кампаній падрыхтоўвае свае планы развіцця на год, а то і на два. Тыя, хто закрыў сваю патрэбу ў Мінску, разглядаюць прапанову за яго межамі — у абласных цэнтрах і іншых буйных гарадах. Гэта правіла жыцця — калі ты не развіваешся, то цябе «з'ядуць» канкурэнты.

Трэба больш актыўна працаваць з рэгіёнамі, таму што там вялікі патэнцыял і гатоўнасць рынку гэты патэнцыял рэалізоўваць. Таму сёння сталічныя эксперты прапануюць сябе ў якасці своеасаблівага моста паміж інвестарам і аператарамі. Іх вопыт працы з аб'ектамі самага рознага ўзроўню, веданне гульцоў рынку і трэнды ў сферы гандлёвай нерухомасці дазваляюць пралічваць хады далёка наперад, каб аб'ект не проста «стрэліў», але і працаваў на працягу дзесяцігоддзяў.

Шаблоны не працуюць

Да «начынкі» кожнага аб'екта трэба падыходзіць індывідуальна. Дзесьці спрацуе адзін пул арандатараў, дзесьці зусім іншы. Трэба ўлічваць патэнцыял пляцоўкі, характарыстыкі аб'екта, вывучаць моцныя і слабыя бакі праекта. Часам трэба ўмешвацца ў архітэктуру будынка, змяняючы планіроўкі, вертыкальныя камунікацыі ці шырыню калідораў з пункту гледжання сучасных пераваг як сеткавых аператараў, так і канчатковых спажыўцоў. Натуральна, больш магчымасцяў для змен і прасторы для манеўру ў любога праекта застаецца на ранніх стадыях рэалізацыі.

Часта дэвелаперы сутыкаюцца з дэфіцытам аператараў і не могуць самастойна знайсці арандатараў на свае гандлёвыя плошчы, не ведаюць, як гэта правільна рабіць. Выбіраць трэба такіх экспертаў, якія працуюць з большасцю сецевікоў, ведаюць планы кампаній па развіцці на год наперад і могуць фарміраваць найбольш эфектыўныя звязкі — аб'екты, якія будуць працаваць.

Напрыклад, летась сталічныя спецыялісты вельмі якасна спрацавалі па гандлёвым цэнтры «Еўрапарк» у Слуцку. На момант, калі ўласнік звярнуўся па дапамогу, ім быў самастойна запоўнены першы паверх мясцовымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, але з другім паверхам з'явіліся праблемы. Рытэйл-аператар падкарэктаваў планіровачныя рашэнні і змог цалкам запоўніць другі паверх да адкрыцця.

Цяпер эксперты дапамагаюць увесці маштабны праект АRMАDА РLАZА ў Магілёве. Ёсць (пакуль безназоўны) буйны гандлёвы цэнтр у Салігорску.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.