Вы тут

Літаратурны пантэон: Янка Купала і Тарас Шаўчэнка


У кожнай літаратуры на працягу доўгага перыяду фарміруецца кола знакавых імёнаў — так званы літаратурны пантэон. Украінскі дыскурс у сукупнасці сваіх аўтарытэтных пісьменніцкіх імёнаў, безумоўна, уплывае на ідэйна-эстэтычнае, вобразна-тэматычнае поле беларускага прыгожага пісьменства. Шматвекавы досвед добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Украінай абумовіў трывалую прысутнасць жыццёва-быційных феноменаў суседняй краіны ў айчынным мастацтве слова.


Сярод персаналій, прадстаўленых у беларускім літаратурным пантэоне, вылучаюцца постаці Янкі Купалы і Тараса Шаўчэнкі, знакавыя ў адзінстве знамянальнай, кансалідуючай ролі «бацькоў» нацыі, якую яны адыгралі ў працэсе тварэння нацыянальнай ідэі і сцвярджэнні этнанацыянальнага быцця, нацыянальнай мадэлі свету, духоўна-эстэтычных каштоўнасцей нацыянальнай культуры, яе інтэлектуальнага напаўнення.

Непасрэдны зварот Янкі Купалы да ўкраінскага нацыянальнага генія «Эх! і нам будзь бацькам мілым, Украінча слаўны!» пераўтвараецца ў важны фактар развіцця нацыянальнай свядомасці, уплывовы чыннік фарміравання ўласнай ідэнтычнасці праз абуджэнне духу, любоў да свабоды, роднага краю і мовы. Увогуле, украінскі паэтычны дыскурс («Я казак — не казак», «Бандароўна», «Памяці Т. Шаўчэнкі», «Памяці Шаўчэнкі») выдатна ілюструе характарыстыку акадэмікам У. Гніламёдавым купалаўскага рамантызму: «Купалаўскі рамантызм быў бунтарны, узнёслы і ваяўнічы, для яго ўласціва ўзбуйненне асобы, цікавасць да магчымасцей чалавека, вера ў яго сілы». Для беларускага песняра легендарная вольніца ўкраінскага казацтва, яго змагарнанапружаны жыццёвы тонус і гераічна-бунтарнае самавыяўленне былі сімваламі свабодных і дэмакратычных форм нацыянальнага жыцця.

На прыкладах рэцэпцыі асобы і творчасці Кабзара беларускі паэт зафіксаваў важнасць узаемазвязаных момантаў спасціжэння іншасці, яе зацікаўленага асэнсавання і лагічнага самавыяўлення. У вершы «Памяці Т. Шаўчэнкі» імпануе разняволенасць, маральная чысціня (сумленнасць) і свабодалюбівая памкнёнасць «песні кабзарыстай», у сувязі з чым таксама акцэнтуецца думка аб экспрэсіўна-рэзанансным уздзеянні шаўчэнкаўскай паэзіі менавіта на духоўна-пачуццёвыя сферы чалавечай натуры — душу і сэрца. Янка Купала фарміруе мастацка-вобразную палітру верша ў адпаведнасці з трывалымі, стэрэатыпнымі ўяўленнямі пра кордацэнтрызм украінцаў і адмысловымі магічна-ўплывовымі здольнасцямі паэтычнага ўздзеяння, што адначасова дае магчымасць звярнуць увагу і на сардэчную чуласць, лірычную настроенасць беларускага народа:

На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца,

На кобзах людскіх душ твой грае «Кабзар»,

У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы

Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.

У паэме «Тарасова доля» (1939) лёс Кабзара адлюстраваны ў кантэксце супольных сацыяльна-гістарычных і духоўна-культурных варункаў жыцця беларусаў і ўкраінцаў. Паэтычная інтэрпрэтацыя жыццёвага лёсу, успрыманне творчасці ўкраінскага паэта ажыццяўляецца з пазіцый этнацэнтрызму, у цеснай увязцы і асацыяцыях з уласнабеларускім быційным кантэкстам:

Бо йшла доля беларуса

З доляй украінца

Адналькова — ў поце, ў слёзах,

Церневым гасцінцам.

У творы актуалізуецца момант прысутнасці Т. Шаўчэнкі на беларускіх землях падчас яго падарожжа ў Пецярбург, абазначана выпакутаванае, а значыць, пранізліва-глыбокае і небясследнае ўздзеянне на свядомасць будучага паэта асаблівасцей беларускай нацыянальнай прасторы ў адзінстве яе ландшафтных, прыродна-ментальных, духоўна-сацыяльных фактараў. Янка Купала лаканічна і дакладна стварае аўтастэрэатып беларускіх прасторавых рэалій у іх найбольш характэрных, пазнавальных, ключавых топасах: бярозы, гасцінец, бор, крыніцы.

 Беларускія бярозы

Абапал гасцінца

Калыхалі думкі шумам

Хлапчуку-ўкраінцу.

 

Бор шумеў яму над вухам,

Булькалі крыніцы, —

Маладому, дасціпному

Было чым дзівіцца.

 

Бачыў ўбогія хаціны,

Крытыя саломай,

Людзей бачыў паднявольных,

Што і ў сябе дома.

Геакультурная прастора Беларусі ў традыцыйна-фальклорных вобразах, прасторавых маркёрах «бярозы / гасцінец» амаль праз стагоддзе сталася нацыянальным брэндам у песні «Вы шуміце, шуміце» на словы Н. Гілевіча, музыку Э. Ханка ў выкананні музычнага калектыву «Сябры».

Менавіта Янкам Купалам было запачаткавана ўспрыманне Тараса Шаўчэнкі як «бацькі» нацыі і фарміраванне яго паэтычна-ўзнёслага, рамантычна-патрыятычнага іміджу як «праслаўнага бацькі ўкраінскай свабоды», узмоцненага трапнымі і лаканічнымі стэрэатыпнымі характарыстыкамі ўкраінскай нацыянальнай прасторы, абавязковымі атрыбутамі якой выступаюць «Дняпровыя воды» і «стэпоў цішына».

Праслаўнаму бацьку ўкраінскай свабоды

Паклон б’е разбуджана ўся старана,

Талкуюць аб гэтым дняпровыя воды,

І думае думу стэпоў цішына.

Паэтычныя формулы «бацька», «Дняпровыя воды» і «стэпы» замацавалі сваю стэрэатыпнасць у беларускім мастацкім кантэксце і выступаюць дакладным указальнікам на асобу і арыенцірамі-паказчыкамі мясцовасці, значна эканомячы час і намаганні пры засваенні іншага асяроддзя. Прапанаваную Янкам Купалам стэрэатыпную шкалу трансляцыі ўкраінскіх рэалій прадуктыўна скарысталі іншыя беларускія аўтары. Вершы-звароты беларускіх паэтаў да Украіны, да постаці Шаўчэнкі, як правіла, транслююць кампактныя, але пазнавальныя, тыповыя малюнкі ўкраінскіх ландшафтаў, першаступенная роля сярод якіх належыць Дняпру і стэпам.

 «Бацька» ў інтэрпрэтацыі Янкі Купалы, «баян» ва ўспрыманні Якуба Коласа, казак-вязень для Алеся Гаруна, сейбіт-змагар-пясняр ва ўяўленні Максіма Танка, «чарадзей» для Язэпа Пушчы, «геній Украіны» з пункту погляду Ніла Гілевіча — у такім разнастайным мастацка-вобразным афармленні паўстае Тарас Шаўчэнка ў вершах беларускіх паэтаў.

Жанна ШАЛАДОНАВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.