Вы тут

Андрэй Жайловіч: Поспех забяспечвае каманда прафесіяналаў


Ці ведаеце, дзе ў Беларусі з'явілася першая «студэнцкая вёска», першая трохузроўневая развязка, а таксама праведзена першая аперацыя па перасадцы комплексу «сэрца-лёгкія»? Не? Дык мы вам зараз раскажам. Дзеля гэтага напрасіліся ў госці да кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска Андрэя Жайловіча і даведаліся аб шмат чым цікавым.


Колькасць жыхароў тройчы ўзрасла

— Маскоўскі раён Мінска — адзін з самых маладых і тых, што дынамічна развіваюцца ў беларускай сталіцы, — распачаў гутарку з невялічкага экскурсу ў гісторыю мой суразмоўнік. — Атрымаўшы афіцыйны статус самастойнай адміністрацыйнай адзінкі ў красавіку 1977 года, ён увабраў у сябе землі, якія маюць шматвекавую гісторыю. Сёння яна знайшла адлюстраванне ў назвах новых мікрараёнаў — Малінаўка, Брылевічы, Міхалова, Грушаўка. Раён размешчаны ў паўднёва-заходняй часцы Мінска і займае амаль 2,9 тысячы гектараў, раскінуўшыся ад плошчы Незалежнасці да мінскай кальцавой аўтадарогі ў брэсцкім кірунку. Такое геаграфічнае становішча ўмоўна падзяляе раён на дзве часткі: адна знаходзіцца ў цэнтры горада і ўвабрала ў сябе мноства аб'ектаў культуры, адукацыі, гандлю, другую ж можна смела аднесці да спальнай часткі: гэта мікрараёны жылой забудовы і спадарожных ёй аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

— За 40 гадоў самастойнага існавання раёна як змянілася колькасць яго жыхароў?

— Вядома, колькасць жыхароў вырасла: з пачатку заснавання больш чым у тры разы. Сёння ў раёне жыве звыш 300 тысяч чалавек.

— Андрэй Леанідавіч, ці можна назваць асаблівым гонарам Маскоўскага раёна сталіцы праспект Дзяржынскага, які стаў не толькі цэнтральнай транспартнай артэрыяй, але і прыкладам гармоніі гарадской архітэктуры?

— Безумоўна, што так. Забудова праспекта, названага ў гонар нашага вядомага земляка, пачыналася з 1977 года ў напрамку былой вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Яшчэ нядаўна ён не меў якаснай сістэмы, не спраўляўся з транспартнымі патокамі. З 2010-га па 2014 год у выніку рэканструкцыі праспект Дзяржынскага стаў візітнай карткай раёна, пераўтварыўшыся ў цэнтральную транспартную магістраль, упрыгожанную аб'ектамі розных архітэктурных формаў і стыляў. На перакрыжаванні з праспектам Жукава з'явілася першая ў Беларусі трохузроўневая развязка-эстакада. Падарункам для жыхароў разам з рэканструкцыяй праспекта сталі і размешчаныя на ім чатыры новыя станцыі метро: «Грушаўка», «Міхалова», «Пятроўшчына» і «Малінаўка».

— Ведаю, што адным з ключавых аб'ектаў будаўніцтва стаў жылы комплекс «Студэнцкая вёска», у чым яго адметнасць?

— У тым, што аналагаў яму ў краіне няма. Ён размясціўся амаль на 40 гектарах і налічвае сем студэнцкіх інтэрнатаў кватэрнага тыпу, у якіх жывуць каля сямі тысяч студэнтаў вядучых ВНУ краіны, з іх тысяча — навучэнцы з-за мяжы. Студэнцкая вёска мае развітую інфраструктуру — бібліятэкі, кафэ, цырульню, крамы, пральні, памяшканні для заняткаў фізічнай культурай і творчасцю, кабінеты медыцынскага абслугоўвання. На яе тэрыторыі размешчаны нават Лядовы палац. Зараз вядуцца будаўніча-мантажныя работы на апошнім, восьмым, інтэрнаце, здаць у эксплуатацыю які запланавалі налета, пасля чаго комплекс атрымае сваё поўнае архітэктурна-будаўнічае афармленне. З 21 па 30 чэрвеня 2019 года жылы комплекс са «студэнцкай» пераўтворыцца ў вёску спартыўную. Тут будуць размешчаны ўдзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў — міжнародных спартыўных спаборніцтваў, якія праводзяцца раз на чатыры гады пад кіраўніцтвам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

— Ці прываблівае такое актыўнае будаўніцтва буйны гандаль у раён?

— У сувязі з тым, што колькасць жылля тут значна ўзрасла, раён стаў цікавай пляцоўкай для развіцця гандлёвага бізнесу. Некалькі лічбаў: на 187,8 тысячы квадратных метраў функцыянуе 2009 рознічных аб'ектаў гандлю, у тым ліку 1073 крамы. Дарэчы, 166 фірменных крам сёння прапануюць разам з замежнымі брэндамі тавары такіх айчынных вытворцаў, як «Элема», «Беліта», «Галантэя», «Сівельга» ды іншыя. У раёне працуюць 11 гандлёвых цэнтраў з плошчай 105,2 тысячы м2, тры рынкі, налічваецца 568 аб'ектаў грамадскага харчавання і звыш 750 аб'ектаў бытавых паслуг. Тут камфортна жыць не толькі гараджанам, але і тым, хто прыязджае да нас у госці: на тэрыторыі раёна ёсць шэсць гатэляў ад дзвюх да чатырох зорак. Агульны нумарны фонд складае 752 адзінкі, у тым ліку 41 класа люкс.

Сацыяльны вектар

— Галоўным багаццем раёна лічыце...

— ...людзей. Безумоўна, гэта яго жыхары, работнікі прадпрыемстваў, навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў, калеждаў і ВНУ, ветераны вайны і працы.

Дарэчы, сацыяльная абарона, работа з сацыяльна неабароненымі катэгорымі грамадзян была і застаецца прыярытэтнай у дзейнасці раённай адміністрацыі. Для маладых людзей з цяжкай формай інваліднасці на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе аддзяленне дзённага знаходжання, якое мае сучаснае рэабілітацыйнае абсталяванне. Для састарэлых і актыўных жыхароў раёна працуюць шматпрофільныя клубы і гурткі з шырокім спектрам інтарэсаў і відаў дзейнасці, групы самадапамогі.

— Вы крыху закранулі медыцынскі аспект, ці можна аб ім больш падрабязна? Ведаю, што некаторыя аперацыі ўпершыню выконваліся ў Маскоўскім раёне.

— Так, наш раён унікальны ў частцы аказання медыцынскай дапамогі. У 2015 годзе тут праведзена аперацыя па «ўкараненні» ствалавых клетак у пашкоджаную зону сэрца пацыентам з сардэчнай недастатковасцю. Упершыню ў Беларусі ў 2016 годзе праведзена аперацыя па перасадцы комплексу «сэрца-лёгкія». Гэтыя і іншыя высокатэхналагічныя ўмяшанні выконваліся на базе РНПЦ «Кардыялогія». Акрамя гэтага, на тэрыторыі раёна ў РНПЦ отарыналарынгалогіі ўпершыню ў краіне і СНД укаранёна новая тэхналогія — эндаскапічная энданазальная тубадылятацыя. Тут жа ўкаранілі і лічбавае слыхапратэзаванне дзяцей да года, імплантацыю сістэмы коснай праводнасці пры прыроджаных пароках вонкавага і сярэдняга вуха. Першая ў гісторыі беларускай медыцыны аперацыя па перасадцы печані таксама прайшла на тэрыторыі Маскоўскага раёна. Яе правялі ў красавіку 2008 года ў РНПЦ трансплантацыі органаў.

Геаграфія гандлю — увесь свет

— Хацелася б крыху закрануць і эканамічны блок: што сёння складае прамысловы патэнцыял раёна?

— Прадпрыемствы фармацэўтычнай, радыёэлектроннай, поліграфічнай, абутковай і іншых галін. Флагманамі з'яўляюцца РУП «Белмедпрэпараты», РУП «Завод электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт», ЗАО «Вітэкс», СП «Беліта» ТАА, ААТ «Мінскі вагонарамонтны завод», на долю якіх прыпадае 60 % прамысловай прадукцыі, якая выпускаецца ў раёне. Між іншым, у нашым раёне актыўна развіваецца сектар інавацыйнай эканомікі, ствараюцца арганізацыі ІТ-сферы, сацыяльнага кірунку, развіваецца гандлёвая дзейнасць, а таксама грамадскае харчаванне. Дарэчы, на тэрыторыі раёна дзейнічаюць амаль 18,5 тысячы суб'ектаў гаспадарання, з іх 27 буйных прамысловых прадпрыемстваў, больш за 10 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.

Прадукцыю, што вырабляецца ў Маскоўскім раёне сталіцы, ведаюць і карыстаюцца ёю не толькі ў краінах СНД, але і ў Германіі, Кітаі, Аўстраліі, ЗША. У апошнія гады пералік краін-імпарцёраў пашырыўся за кошт В'етнама, Ірака, Ганконга, Пакістана, Англіі, Тайланда і Сірыі. Самымі буйнымі экспарцёрамі ў раёне з'яўляюцца такія прадпрыемствы, як «Гарызонт», «Вітэкс» і «Беліта».

На тэрыторыі раёна знаходзіцца першы ў Беларусі вытворца цэлага шэрагу сучасных высокаэфектыўных супрацьпухлінных лекавых сродкаў — «Белмедпрэпараты».

Раёны, кварталы, жылыя масівы...

— Разам з прамысловасцю ў раёне атрымала развіццё і будаўнічая галіна. Якая задача сёння стаіць перад ёю?

— Павышэнне якасці будаўніцтва і зніжэнне яго сабекошту. У мэтах паляпшэння жыллёвых умоў насельніцтва, забеспячэння даступнасці жылля прадугледжваецца далейшае развіццё рынку арэнднага жылля за кошт арганізацый і прыватных інвестараў. У цэнтральнай частцы раёна прыватны сектар уздоўж праспекта Дзяржынскага паступова саступае месца шматлікім аб'ектам адміністрацыйнага і грамадскага прызначэння, новым жылым кварталам і мікрараёнам, якія ўпрыгожваюць праспект пачынаючы з 2010 года. У 2006-м было распачата засваенне мікрараёна Брылевічы, а ўжо ў 2007-м там былі здадзены першыя жылыя дамы. Сёння гэта адзін з добраўпарадкаваных куткоў раёна, дзе ёсць тры дзіцячыя садкі, дзве сярэднія школы, дарослая і дзіцячая паліклінікі, басейн. Актыўна працягваецца засваенне жылога мікрараёна Міхалова.

Дарэчы, летась у раёне пабудавана 130,9 тыс. кв. м жылля. У сёлетніх планах — 206,5 тыс. кв. м.

— Такое актыўнае жыллёвае будаўніцтва патрабуе і развіцця сацыяльнай інфраструктуры. Як вырашаецца гэтае пытанне ў раёне?

— Напрыклад, летась была здадзена ў эксплуатацыю 6-я гарадская дзіцячая паліклініка і басейн «Дружба» ў мікрараёне Брылевічы. Адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў «ТЦСАН Маскоўскага раёна г. Мінска» па вуліцы Ясеніна. Сёлета завяршылася будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса на 330 месцаў у 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя Саўчанкі.

У межах інвестыцыйнай праграмы сталіцы на 2018 год на тэрыторыі раёна запланавана праектаванне і будаўніцтва шэрагу сацыяльных аб'ектаў. Актуальным застаецца пытанне будаўніцтва новай шматпрофільнай паліклінікі для дарослага насельніцтва на 850 наведванняў за змену замест існуючай 15-й гарадской паліклінікі па вуліцы Розы Люксембург, якая функцыянуе з 1962 года. Акрамя асноўнага будынка, паліклініка размешчана ў двух філіялах і жылых дамах. Яна абслугоўвае 42,5 тысячы чалавек. Улічваючы актыўную забудову жыллём, колькасць жыхароў у раёне няспынна расце. Менавіта гэтым і тлумачыцца неабходнасць будаўніцтва новай паліклінікі большай магутнасці. Ужо выдзеленыя сродкі на карэкціроўку гэтага праекта.

— А калі плануеце пачаць будаўніцтва?

— Улічваючы праектныя работы, будаўніцтва шматпрофільнай паліклінікі ў квартале вуліц К. Лібкнехта — Хмялеўскага — Р. Люксембург — Лермантава плануем распачаць сёлета. А ўвесці ў эксплуатацыю запланавалі ў 2021 годзе.

— Наколькі мне вядома, ёсць і іншыя сацыяльныя аб'екты, якія будуюцца ў Маскоўскім раёне...

— Так, завяршаецца будаўніцтва сярэдняй агульнаадукацыйнай школы на 1020 месцаў у мікрараёне Дружба-1, а таксама сёлета завершыцца будаўніцтва дзіцячых ясляў-садка на 230 месцаў.

Вядуцца праектныя работы па будаўніцтве яшчэ адной школы і дзіцячых ясляў-садка ў межах праспектаў Дзяржынскага — Любімава і вуліцы Сямашкі.

Акрамя таго, рэканструкцыя забудовы тэрыторыі ў раёне вуліц Міхалова, Алібегава прадугледжвае будаўніцтва дзіцячага садка на 190 месцаў, зараз вядуцца праектныя работы. Распачаты таксама праектныя работы па будаўніцтве дзіцячага садка на 220 месцаў у межах праспектаў Дзяржынскага — Шчорса — вуліцы Чыгуначнікаў — завулкаў Разінскага — 1-га Вазніцкага.

Вядуцца праектныя работы па рэканструкцыі былой школы № 39 пад цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Ранак» па праспекце газеты «Правда», працягваецца рэканструкцыя галоўнага корпуса з прыбудовай кардыяхірургічнага аперблока і блока трансплантацыі ствалавых клетак 9-й гарадской клінічнай бальніцы па вуліцы Сямашкі.

— Слухаю вас і здзіўляюся, як усе гэтыя планы атрымліваецца спалучаць і рэалізоўваць?

— Ведаеце, сакрэт поспеху — выключна ў каманднай гульні сапраўдных прафесіяналаў. Нам пашчасціла — папярэдні склад кіраўніцтва, як і дзеючы, добра разумее гэту сентэнцыю, таму і вынік адпаведны.

Гутарыла Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.