Вы тут

Янка Купала ў дыялогу культур: на мове баскаў, чачэнскай, в’етнамскай…


Нацыянальная літаратура — фактар фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці: яднае людзей, абуджае свядомасць, дае штуршок дзяржаватворным працэсам, прадстаўляе краіну і народ. Мастацкае слова становіцца сродкам узаемапазнання розных культур і цывілізацый.


І менавіта тут на першы план выходзіць мастацкі пераклад, ад паўнаты і ўзроўню якога залежыць глыбіня і правільнасць ўзаемапаразумення, узаемаспасціжэння, той культурны дыялог, без якога немагчыма паўнавартаснае развіццё дыпламатычных, эканамічных адносін. Невыпадкова пісьменнікі выконваюць пачэсную ролю народных дыпламатаў.

Такім пасланцом сваёй Бацькаўшчыны неаднойчы станавіўся і першы народны паэт Беларусі Янка Купала. Ён не толькі актыўна займаўся перакладамі, але і ў сваёй грамадскай дзейнасці імкнуўся да наладжвання культурнага дыялогу беларусаў з іншымі народамі, выкарыстоўваў паездкі за межы роднага краю для папулярызацыі духоўных здабыткаў роднай культуры. У яго паэзіі адбіўся непаўторны свет Беларусі, які яшчэ пры жыцці творцы пачаў распаўсюджвацца і перастварацца ў новым культурным асяроддзі дзякуючы шматлікім перакладам.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, місія якога — захаванне, вывучэнне і папулярызацыя спадчыны Купалы працягвае традыцыі, закладзеныя славутым Песняром, і імкнецца як мага шырэй прадставіць паэтычны скраб беларусаў, пазнаёміць свет з асобай творцы, якога яшчэ пры жыцці справядліва назвалі прарокам нацыянальнага адраджэння Беларусі.

У 2015 годзе ўзяў старт маштабны міжнародны выставачны праект «Янка Купала ў дыялогу культур», арыентаваны найперш на замежную аўдыторыю. Выстаўкі праекта не толькі фарміруюць першаснае ўяўленне пра асобу пісьменніка, яго творчасць, грамадскую дзейнасць, але і прадстаўляюць паэта як народнага дыпламата падчас яго замежных паездак і візітаў. У аснове тэматычных блокаў, якія рыхтуюцца для кожнай краіны, — вершы Янкі Купалы, перакладзеныя на мову той зямлі, дзе будзе экспанавана выстаўка.

Праект паспяхова рэалізоўваецца: ён экспанаваўся ў Ізраілі ў г. Ашдод падчас адкрыцця памятнага знака ў гонар Янкі Купалы, у Эстоніі (Талін), Расіі (Масква, с. Пячышчы,Татарстан, Музей Янкі Купалы), Фінляндыі (Хельсінкі), Латвіі (Рыга), Літве (Вільнюс, Клайпеда), Польшчы (Варшава, Гайнаўка, Беласток), Украіне (Кіеў, Нікалаеў, Адэса, Канеў), Грузіі (Цхалтуба, Багдаці, Тбілісі), Францыі (Парыж), Сербіі (Бялград). Напрыканцы чэрвеня выстаўка «У краіну гор і бурных рэк», створаная ў рамках праекта, прадстаўлена ў Арменіі. Ідзе работа па падрыхтоўцы выставак для экспанавання ў Чэхіі, Аргенціне, Кітаі. Маштабны міжнародны праект ажыццяўляецца пры актыўнай падтрымцы дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь.

Не менш вядомая ў свеце і грамадскакультурная акцыя «Чытаем Купалу разам». Ужо ў 2013 годзе яна набыла міжнародны статус, калі яе ўдзельнікамі сталі паслы і прадстаўнікі большасці дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі. Купалавы радкі па-беларуску і на мовах свету гучаць і падчас адкрыцця выставачных праектаў музея за межамі Беларусі. За апошнія гады добрай традыцыяй стала правядзенне музейнай акцыі з удзелам замежных дыпламатаў з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Надзейным партнёрам і памочнікам музея Купалы ў гэтай справе выступае Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Значнай падзеяй у міжнародным культурным жыцці стала і ажыццяўленне праекта «Славацкімі шляхамі Янкі Купалы» ў 2015 г. Праз 80 гадоў дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў, журналістаў, дзеячаў культуры прайшла славацкім маршрутам савецкай дэлегацыі 1935 г., у складзе якой быў і народны паэт Беларусі. Падарожжа, якое з’яўляецца часткай маштабнага міжнароднага праекта Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Беларусь — Славакія. Дыялог культур», ініцыяванага музеем і Пасольствам Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, мела далейшы працяг ў развіцці міжкультурнай камунікацыі. Яго ўдзельнікі атрымалі згоду ад мясцовых гарадскіх адміністрацый на ўшанаванне памяці беларускага паэта на славацкай зямлі мемарыяльнымі знакамі ў Браціславе, Піешцянах, Модры, Святым Юры, і сёння музей паэта робіць практычныя захады па рэалізацыі гэтага праекта. Вынікам падарожжа стала і з’яўленне ў 2017 г. зборніка вершаў Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на славацкай мове — першага асобнага выдання твораў беларускага класіка, дагэтуль прадстаўленага ў славацкім свеце толькі адзінкавымі перакладамі. Выданне ў рамках праекта «Беларусь — Славакія. Дыялог культур» падрыхтавана музеем сумесна з Саюзам славацкіх пісьменнікаў. Дырэктар музея Алена Ляшковіч — складальнік і аўтар пасляслоўя. Графічныя работы беларускіх мастакоў з музейных збораў сталі мастацкім аздабленнем кнігі. Куратарам выдання і адным з перакладчыкаў быў Марыян Серватка, пісьменнік і дыпламат, які ў 2008—2013 быў Паўнамоцным Паслом Славакіі на Беларускай зямлі. Сваю прадмову да кнігі Купалавых вершаў ён пачынае так: «Спачатку было слова, у Бібліі і ў культуры. І ў нас быў пераклад гэтага Слова»…

Музей стала выступае як ініцыятар і актыўны ўдзельнік выдавецкіх праектаў, якія прадстаўляюць творчую спадчыну Янкі Купалы на мовах свету. Сёлета ўбачыла свет кніга аднаго верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», выдадзеная выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі». Знакаміты твор пачалі перакладаць на іншыя мовы амаль адразу пасля яго публікацыі на стронках Купалавай «Жалейкі». Да стагоддзя з дня нараджэння паэта было падрыхтавана выданне, якое прадставіла верш на 82 мовах. У сучасным выданні гэты верш-гімн друкуецца ў перакладзе на 100 моў свету.

З’ўяленню кнігі папярэднічала праца па збіранні перакладаў, якая актыўна вялася музеем яшчэ з 2012 года. На гэтым этапе музей неаднойчы звяртаўся за дапамогай да беларусаў замежжа (менавіта дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з прадстаўнікамі беларускай дыяспары з’явіўся, напрыклад, пераклад верша на мову баскаў). Другой крыніцай атрымання перакладаў стала супрацоўніцтва з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі розных краін у Рэспубліцы Беларусь. Падтрымку праекту аказалі і пасольствы Рэспублікі Беларусь у краінах свету. Вялікі вопыт і майстэрства прадэманстравала выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», прадставіўшы Купалаў верш-гімн у выглядзе кнігі, якая з’яўляецца выдатным узорам паліграфічнага мастацтва.

Заслугоўваюць увагі і перспектыўныя выдавецкія праекты, ініцыятарам якіх з’яўляецца музей. Распачата падрыхтоўка да выдання зборніка Купалавай паэзіі на карэйскай мове. Пасол Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Кім Ёнг Хо, які стаў адным з удзельнікаў акцыі «Чытаем Купалу разам», адзначыў, што творы беларускага Песняра па рытміцы падобны да карэйскай паэзіі, а таму блізкія карэйскаму народу. Так нарадзілася ідэя перакласці вершы Купалы на карэйскую мову. У сакавіку 2018-га дырэктар музея Алена Ляшковіч наведала Сеул у рамках праграмы Карэйскага фонду для ганаровых гасцей мастацтва і культуры: адна з мэтаў праграмы — папулярызаваць карэйскую культуру ў свеце. Падчас візіту адбылася сустрэча з прэзідэнтам Інстытута літаратурнага перакладу Карэі Са Ін Кімам. Установа перакладае нацыянальныя творы на мовы свету і выдае замежную літаратуру на карэйскай. Была дасягнута дамоўленасць аб перакладзе выбраных вершаў Янкі Купалы на карэйскую мову. Праект двухбаковы — у Беларусі будуць выдадзены творы карэйскіх аўтараў. Выданне будзе ажыццёўлена выдавецтвам «Мастацкая літаратура» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Магчыма, ужо налета зборнік шэдэўраў патрыятычнай і інтымнай лірыкі беларускага Песняра на карэйскай мове пабачыць свет. А калі дазволяць паліграфічныя магчымасці, выданне аздобяць найлепшыя ўзоры беларускай кніжнай графікі з калекцыі музея: работы В. Шаранговіча, А. Кашкурэвіча, М. Басалыгі, Г. Паплаўскага. У сваю чаргу беларускія перакладчыкі і выдаўцы прадставяць узоры карэйскай літаратуры беларускім чытачам.

Яшчэ адзін перспектыўны праект — перавыданне санетаў Янкі Купалы на мовах свету, праца над якім распачата Міністэрствам інфармацыі ў супрацоўніцтве з музеем. Першае выданне ўбачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 2002 годзе. Санетарый быў перакладзены на 7 моў. У новым выданні колькасць моў павялічыцца: ужо сёння санеты перакладзены на сербскую, чувашскую, чачэнскую мовы. Дасягнута дамоўленасць аб перакладзе на армянскую, азербайджанскую, грузінскую, літоўскую, славацкую, італьянскую, в’етнамскую мовы. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства інфармацыі з’яўляюцца новыя магчымасці шырока прадставіць творчую спадчыну першага народнага паэта Беларусі.

Слова Купалы пашырае сваю прысутнасць у свеце, і гэта істотны складнік у фарміраванні іміджу Рэспублікі Беларусь як сучаснай дзяржавы. Гэта плённы і творчы працяг Купалавай традыцыі, бо сваё паэтычнае пасланне беларускі Пясняр і Прарок адрасаваў «на свет цэлы».

Галіна ВАРОНАВА, вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.