Вы тут

Што трэба ведаць пра бяспеку банкаўскіх картак


У Беларусі расце колькасць кіберкрадзяжоў з картак. Але каб скрасці грошы з «пластыку», махляр павінен ведаць як мінімум нумар карты, тэрмін дзеяння і СVV-код з адваротнага боку. Якія яшчэ даныя нельга паведамляць староннім асобам і што рабіць, калі скралі картку, расказвае наш эксперт — дырэктар кампаніі электронных плацяжоў Аssіst Bеlаrus Вячаслаў СЕНІН.


Карткі бываюць розныя

Па звестках Нацыянальнага банка, на тэрыторыі краіны дзейнічае больш за 14 млн картак: сюды ўваходзяць і ўсе зарплатныя карткі, і студэнцкія, і дзіцячыя, і пенсійныя, і іншыя. Каля 70—80 % усяго рынку — тыя самыя зарплатныя карткі.

Бываюць і крэдытныя карткі. Да гэтага віду пластыку трэба адносіць любыя дзеючыя на тэрыторыі краіны карткі растэрміноўкі, а іх, дарэчы, нямала. Напрыклад, «Халва», «Карта пакупак», «Smаrt-карта». Функцыянал у любой з такіх картак просты — безнаяўныя разлікі. Безумоўна, што банкі краіны імкнуцца дапоўніць любыя карткі рознымі «плюшкамі» накшталт кэшбэку, павышанай працэнтнай стаўкі на астатак сродкаў на банкаўскім карт-рахунку і гэтак далей. Бывае, што картку напаўняюць такімі перавагамі і яна становіцца ці пераходзіць у статус прэміяльнай.

Сёння найбольш распаўсюджаныя прэміяльныя картачныя прадукты — званыя залатыя (Gоld, «Голд») і плацінавыя карткі (Рlаtіnum). У цэлым, любы беларус пры жаданні можа аформіць сабе такую картку — пытанне ў большасці выпадкаў будзе толькі ў цане, якая даволі моцна адрозніваецца ў розных банках. Але існуюць і яшчэ больш прэстыжныя картачныя прадукты, якія звычайна недаступныя простаму абывацелю. Напрыклад, Vіsа Іnfіnіtе, МаstеrСаrd Wоrld Blасk Еdіtіоn, MаstеrСаrd Wоrld Еlіtе...

Сістэма пароляў 3D-Sесurе

Трэба разумець, што картку ў прынцыпе не варта перадаваць у рукі трэцім асобам і паведамляць ім любыя звесткі пра яе. Плацежныя сістэмы і банкі пастаянна працуюць над тым, каб павысіць бяспеку разлікаў карткай.

Напрыклад, адным з дадатковых спосабаў абароны з'яўляецца 3D-Sесurе або сэрвіс дадатковай аўтэнтыфікацыі. Гэты сэрвіс з'яўляецца яшчэ адной абаронай карткі перад аплатай. У БЕЛКАРТ ужо запушчаны і актыўна выкарыстоўваецца дадатковы спосаб абароны картак у сеціве — Інтэрнэт Пароль БЕЛКАРТ. Такія спосабы абароны выкарыстоўваюцца пры інтэрнэт-разліках, у тым ліку і на замежных інтэрнэт-сайтах.

Напрыклад, вы хочаце нешта купіць праз інтэрнэт. Пры аплаце ў спецыяльнай форме ўводзіце даныя карткі і запаўняеце яшчэ дадатковыя графы для абароны. Пасля гэтага прыходзіць на нумар мабільнага тэлефона спецыяльны код, які трэба ўвесці, каб прайшла аплата. Нават калі так атрымалася, што вашы персанальныя даныя карткі апынуліся ў зламыснікаў, то мабільны тэлефон у вас і толькі туды прыходзіць sms са спецыяльным сакрэтным кодам для аплаты.

Завесці асобны карт-рахунак у банку

Вельмі важна памятаць, што бяспека сродкаў на карт-рахунку — гэта, у першую чаргу, персанальная адказнасць, і калі вы паводзіце сябе бесклапотна, то, якія б спосабы абароны ў карткі ні былі, усё роўна вы можаце патрапіць у непрыемную сітуацыю. А каб гэтага не адбылося, трэба абавязкова выконваць некалькі правілаў бяспекі пры разліках.

Першае, ні ў якім выпадку з зарплатнай карткай нельга ездзіць за мяжу і купляць нешта ў замежных інтэрнэт-крамах. Для гэтай мэты абавязкова завядзіце асобны карт-рахунак у банку і картку да яго. У гэтым выпадку важна разумець прынцыповую розніцу вось у чым.

Часам да зарплатных рахункаў банк выдае дзве карткі. Картка — гэта ключ да рахунку ў банку. І калі ў вас адзін рахунак, але два ключы, то гэта тое самае, што адзін ключ. Калі даныя карткі па неасцярожнасці трапляюць ашуканцам, то другая картка вас не выратуе. Любы з ключоў (картак) дае доступ да грошай на карт-рахунку. Дзве карткі да рахунку зручна, але і выпадкі, калі раптам адна картка згубілася ці выйшла «са строю», тады другая выконвае функцыю запасной. А бяспека — гэта асобны карт-рахунак і картка да яго.

Ліміты патрабуюць дысцыпліны

Бывае, што кліенты валодаюць вельмі высокімі ведамі ў пытаннях фінансавай адукаванасці і добра разбіраюцца ў лімітах пры разліку карткай. Але і ў іх узнікаюць пытанні.

Напрыклад, вы ўсталёўваеце сабе ліміт па картцы, што звыш эннай сумы грошай (скажам 30 у. а.) вы разлічыцца не зможаце ці ставіце забарону на разлікі па картцы ў «небяспечных» краінах. І тады, нават калі даныя карткі нейкім чынам атрымаюць ашуканцы, то звыш гэтай сумы ліміту зняць з карт-рахунку яны не змогуць. Такі спосаб абароны выкарыстоўваюць тыя грамадзяне, у якіх адна картка (у тым ліку і зарплатная) на ўсе выпадкі жыцця.

Важна разумець, што ліміты па картках патрабуюць яшчэ большай дысцыпліны. Таму што нават у самых прасунутых карыстальнікаў картак могуць быць нюансы. Прыклад з жыцця. Вы ведаеце, што зарплатнай карткай будзеце разлічвацца ўсюды, акрамя скажам Польшчы, Індыі і Тайланда. І ставіце забарону на любыя разлікі ў гэтых краінах. Зрабіць гэтыя рэчы цяпер лёгка самастойна з дапамогай інтэрнэт-банкінгу або мабільнага банкінгу. А калі вы ўсё яшчэ не асвоілі гэты інструмент дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (ДБА), то гэта можна зрабіць з дапамогай банкаўскага спецыяліста, напрыклад, пры наведванні аддзялення банка асабіста.

Дык вось, паставілі забарону і забыліся. Прайшло паўгода, вы вырашылі нешта купіць у інтэрнэце, а сайт, на якім хочаце здзейсніць куплю, аказаўся польскім. А ў вас забарона на разлікі ў гэтай краіне, і паставілі вы гэтую забарону паўгода таму.

Спрабуеце аплаціць, а аплата не праходзіць. Нервуецеся, тэлефануеце ў банк, задаяце пытанні, просіце зняць ліміты. Потым заходзіце ў інтэрнэт-банкінг і здымаеце згаданую забарону, і толькі пасля гэтага купляеце тое, што хацелі. А калі банк тую забарону здыме не адразу, а толькі, скажам, на працягу трох гадзін або больш? То трэба чакаць. А калі вы ў іншай краіне, то патэлефанаваць у банк — гэта значыць аплаціць роўмінг. Нятаннае задавальненне.

Вось і атрымліваецца, што быццам бы ліміты, забароны — гэта зручна, але патрабуюць высокай дысцыпліны. Прасцей завесці асобны карт-рахунак, з дапамогай таго ж інтэрнэт-банкінгу, або мабільнага банка, або сэрвісу пераводаў ажыццяўляць перавод на такую картку. Трэба вам нешта купіць на нейкім сайце на суму пяць долараў? Вы роўна гэтую суму на сваю спецыяльную картку для разлікаў у інтэрнэце і кладзяце. Здзейснілі плацеж, і картка пустая. Нават калі даныя такой карткі атрымалі зладзеі, то грошай там няма, і з'яўляюцца яны тады, калі вам трэба нешта купіць.

Заўсёды sms-абвестка

Другім галоўным правілам бяспечнага выкарыстання карткі з'яўляецца падключэнне паслугі sms-абвесткі па руху грашовых сродкаў на карт-рахунку ў банку. Прыйшла зарплата, пенсія, стыпендыя — атрымалі sms з паведамленнем, што пэўная сума залічаная. Схадзілі ў краму, купілі прадукты, разлічыліся карткай — прыйшло на сотавы sms. Гэта зручна. Вы заўсёды ведаеце колькі грошай у вас ёсць, таму што пасля кожнай аплаты аўтаматыка «скажа» рэшту сродкаў.

А яшчэ бяспека. Таму што калі страцілі картку ці яе ўкралі, а зламыснікі дзесьці знялі з яе грошы ці нешта купілі ў краме, то вам прыйдзе sms з абвесткай. І адразу зразумееце, што вашы грошы крадуць.

У гэтым выпадку трэба тэрмінова блакаваць картку. Ёсць некалькі спосабаў: патэлефанаваць у банк, які выдаў картку, заблакаваць картку з дапамогай інтэрнэт-банкінгу або мабільнага банкінгу або спецыяльнага sms-запыту ў банк аб блакаванні. Вядома, найбольш зручны спосаб — мабільны або інтэрнэт-банкінг.

Тут галоўнае — умець карыстацца гэтым сэрвісам і наяўнасць інтэрнэту, таму што калі выкарыстоўваць спосаб званка ў банк, то можна доўга чакаць адказу аператара, асабліва ў выхадныя дні. Тут усё індывідуальна і залежыць ад канкрэтнага банка, таму што саll-цэнтры ва ўсіх розныя.

Для бяспечнага зняцця наяўных грошай у банкамаце трэба памятаць, што, па-першае, заўсёды рабіце гэта ў добра прагляданых месцах, напрыклад у холе атэля. Па-другое, заўсёды чытайце, што з'яўляецца на экране банкамата, бо там могуць быць паказаны розныя банкаўскія камісіі пры зняцці гатоўкі.

Даведка «Звязды»

Вячаслаў Сенін — дырэктар Аssіst Bеlаrus. У банкаўскай сферы Вячаслаў прапрацаваў больш за восем гадоў, з 2013 года — у беларускім інтэрнэт-эквайрынгу. Пад яго кіраўніцтвам Аssіst Bеlаrus запусціў супрацоўніцтва з многімі кампаніямі-лідарамі ў розных сферах бізнесу Беларусі (гасцінічныя паслугі, чыгуначныя перавозкі, білетныя аператары, інтэрнэт-крамы, сэрвісы па дастаўцы ежы, тэлекам-аператары, кветкавыя крамы і іншае), а таксама пачаў падключаць бізнес да анлайн-плацяжоў праз сістэму АІС «Разлік».

Сяргей КУРКАЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.