Вы тут

Артыстка балета з Уселюба


Вераснёвай раніцай Клаўдзія Фёдараўна Калітоўская прачнулася, як заўсёды, з усходам сонца. Сцэна і шматгадовая педагагічная праца ў харэаграфічным вучылішчы прывучылі яе да самадысцыпліны і парадку — хто ж як ні дырэктар павінен быў стаць для выкладчыкаў і навучэнцаў узорам для пераймання?..


Хутка падхапілася і пачала па выпрацаванай гадамі звычцы рабіць гімнастыку (стройная фігура дазваляла выконваць вельмі складаныя практыкаванні). Пасля ўжо бадзёрая прысела за стол, каб выпіць кавы. І толькі цяпер зразумела, што можна было не спяшацца, бо не так даўно яна пакінула працу і цяпер трэба было вучыцца жыць нанава — без мужа, які раней за яе пайшоў з жыцця, без справы, якой яна жыла шмат гадоў, і без любімых вучняў, якія замянілі ёй уласных дзяцей… Намаганнем волі яна прагнала журботныя думкі і вырашыла гэты дзень прысвяціць прыемным успамінам. У руках жанчыны апынуўся шыкоўны стары фотаальбом, з якім яна ўтульна ўладкавалася на канапе.

Клаўдзія Фёдараўна разгарнула альбом і паглыбілася ва ўспаміны. Са старога фотаздымка, зробленага ў майстэрні Г. Блюміна, на яе ўважліва глядзелі вочы любімага бацькі — Фёдара Марцінавіча Калітоўскага, яшчэ маладога, ляснога кандуктара графа О’Рурка з мястэчка Уселюб Наваградскага павета, дзе яна і нарадзілася 12 ліпеня 1911 года. Бацьку праз год перавялі ў Мінск, працаваў ён і ў ваколіцах сталіцы. Там і прайшлі дзіцячыя гады дзяўчынкі. Час быў складаны — Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, устанаўленне новай улады, але бацька быў добрым спецыялістам, праца заўсёды знаходзілася, так што і брат Яўгеній змог закончыць спачатку гімназію, а потым Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію, а Клаўдзія пайшла вучыцца ў першую мінскую сямігодку і закончыла яе ў 1927 годзе.

 Клаўдзія Фёдараўна перагарнула старонку фотаальбома. Вось яна на адным з фотаздымкаў, падчас вучобы ў Дзяржаўнай студыі оперы і балета, куды прыйшла вучыцца ў 1930 г. з харэаграфічнага аддзялення беларускага музычнага тэхнікума, маючы вопыт працы ў танцавальным ансамблі, які выступаў не толькі ў Мінску, але і ў іншых беларускіх гарадах.

Клаўдзія Фёдараўна доўга не магла адарваць вачэй ад фотаздымка, на якім побач з мастацкім кіраўніком студыі, дырыжорам Ільёю Гітгарцам, сядзеў яе таленавіты муж — хормайстар і дырыжор Георгій Пятроў. Нашмат старэйшы за дзяўчыну, ён стаў для яе яшчэ і настаўнікам, і дарадцам, і добрым сябрам, якога яна вельмі паважала і якому давярала. Выпускнік Маскоўскай кансерваторыі па класе фартэпіяна з 1910 г. працаваў у Адэскай кансерваторыі і оперным тэатры, у 1911 г. выступаў з канцэртамі ў Берліне, Дрэздэне, Вене. У 1916—1917 гадах яму давялося паслужыць у царскай арміі, а потым паўдзельнічаць у грамадзянскай вайне пад Адэсай і Кіевам у якасці начальніка агітцягніка ў радах Чырвонай Арміі. У 1927 г. ён ужо працаваў у Мінскім музычным тэхнікуме, а ў 1930 годзе стаў адным з арганізатараў Беларускай студыі оперы і балета. Тут і ўзнік саюз двух творцаў, якіх аб’яднала пад сваім крылом Тэрпсіхора, муза грацыі і гармоніі, муза танца. Студыя размяшчалася ў адным пакоі, дзе па чарзе займаліся салісты, хор і балет і тут жа захоўваліся дэкарацыі і касцюмы, якія шылі самі артысты. Танцу студыйцаў навучаў будучы балетмайстар тэатра Леў Крамарэўскі.

 Выдатныя педагогі згуртоўвалі вакол сябе таленавітую моладзь і рыхтавалі артыстаў для будучага Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, адкрытага 25 мая 1933 года. Так Клаўдзія Калітоўская стала артысткай балета ў тэатры, які спачатку нават не меў свайго памяшкання і ўсе яго спектаклі да 1938 г. праходзілі на сцэне Беларускага драматычнага тэатра. Першай балетнай пастаноўкай, у якой ёй давялося паўдзельнічаць, стаў балет Р. Гліэра «Чырвоны мак», пастаўлены ў 1933 г. Л. Крамарэўскім, дырыжыраваў Георгій Пятроў. Праз год гледачы змаглі ўбачыць балет «Капелія», а ў 1936 годзе — «Канёк-Гарбунок» Ц. Пуні.

Клаўдзія Фёдараўна ўважліва разглядала фотаздымак, дзе сярод удзельнікаў спектакля «Канёк-Гарбунок» у цэнтры побач з балерынай Тамарай Узуновай стаяла яна ў прыгожым сцэнічным убранні. У памяці ўзнікла яркая сцэна з удзелам Цар-дзяўчыны, партыю якой выконвала Аляксандра Нікалаева, выпускніца Ленінградскай школы балета. Клаўдзіі было ў каго вучыцца на сцэне, хаця яна і не была салісткаю. Паміж лісткамі альбома ляжала праграма балета «Канёк-Гарбунок», пастаўленага ў тэатры ў пасляваенны час (1949 г.), у якім яна таксама брала ўдзел. Жанчына на імгненне прыкрыла вочы — яе душа танчыла…

Разглядаючы наступныя фотаздымкі, Клаўдзія Фёдараўна расхвалявалася, рука пацягнулася да папярос «Казбек», што ляжалі на суседнім століку (прывычка з ваенных гадоў), і праз клубы папяроснага дыму нібы праступіў дым цягніка, які ў цяжкім 1937 годзе вёз іх сям’ю з Мінска ў далёкую Алма-Ату. У тым жудасным 1937-м органы НКУС арыштавалі многіх знаёмых дырыжора Георгія Пятрова, пагроза навісла і над ім, сынам палкоўніка царскай арміі, які некалі гастраляваў і падарожнічаў за мяжой (чаго, між іншым, не хаваў у сваіх анкетах). Хутка і ён мог быць аб’яўлены сацыяльна небяспечным элементам, таму прапанову паехаць працаваць у Алма-Ату, дзе нядаўна быў створаны Дзяржаўны аб’яднаны тэатр казахскай і рускай оперы і стваралася балетная трупа, успрыняў як выратаванне. Клаўдзія забрала з сабой састарэлых бацькоў. А ўжо праз некалькі гадоў пачнецца вайна, і ў Алма-Аце ў эвакуацыі апынуцца і брат Яўгеній з сям’ёю, і некаторыя беларускія артысты, якім удалося вырвацца з палаючага Мінска.

У 1941—1942 гадах у рускай трупе Казахскага тэатра оперы і балета працавала каля 25 беларускіх артыстаў. У гэты час Клаўдзія Калітоўская, якая працягвала выступленні на алма-ацінскай сцэне і адначасова была начальнікам цэха балета і рэпетытарам, пазнаёмілася з Галінай Уланавай. Выдатная балерына некалькі ваенных гадоў танцавала ў Казахскім тэатры оперы і балета. Георгій Пятроў спачатку працаваў дырыжорам балета і канцэртмайстрам, а з 1939 г. быў прызначаны галоўным хормайстарам і знаходзіўся на гэтай пасадзе да чэрвеня 1945 г. У 1942 г. яму было прысвоена званне заслужанага артыста Казахскай ССР. Давялося, як некалі ў грамадзянскую, выступаць разам з іншымі артыстамі ў прыфрантавой паласе.

Клаўдзія Фёдараўна ўспомніла, як муж вёў перапіску з выдатнай спявачкай Ларысай Александроўскай, якую ў пачатку 1942 г. вызвалі з Алма-Аты ў Маскву, каб сабраць трупу Беларускага тэатра ў адным месцы, якім стаў горад Горкі. Імкнуўся да сваіх былых калег і дырыжор, але сустрэча гэта адбылася толькі летам 1945 года, калі Георгій Пятроў і Клаўдзія Калітоўская атрымалі запрашэнне вярнуцца на працу ў Мінск.

Позірк жанчыны затрымаўся на двух фотаздымках, зробленых у гэты час. На адным з іх — дырыжор і галоўны хормайстар Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета Георгій Пятроў, на другім — яна, артыстка балета Клаўдзія Калітоўская. Вочы 57-гадовага мужчыны сумна глядзяць у фотааб’ектыў праз круглыя акуляры, яго шыю прыкрывае звычайны шалік. Ды і яна тут больш нагадвае строгую настаўніцу, чым артыстку. Але галоўнае, што яны вярнуліся ў любімы тэатр. І зноў ён чароўнымі ўзмахамі рукі вядзе за сабой паслухмяны аркестр, а яна кружыцца ў віхуры танцаў у балетах «Арлекінада», «Раймонда» , «Дон Кіхот», «Князь-возера», «Доктар Айбаліт», «Канёк-Гарбунок», «Лебядзінае возера» і іншых. 22 разы на месяц яна выходзіць на сцэну. І хай сабе першыя пасляваенныя гады былі поўныя цяжкасцяў (тэатр быў паўразбураны, і спектаклі спачатку ставіліся на сцэне Акруговага Дома афіцэраў, жыць артыстам даводзілася ў пакоях тэатра, які паступова адбудоўваўся, абагравацца — «буржуйкамі», а ежу гатаваць на прымусе пры святле газовак), ніхто не скардзіўся.

У 1949 г. за выдатныя заслугі ў развіцці беларускага мастацтва галоўны хормайстар Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета Георгій Пятроў атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР і быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Пазней такое ж званне і ўзнагароду атрымала і Клаўдзія Фёдараўна Калітоўская, якая ў 1951 годзе пакінула балетную сцэну, каб узначаліць Беларускае харэаграфічнае вучылішча.

Клаўдзія Фёдараўна перагарнула апошнія старонкі фотаальбома. На адным з фотаздымкаў — строгая, элегантная гранд-дама са сваімі выхаванцамі. Колькі іх было ў яе за час працы дырэктарам вучылішча? Гэта ўсё ж такі 24 гады…

У той час харэаграфічнае вучылішча знаходзілася ў будынку тэатра, выкладчыкам даводзілася праводзіць заняткі тады, калі памяшканні былі свабодныя. Навучанне магло доўжыцца (з перапынкамі) з 8 гадзін раніцы да 9 гадзін вечара. Пад яе кіраўніцтвам працавалі выдатныя выкладчыкі: народная артыстка рэспублікі Аляксандра Нікалаева, з якой некалі танцавалі на адной сцэне (з 1949 да 1969 года яна была мастацкім кіраўніком вучылішча), народная артыстка БССР Ірына Савельева, заслужаная артыстка рэспублікі Ніна Младзінская — выпускніцы Пецярбургскай школы балета, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксандр Калядэнка, Валянціна Дудко, Наталля Нікалаева, Антаніна Саган, Ала Пякарская і іншыя педагогі. Яны працягвалі лепшыя традыцыі прафесара харэаграфіі, народнай артысткі рэспублікі Зінаіды Васільевай, першага мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага вучылішча, якое адкрылася ў 1945 годзе. Іх вучні — Інэса Душкевіч, Людміла Бржазоўская, Юрый Траян, Віктар Саркісьян, Вольга Лапо, Сяргей Пясцехін і многія іншыя — сталі гонарам беларускага балета.

Клаўдзія Фёдараўна ўспомніла, як уразілі ўсіх прысутных пры паступленні прыжкі Віктара Саркісьяна, як даведалася, што, не маючы дапамогі з дому, юнак галадае, і дапамагла, чым змагла, як хвалявалася, калі яшчэ, не скончыўшы вучылішча, вырашыў ажаніцца з выпускніцаю Вольгаю Лапо, і як радавалася, калі паведамілі, што таленавіты юнак праз два гады пасля прыходу ў трупу Вялікага тэатра стаў лаўрэатам I Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Маскве.

Клаўдзія Фёдараўна імкнулася да таго, каб навучэнцы не толькі ўдзельнічалі ў спектаклях тэатра, але маглі ўбачыць усе пастаноўкі, якія ішлі на сцэне, хаця б стоячы за кулісамі, і гэта было добрай школай для будучых артыстаў. Яна давярала спецыялістам, з якімі працавала, падтрымлівала іх як магла; заўважыўшы педагагічныя здольнасці ў Н. Нікалаевай, адправіла яе на двухгадовую стажыроўку ў Маскву, адкуль дзяўчына вярнулася выкладчыкам класічнага танца. Ёй пашанцавала з мастацкімі кіраўнікамі, якімі ў розны час працавалі А. Нікалаева, А. Калядэнка, І. Савельева. Яны стваралі надзейны тыл і давалі магчымасць без лішніх праблем вырашаць арганізацыйныя і гаспадарчыя пытанні, якіх у кіраўніка заўсёды шмат. Вучні пабойваліся яе, але любілі, таму што ў складаных сітуацыях яна станавілася на іх бок. Успомніла выпадак, калі таленавітыя хлопцы прапусцілі ўрокі (апраўдваліся, што не па спецыяльнасці). Вырашаючы іх лёс, сказала, што яны павінны быць не толькі артыстамі, але і цікавымі людзьмі, і абмежавалася вымоваю. А вось калі здарыўся аднойчы непрыемны выпадак крадзяжу, вінаваты быў адлічаны адразу.

Спачатку (пакуль не атрымала кватэру) яна з раніцы да вечара знаходзілася ў тэатры — жыла там жа ў адным з пакояў, так што з дому трапляла адразу на сцэну, а з балетнай залы ішла на спектакль. Яна так любіла дзяцей, перажывала за іх, ведала ўсіх сваіх падапечных — хто як вучыцца і хто чым жыве. Яна прысутнічала на ўсіх экзаменах па спецыяльнасці і радавалася поспехам таленавітых навучэнцаў, разам з мастацкім кіраўніком суправаджала будучых артыстаў балета на ўсесаюзныя агляды харэаграфічных вучылішчаў і магла на ўласныя вочы бачыць, як расце іх прафесійны ўзровень. А як прыемна было атрымаць падзяку Міністэрства культуры СССР за паспяховае выступленне вучняў на Усесаюзным аглядзе ў Маскве! Успомніла дакументальны фільм «Душой выкананы палёт», зняты ў 1958 годзе, дзе стваральнікі паспрабавалі данесці да гледача сакрэт зачаравання мастацтвам балета. Не засталося незаўважаным кінематаграфістамі і выступленне вучняў Беларускага харэаграфічнага вучылішча. За заслугі ў справе развіцця балетнага харэаграфічнага мастацтва яна атрымала грамату Вярхоўнага Савета БССР і была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны». У 1967 годзе ёй прысвоілі ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

Клаўдзія Фёдараўна закрыла фотаальбом і ўздрыгнула ад тэлефоннага званка. Званіў малады беларускі мастак Віктар Яўсееў, якому Саюз мастакоў даручыў напісаць яе партрэт…

Партрэт Клаўдзіі Калітоўскай упрыгожвае сёння экспазіцыю музея Беларускага харэаграфічнага каледжа. Клаўдзія Фёдараўна адышла ў вечнасць у 2004 годзе. Больш за 20 гадоў аддала выхаванню палоннікаў Тэрпсіхоры, і былыя выпускнікі ўспамінаюць той час як залатую эру, якая дала мастацтву цэлую плеяду бліскучых майстроў балетнай сцэны.

Святлана КОШУР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.