Вы тут

Гродна чарговы раз трапіў на Рэспубліканскую дошку гонару


Гродна чарговы раз занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Што стаіць за добрай тэндэнцыяй, мы вырашылі распытаць старшыню Гродзенскага гарвыканкама Мечыслава ГОЯ.


Ізноў самы-самы...

— Мечыслаў Браніслававіч, па-першае, дазвольце павіншаваць гродзенцаў і кіраўніцтва горада з гэтай нагоды, а па-другое, запытацца: што дало падставы называцца найлепшым, стаўшы пераможцам у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод абласных цэнтраў?

— Прызнанне Гродна пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод гарадоў і раёнаў і занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з'яўляецца асноўным вынікам працы гродзенцаў за 2017 год.

Такіх значных вынікаў мы дасягнулі дзякуючы створаным у краіне неабходным умовам для развіцця бізнесу, а таксама ўпартай працы, ініцыятыве, творчаму падыходу працоўных калектываў, уменню працаваць у адпаведнасці з патрабаваннямі часу ў тым ліку і бюджэтных арганізацый. Па выніках працы за 2017 год сярод арганізацый прамысловасці пераможцамі спаборніцтва сталі адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» і «Малочны Свет». Яны таксама занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару.

Дарэчы, Гродна не ўпершыню займае лідарскія пазіцыі: з моманту падпісання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб Рэспубліканскай дошцы Гонару» наш горад у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця двойчы займаў другое месца (па выніках 2004 і 2006 гадоў), двойчы — першае (2005 і 2007) і ўлічваючы цяперашняе дасягненне — ужо двойчы становіцца пераможцам (2015 і 2017).

— Мяркуючы па намінацыі, Гродна сур'ёзна дадаў у сваім сацыяльна-эканамічным развіцці, за кошт чаго?

— Мінулы год характарызаваўся значным павелічэннем інвестыцыйнай актыўнасці: быў рэалізаваны шэраг праектаў на суму больш за 55,7 мільёна рублёў. У 2017 годзе ў Гродне зарэгістравана 11 новых арганізацый з замежным капіталам, на 10 новых аб'ектаў пашырылася сетка грамадскага харчавання. Летась адкрыліся такія ўстановы, як рэстаран «Бакст», кавярні «Камунарка», рэстараны хуткага абслугоўвання «Бургер Кінг», летняе кафэ «Лімож», кафэ «Містэрыя», закусачная «ПончыКава», кафэ «Правінцыя» ды іншыя.

— А калі закрануць сацыяльныя аб'екты?

— У гэты перыяд мы адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу на вуліцы Валковіча, дзіцячы садок на 230 месцаў і амбулаторыю для дарослых у мікрараёне Альшанка, паліклініку ў мікрараёне Вішнявец, крыты футбольны манеж ва ўрочышчы Пышкі. Акрамя таго, ужо завершаны работы па праектаванні школы з басейнам у мікрараёне Паўднёвы-3, завяршаецца будаўніцтва дзіцячага садка ў Альшанцы.

Развівалася і транспартная інфраструктура: уведзена ў эксплуатацыю шасціпалосная дарога з двухузроўневай развязкай да мікрараёна Альшанка, адкрылася пасля рэканструкцыі вуліца Індурская шаша, з'явіўся пуцеправод з пад'язнымі шляхамі на вуліцы Гаспадарчай.

Ад Аўстраліі да Японіі

— Экспарт — галоўны складнік эканамічнага развіцця, з кім гандлюем і як дыверсіфікуемся?

— Гродна — горад з адкрытай эканомікай. Нашы арганізацыі ажыццяўлялі знешнегандлёвую дзейнасць са 113 краінамі свету, у тым ліку экспартавалі сваю прадукцыя ў 80 краін. Летась на геаграфічнай карце з'явіліся 18 новых краін, у якія адпраўляецца прадукцыя нашых прадпрыемстваў. Сярод іх Аўстралія, Віргінскія астравы, Гватэмала, Ганконг, Іарданія, Ірландыя, Кіпр, Люксембург, Мексіка, Пакістан, Партугалія, Саудаўская Аравія, Фінляндыя, Харватыя, Чылі, Швецыя, Паўднёвая Афрыка, Японія.

Геаграфія знешняга гандлю паслугамі налічвае 121 краіну свету. Дзеля павелічэння экспарту турыстычных паслуг і з улікам дзеяння бязвізу ў горадзе робіцца акцэнт на ўдасканаленне турыстычнага сэрвісу. Летась у межах бязвізавага рэжыму да нас прыехала 51 тысяча замежных турыстаў, сёлета — ужо 35 тысяч. Дарэчы, турызм і бязвізавы ўезд з'яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай Гродна.

Усе гарадскія службы і арганізацыі працуюць над тым, каб замежнікам у нашым горадзе было камфортна. Значны ўклад у развіццё турыстычнай інфраструктуры ўносіцца дзякуючы прыватнай ініцыятыве. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў сферы грамадскага харчавання і пражывання. Летась адкрыліся тры аб'екты пражывання. Сёлета яшчэ два: апарт-атэль «Славія» і хостэл «Kір Tоwn». Да канца 2018 года павінны адкрыцца яшчэ тры хостэлы і дзве гасцініцы ў гістарычнай частцы горада.

Таксама бязвіз падштурхнуў для стварэння сучасных аб'ектаў грамадскага харчавання цікавых фарматаў, якія прапануюць новыя віды паслуг і разнастайныя па архітэктурна-тэхнічным стане. Сёлета сетка пашырылася за кошт адкрыцця 12 аб'ектаў грамадскага харчавання, разлічаных на 451 месца.

— А які плён прыносяць дзелавыя стасункі з кітайскім бокам?

— Мы актыўна супрацоўнічаем з правінцыяй Ганьсу. За кошт прыцягнення прамых замежных інвестыцый Кітайскай Народнай Рэспублікі ў горадзе рэалізавалі праект па стварэнні цэнтра кітайскай медыцыны, а таксама працягваем рэалізацыю праекта па рэканструкцыі гасцінічна-рэстараннага комплексу «Гродна», які кітайскі бок набыў на аўкцыёне. Аб'ём замежных інвестыцый склаў тры мільёны долараў.

Жылыя «квадраты» і добрыя заробкі

— Вяртаючыся да тэмы нашай размовы, «Гродна — самы-самы...» яшчэ ў якімсьці кірунку?

— У нейкім сэнсе ў будаўніцтве жылля... Кошт аднаго квадратнага метра жылля ў Гродне застаецца адным з самых нізкіх у Беларусі. Акрамя таго, мы асвоілі новыя для краіны тэхналогіі ў плане будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля. Напрыклад, у сакавіку мінулага года ўвялі ў эксплуатацыю 120-кватэрны энергаэфектыўны жылы дом другога пакалення.

Наогул, будаўніцтва жылля — адна з асноўных задач паляпшэння якасці жыцця гараджан. Усяго летась увялі ў эксплуатацыю 202,2 тысячы жылых «квадратаў», у тым ліку 6,4 тысячы — сацыяльнага. Для жыхароў горада пабудавалі 2 344 кватэры, увялі ў эксплуатацыю 233 індывідуальныя жылыя дамы.

— Будаўніцтва — гэта добра, але за яго трэба разлічвацца... Ці зараблялі гараджане па тысячы штомесяц?

— Наконт узроўню заробкаў магу скарыстацца статыстыкай. Так, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў галінах эканомікі ў снежні 2017 года павялічылася на 30,1 % у параўнанні з такім жа перыядам пазамінулага года і склала 1 047 рублёў, што эквівалентна 521 долару. Знізілася ў параўнанні са снежнем 2016-га міжгаліновая дыферэнцыяцыя ў аплаце працы работнікаў па відах эканамічнай дзейнасці з 3,1 да 2,5 раза.

— Мне здаецца, гэта не ўсе кірункі, па якіх Гродна можна лічыць «самым-самым», ці не?

— Так, мы першыя ў краіне арганізавалі маршрут бескантактнага тралейбуса, які рухаецца аўтаномна і не патрабуе будаўніцтва кантактнай сеткі. Выгады гэтага маршруту, які з'яднаў мікрараёны Вішнявец і Дзевятоўку, ужо адчулі гараджане. Магчыма, такі ж від транспарту з'яднае Альшанку з іншымі мікрараёнамі горада. А яшчэ ў нас самыя-самыя педагогі і вучні! Напрыклад, гімназія № 1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага была прызнана найлепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Акрамя таго, летась Гродна стаў пераможцам рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў і рэспубліканскага конкурсу «Горад культуры» ў намінацыі «Найлепшы абласны цэнтр».

Самы чысты

— Яшчэ адным сведчаннем апошняга — чарговае прызнанне на рэспубліканскім узроўні абласнога цэнтра і перамога ў рэспубліканскім аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання, у якім удзельнічалі ўсе гарады, уключаючы Мінск. Як удаецца падтрымліваць чысціню і прыгажосць старадаўняга Гродна?

— Заслуга, звязаная з перамогай у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе санітарнага стану і добраўпарадкавання гарадоў, заключаецца ў сумеснай працы камунальных службаў горада.

З боку кіраўніцтва горада і непасрэдна кіраўнікоў кампетэнтных прадпрыемстваў арганізаваны кантроль якасці работ у гэтым кірунку. Таксама значны ўнёсак у падтрыманне парадку на гарадскіх землях укладзены яго жыхарамі, што тлумачыцца беражлівымі адносінамі да свайго горада.

— За перамогу ў гэтым конкурсе, акрамя пераходнага вымпела, абласному цэнтру адрасавалася грашовая прэмія ў восем тысяч базавых велічынь (196 тысяч рублёў). Ці ёсць планы, на што горад накіруе гэтыя сродкі?

— Грошы пойдуць на развіццё абласнога цэнтра і ўмацаванне яго матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Горад прывабны для інвестыцый, адкрыты для турыстаў і камфортны для жыцця

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.