Вы тут

Уверх па лесвіцы? Ці па драбіне?


Сёння ў нашай пошце пытанні пра розніцу паміж словамі «станоўчы» і «дадатны», паміж лесвіцай і драбінай, а таксама пра значэнні слова «ўлюбёны».


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. У беларускай мове ёсць два прыметнікі, якія могуць ужывацца ў аднолькавых значэннях: станоўчы і дадатны. Напрыклад, можна сказаць, што нейчая дзейнасць мела станоўчыя або дадатныя вынікі.

Аднак у некаторых значэннях гэтыя словы не ўзаемазамяняльныя. Прыметнік станоўчы не ўжываецца ў значэннях, звязаных з матэматыкай і фізікай. Таму трэба гаварыць і пісаць дадатны лік, дадатны зарад і г. д. Дадатны ж, у сваю чаргу, звычайна не ўжываецца ў значэнні 'які характарызуецца дадатнымі якасцямі', таму скажам, што гэта станоўчы персанаж твора, што ён увогуле быў чалавек станоўчы.


2. Сходы, або сходкі (як і ў апісаным вышэй выпадку, мы гаворым пра словы, якія называюць падобныя паняцці, таму часам іх можна зблытаць) абазначаюць лесвіцу ўнутры памяшкання або тую, што з яго выводзіць. Прытым такая лесвіца — частка самога будынка. Сходы могуць мець або не мець поручні.

Амаль з сярэдзіны прыхожай шырокія беламармуровыя сходы вялі на другі паверх, падзяляліся надвае і прыгожа, закруглена ўзбягалі амаль у такі самы па памерах другі пакой (У. Караткевіч).

Драбінамі (драбінай), або лескамі, традыцыйна называлі драўляную прыстаўную лесвіцу. Цяпер яны бываюць не толькі з дрэва, іх робяць з розных матэрыялаў. Для зручнасці яны могуць «высоўвацца», складвацца і раскладвацца. І пры гэтым заставацца лескамі, лесвіцай, драбінамі.

І вось адзін раз, настаўнік Калабуха ўбіваў цвік у самы кумпал сінагогі. Прыладзіў драбіны і пачаў моцна бухаць па цвіку... (А. Мрый).


3. Значэнне слова ўлюбёны, у якім яно сёння актыўна ўжываецца, — 'любімы': мой улюбёны фільм, татава ўлюбёная дачушка, Андрэева ўлюбёная кніжка. Тым не менш выкарыстоўваецца гэтае слова і яшчэ ў адным патрэбным значэнні: 'ачараваны', 'захоплены'. Калі хочам адзначыць, што нехта на сваім месцы ў прафесіі, скажам, што ён улюбёны ў сваю справу. Ці вось яшчэ прыклад ужывання:

Застануцца сябры, улюбёныя ў літаратуру, і сярод іх — яго духоўны вучань Вінцэсь Каратынскі (А. Мальдзіс).


У абарону слоў

Ёсць у нас цудоўныя словы — загойваць, загойвацца. Яны шырока ўжываюцца, і з дапамогай іх мы апісваем, як наша цела і наша душа змагаюцца з прыкметнымі і нябачнымі ранамі. Адсюль і эпітэт незагойная (рана), і выраз загойваць (залечваць) раны.

Ёсць у нашай вялікай моўнай скарбонцы і слова зажываць.

Развесці значэнні гэтых сінонімаў цяжка, яны блізказначныя. Можна хіба сцвердзіць, што са словам рана многія крыніцы звязваюць хутчэй дзеясловы загаіць, загаіцца.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.